(Заканчэнне. Пачатак у №№ 34, 39 — 40.)
Узнагарода за старанні
У лісце сцвярджалася, што Аляксандра І расчулілі няшчасці Дзмітрыя Канцяміра, і імператар “не знаходзіць больш прыстойнай для яго ўзнагароды, акрамя як вяртання яму часткі валоданняў ягоных продкаў. І таму адразу як пераканаецца, што князь мае ўсе ўласцівасці, якімі павінен валодаць гасудар для тварэння шчаслівымі сваіх падданых, імператар мае намер патрабаваць ад султана для яго Малдавію і Валахію, а ў выпадку адмовы мае схільнасць падтрымаць сваё патрабаванне зброяй”.
Да таго часу прэтэндэнт на малдаўскі трон ужо паспеў ладна зняверыцца ў добрай волі расійскіх імператараў. У апошніх на яго вотчыну яўна былі свае планы, і Канцямір у іх ніякім чынам не ўпісваўся. А тут раптам такое!
Дзмітрый з нецярплівасцю чытаў далей: “А потым схіліць манарх Аўстрыйскі двор, каб вярнуў яму ўсе заваёвы, якія зрабіў апошнi ў Малдавіі, каб далучыць да таго частку Падолля. І такім чынам скласці дзяржаву і разам з іншымі еўрапейскімі дзяржавамі абвясціць яго уладаром гэтага краю, пад назвай герцага Раманійскага. Што за ўсе гэтыя дабрадзействы яго імператарскай высокасці абавязаны ён жонцы і мне: для чаго і заслугоўваем мы ад яго суразмернага нашай адданасці стану. А па заснаванні дабрабыту некаторых са сваякоў сваіх, з якіх многія знаходзяцца ў беднасці, паспяшаецца імператар здзейсніць свой намер, калі знойдзе яго міласэрным і шчодрым, правасудным і велікадушным. Бо толькі той, хто мае гэтыя вартасці, можа насіць карону”.
Тут ужо былі канкрэтныя намёкі. Як мы пісалі ў папярэдняй частцы, сваякі ўпарта — але пакуль безвынікова — схілялі князя Дзмітрыя прызнаць шлюб і бацькоўства, а разам з тым, права жонкі і дзяцей на спадчыну. Васіль запэўніваў усіх у бескарыслівасці сваіх намераў. Аднак суд, перад якім ён неўзабаве апынуўся за падробку згаданага ліста, такія абставіны не ўлічыў, і атрымаў Пасек за сваё махлярства па поўнай.
Павесілі на яго заадно і ці не самае страшнае на той час злачынства. Вось што пісаў на гэты конт сам Васіль: “8 мая 1802 гады атрымаў я вестку, што данёс генерал ад кавалерыі А.В. Абрэскаў яго імператарскай вялікасці аб маім лісце да памяшанага, быццам змяшчае ён абразу імператара, а ў ім няма ні малога следу абразы… Там выяўлены манарх найлепшым манархам у свеце… Гэтае абвінавачванне мяне не здзівіла: Абрэскаў жанаты на роднай сястры жонкі майго дзядзькі і апекуна, якому хацеў дагадзіць!».
Такім чынам, падкопы Пятра Пасека працягваліся — тым болей, сам Васіль даў для гэтага выдатную нагоду, і не адну. Нейкі час ён не разумеў ўсёй сур’ёзнасці сітуацыі і спадзяваўся, што хутка выйдзе на свабоду. Але рэальнасць апынулася вельмі суровай: “Мне вызначылі адсекчы галаву, а як смяротнае пакаранне не было тады ва ўжыванні і нельга было секчы дваран пугай, то пастанавілі саслаць мяне на катаржныя работы, пазбавіўшы узнагарод, чыноў і дваранскай вартасці!”.
Васіль Пасек адправіўся ў Сібір на больш чым 20 гадоў. Лёс яго сям’і (13 сыноў і 5 дачок) апісаны Герцэнам ў 1-й частцы “Мінулае і думы”. Толькі ў 1824 годзе, за 6 гадоў да смерці, наш герой быў памілаваны і разам з сям’ёй змог пакінуць той суровы край. А ў 1836 году ў Пасекаў атрымалася вярнуць правы на дваранства.
Чый бог — золата?
Пры гэтым, усе старанні Васіля Пасека, якія скончыліся для яго катаргай, не былі ацэненыя і нашай галоўнай гераіняй — будучай жонкай Ігната Марцінкевіча Соф’яй Канцямір, якая ўбачыла ў ягоных клопатах карыслівы разлік ды падтрымлівала захады супраць яго з боку Пятра Пасека. І тут нам не абысціся без вялікай цытаты самога Васіля, дзякуючы якой мы маем магчымасць крыху бліжэй пазнаёміцца з будучай нявесткай Яна Марцінкевіча: “Нават дачка кн. Канцяміра кажа пра мяне, што жонка бацькі яе абяцала мне 50.000 рублёў, і што з прагнасці да грошай прымусіў я падманам бацьку яе пагадзіцца прызнаць Хрушчову за сваю жонку і схіліў яго падпісаць распараджэнне на карысць яе! У першы раз спазнаў я яе злосць у Рэвелі, і ад пляменніцы маёй не чакаў такога ўчынку! Я бачу цяпер, што і яе бог — золата (…) Пры праездзе праз Пецярбург да бацькі яна скардзілася мне на дзядзьку і апекуна майго, а ў прыездзе з Рэвеля ў Пецярбург ужо хваліла яго, таму што ён улагодзіў яе падарункамі! Няшчасная Соф’я! Дзядзька і апякун мой заахвоціў цябе для таго ісці супроць мяне, каб мець больш сродкаў цябе і мяне прыгнятаць. Тваёй маладосці ўласцівая легкадумнасць! Табе дарую! Не менш таго жадаў бы я мець вочную стаўку з пляменніцай маёю, з жонкаю няшчаснага майго брата і дзядзькам і апекуном маім, але ў вачах Дзяржаўнага Савета!”.
Разам з тым, Соф’я кажа Пасеку пра сваё дрэннае здароўе, на папраўку якога ўжо нават і не спадзяецца. Тое, што ў запісе аб шлюбе з Ігнатам Марцінкевічам яна названа дачкой князя Канцяміра, сведчыць: у выніку князь Дзмітрый усё ж прызнаў яе сваім дзіцём. А вось княгіня лічыла і Соф’ю, і Антыёха несапраўднымі дзецьмі Канцяміра.
Урэшце, яна таксама як быццам дамаглася свайго. 31 снежня 1801 года Сінод услед за ўказам за асабістым подпісам імператара Аляксандра загадаў: “Робячы ласку на прашэнне дачкі брыгадзіра Хрушчова, у якім тлумачыць, што хоць у 1787 годзе ў Харкаве брала яна шлюб па добрай волі з палкоўнікам князем Канцямірам, але як шлюб гэты здзейснены быў у суботу Сырнага тыдня, то па ўказе 1 сакавіка таго ж года былі яны разведзеныя. У павагу ўзаемнай згоды як ад яе, так і ад князя Канцяміра на працяг шлюбнага сужыцця выказаную, усяміласціва загадваем: заключаны імі шлюб пацвердзіць і дазволіць уступіць ім ва ўсе правы шлюбу на падставе правілаў Святой царквы”.
Але калі быў прызначаны дзень пацвярджэння шлюбу, Канцямір спачатку сказаўся хворым, потым вырашыў падумаць яшчэ. А пасля роздуму раптам заявіў, што “ён пацвердзіць шлюб ужо і зусім не жадае”. Розныя ўплывовыя людзі шматкроць угаворвалі яго выканаць высокі ўказ, але Канцямір ўпарта адмаўляўся.
У лютым 1803 года гэтае пытанне было ўзнята яшчэ раз — і зноў безвынікова. У адказ Канцямір напісаў тлумачэнне, дзе сцявярджаў, што ніколі не даваў згоды на працяг шлюбу з Хрушчовай, акрамя як будучы падманутым яе саўдзельнікам Васілём Пасекам. Да таго часу Дзмітрый ужо канчаткова зняверыўся ў добрых намерах брата.
23 лістапада 1803 года на сходзе Дзяржаўнага Савета слухалі справу пра нежаданне Канцяміра зноў ажаніцца з Хрушчовай. У выніку, прыйшлі да высновы, што не маюць права прымусіць чалавека гвалтоўна ўзяць шлюб. На прашэнне няздзейсненай жонкі дазволіць ёй насіць прозвішча Канцямір і атрымаць сёмую частку з яго маёмасці 3 ліпеня 1804 года імператар адказаў згодай толькі на першую частку, вызначыўшы, што Хрушчова не мае ніякага права на маёмасць князя, аднак “у павагу яе няшчаснага становішча”, прызначыць ёй пажыццёвае ўтрыманне з прыбыткаў мужа па 1500 рублёў у год. Гэтым жа ўказам імператар замацаваў за дзецьмі Канцяміра, якія ва ўказе называюцца “выхаванец” і “выхаванка”, прыярытэт у атрыманні яго спадчыны. Адбылося тое за паўгода да вянчання з Марцінкевічам. Аднак на лёс і фінансавы стан яго роду ніяк не паўплывала.
У барацьбе за спадчыну
Толькі ў 1809 году Канцяміру было дазволена пасяліцца ў Харкаве, дзе знаходзіліся яго маёнткі. 6 лютага 1820 году ён звярнуўся ў Камітэт Міністраў з прашэннем дазволіць яму — пры адсутнасці нашчадкаў — перадаць слаўнае прозвішча Канцямір праўнучатаму пляменніку, пажу Двара яго імператарскай вялікасці графу Мікалаю Булгары. Аднак так і не дачакаўся адказу — 17 чэрвеня 1820 года князь Дзмітрый памёр у Кіеве.
Пытанне аб яго духоўнай спадчыне — перадачы прозвішча Канцямір па жаночай лініі — было вырашана станоўча. Можна ўпэўнена меркаваць, што каб у шлюбе Ігната і Сафіі Марцінкевічаў былі дзеці — тым больш, хлопчыкі — то ў іх былі б усе шанцы атрымаць ад дзеда гучнае імя, а разам з ім і ілюзорныя надзеі на “спадчыну грэчаскіх імператараў”. Ну, або, як мінімум, малдаўскага трона. Але, хутчэй за ўсё, Соф’я і сапраўды пражыла зусім мала і нарадзіць не паспела.
Пачалася доўгая гісторыя барацьбы за матэрыяльную спадчыну Канцяміра, у якой ніхто з Марцінкевічаў не браў удзел — па згаданай вышэй прычыне. Праблема заключалася ў тым, што князь Дзмітрый шматкроць рабіў распараджэнні аб сваёй маёмасці, прапаноўваючы яе частку нават Васілю Пасеку — да таго, як той трапіўся на махлярстве. У адным з першых варыянтаў тэстаменту, напісаным у Маскве ў 1811 годзе, князь не згадвае нікога ні з дзяцей, ні з выхаванцаў (значыць, і Соф’я, і Антыёх да таго моманту ўжо былі мёртвыя), і ўсю маёмасць адпісвае ўнуку сястры Кампініяну. Аднак ў 1819 годзе ён перапісаў завяшчанне, потым — яшчэ раз… Уся гэтая блытаніна з тэстаментамі прывяла да таго, што пытанне спадчыны вырашылася яшчэ ў 1836 годзе. Аднак для нашай гісторыі гэта ўжо амаль не мае значэння, бо ні пра якія кантакты Марцінкевічаў з Канцямірам і яго спадкаемцамі пасля смерці Соф’і пакуль невядома.
У 1804 годзе Ігнат Марцінкевіч стаў мужам дзяўчыны, якая з’яўлялася далёкім, але прамым нашчадкам Чынгісхана і дачкой апошняга законнага прэтэндэнта на пасад Малдавіі. Прычым гэта быў той час, калі Еўропу чакалі вельмі сур’ёзныя ваенныя ўзрушэнні. Калі б Расія згадала пра дамову паміж Пятром I і Канцямірамі, пасля перамогі над Напалеонам цалкам магла б з’явіцца незалежная Малдова на чале з князем Дзмітрыем. А пасля яго смерці — так, я не жартую! — галоўным прэтэндэнтам на трон станавіўся брат нашага класіка.
Але гісторыя не мае ўмоўнага ладу. У 1820, калі князя Канцяміра хавалі ў сямейным маўзалеі ў вёсцы Рагань, Ігнат Марцінкевіч ужо гадаваў сваіх сыноў ад другога шлюбу з Лізаветай Юр’еўнай — з не менш гучнага роду князёў Валконскіх.
А наастачу — пра яшчэ адну роднасную (праўда, не крэўную) сувязь. Узыходзіць яна да другой жонкі князя Канстанціна Антыёхавіча Канцяміра Наталлі Галавіной. Яе ўнучатым пляменнікам быў ніхто іншы як сам… Аляксандр Сяргеевіч Пушкін. І сваяцтва галоўнага паэта Расіі з пачынальнікам новай беларускай літаратуры не выглядае такім ужо далёкім: Пушкін — праўнучаты пляменнік другой жонкі дзеда нявесткі Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча!
Зміцер ДРОЗД,
гісторык-архівіст