Неспадзяванкі “Лістападу”

№ 42 (1325) 21.10.2017 - 27.10.2017 г

Ужо 3 лістапада ў сталіцы распачнецца 24-ты Мінскі міжнародны кінафестываль “Лістапад”. На працягу васьмі дзён нас чакае сустрэча з наватарскім і важным для сучаснага кантэксту кіно, якое цягам года збірала для публікі каманда фестывалю. 55 краін. 164 фільмы-ўдзельнікі. 6 адмысловых конкурсаў. 16 секцый пазаконкурснай праграмы. А таксама і розныя неспадзяванкі фестывалю, пра якія ніжэй.

/i/content/pi/cult/661/14641/3.jpgІнфраструктура

Сёлета да традыцыйных пляцовак — кінатэатраў  “Цэнтральны”, “Мір”, “Піянер”, “Беларусь”, “Масква” — далучыўся Falcon Club Буцік Кіно на праспекце Пераможцаў. Менавіта ў кінатэатры вядомага комплексу будуць ладзіцца прэс-паказы, а ўвечары — фільмы конкурсных і пазаконкурсных праграм. Прычым кошты білетаў будуць адносна дэмакратычнымі — 8 рублёў.

Яшчэ адно новаўвядзенне, пра якое распавяла на прэс-канферэнцыі начальнік аддзела рэпертуарнага планавання і прагназавання “Кінавідэапракату” Вольга Богаварова, — доўгачаканая для сінефілаў сістэма продажу абанементаў. Яны будуць дзейнічаць для чатырох праграм — фільмы асноўных конкурсаў дакументальнага і ігравога кіно, конкурсу “Маладосць на маршы”, блок пазаконкурсных карцін. Эканомія ад карыстання — каля 30%.

На жаль, на стужкі конкурсу фільмаў для дзіцячай і юнацкай аўдыторыі “Лістападзік” абанемент не прадугледжваецца. “Гэта прадыктавана тым, што кошты на паказы “Лістападзіка” і так невялікія. Ад 1,3 рублёў — да 4,5 рублёў”, — падкрэсліла спецыяліст.

Даступнай выглядае і дакументальная праграма ў “Міры” — кошты на білеты вагаюцца ад 2 да 3 рублёў. Недарагія квіткі на ранішнія і дзённыя сеансы ў “Цэнтральным”.

Праграма і госці

Сёлета ўпершыню за час правядзення кінафоруму ў яго праграме заяўлена стужка з Албаніі — фільм Генціана Кочы “Дзень пачынаецца” будзе змагацца за перамогу ў конкурсе “Маладосць на маршы”.

Заўважна ў праграмах прысутнасць грузінскага кінематографа: у тым жа конкурсе маладога кіно прыцягвае ўвагу фільм Аны Урушадзэ (дачкі таго самага Зазы Урушадзэ) “Страшная маці”. Раці Анэлі раскрые грані сучаснага дакументальнага кіно ў сваёй карціне “Горад сонца”. А зроблены ў кааперацыі з Германіяй і Францыяй “Хібула” Георгія Авашвілі прадставіць Грузію на асноўным конкурсе ігравога кіно.

У ліку неспадзяванак ад Беларусі — фільм рэжысёркі Юліі Шатун “Заўтра”, які прысутнічае і ў Нацыянальным конкурсе, і ў “Маладосці на маршы”, што можна лічыць пэўным дасягненнем. Гаворка ідзе пра поўнаметражную карціну, якая да гэтай пары не “ўсплывала” на іншых беларускіх кінафорумах. “Мы лічым, што гэты фільм адпавядае актуальным тэндэнцыям у еўрапейскім кінематографе, — адзначае каардынатар Нацыянальнага конкурсу Мікалай Лаўрэнюк. — Можна сказаць, што Юлія Шатун — адкрыццё года ў беларускім кіно”.

/i/content/pi/cult/661/14641/5.jpgСярод гасцей, безумоўна, варты згадвання венгерскі рэжысёр Бенедэк Флігаўф, які атрымаў “Золата “Лістапада” на леташнім фестывалі. Уладальнік шматлікіх міжнародных кінаўзнагарод, аўтар нашумелых “Лілі Лейн”, “Проста вецер” і “Дылера” ўзначаліць журы асноўнага конкурсу.

Адзначу таксама і фільм закрыцця “Лістапада”. Калі стужка адкрыцця “Арытмія” прадстаўніка расійскай “новай хвалі” Барыса Хлебнікава задае пэўныя каардынаты аўтарскага псіхалагічнага кіно, то ў выпадку з “Восеньскім самураем” Данілы Бегавіча гаворка ідзе пра сербскі баявік, які стаў хітом лакальнага пракату. Карціна мае настальгічны пасыл да адпаведных фільмаў 1990-х, і тым больш цікава паглядзець, як тое атрымалася ў сербаў.

Узнагароды

І напрыканцы пра тое, што варта было б вылучыць у асобную навіну. Сёлета Беларусь у складзе дзесяці кінакрытыкаў і кінажурналістаў далучылася да прэстыжнай Міжнароднай федэрацыі кінапрэсы FIPRESCI. Гэтая падзея, безумоўна, прасоўвае беларускую кінасупольнасць на яшчэ адзін крок бліжэй да прасторы еўрапейскага і сусветнага кіно, ды ўсё ж шлях толькі распачаўся. Аднак цяпер на фестывалі пачне працу міжнароднае журы сяброў FIPRESCI, якое будзе ацэньваць дэбюты ў праграме мінскага кінафоруму — і гэта несумненны плюс да іміджу апошняга.

Гэтаксама са зменаў ва ўзнагародах — адмова ад вызначэння лепшых мужчынскіх і жаночых роляў другога плану і з’яўленне новых прызоў: “За лепшы сцэнарый” і “За лепшае гукавое (музычнае) рашэнне фільма”.

Цырымонія адкрыцця і закрыцця фестывалю традыцыйна пройдзе ў кінатэатры “Масква”. А вось “Беларусь” прымае эстафету ад “Перамогі” ў дачыненні Нацыянальнага конкурсу — у яе залах будуць ісці паказы беларускага кіно.

 

Падрабязней пра праграму “Лістапада” чытайце ў наступным нумары.

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"