“Халі-Хало” на ўвесь свет

№ 47 (1330) 25.11.2017 - 01.12.2017 г

18 — 19 лістапада ў Наваполацку адбыўся Міжнародны конкурс выканаўцаў эстраднай песні “Халі-Хало”. Ён сабраў 54 удзельнікаў з сямі краін: Беларусі, Латвіі, Малдовы, Расіі, Румыніі, Украіны, Эстоніі. Уладальнікам Гран-пры стаў выхаванец эстраднай майстэрні Васіля Сянькова — 12-гадовы мінчанін Мікіта Бялько.

/i/content/pi/cult/666/14739/Hali-Halo098_opt.jpegКонкурс мае даўнюю гісторыю, бо праводзіцца з 1994 года. Статус яго паступова ўзрастаў і, нарэшце, сёлета дайшоў да міжнароднага. Пры гэтым спаборніцтва, што праходзіла ў шаснаццаты раз, захавала ўсе найлепшыя традыцыі, напрацаваныя больш за дваццацігоддзе. Конкурс па-ранейшаму праводзіўся па трох розных узроставых групах, кожны ўдзельнік павінен быў праспяваць дзве песні.

— Конкурс атрымаўся вельмі аб’ёмным, — расказала старшыня журы, заслужаная артыстка Беларусі, дацэнт кафедры мастацтва эстрады БДУКіМ, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу нашай краіны Ірына Дарафеева. — Гэта быў папраўдзе нястрымны, няспынны марафон, і працаваць у журы (а тым больш, яго ўзначальваць) было няпроста. Бо ўзровень спевакоў высокі (мае замежныя калегі неаднаразова адзначалі нашу добрую нацыянальную выканальніцкую школу) і рабіць вымушаны выбар часам даводзілася цяжкавата. Прызоў відавочна не хапала. Канкурсанты старэйшай катэгорыі выступалі ўвогуле “па-даросламу”, а сярод малодшых было столькі адораных дзяцей, што надалей, як прапаноўвалі многія, трэба прадугледжваць куды большую колькасць прызоў. Асаблівасцю гэтага конкурсу з’яўляецца толькі адзін Гран-пры на ўсе тры намінацыі. І сярод прэтэндэнтаў на яго, акрамя ганараванага Мікіты Бялько, былі і Даніэль Вольскі (1-я прэмія), і Яраслаў Саколікаў, вядомы па тэлепраекце “Голас. Дзеці” (2-я прэмія). Але абодва гэтыя хлопчыкі пакуль у дамутацыйным перыядзе, і цяжка загадваць на будучыню, як зменіцца іх голас пазней.

Адзначу таксама, што атмасфера на конкурсе панавала вельмі цёплая, кожны адчуваў амаль хатнюю ўтульнасць. Прайшлі і майстар-класы, і сустрэча журы з выкладчыкамі і бацькамі. Запомнілася яркае, відовішчнае адкрыццё конкурсу, дзе выступілі пераможцы мінулых гадоў. Палац культуры “Нафтан”, дзе праходзілі праслухоўванні, мае вялізны экран — памерам на ўвесь заднік сцэны. Кожная песня суправаджалася сваімі відэавыявамі, што надавала выступленням яшчэ больш канцэртнасці, святочнасці. Можна толькі парадавацца, што конкурс, нарэшце, стаў міжнародным. Надалей яго геаграфія будзе пашырацца — і мы, дзеячы культуры, яму ў гэтым дапаможам. Бо конкурс міжнароднага кшталту — гэта не толькі гонар, але і магчымасць параўнаць, на якім узроўні знаходзяцца нашы выканаўцы. І атрымаць запрашэнні на замежныя спаборніцтвы і фестывалі, што для дзяцей не менш важна, чым для дарослых. Да таго ж, міжнародны конкурс можа садзейнічаць папулярызацыі нашага эстраднага мастацтва ў замежжы. Трэба толькі прапісаць ва ўмовах абавязковае для ўсіх выкананне беларускай песні — на беларускай мове. А чаму б і не?

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"