Майму Коласу!

№ 44 (1327) 04.11.2017 - 11.11.2017 г

3 лістапада Беларусь святкавала 135-ыя ўгодкі свайго народнага паэта

“Гэта сын Якуба Коласа! Ух ты!” — і дзеці дастаюць мабільныя тэлефоны, каб захаваць на памяць выяву Міхаіла Канстанцінавіча Міцкевіча. Напярэдадні юбілею беларускага класіка ў Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа адбыўся дзіцячы ранішнік з удзелам малодшага сына паэта, а таксама дзіцячага пісьменніка Уладзіміра Мазго і вучняў сярэдніх мінскіх школ № 51, 111 і 209. “Паболей чытайце!” — такім быў наказ ад нашчадка Коласа. І верылася, што гэты заклік будзе пачуты.

А на адным з малюнкаў, дасланых на абвешчаны музеем конкурс, няўмелым яшчэ почыркам выведзена прысвячэнне: “Майму Коласу”. Напэўна, гэта маглі б сказаць творцы самых розных пакаленняў, якія натхняліся словамі Песняра.

/i/content/pi/cult/663/14678/_MG_6394_opt.jpg“А колькі вам гадоў?”, “А
колькі вы жылі ў гэтым доме?”, “А якія рукапісы Якуба Коласа згарэлі падчас пажару на вайне?”, “А як вы самі выратаваліся?”, “А на каго вы вучыліся ва ўніверсітэце?”, “А які ваш любімы твор у таты?” — цэлая плынь пытанняў абрынулася на Міхася Канстанцінавіча пасля яго вітальнага слова да трэцяклашак і чацвёраклашак. Спадар Міхась з заўсёды ўласцівай для яго дасціпнасцю прызнаўся, што “глухаваты на вуха”, таму асабліва дапытлівым трэба было падысці да нашчадка беларускага пісьменніка бліжэй. І калі бачыш, якое хваляванне ахоплівае дзіця ў гэты момант, разумееш, якую каштоўнасць нясе сустрэча, зладжаная музеем, і як праз гэты непасрэдны кантакт далёкі і суровы дзядзька Колас з партрэтаў і паштовак становіцца бліжэй да маленькай асобы.

А які вэрхал падымаецца ў зале, калі Уладзімір Мазго пачынае чытаць вершаваныя загадкі! Дзеці апантана цягнуць рукі, выгукваюць адказы і шчыра радуюцца атрыманым прызам.

— У нас цяпер “гарачая пара”, — распавядае супрацоўніца музея Марыя Казакевіч. —
Больш за 20 экскурсій штодзень толькі па запісе! Групы прыязджаюць з усіх куткоў Беларусі: аўтобусы па 40 — 50 чалавек.

А што да “дзіцячага ранішніка”, гэтае традыцыйнае мерапрыемства ладзіцца напярэдадні дня народзінаў народнага паэта ўжо больш за 10 гадоў. “Сёлета нават давялося правесці невялікі конкурс на наведванне”, — адзначае рост папулярнасці акцыі Марыя Казакевіч.

— Вельмі прыемна бачыць тых, хто ў нас быў і прыходзіць зноў, — распавядае супрацоўніца. — Да сёлетняга юбілею мы зрабілі і адмысловы літаратурны конкурс “Жыве паэт між намі тут!” Спачатку прац было не шмат, а потым яны пайшлі несупыннай плынню — на дадзены момант у нас ужо больш за 200 удзельнікаў з усёй краіны. Такія выдатныя творы піша наша моладзь — толькі дзіву даемся!

Настаўніца пачатковых класаў школы № 51 Наталля Вяршыцкая распавяла, што прывяла сваіх вучняў на ранішнік, даведаўшыся пра яго ў інтэрнэце. “Мы вельмі задаволены, — дзеліцца яна ўражаннямі. — А калі бачыш, як у дзяцей гараць вочы, наколькі ім гэта цікава — як не парадавацца”.

Звяртаюся да Дзімы Даніеляна, якому ў лістападзе “мусіць споўніцца дзесяць”. Ён дакладна адказаў назву верша, які праходзіў у школе, — “Адлёт жураўлёў” — ды з натхненнем прадэкламаваў коласаўскія радкі.

— Мы ведаем Якуба Коласа па яго партрэтах, фотаздымках, на якіх ён выяўлены дарослым, паважным чалавекам. А ты можаш уявіць пісьменніка такім самым хлопчыкам, як ты?

— Мяркую, што ён быў добрым такім хлопчыкам, — сур’ёзна адказвае малы. — Чытаў шмат. І вучыўся па пяцібальнай шкале на пяцёркі і чацвёркі.

— А як ты думаеш, у якім настроі быў паэт, калі пісаў “Адлёт жураўлёў”?

— Сумным такім. Можна сказаць, што ён не любіў восень — тады наступаў смутак.

— А беларуская мова табе падабаецца?

— Так! — палымяна адказвае Дзіма. — Гэта ж наша сапраўдная мова!

Фота Сяргея ЖДАНОВІЧА

/i/content/pi/cult/663/14678/Poplavskiy089 B_opt.jpeg

 

 

 

 

 

Адзін з найбольш вядомых ілюстратараў Коласа, народны мастак Беларусі 
Георгій Паплаўскі не дажыў да юбілею Песняра
літаральна некалькі дзён. Але вобразы Сымона-музыкі, як і многія іншыя выбітныя творы Майстра, застануцца ў гісторыі культуры навечна.

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"