Эфект Більбаа

№ 42 (1325) 21.10.2017 - 27.10.2017 г

Ці магчымая мінская варыяцыя?
Нядаўна ў былым завадскім корпусе на вуліцы Кастрычніцкай адкрылася новая пляцоўка “ОК16”, прызначаная для культурных і адукацыйных праектаў. Прыклад станоўчы, але, на жаль, пакуль адзін з нешматлікіх. Спусцелыя сёння завадскія памяшканні па-ранейшаму займаюць немалыя плошчы ў цэнтры сталіцы. Пра ініцыятывы пазбаўлення ад прамысловых зон мінчане чуюць даволі рэгулярна. Многім хацелася б бачыць ў пашарпаных карпусах новыя цэнтры сучасных мастацтваў, галерэі, тэатры і студыі. А побач з імі — стыльныя кавярні і крамы. У прыклад прыводзяць замежныя варыянты рэвіталізацыіі занядбанай прамысловай забудовы — зразумела ж, выключна ўдалыя. Аднак архітэктар, сузаснавальнік Мінскай урбаністычнай платформы Дзмітрый БІБІКАЎ перакананы, што самае важнае — гэта не ствараць прыгожыя праекты, а надаць гораду імпульс у развіцці інфраструктуры ў цэлым.

/i/content/pi/cult/661/14645/9.jpg— Уласнікам пляцоўкі “ОК16” з’яўляецца “Белгазпрамбанк”. Ці толькі за такімі маштабнымі інвестыцыямі будучыня аб’ектаў прамысловасці ў цэлым і дадзенай вуліцы ў прыватнасці?

— Развіваць тэрыторыі — у тым ліку і прамысловыя — можна рознымі спосабамі. Адзін з іх — адразу спадзявацца прыцягнуць буйныя інвестыцыі. Аднак не заўсёды ўдаецца знайсці пакупніка на велізарныя спусцелыя цэхі. Таму можна паспрабаваць задзейнічаць іншы механізм джэнтрыфікацыі, паступова падаграваючы цікавасць да месца. Напрыклад, выкарыстоўваць тэрыторыю ў якасці інкубатара: спачатку пусціць туды тыя праекты, якім больш няма куды падзецца. Гэта можна зрабіць на ўмовах невялічкіх інвестыцый — у залік арэнды памяняць вокны, адрамантаваць лесвіцу ці нешта іншае. Паверце, услед за такімі першапраходцамі абавязкова з’явяцца арандатары з больш высокім парогам уваходу. Паступова месца будзе развівацца, дазваляючы і людзям самавыяўляцца, і ўладальнікам прамысловых памяшканняў больш эфектыўна выкарыстоўваць свае плошчы. На мой погляд, вуліца Кастрычніцкая — добры прыклад таго, як актывісты “падаграюць” месца. Яны пачалі з малых праектаў і паступова змянілі аблічча тэрыторыі, узнялі яе прывабнасць...

— ...і ператварылі ў адно з самых “тусовачных” месцаў горада — успомніць хаця б нашумелы фестываль урбан-арту Vulica Brazil. Можа, наспеў час гарадскім уладам заняцца суцэльнай рэвіталізацыяй прамысловых аб’ектаў? За прыкладам не трэба хадзіць далёка: “К” не так даўно (гл. № 38) пісала пра досвед польскай Лодзі.

— Нядрэнна ўяўляю, пра што ідзе гаворка, бо некалькі гадоў таму быў у Лодзі. Там шмат дасягненняў, але варта разумець: праблема, якую палякі ў першую чаргу імкнуцца вырашыць — змена эканамічнай структуры. Справа не ў тым, што зрабіць з закінутымі будынкамі. Галоўнае пытанне — чаму тыя збудаванні пустуюць? Таму ўлады імкнуцца павысіць статуснасць Лодзі, выклікаць у людзей жаданне там жыць. Вядомая сусветная тэндэнцыя — сённяшнія 20-30-гадовыя валодаюць высокай мабільнасцю. Калі не падабаецца ў сваім мястэчку — лёгка можна паехаць у суседні рэгіён, а то і ў іншую краіну. Таму кіраўніцтва еўрапейскіх гарадоў стараецца зрабіць іх цікавымі сваім жыхарам.

Дарэчы, што тычыцца асобных аб’ектаў. Трэба разумець: калі перапрафіляваны прамысловы будынак выглядае прыгожа, гэта яшчэ не сведчыць аб поспеху ініцыятывы. Возьмем былую фабрыку Карла Шэйблера ў Лодзі, чый вытворчы корпус у XXI стагоддзі перарабілі ў шматпавярховы жылы комплекс з кватэрамі ў стылі лофт. Туды ўкладзены вялікія грошы, але незразумела, ці будзе той дом калі-небудзь запоўнены. Гэта важны момант, які нам трэба засвоіць: сама па сабе архітэктура людзей не прыцягвае. Куды важней эканамічнае здароўе рэгіёна.

/i/content/pi/cult/661/14645/10.jpg— Іншыя праекты лодзенскай рэвіталізацыі ствараюць куды лепшае ўражанне. Гандлёва-забаўляльны комплекс “Мануфактура” на тэрыторыі ткацкай фабрыкі Ізраэля Пазнаньскага і Музей сучаснага мастацтва ў адным з яго карпусоў, адукацыйна-забаўляльны цэнтр у былой электрастанцыі… Ці гэта не прыклад для пераймання?

— Мінск і Лодзь — гарады вельмі розныя. Адпаведна, розныя ў іх і праблемы. Нам не трэба прывабліваць насельнікаў: кожны год наша сталіца і так прырастае на 10 — 15 тысяч жыхароў. Ды і не так многа тутэйшых заводаў пабудавана з цэглы. Больш сучасныя матэрыялы праз 50 гадоў эксплуатацыі надзвычай цяжка прывесці да ладу. Калі ж сцены складзены з панэляў, то яны, хутчэй за ўсё, будуць ужо ні на што не вартыя. Адпаведна, з завода “Інтэграл” лофт не зробіш. І ўлічвайце: на суконных прадпрыемствах надта шкодных рэчываў не выкарыстоўвалі. У нас жа шмат былых аб’ектаў цяжкай прамысловасці, таму забруджванне старых завадскіх будынкаў можа быць вельмі сур’ёзным. І гэта яшчэ пытанне, ці магчыма выкарыстоўваць іх для паўсядзённага знаходжання там людзей.

— Летась на Міжнародным эканамічным форуме ў Санкт-Пецярбургу мяне ўзрушыла прэзентацыя галоўнага архітэктара Масквы Сяргея Кузняцова. Масквічы распачалі засваенне прамзоны былога завода “ЗіЛ”: там з’явіцца жылы квартал “ЗІЛАРТ”, набярэжная імя Марка Шагала, парк са скульптурамі, а ў 2020-м годзе адкрыецца і філіял Эрмітажа ў спецыяльна ўзведзеным мадэрнавым будынку. Адпаведна, ва ўсім свеце прому шукаюць новае прымяненне.

— Канешне, Лодзь — не адзіны прыклад. Але трэба дакладна разумець, што рэканструкцыя будынкаў — гэта толькі інструмент для рэканструкцыі горада. Таму праблему прома трэба разглядаць выключна як складовую частку ўрбаністычных стратэгій.

— Ці распрацоўваюцца яны ў нас сёння з улікам сучасных рэалій?

— Так — у тым ліку, і на ўзроўні зацікаўленай грамадскасці. У верасні мы ладзілі Мінскі ўрбаністычны форум. На працягу двух тыдняў яго ўдзельнікі імкнуліся вызначыць галоўныя кірункі развіцця горада. Па-першае, нам важна падтрымліваць яго кампактнасць, бо гэта проста выгодна з пункту гледжання эканомікі: танней абслугоўваць інфраструктуру, грамадскі транспарт і гэтак далей. Мінск цяпер даволі кампактны, і развіццё яго ўнутраных тэрыторый дазволіць нам гэтую характарыстыку захаваць. Па-другое, неабходна вынайсці ўніверсальныя спосабы вырашэння тыповых горадабудаўнічых сітуацый. Па-трэцяе, дабіцца празрыстасці прыняцця рашэнняў, каб мінчане мелі магчымасць выказаць сваё меркаванне па той ці іншай праблеме. На жаль, часта жыхары ўспрымаюць сябе як аб’ект, а не суб’ект урбаністычных працэсаў: маўляў нехта нам нешта зробіць, а мы будзем спажываць. Але мы павінны станавіцца ініцыятарамі, а не спажыўцамі. Па-чацвёртае, трэба павысіць веды людзей пра свой горад. У нашых школах і ўніверсітэтах распавядаюць пра праблемы Сусвету, але ці шмат ведаў у кожнага з нас пра тыя мясціны, дзе мы жывём? Ад гэтага шмат у чым залежыць і нашае да іх стаўленне.

— На вашу думку, ці сапраўды неабходна ўключаць у стратэгічнае планаванне перанос дзейных заводаў за межы горада?

— У нас павінна быць суцэльная індустрыяльная стратэгія, каб разумець, што мы хочам здзейсніць і ці ўсё для гэтага ў нас ёсць. Прынамсі, ці маецца адпаведнае фінансаванне? Каб закрыць вытворчасць у горадзе, трэба на новым месцы пабудаваць завадскія карпусы. Можа, прасцей паставіць сучасныя фільтры, каб коміны не забруджвалі паветра? Да таго ж, рабочым давядзецца больш часу траціць на тое, каб дабрацца да свайго працоўнага месца. Ці кожны гатовы ехаць кіламетраў за 20 ад МКАД?

Многія забываюцца і на той факт, што рэдкае збудаванне не мае ўласніка. Калі свая вытворчасць на заводзе спынілася, кіраўніцтва здае памяшканні ў арэнду. У былыя цэхі прыходзяць прадстаўнікі паслуг, якія патрэбны жыхарам тамтэйшага раёна. Працэс у цэлым натуральны: горад перарастае адны свае патрэбы, што абумоўлівае ўзнікненне іншых і, разам з тым, перапрафіляванне будынка. Але ў гэтым тоіцца іншая праблема: нядобра, калі адміністрацыя завода займаецца функцыяй арэндадаўцы, якая ёй не ўласціва. Тут лепш было б задумацца над стварэннем агульнагарадскога агенцтва, якое на розных узроўнях займалася б пытаннямі арэнды ў інтарэсах муніцыпалітэту. Галоўнае, наладзіць здаровы працэс развіцця адзінай гарадской стратэгіі.

— Дык што ж тады рабіць з прамысловымі аб’ектамі ў горадзе?

— Трэба імкнуцца максімальна эфектыўна развіваць гэтую тэрыторыю, адначасова задавальняючы запатрабаванасці жыхароў прылеглага раёна. Гэта агульны прынцып, а ўсё астатняе — рабочыя пытанні.

Немэтазгодна разглядаць асобна ўзяты цэх у якасці ні з чым не звязанага праекта, хай сабе і вельмі прыцягальнага. Нам любяць нагадваць пра так званы эфект Більбаа. Маўляў, пабудавалі ж у дэпрэсіўным былым прамысловым цэнтры на поўначы Іспаніі філіял музея Гугенхайма — і, як быццам бы, дзякуючы адной знакавай будоўлі, рэфармавалі цэлы горад. Але ж не музеем адзіным удалося напоўніць яго людзьмі і інвестыцыямі: у падмурку рэнавацый ляжала комплексная трансфармацыя гарадской прасторы і інфраструктуры. Менавіта да гэтага нам і трэба імкнуцца.

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"