Але ўжо на сконе СССР, калі людзі мастацтва пазбавіліся адначасова і ідэалагічнага кантролю, і дзяржаўнай падтрымкі разам з сацыяльнымі гарантыямі, салон набыў новае жыццё і як культурная з’ява, і як форма выжывання ва ўмовах нейкага падабенства мастацкага рынку. Салон — гэта выстава-продаж. Мастакі, што ўдзельнічаюць у такіх імпрэзах, мусяць браць да ўвагі культурны ўзровень і эстэтычныя запыты прыватных асоб, здольных заплаціць за карціну, скульптуру, графічны аркуш ці фатаграфію. Салоннае мастацтва мае шмат абліччаў, але зыходна разлічана на стварэнне псіхалагічнага камфорту для замоўцы і спажыўца.
Безумоўна, гэта добра, што ў нашай краіне есць людзі, якія хочуць і могуць аформіць свой побыт творамі мастацтва. А вось даць адназначную ацэнку той акалічнасці, што салон пачынае дамінаваць у нашай культурнай прасторы, я не вазьмуся.
Днямі завяршыўся чарговы “Восеньскі салон з “Белгазпрамбанкам”. Падвядзенню вынікаў была прысвечана прэс-канферэнцыя ў Палацы мастацтва. Сваім бачаннем нашай культурнай сітуацыі і перспектывамі супрацоўніцтва бізнесу і мастацтва падзяліліся з прадстаўнікамі мас-медыя старшыня праўлення “Белгазпрамбанка” Віктар Бабарыка, куратар яго карпаратыўнай калекцыі Аляксандр Зіменка і чальцы міжнароднага журы салона з Літвы, Італіі, Славакіі, Украіны і Расіі.
Украінскі арт-крытык Канстанцін Дарашэнка адзначыў, што ў культуры постсавецкай прасторы адбываюцца тыя ж працэсы, што і ў агульна прызнаных цэнтрах сучаснага мастацтва. Сведчаннем таму з’яўляюцца і мінскія салоны.
Мастак і арт-менеджар з Літвы Давіле Тамкутэ адзначыла высокі прафесійны ўзровень беларускіх мастакоў, асабліва вылучыла графікаў. Перад некаторымі з іх, па яе словах, хочацца зняць капялюш. У работах, прадстаўленых на салоне, спалучаны моцная традыцыя і разуменне сучаснасці. Яны кранаюць сэрца, вока і пачуцці. Спадарыня Тамкутэ будзе рада бачыць творы, адзначаныя на ўсіх трох мінскіх “Восеньскіх салонах”, на выставе ў Вільнюсе.
Італьянец Гаспар Манас, мастак, куратар і кансультант па пытаннях сучаснага мастацтва для дзяржаўных і прыватных калекцый, быў чальцом журы на ўсіх трох салонах. Ён адзначае відавочны прагрэс у засваенні беларускімі творцамі міжнароднай мастацкай мовы, што ў сваю чаргу стварае перадумовы адаптацыі айчынных культурных праектаў да сусветнай арт-прасторы.
Пра тое ж казаў і славак Яра Варга. Ён мастак і куратар, цяпер працуе ў Празе. Пра высокі аўтарытэт у мастакоўскім асяроддзі сведчыць яго прызначэнне адным з куратараў Пражскага біенале, якое адбудзецца ў 2019 годзе. Спадар Варга асабліва засяродзіў увагу на неабходнасці спалучэння ў рабоце мастака прафесійных навыкаў і канцэптуальнага мыслення, арыентацыі на нацыянальныя каштоўнасці і валодання міжнароднай мастацкай мовай як умовах творчага поспеху. На мінскім салоне, па ягоных словах, ён гэта пабачыў.
Расійскі мастак і мастацтвазнаўца Антон Успенскі падзяліўся з грамадою сакрэтам поспеху на творчых конкурсах. Ён мяркуе, што ўмова перамогі — менавіта парушэнне ўмоў, выйсце за межы звыклага. Толькі тады будзеш заўважаны і адзначаны. На думку расіяніна, пераможцы сёлетняга салона — акурат творцы са згаданага шэрагу, мастакі, здольныя выйсці за межы завядзёнкі.
Заключнае слова прамовіў Віктар Бабарыка. Ён нагадаў, што культура існуе не сама па сабе, а ў кантэксце грамадства. Адпаведна, інвестыцыі ў культуру — гэта ўнёсак у развіццё грамадства, краіны, нацыі, а таксама ў міжнародны прэстыж дзяржавы. Менавіта такой логікай кіруецца “Белгазпрамбанк” у сваіх праектах, скіраваных на падтрымку розных сфераў мастацтва.
Салон ужо мае сваю гісторыю, традыцыі і тэндэнцыі. У ім бяруць удзел не толькі тыя мастакі, што маюць майстэрні ў Мінску, але і творцы з рэгіёнаў. Пашыраецца і ўдзел у салоне галерэй з розных гарадоў краіны. На першым салоне пераможцы атрымлівалі грашовы прыз, на другім — права выставіцца ў Парыжы. Сёлета прыз зноў грашовы, але сума значна большая, чым у 2015 годзе. Яна дазволіць мастаку на працягу года не думаць пра тое, як пражыць “ад аванса да палучкі”, а значыць, засяродзіцца на творчасці.
Спадар Бабарыка распавёў грамадзе пра творчыя планы банка. Ёсць ідэя наладзіць у Мінску па вясне вялікі арт-фестываль, у якім будуць задзейнічаны розныя віды мастацтва, розныя формы відовішчаў.
Сёлетнія пераможцы творчага конкурсу Сяргей Ашуха, Кацярына Шымановіч, Наталля Кірылка, Аляксандр Велядзімовіч. Прыз глядацкіх сімпатый — у Алесі Скарабагатай. Дарэчы, трэці год запар. Адзначаны яшчэ трое мастакоў — Уладзімір Грамовіч, Наталля Кацуба, Уладзімір Сакалоўскі.
І апошняе… Усе чальцы журы падкрэслівалі, што засяроджвалі ўвагу не на тых мастаках, якія прытрымліваюцца традыцыі, а на тых, хто гаворыць сучаснай мовай. Мабыць, я чалавек кансерватыўны і таму не надта разумею крытэрыі сучаснасці ў мастацтве. Даволі ясна ўяўляю, што мы губляем, адмаўляючыся ад прыярытэту традыцыйных каштоўнасцяў, але не бачу, дзеля чаго патрэбны такія ахвяры. А можа, мы проста на самым пачатку дарогі, і райскія гарызонты адкрыюцца за бліжэйшым паваротам.