“Сэрца” б’ецца

№ 40 (1323) 07.10.2017 - 13.10.2017 г

Аргенцінскі мастак Франчэска Басалеці аддаў сваё “Сэрца” Мінску — распісаў будынак Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў. Праца дапоўніла шэраг іншых “Гарадскіх міфаў”, што за апошнія два гады з’явіліся ў сталіцы, дзякуючы стрыт-артэрам з Аўстраліі, Грэцыі, Іспаніі, Італіі, Украіны — так вулічнае мастацтва адкрывае Беларусь свету.

/i/content/pi/cult/659/14606/7.jpgАлег ЛАРЫЧАЎ, каардынатар суполкі Signal, арганізатар міжнароднага стрыт-арт-пленэру Urban Myths:

На праект Urban Myths (“Гарадскія міфы”) мы запрашаем замежных мастакоў у Мінск з 2015 года. За гэты час з’явіліся муралы з дзяўчынай у вышыванцы, чалавекам у капюшоне, богам Ярылам і іншыя. Некалькі прац адразу ж трапілі ў сусветныя рэйтынгі, дзе Беларусь адзначылася ўпершыню.

Звычайна на фестывалях мастаку даюць тры-чатыры дні на працу, эскіз ён мусіць рыхтаваць загадзя. Але пра нашу краіну замежныя стрыт-артэры амаль нічога не ведаюць, таму было б дзіўна прасіць эскіз да паездкі. Ідэя нашага праекта менавіта ў тым, каб мастакі спачатку прыехалі і пазнаёміліся з горадам, пагутарылі з мясцовымі жыхарамі і толькі тады вырашылі, што будуць маляваць.

Удзельнікаў выбіраем па аглядах аўтарытэтных крыніц, што пішуць пра стрыт-арт. Крытэрыі — стыль, вопыт стварэння муралаў, сюжэтнасць і ідэйнасць прац. Я проста пішу мастакам ліст з прапановай прыехаць. Ганарараў няма — аплачваем толькі дарогу, пражыванне, харчаванне і матэрыялы. Матывацыя тых, хто пагаджаецца — магчымасць распрацаваць канцэпцыю на месцы і ўбачыць краіну, дзе яшчэ ніколі не быў.

Праз што канкрэтна знаёміць мастака з горадам залежыць ад таго, якая тэма цікавіць больш за ўсё. Аўтар “Дзяўчыны ў вышыванцы” Гвіда ван Хэлтан, напрыклад, вывучае народную культуру і арнаменты. Італьянец Міла — архітэктуру. Дэйх, які намаляваў бога Ярылу, пытаўся пра рэлігію і трансфармацыю паганскіх традыцый. Ва ўсіх па-рознаму. Экскурсію па Мінску для нашага апошняга ўдзельніка Франчэска Басалеці правёў гісторык Алесь Белы. Пасля чаго мастак шукаў вобраз, які мог бы ўвасобіць у сабе ўсё, пра што ён даведаўся. Вырашыў, што гэта будзе сэрца — яно сімвалізуе не толькі геаграфічнае становішча Беларусі як краіны ў цэнтры Еўропы, але і яе жывую душу. У большасці культур сэрца лічыцца асноўным органам памяці — менавіта ў сэрцах людзей жывуць успаміны і пачуцці.

/i/content/pi/cult/659/14606/6.jpgАпошнім часам мастак працуе ў тэхніцы інвертаванага жывапісу, таму праца выглядае як негатыў і разглядзець мурал больш дэталёва можна праз фотакамеру, калі паставіць яе ў рэжым колеравай інверсіі. Так Франчэска падкрэсліў, што не заўжды сутнасць рэчаў можна зразумець з першага погляду.

Папярэдне эскізы ён абмяркоўваў на сустрэчах з мясцовымі жыхарамі, якія мы анансавалі ў Сеціве. Адна з іх адбылася ў гімназіі-каледжы мастацтваў, дзе Франчэска паказваў свае працы ў іншых гарадах і распавёў пра канцэпцыю роспісу будынка ўніверсітэта культуры на вуліцы Рабкораўскай. Нават выкладчыкі адзначылі яго прафесійны падыход. Другая сустрэча праходзіла ўжо ў больш нефармальнай абстаноўцы — усе зацікаўленыя проста прыйшлі пагутарыць з мастаком у кавярню.

Замежнікі імкнуцца адкрыць Беларусь, таму дакладна такія ж іх працы не маглі б узнікнуць у іншых краінах — вось у чым адметнасць Urban Myths. Па прыездзе ў Мінск ва ўсіх нашых удзельнікаў узнікае шок, што яны раней нічога ці амаль нічога не ведалі пра краіну ў цэнтры Еўропы, дзе насамрэч адбываецца шмат цікавага. Яны здзіўляюцца таму, што мы настолькі сціплыя і не піярым сябе, а яшчэ не разумеюць, чаму па-руску ў нас размаўляюць часцей, чым па-беларуску. Калі развітваемся, амаль кожны раз чуем: “Гэта была найлепшая паездка!” І пра яе потым распавядаюць на іншых фестывалях. Нашы мастакі бачаць розныя стылі і натхняюцца. Таму не сумняюся, што наш праект становіцца каталізатарам важных працэсаў ў Беларусі.