Бронза есці не просіць

№ 44 (1327) 04.11.2017 - 11.11.2017 г

Не так даўно на станцыі метро “Плошча Леніна” мне трапіў на вока чалавек, які азіраўся па баках так, нібыта шукаў дапамогі. Ён стаяў побач з вялікім скульптурным партрэтам Леніна работы Анікейчыка. Замежнік, на выгляд гадоў 35 — 40, знешнасць не еўрапейская (хутчэй за ўсё жыхар Індастана ці блізкага да яго рэгіёна). Мне падумалася, што зараз ён запытаецца, як праехаць у патрэбны яму пункт горада. Але сустрэўшыся са мной вачыма, ён працягнуў мне смартфон і з лёгкім акцэнтам сказаў: “Сфотографируйте меня, пожалуйста, рядом с Лениным”. Потым памаўчаў і дадаў “Рядом с товарищем Лениным”. Па тым, з якім сур’ёзным выглядам ён пазіраваў для здымка — нібыта стаяў у каравуле каля Маўзалея — было зразумела, што для яго гэтая дзея не іначай як сакральная.

Гэты эпізод для мяне лішні раз засведчыў: замежнікаў суверэнная Беларусь сярод іншага вабіць і тым, што тут не перапісваюць гісторыю дзеля палітычнай кан’юнктуры. Ніхто, прынамсі, не робіць замахаў на помнікі правадыру Кастрычніцкай рэвалюцыі. Нават “Жалезны Фелікс” стаіць там, дзе яго паставілі ў 1950-я гады. Ды і на “Лініі Сталіна” ёсць бюст Вярхоўнага Галоўнакамандуючага часоў Вялікай Айчыннай. Такая памяркоўнасць у дачыненні да эпохі, што скончылася, эфектна кантрастуе з агрэсіўным антыкамунізмам шэрагу геаграфічна блізкіх да Беларусі краін. І гэта даспадобы тым людзям, для якіх дэмантаж СССР і роспуск сацыялістычнага лагеру не азначае пахаванне камуністычнай ідэі.

У кнізе, прысвечанай посткамуністычнаму Берліну, я бачыў фотаздымак: на пастаменце помніка класікам марксізму, падрыхтаваным да дэмантажу, нехта напісаў белай фарбай: “У наступны раз атрымаецца!” Для людзей з такімі поглядамі (а іх нямала) сённяшні Мінск — як Ерусалім ці Мека для вернікаў.

Я памятаю не такія ўжо далёкія гады, калі нашу сталіцу і Беларусь увогуле на хвалі антысавецкай эйфарыі зняважліва называлі “камуністычнай рэзервацыяй”. Сёння, калі надышоў час пераасэнсавання Савецкай эпохі з пазіцый гістарычнага прагматызму і проста здаровага сэнсу, стала зразумела, што мы валодаем сапраўдным скарбам — неразбэрсанай культурнай спадчынай, у якой увасоблены не толькі ідэалагічныя і палітычныя рэаліі эпохі, што скончылася ў 1991 годзе, але і супярэчлівая гісторыя перамог і страт, драматызм чалавечых лёсаў, гуманістычныя ідэалы і далёкая ад гуманізму сацыяльная практыка. Мяркую, што ўсе кропкі над “і” і рысачкі над “t” у згаданым перыядзе гісторыі нашай краіны і краіны, якая была нашай, давядзецца ставіць не нам, а хіба нашым праўнукам. Між тым, захаваць помнікі савецкага часу варта хаця б для таго, каб мець перад вачыма ўнікальны гістарычны досвед і зрабіць з яго правільныя высновы.

Я нарадзіўся ў Савецкім Саюзе, складнікам якога была і наша Беларусь. У сваім стаўленні да савецкай гісторыі і рэчаіснасці я прайшоў некалькі стадый. Напачатку ўспрымаў як ісціну савецкую міфалогію і бязмежна ганарыўся сваёй вялікай Айчынай. Як пасталеў, стаў задумвацца, якім коштам дасягнута гэта веліч, дзе ў часе сацыяльных пераўтварэнняў праявіліся хібы дзяржаўнага ладу, а дзе далася ў знакі адвечная чалавечая натура, змяніць якую на добры лад не дадзена ні філосафам-летуценнікам, ні спрактыкаваным цынікам ад палітыкі. Нездарма ж гавораць, што “дзяржава — гэта жалезныя цуглі для чалавечага эгаізму”. А потым прыйшло ўсведамленне, што мінулае не перайначыш, але можна пераадолець у сваёй свядомасці. Для гэтага яго, самае малое, трэба ведаць.

Так што хай стаіць бронзавы Ленін перад Домам ўрада і ў інтэр’еры станцыі метро свайго імя. Бронза есці не просіць.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"