Пяць плюсаў самастойных вандровак

№ 40 (1323) 07.10.2017 - 13.10.2017 г

Маё ўлюбёнае хобі — разам з сям’ёй вандраваць па Беларусі. Увачавідкі пераканалася, наколькі наша краіна багата на гістарычныя помнікі і таленавітых людзей, якія іх стваралі. Гэтае багацце праз вякі дайшло да нас — і, на жаль, нярэдка руйнуецца літаральна на нашых вачах.

/i/content/pi/cult/659/14607/8.jpgГанна СТАРЫКОВІЧ, настаўнік бальных танцаў:

У нашай краіне шмат турыстычных кампаній, і большасць з іх прапануе вандроўкі па Беларусі. Магчыма, для людзей сталага веку, якія не маюць аўто, або для дзіцячых груп гэта добрая магчымасць пазнаёміцца з роднай зямлёй. Але калі ў вас ёсць машына, лепей вандраваць самастойна. Пералічу толькі пяць плюсаў такіх падарожжаў.

1. Вы ні ад каго не залежыце. Ні па часе выезду, ні па часе вяртання. Краіна ў нас адносна невялікая, але ёсць мясціны, да якіх трэба ехаць вельмі доўга, і за адзін дзень можна не паспець. Таму лепей залежаць толькі ад самога сябе і сваіх жаданняў.

2. Маршрут. У практыцы маіх з мужам вандровак бывала і такое: едзем у адно месца, а раптам хочацца ў іншае. Калі ты з экскурсіяй, такі экспромт немагчымы. Вандраваць па плане — добра. Але часам хочацца пабачыць больш.

3. Бывае, што падчас экскурсіі ў цікавым месцы вам расказваюць вельмі мала. Так у нашай сям’і здарылася ў Нясвіжы. Тады ў нас яшчэ не было аўто, і мы паехалі на арганізаваную экскурсію. Яна абмежавалася цікавым расповедам пра палацавы комплекс. Праз год мы трапілі ў Нясвіж ужо самастойна і змаглі агледзець не толькі замак (якраз ішла рэстаўрацыя, і мы пабачылі шмат цікавага, што потым схавалі пад прыгожай цэглай), абышлі ўвесь парк. Але гэтага нам падалося мала, і мы пайшлі ў другі бок. Знайшлі Слуцкую Браму, ратушу, вучэльню ў былым кляштары. А падчас экскурсіі нам паказалі толькі замак. Тая ж гісторыя і з Мірам.

4. Вандруючы самастойна, вы вымушаны самі складаць план і маршрут. Таму акрамя ўжо вядомых мясцін можна даведацца аб незнаёмых, але не меней цікавых помніках спадчыны. Часцей за ўсё мы карыстаемся сэрвісам “Глобус Беларусі”. Гэта сапраўдная скарбніца для тых, хто хоча вандраваць самастойна. Там нават ёсць гатовыя маршруты.

5. Абедаць на свежым паветры — вельмі прыемна. Калі ты вандруеш самастойна, можна спыніцца ў нейкім прыгожым месцы, раскласці ежу і спакойна яе спажыць. Асабліва гэта радуе тых, хто жыве ў вялікіх гарадах і мала сустракаецца з прыродай.

Стаўленне да гістарычных помнікаў у нашай краіне часам незразумелае. На будынку вісіць шыльда, што гэта гістарычная каштоўнасць, а на самой справе ён руйнуецца літаральна на вашых вачах. Адны палацы рэстаўруюць, а іншыя не заўважаюць.

Пакуль палацы, замкі, касцёлы, цэрквы і капліцы, а таксама проста старыя дамы яшчэ ёсць на нашай зямлі, трэба іх пабачыць, дазнацца пра гісторыю будаўніцтва, паказаць сваім дзецям, каб яны ведалі, што гісторыя Беларусі вядзе з глыбіні вякоў. Ніхто не даставіць вам уражанні на дом. Трэба сабраць неабходныя рэчы, ежу, фотаапарат і — насустрач сапраўднай гісторыі!