Што адна, што другая выставы распавядаюць пра горад і яго жыхароў — пра людзей паспалітых і тых, чые імёны гісторыя занатавала ў “кнізе гонару” сталіцы і краіны. Першая складаецца з твораў, большасць з якіх ужо занялі годнае месца ў гісторыі нашага выяўленчага мастацтва і культурнай грамадзе вядомыя. На іх — вобразы, якія ўжо сталі гісторыяй. Другая выстава ўяўляе з сябе творчую рэфлексію на змены ў вонкавым абліччы і глыбіннай сутнасці Мінска недзе за апошнія два дзесяцігоддзі.
Некалькі работ 1950-х (“Плошча Якуба Коласа” і “Дом будуюць” Анатоля Волкава) і 1960 — 1970-х гадоў (“Кінатэатр “Сучаснік” і “Дражня” Сяргея Волкава, “На плошчы 8-га сакавіка” Леаніда Дударэнкі) у гэтай экспазіцыі даюць магчымасць параўнаць колішні і сённяшні Мінск, адчуць маштабнасць перамен. І адначасова ўсвядоміць, што ў характары мінчука ёсць нешта адвечнае, нязменнае, непадуладнае ўплыву часу і нераспушчальнае ў прасторы. Увабраўшы ў сябе навакольныя вёскі і мястэчкі, знітаваныя з ўсёй Беларуссю і паловай свету, прыдбаўшы імідж аднаго з самых утульных і дынамічных мегаполісаў Еўропы, Мінск захоўвае дух таго першаснага горада на Менцы, які быў славуты здольнасцю да супраціву навале і да адраджэння з попелу.
Я не буду падрабязна распавядаць пра выставу ў Нацыянальным мастацкім. Там — наша класіка. Мастацтва, якое адбылося і сцвердзілася. Гэта пра мінулае. А вось творы ў Палацы мастацтва — гэта люстэрка сённяшняга дня і праекцыя ў гістарычную перспектыву. Найперш заўважна тое, што ў мастакоў, якія сёння малююць Мінск, змяніліся прыярытэты ў параўнанні з тымі, хто занаўтоўваў аблічча сталіцы яшчэ адносна нядаўна. Раней горад сімвалізавалі вежы Прывакзальнай плошчы, абеліск на плошчы Перамогі, гмах Дома ўрада. Потым, калі памятаеце, гэты шэраг папоўніўся Траецкім прадмесцем. Цяпер жа ў прыярытэце — Верхні горад. Выявы адроджанага гістарычнага цэнтра, які ў асноўных рысах сфармаваўся ў ХVIII cтагоддзі. Гэта жывапіс “Плошча Свабоды” і “Верхні горад узімку” Анатоля Рыбчынскага, “Дзяжурны па восені” Дар’і Бунеевай, “Стары Мінск. Сабор Найсвяцейшай Панны Марыі” Васіля Зянько; графіка Рыгора Сітніцы “Менск. Спроба рэінкарнацыі” і “Птушкі над Мінскам” Дзмітрыя Шапавалава.
Па-новаму ўспрымаюць мастакі і архітэктуру савецкай эпохі. Манументальны сталінскі ампір, які на момант стварэння мог успрымацца як агрэсіўнае ўварванне ў гістарычную структуру Мінска, сёння ў вачах мінчукоў стаў хатнім, утульным. Як узор такога бачання — палатно Міхаіла Крата “Сонечны дзень”. Ужо сам той ампір трэба
абараняць ад агрэсіўнага хайтэку і невыразнага, пазбаўленага эмацыйнага складніку функцыяналізму. Як ні дзіўна мне — чалавеку, які памятае старую Нямігу і не прымае душою новай, — для маладзейшага пакалення гэта ўжо мінская рэчаіснасць. Болей за тое — адметнасць. Архітэктурны аб’ект, які адаптаваны гарадскім асяроддзем і ўжо ўспрымаецца як ягоная неад'емная частка (жывапіс Васіля Пешкуна “На Нямізе”).
Заўжды з цікавасцю адзначаю на выставах творы Уладзіміра Тоўсціка. Гэтым разам ён прадставіў палатно “Раніца святочнага дня”, дзе стары горад паўстае як гістарычная дэкарацыя, на тле якой — новае жыццё. Экспазіцыя пабудавана такім чынам, што адно насупраць другога размешчаны ўрачыста святочнае палатно Ігара Свянціцкага “Мінск сустракае” (“парадны партрэт” Прывакзальнай плошчы) і трагічная карціна Андрэя Дубініна, дзе ў метафарычнай форме распавядаецца пра наш боль — 1937 год. Назва карціны — “Ноч паэтаў. 29. Х. 1937”. У гэту ноч па загадзе з Масквы ў Мінску ва ўнутранай турме НКУС былі расстраляны болей за сто прадстаўнікоў інтэлектуальнай і культурнай эліты Савецкай Беларусі. У адну ноч было знішчана наша нацыянальнае Адраджэнне. Нікуды не падзенешся: і гэта было ў гісторыі горада і краіны.
Працягам выставы “Стольнае места” з’яўляецца адмысловая экспазіцыя твораў мастакоў, што маюць майстэрні на Асмолаўцы. Гэтая творчая акцыя мае мэтай звярнуць увагу грамады на лёс і перспектыву тых кварталаў паваеннай пабудовы. У іх гарманічнай тканіне ўжо з’явіўся прэтэнцыёзнага выгляду чужародны аб’ект, і, відавочна, гэта толькі пачатак… Мастакі ж нагадваюць, што Асмолаўка — не толькі горадабудаўнічая каштоўнасць, без якой гісторыя горада будзе няпоўнай і скажонай, але і культурная прастора, якая фактычна ёсць мінскім Манмартрам.
Вечнаму гораду на Нямізе Манмартр патрэбны не менш, чым Парыжу. Дарэчы, адна з карцін выставы наўпрост пазіцыяніруе Мінск як спадкаемца Рыма — ”Мінскі накцюрн” Паўла Кандрусевіча. І насамрэч, справа не толькі ў падабенстве архітэктуры дзвюх сталіц.