Ад Мі­ка­ла­еўшчы­ны да Арген­ці­ны

№ 44 (1327) 04.11.2017 - 11.11.2017 г

Як адзначаецца юбілей беларускага пісьменніка за мяжой і дзе да святочных імпрэзаў можна далучыцца ў Беларусі, распавяла дырэктар Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа Зінаіда КАМАРОЎСКАЯ.

/i/content/pi/cult/663/14679/1.jpg

У кастрычніку прадстаўнікі музея наведалі Ташкент — там падчас Вялікай Айчыннай вайны жыў пісьменнік. Адтуль прывезлі добрыя навіны: на доме Коласа была не толькі абноўлена мемарыяльная дошка, але і з’явіўся прыгожы барэльеф, створаны загадчыцай кафедры дызайну Ташкенцкага архітэктурна-будаўнічага ўніверсітэта Марынай Барадзіной. Гіпсавую копію гэтага твора ў хуткім часе даставяць у Мінск. Акрамя таго, у Ташкенце адбыўся круглы стол, на якім даследчыкі прадставілі фільм, прысвечаны ташкенцкаму перыяду творчасці пісьменніка. Таксама абмяркоўвалася пытанне стварэння і ўсталявання помніка Якубу Коласу. Будзем спадзявацца, калісьці прапанова беларускага музея ўрэчаісніцца.

Зінаіда Мікалаеўна адзначыла, што сёлета ў плане папулярызацыі творчасці класіка за мяжою быў дасягнуты значны прагрэс. Так, у Варшаве ў музеі Уладзіслава Бранеўскага працуе экспазіцыя, прысвечаная беларускаму пісьменніку, а ў наступным годзе плануецца і адкрыццё выставы ў музеі Адама Міцкевіча, прысвечанай 95-годдзю паэмы “Новая зямля” і 100-годдзю “Сымона-музыкі”.

Таксама выстава, прысвечаная пісьменніку, працуе і ў Вільнюсе, яшчэ адна адкрыецца 15 лістапада ў культурным цэнтры ў Маскве, вядуцца перамовы з Адэскім літаратурным музеем і музеем у Кіеве. У планах нават і далёкая Аргенціна, дзе імя Песняра таксама ведаюць. Сёлета яе жыхарка падарыла музею ўнікальны каляндар 1944-га года з партрэтам Якуба Коласа. Цікава, што ў Аргенціне ёсць задума нават адкрыць курсы беларускай мовы для дзяцей-ураджэнцаў нашай краіны.

Яшчэ адзін важны праект музея — пераклад твораў Якуба Коласа на мовы свету. Вырашылі пачаць з “Казак жыцця” і не памыліліся. Так, апавяданне “Хмаркі” ўжо пераклалі на французскую мову.

Таксама музей плануе зрабіць спецыяльны зборнік да юбілею паэмы “Новая зямля”, дзе ўрывак “Мой родны кут” будзе перакладзены на розныя мовы свету. А “Сымона-музыку” ў Расіі пераклалі на рускую мову — над паэмай працавалі пяць перакладчыкаў, кожны адказваў за адзін раздзел.

Што тычыцца нашай краіны, то музей Коласа запусціў літаратурны конкурс сярод дзяцей 10 — 16 гадоў “Жыве паэт між намі тут!” у трох намінацыях: проза, паэзія і пераклад. Ужо прынята каля 250 прац.

Насычаная юбілейная праграма была ў Мінску 2 лістапада — у музеі Коласа адбылося гашэнне паштовай маркі з удзелам намесніка міністра культуры Аляксандра Яцко і першага намесніка міністра сувязі і інфарматызацыі Дзмітрыя Шэдко. Праводзіліся і навуковыя канферэнцыі, сустрэчы перакладчыкаў і пісьменнікаў з розных краін свету, дзе абмяркоўваліся праблемы перакладаў твораў Якуба Коласа.

Вялікі канцэрт “Спяшайцеся з паэтам стрэцца...” прайшоў у Беларускай дзяржаўнай філармоніі, удзел у ім узялі лепшыя калектывы краіны. Учора адбылося ўскладанне кветак да помніка Якуба Коласа.

Сёння свята працягваецца ў рэгіёнах. Супрацоўнікі мінскага музея завітаюць у філіял у Стоўбцах на адкрыццё рэспубліканскага свята паэзіі, песні і народных рамёстваў “То — водгулле душы паэта…” Потым у мемарыяльнай сядзібе “Акінчыцы” распачнецца выстава народных майстроў і святочны канцэрт. У вёсцы Мікалаеўшчына можна далучыцца да ўрачыстага ўскладання кветак да помніка беларускаму класіку, там жа адбудзецца і юбілейны святочны вечар “Слова пра Коласа” з удзелам Беларускага дзяржаўнага ансамбля “Песняры” і артыстаў Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Якуба Коласа. Юбілейнае падарожжа працягнецца ў Альбуці, супрацоўнікі музея наведаюць і Смольню.

Фота Сяргея ЖДАНОВІЧА

Аўтар: Ганна ШАРКО
карэспандэнт рэдакцыі газеты "Культура"