Як застацца на “хвалі” краўдфандынгу?

№ 44 (1327) 04.11.2017 - 11.11.2017 г

Як атрымаць грошы на цікавы сацыяльны праект, калі бюджэтнае фінансаванне на яго не прадугледжана? Адказ сёння, бадай, адзіны — праз краўдфандынг, партнёрскія сувязі і крэатыўныя падыходы да арганізацыі культурных мерапрыемстваў. Пра гэта і не толькі разважалі ўдзельнікі ІІІ Міжнароднай канферэнцыі ў галіне краўдэканомікі і новых тэхналогій “Новая рэальнасць — выклікі для Беларусі”, якая прайшла 20 — 21 кастрычніка ў Мінску.

/i/content/pi/cult/663/14696/opt.jpeg“Вулей” для культуры

Дакладчыкі, якія выступалі на гэтым прадстаўнічым міжнародным форуме, не раз адзначалі, што айчынныя краўдфандынгавыя платформы прыцягваюць менавіта культурныя праекты.

— Напрыклад, у нас сёння па-за канкурэнцыяй літаратурныя, кніжныя праекты, — адзначыў дырэктар па развіцці краўдфандынгавай пляцоўкі Ulej.by Эдуард Бабарыка. — Яны сёлета сабралі агулам каля 120 тысяч долараў (летась — каля 30), мы пачалі супрацоўнічаць з выдавецтвамі, кніжнымі крамамі… Таксама ёсць у нас паспяховыя праекты ў кіно. Праз “Вулей” былі знойдзены грошы на здымкі некалькіх фільмаў, адзін з іх — “Душы мёртвыя” — стаў лепшай беларускай мастацкай карцінай у рамках фестывалю “Лістапад”. Былі прафінансаваны таксама тэатральныя пастаноўкі і канцэрты, запіс шэрагу альбомаў беларускіх музычных гуртоў. Таксама фінансавую падтрымку атрымалі цікавыя гарадскія і сацыяльныя ініцыятывы.

Адметна, што і нядаўні кніжны фестываль “Горад і кнігі”, які ладзіўся пад патранатам Навуковай бібліятэкі Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта, таксама шукаў грошы на арганізацыю мерапрыемства праз “Вулей”. І фінансаванне талакой дало плён: неабыякавыя да чытання і бібліятэчных навацый людзі (агулам 66 чалавек) пералічылі на рахунак арганізатараў каля 1 400 рублёў.

Яшчэ праз гэтую ж платформу знайшліся грошы на выданне кнігі “Палёт над гняздом зязюлі” (7 тысяч рублёў), на адкрыццё фотавыставы “Адкрытая душа”, на якой экспанаваліся здымкі з людзьмі з інваліднасцю (270 рублёў), арганізацыю Дзіцячай музычнай прэміі Kids Show Awards 2017 (660 рублёў) і іншыя прыватныя культурныя праекты.

— А нядаўна быў паспяхова завершаны праект па стварэнні калекцыі маек з дызайнерскімі прынтамі, — адзначыў Эдуард Бабарыка. — Каманда з двух чалавек сабрала агулам каля 45 тысяч рублёў, зацікавіўшы сваімі арыгінальнымі рашэннямі не толькі шараговых пакупнікоў, але і аптовых гандляроў ды інтэрнэт-крамы.

Так што калі ў супрацоўнікаў сферы культуры ёсць цікавыя распрацоўкі, якія чакаюць толькі фінансавання, яны заўсёды могуць звярнуцца да краўдфандынгу. Да слова, заявіцца на пляцоўцы “Вулей” сёння можа кожны ахвотны: варта толькі прапанаваць свой праект, пачаць збор сродкаў, вызначыўшы тыя прызы і падарункі, якія дастануцца ахвярадаўцам. Але спачатку, зразумела, трэба падаць ідэю, зрабіць для яе шыкоўную “абгортку”, “раскруціўшы” ў сацыяльных сетках і праз сарафаннае радыё. Іначай паспяховага выніку не дачакаешся.

— Нават калі ідэя вашага прадукту ўнікальная, але вы не зрабілі нічога для таго, каб наблізіцца да спажыўца: не знайшлі каманду, не разлічылі сабекошт прадукту, не вырашылі арганізацыйных пытанняў — калі ўсяго гэтага няма, то верагоднасць поспеху краўд-кампаніі будзе імкнуцца да нуля, — патлумачыла іншы дакладчык, стваральнік расійскай краўдфандынгавай платформы Boomstarter.ru Марыя Докшына. — Гэта датычыцца і спажывецкіх тавараў і, напрыклад, адкрыцця музея. Канцэпцыя, каманда, памяшканне, план, дызайн, разлікі — усё павінна быць падрыхтавана яшчэ да запуску кампаніі. Інакш у вас ніхто не паверыць.

Дарэчы, як прагназуюць спецыялісты, краўдфандынгавы рынак будзе толькі расці. Так, па словах Ціма Райта, кансультанта Урада Вялікабрытаніі, аўтара кніг пра тое, як збіраць грошы з дапамогай краўдфандынгавых пляцовак, калі ў 2012 годзе ў свеце з дапамогай ахвяраванняў на розныя праекты было сабрана каля 2,7 мільярдаў долараў, дык у 2015-м — ужо 34 мільярды.

Усё гэта ўнушае аптымізм, але… Мне, да прыкладу, вядомыя толькі некалькі паспяховых праектаў, зробленых работнікамі сферы культуры Беларусі і прафінансаваных праз краўд-кампанію: гэта згаданы ўжо фэст “Горад і кнігі”, а таксама ініцыятыва Навагрудскага гісторыка-краязнаўчага музея, які сабраў праз яшчэ адну айчынную краўд-платформу “Талака” грошы на новае абсталяванне сваёй выставачнай залы. Пра іншыя цікавыя праекты айчынных работнікаў сферы культуры, рэалізаваныя праз краўд-платформы, пакуль што не чуваць. Ці, можа, я памылюся? Дык папраўце мяне, шаноўныя чытачы.

Індывідуум = будучыня

Дарэчы, краўдфандынг выявіў і наступную тэндэнцыю заўтрашняга дня: “пуцёўку” ў жыццё атрымаюць толькі тыя праекты, якія сапраўды “чапляюць” людзей за жывое. Скажам, прафінансаваны праз “Вулей” інклюзіўны спектакль “Маленькі прынц” быў створаны людзьмі з абмежаванымі магчымасцямі. Чаму б такія ініцыятывы не падхапіць у рэгіёнах, у раённых цэнтрах, дзе таксама жывуць тыя, хто, пэўна, і хацеў бы выявіць сябе ў творчасці, але не мае на гэта ні грошай, ні арганізацыйных здольнасцей, а можа і проста саромеецца заявіць пра сябе? Краўдфандынгавыя платформы і ў гэтым выпадку могуць працягнуць ім руку дапамогі.

Да слова, індывідуальны выбар і зварот да кожнага пакупніка ў хуткім часе будзе галоўным і для індустрыі моды. Як распавядаў на канферэнцыі прадстаўнік моднай індустрыі Андрэй Голуб, з цягам часу крамы моды будуць карэнным чынам адрознівацца ад усяго, да чаго мы даўно прывыклі. Па-першае, у іх не будзе складскіх памяшканняў, бо ўсё будзе стварацца пад заказ. Па-другое, наведвальнікі змогуць памацаць і выбраць упадабаную імі мадэль абутку, адзення і гэтак далей, максімальна дакладна вызначыць неабходны ім памер, а затым пры дапамозе кансультанта стварыць індывідуальнае рашэнне — напрыклад, вызначыць, з якога матэрыялу, якога колеру будуць зробленыя іх новыя туфлі, які малюнак яны хацелі б на іх размясціць і гэтак далей. Пасля персаналізаваны заказ адпраўляецца на фабрыку, і праз колькі дзён пакупнік атрымлівае створаныя па яго індывідуальнай замове туфлі, скажам, з уласным партрэтам.

Сфера культуры і тут магла б быць “на хвалі”. Скажам, і сёння тысячы нашых рамеснікаў у Дамах ці Цэнтрах рамёстваў шыюць пад заказ адзенне, робяць эксклюзіўныя драўляныя вырабы, унікальныя гліняныя ці саламяныя дзіцячыя цацкі ды многае іншае, зробленае, што называецца, “пад свайго кліента”. Найноўшыя тэхналогіі, “воблачныя” сэрвісы і 3D-прынтары хутка і без асаблівых праблем звяжуць такіх высокакласных спецыялістаў не толькі з любой кропкай Беларусі, але і ўсяго свету, ды даставяць туды тавар цягам самага кароткага часу. Балазе, паказаць нам заўсёды ёсць што любому замежнаму госцю.

Скажам, гліняным традыцыям вёскі Гарадная Столінскага раёна Брэсцкай вобласці, якія не перарваліся і да нашага часу, — каля 500 гадоў. І вырабы мясцовых глінамесаў будуць, упэўнены, цікавы кожнаму збіральніку керамікі — хоць з Амерыкі, хоць з Аўстраліі. Ды і індывідуальны заказ для майстроў глінянай справы можна выканаць даволі лёгка — як кажуць, была б толькі замова. Іншая справа, што традыцыйнае мастацтва ў нас, на жаль, развіваецца не ў тым рэчышчы, як хацелася б: на “Гарадах майстроў” пераважае так званая “штампоўка”, а часам тут можна пабачыць і кітайскія керамічныя сувеніры, выдадзеныя за аўтэнтыку. Між тым, у такіх вырабах ніколі не будзе адчувацца душа майстра, цеплыня яго далоняў. А менавіта гэтага, аўтэнтычнага, спрадвечнага, унікальнага будзе шукаць праз “воблачныя” сэрвісы заўтрашні пакупнік… Ці зможам мы яму што-небудзь прапанаваць — залежыць сёння ад наладжанай работы айчынных Дамоў і Цэнтраў рамёстваў.

/i/content/pi/cult/663/14696/777.jpgУ якасці заключэння

У кулуарах канферэнцыі мне ўдалося пагаварыць з галоўным ініцыятарам форуму Віктарам Бабарыкам. Як вядома, Белгазпрамбанк здаўна “ўдзельнічае” ў розных айчынных культурных праектах, неаднаразова з’яўляўся лаўрэатам прэміі “Мецэнат культуры Беларусі”, а нядаўна менавіта пад культурныя ініцыятывы і акцыі банк выкупіў шэраг памяшканняў на Кастрычніцкай.

Дык які лёс чакае сферу культуры ў новай рэальнасці? Паводле Віктара Бабарыкі, самы лепшы.

— Сёння, на маю думку, можна казаць пра надыход залатога века культуры, — адзначыў суразмоўца. — Бо інтэлект цяпер выходзіць на першы план, пачалася эпоха тых, хто працуе на звышхуткасцях, хто ў самыя сціслыя тэрміны здольны беспамылкова вызначыць трэнд, асвоіць яго нюансы і ці ўбудаваць ноу-хау ў нейкі свой бізнес, ці пачаць новую справу з нуля. Але без пастаяннага прытоку свежай інфармацыі, наватарскіх ідэй, без партнёрства з усімі зацікаўленымі зрабіць гэта немагчыма. І сфера культуры, дзе працуе шмат таленавітых людзей, павінна заняць у новай рэальнасці самае пачэснае месца.

На думку Віктара Бабарыкі, функцыі пасярэдніка ў сённяшнім грамадстве паступова знікаюць. І менавіта спажывец дыктуе вытворцу, што ён хоча бачыць на прылаўках гіпермаркетаў і кніжных крамаў, якія кіна- ці тэатральныя пастаноўкі жадае глядзець, якія хоча чуць песні і гэтак далей. Той, хто зразумее і здолее “асядлаць” названы трэнд, які базуецца на ідэі партнёрства і супрацоўніцтва, зможа ад таго выйграць. І Беларусь, як краіна з вялікай доляй высокакваліфікаванага насельніцтва, мае ўсе магчымасці для таго, каб рушыць у рэчышчы новай рэальнасці.

— Мы таму і набылі будынак на Кастрычніцкай, 16, каб ладзіць там розныя праекты, у тым ліку — сацыякультурныя, — сказаў “К” суразмоўца. — Але рабіць іх мы будзем не самастойна, а ў рамках партнёрскіх адносін, бо партнёрства — гэта і ёсць новая рэальнасць, гэта і ёсць заўтрашні дзень. І без культуры я яго проста не ўяўляю.

Што ж, да тых слоў дадаць няма чаго. Галоўнае, ці гатовы да “залатога веку” самі супрацоўнікі сферы культуры? Пакуль адказу на гэта важнае пытанне ў мяне няма. Але ж будзем спадзявацца, што ў хуткім часе ён усё ж такі з’явіцца. І будзе станоўчым…

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"