Трыумф Кіно і… “Лістапада”

№ 45 (1328) 11.11.2017 - 17.11.2017 г

Неверагодны па сваёй канцэнтрацыі выбітнага кіно XXIV Мінскі Міжнародны кінафестываль “Лістапад” завяршыўся перамогай найпрыгажэйшай эстонскай казкі для дарослых Райнэра Санэта з сімвалічнай назвай “Лістапад”. А лепшай ігравой стужкай Нацыянальнага конкурсу стала карціна “Заўтра” Юліі Шатун, на якую зрабіла стаўку “К” і — не памылілася.

/i/content/pi/cult/664/14717/NOVEMBER-by-Rainer-Sarnet_Homeless-Bob-Production-(22)-S.jpg

Гран-пры атрымаў эстонскі "Лістапад".

/i/content/pi/cult/664/14717/pages-2-32-S.jpgУчора на цырымоніі закрыцця былі агучаны пераможцы шасці конкурсаў кінафоруму, аднак вырашэнне інтрыгі ніколькі не зменшылі трыумфа Кіно, які панаваў на айчынным кінафоруме з першых паказаў да апошніх.

Кожны раз, калі завяршаецца фестываль, ахоплівае адчуванне вялікага шляху, які ты прайшоў разам з аўтарамі кіно. Яны распавядалі свае гісторыі — і за гэты час табе, гледачу, удалося пабачыць столькі людскога суму, болю, страху, адзіноты, але, вядома, і кахання, любові і прыгажосці — што, здаецца, ты пасталеў роўна на тыя -наццаць стужак, якія паглядзеў. І гэта тая сталасць, якая дае крылы і заклік рушыць далей, і ясней бачыць свае перавагі і недахопы, адпускаць уласны боль. Для гэтага, здаецца, і існуе мастацтва кіно, для гэтага, упэўнена, і жыве “Лістапад”!

Сёлета кінафестываль несумненна запомніцца і трыумфам заслужанага дзеяча мастацтваў РСФСР Уладзіміра Мяньшова на адкрыцці — падчас уручэння спецыяльнага прыза Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “За захаванне і развіццё традыцый духоўнасці ў кінамастацтве”. Мінск цёпла вітаў рэжысёра славутай “аскараноснай” карціны “Масква слязам не верыць”, і сімвалічна, што ўрачыстасці адбываліся ў кінатэатры з адпаведнай назвай.

Стужка “Кентаўр” кыргызскага майстра Актам Арыма Кубата выклікала вялікі водгук у гледача, расчуліўшы многіх да слёз. Прыз Прэзідэнта краіны “За гуманізм і духоўнасць у кіно”, які традыцыйна ўручаецца напрыканцы фестывалю, быў урачыста прыпаднесены народнаму артысту Кыргызскай Рэспублікі, выбітнаму майстру, які ў сваіх карцінах падымае важныя пытанні экалогіі мыслення, узаемастасункаў чалавека і прыроды.

Адкрыццём “Лістапада-2017” стала і беларуска Юлія Шатун, якая сваім
паўнаметражным дэбютам “Заўтра” ўварвалася на сцэну незалежнага кіно, сабраўшы шэраг захапляльных водгукаў. Як вынік — фільм прызнаны лепшым у намінацыі ігравых фільмаў Нацыянальнага конкурсу.

Не засталася незаўважнай і карціна Барыса Хлебнікава “Арытмія”, якая адкрывала “Лістапад”, задаўшы планку і настрой фестывалю — яна атрымала спецыяльны прыз журы і прыз “За лепшую жаночую ролю”.

Дакументальны дэбют грузінскага рэжысёра Раці Анелі “Горад сонца” быў уганараваны міжнародным журы Fipresci, якое працавала на кінафоруме, а таксама адзначаны спецыяльным прызам журы асноўнага конкурсу дакументальнага кіно. А пераможцай апошняга прызнана карціна літоўца Арунаса Мацеліса “Цудоўныя няўдачнікі: іншы свет” — пра незаўважны подзвіг Санча Панса веласіпедных гонак — спартсменаў, што едуць напрыканцы калоны і робяць усё, каб дапамагчы сваім калегам.

Моцны конкурс маладога кіно “Маладосць на маршы” — і нечаканая перамога балгарскай стужкі “Тры чвэрці” Іліяна Мецева, несумненна вартай вышэйшых адзнак праз адлюстраванне тонкіх сямейных повязяў.

Стужка “Повязі” Зоф’і Кавалеўскай (Польская нацыяльнальная школа кіно, тэлебачання і тэатра ў Лодзі) атрымала і прызнанне журы Конкурсу маладога дакументальнага кіно — конкурсу нацыянальных кінашкол.

А ўладальнікам прыза “Залаты “Лістападзік” — Конкурсу для дзіцячай і юнацкай аўдыторыі стала французская карціна Лолы Дуаён “Падарожжа Фанні”. Гісторыя, якая закранае такую няпростую тэму, як Халакост.

Гледачы таксама выказалі свае сімпатыі — і аддалі іх пяшчотнай стужцы калумбійскага рэжысёра Джоні Хендрыкса Інестросы “Кандэларыя”. Да таго ж, яна атрымала і дыплом ад прафесійнага журы.

 

Дарэчы

Для тых, хто не паспеў патрапіць у межах мінскага кінафоруму на фільмы-пераможцы сёлетніх міжнародных кінафестываляў, ёсць добрая навіна — у бліжэйшыя месяцы мінскі кінавідэапракат працягне іх паказ. У лістападзе можна будзе ўбачыць “Квадрат” Рубена Эстлунда — “Залатая пальмавая галіна” Канскага кінафестывалю, “Пра цела і душу” Ільдзіка Энэдзі — “Залаты мядзведзь” Берлінале, “Арытмію” Барыса Хлебнікава — галоўны прыз, прыз за лепшую ролю расійскага “Кінатаўра” і ўжо спецпрыз “Лістапада”, а гэтаксама “Двудушнага палюбоўніка” Франсуа Азона і “Маладога Гадара” ўладальніка “Оскара” Мішэля Азанавічуса. У снежні парад добрага кіно не скончыцца — і адпаведна на экранах мінскіх кінатэатраў убачым “Хэпі-энд” Мікаэля Ханеке, “На мяжы” Фаціха Акіна і “Па той бок надзеі” непераўзыдзенага Акі Каўрысмякі. Беларускія кінарэжысёры гэтаксама не застануцца без сталічнага пракату — фільмы Нацыянальнага конкурсу будуць сфарміраваны ў адпаведныя праграмы напрыканцы года.

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"