Рэжысёры пазітыўных змен

№ 38 (1321) 22.09.2017 - 27.09.2017 г

Смаргоншчына ды Іўеўшчына: праекты на апярэджанне
Гэты артыкул атрымаўся на стыку ўбачанага ды пачутага ў двух раёнах: Смаргонскім і Іўеўскім. Мы зноў сутыкнуліся з нестандартнымі творцамі, якія рэалізоўваюць нестандартныя праекты, так бы мовіць, на апярэджанне павеваў часу. Культурнай Гродзеншчыне ўвогуле ўласціва гнуткая тактыка ў вызначэнні перспектыў развіцця. Пераконваемся ў гэтым не першы раз.

/i/content/pi/cult/657/14577/11.jpgМасткі ўзаемадзеяння

На наступны дзень пасля наведвання Залесся сустрэліся з намеснікам старшыні Смаргонскага райвыканкама Генадзем Бычко ў яго працоўным кабінеце — каб навесці масткі для больш шчыльнага ўзаемадзеяння нашай газеты і мясцовай культуры. Да гаворкі, натуральна, падключылася і начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Таццяна Ражава.

А пачалі грунтоўную размову з брэндаў. Яшчэ на пачатку года мы пісалі пра Лідскі і Воранаўскі раёны. Сярод іншага, пра вясковыя брэнды і ініцыятыву, якая прыйшла з Гродна і вельмі хутка ўкаранілася. Высветлілася, што на Смаргоншчыне таксама ўсе аграгарадкі займелі свае адметныя мерапрыемствы, звязаныя з іх мясцовасцю і культурнымі традыцыямі.

Генадзь Паўлавіч перакананы: у кожным аграгарадку павінны быць запамінальныя фэсты, на якія не сорамна запрасіць гасцей, бо сельская культура апрыёры разлічана не толькі на мясцовага жыхара, але павінна быць цікавай і для турыста.

Найбольш знакаміты з такіх брэндавых аграгарадскіх праектаў — фестываль-кірмаш “Кераміка Крэва”, на якім майстры-керамісты з розных рэгіёнаў Беларусі не толькі прадстаўляюць свае вырабы, але і праводзяць майстар-класы для ўсіх ахвотных. Арганічна з ім спалучылася раённае свята “Пад знакам Лялівы”. У выніку цягам аднаго дня можна акунуцца ў атмасферу сярэднявечных рыцарскіх баёў, паслухаць гістарычныя спевы ды музыку, а таксама навучыцца танчыць сярэднявечныя і побытавыя танцы.

У час размовы згадалі, што Смаргонь — гэта беларуская сталіца абаранкаў. Так, менавіта тых, знаёмых з дзяцінства, сушаных хлебабулачных вырабаў. Сумнявацца ў гэтым не дазволяць Пахлёбкін ды Сыракомля, якія падрабязна апісалі славутую кулінарную традыцыю горада. Чым не выдатны брэнд? Грэх за такі не ўхапіцца. Руплівае кіраўніцтва раёна так і зрабіла — 16 верасня адбыўся першы фестываль-кірмаш “Смаргонскія абаранкі”, дзе кожны мог не толькі купіць і пакаштаваць прысмакі, але і самастойна іх зрабіць.

/i/content/pi/cult/657/14577/12.jpgПа актыўнасці і крэатыўнасці сферы культуры Смаргонскі раён адзін з першых у краіне. Гэта не толькі наша суб’ектыўнае меркаванне. Шматлікія грантавыя праекты таму пацвярджэнне. Толькі сёлета тут падалі 10 заявак на гранты ў сацыякультурнай сферы. Выкарыстаны праектныя кірункі (найперш, музеем-сядзібай Агінскага ў Залессі) “Польшча-Украіна-Беларусь” і “Літва-Латвія-Беларусь”, максімальная сума грантаў у якіх дасягае мільёна еўра. Некалькі заявак атрымалі падтрымку па лініі культуры ў ПРААНаўскім кірунку. Прыкладам, гісторыка-краязнаўчы музей атрымаў сродкі на развіццё тэмы “Кірмашовая культура”: за кошт сродкаў гранта пашырыцца экспазіцыя, будзе створана інтэрактыўная экскурсія “Смаргонь кірмашовая”. А Раённы дом рамёстваў за кошт сродкаў ужо зацверджанага гранта набыў ткацкі станок для аднаўлення традыцыі браннага ткацтва. Запускае новы праект і раённая бібліятэка, пра які пагаворым трохі пазней. Карацей кажучы, у грантавай сферы па краіне магчымасцей шмат, галоўнае карыстацца імі так, як гэта робяць у Смаргонскім раёне.

Прыкладам эфектыўнага выкарыстання мясцовай гісторыі і яе ўключэння ў культуру на Смаргоншчыне з’яўляецца тэма Першай сусветнай вайны. Пра знакавы мемарыял, створаны тут некалькі гадоў таму, мы ўжо пісалі. Але на гэтым мясцовыя работнікі культуры не збіраюцца спыняцца. Некалькі месяцаў таму ў раёне згадвалі першы ўдзел жаночага батальёна пад камандаваннем Марыі Бачкаровай. Ёсць ініцыятыва па стварэнні помніка на месцы яго першай атакі, ажыццяўленне якой запланавана на наступны год. Летась грамадскасць Смаргоншчыны згадвала і першыя газавыя атакі, а таксама легендарны самалёт “Ілья Мурамец”, падбіты пад Крэвам. Словам, тут стараюцца лавіць моманты. У гэтай справе, як падкрэсліў Генадзь Бычко, многае робяць аматары гісторыі. Такая валанцёрская дапамога ў сферы культуры сёння вельмі важная. Бо не заўсёды атрымліваецца падтрымаць работніка матэрыяльна. Прывядзём адзін прыклад. Адно толькі Залессе зарабіла летась сто тысяч рублёў. Частку гэтых грошай накіравалі на стымуляванне работнікаў культуры ў якасці прэмій. Але, як высветлілася, тут не ўсё проста. Згодна з айчынным заканадаўствам, калі ў арганізацыі ёсць запазычанасць па бюджэтных выплатах, то пазабюджэтныя сродкі нельга вылучаць у прэміяльны фонд.

/i/content/pi/cult/657/14577/13.jpg(Не)лірычнае адступленне Кастуся Антановіча

Перад нашымі аўтатураўскімі паездкамі стала традыцыяй завітваць на сайты райвыканкамаў. Неяк намі ўжо адзначалася, што апошнія гады гэтыя парталы радуюць сваёй інфарматыўнасцю ў сферы работы ўстаноў культуры. На сайце Смаргонскага райвыканкама ўзрадавала не толькі гэта — на інтэрнэт-старонцы прадстаўлена паўнавартасная версія на беларускай мове, а таксама адмысловая версія сайта, распрацаваная спецыяльна для людзей са слабым зрокам. Вось гэта і ёсць сведчанне сапраўднай дасяжнасці інфармацыі. Чым не прыклад іншым?

На парадку дня — дабрачыннасць

Але вернемся да праектаў. А больш дакладна — да канкрэтнай сацыяльна-культурнай ініцыятывы. Даведаліся, што раённая бібліятэка на чале з дырэктарам Зояй Дурэйка атрымала грант у рамках праекта ЕС / ПРААН “Садзейнічанне развіццю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь” на “арганізацыю асяроддзя для пераадолення сацыяльнай ізаляцыі дзяцей з інваліднасцю з дапамогай стварэння лялечнага тэатра “Праменьчык” у рэжыме онлайн у гарадской дзіцячай бібліятэцы”.

Праект ажыццяўляецца не “з нуля”. У бібліятэцы з 2003 года працуе клуб “Школа міласэрнасці” для дзяцей з інваліднасцю. Вось толькі для наладжвання магчымасцей зносін такіх дзетак на адлегласці не было адпаведнай камп’ютарнай тэхнікі, а абсталяванне для лялечнага тэатра знасілася і састарэла. Ды і само памяшканне мае патрэбу ў бягучым рамонце.

На вырашэнне гэтых праблем і пойдуць сродкі гранта. У выніку стварэнне лялечнага тэатра з дапамогай тэхналогіі “Відэаканферэнцыя” дазволіць дзецям з інваліднасцю не выходзячы з дому бачыць і чуць адно аднаго, займацца лялечнымі пастаноўкамі і сумесна апрацоўваць іх у інтэрактыўным рэжыме, выкарыстоўваючы магчымасці звыклага ўсім камп’ютара, максімальна набліжаючы зносіны на адлегласці да рэальнай жывой камунікацыі.

Ідэй і ініцыятыў у смаргонскіх бібліятэкараў багата. Яно і не дзіўна — актыўнічаюць не толькі супрацоўнікі гарадскіх, але і 15 сельскіх бібліятэк. Па словах Зоі Дурэйка, кадры ў яе кваліфікаваныя: толькі два бібліятэкары не маюць профільнай адукацыі. Ды і тыя праяўляюць зацікаўленасць у сваім прафесійным развіцці. Пэўным доказам гэтых слоў стала выстава калажаў “Адвечных кніг жывыя душы”, прысвечаная 500-годдзю беларускага кнігадрукавання і падрыхтаваная ўсімі бібліятэкамі раёна. Яе паспелі пабачыць у раённай бібліятэцы.

Вось такая рэжысура пазітыўных змен. Застаецца толькі спадзявацца, што далейшая праца бібліятэчнай сістэмы раёна будзе плённай і абыдзецца без узрушэнняў магчымых аптымізацый.

(Не)лірычнае адступленне Яўгена Рагіна

У нашых дварах жыве мужчына, якому няма і сарака гадоў. У яго няма рукі і нагі — штосьці здарылася з ім у арміі, падрабязнасці не тлумачыць. Мужчына гэты выклікае больш чым павагу. Неяк упраўляецца з мыліцай, калі сядае ў транспарт, дапамогі не просіць, ва ўсім імкнецца застацца самастойным, аб’ездзіў з сябрамі ўсю Беларусь. Калі раз-пораз бачу яго жвавую хаду, усе мае фізічныя болькі падаюцца мне дробязнымі ды нікчэмнымі... Пра што хачу сказаць? Мы вельмі мала пішам пра такіх звычайных мужных людзей. Пра спрыяльны асяродак для іх пішам яшчэ радзей. Сітуацыю выпраўляць трэба, бо праблем тут шмат. І не толькі ў пандусах справа. У замежжы людзі з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі з дзяцінства ўцягнуты ў варункі культурнага жыцця. Яны малююць, спяваюць, наведваюць тэатры ды кіназалы і не адчуваюць сябе адарванымі ад грамадства. Мы ж толькі падступаемся да гэтай справы. Крокі Смаргонскай бібліятэкі ў дадзеным кірунку надаюць надзеі.

Калышку ведаюць усе

Трабы — мястэчка славутае. Каралеўскае. Тут нават маецца гісторыка-краязнаўчы музей. На жаль, у час аўтатура да яго не дабраліся. Але не маглі абмінуць іншы асяродак культуры аграгарадка — СДК і бібліятэку. Знаёмства наша пачалі з апошняй. Тут з новага года працуе жаночы клуб “Добрыя сустрэчы”. Кожную чацвёртую нядзелю пару дзясяткаў жанок збіраюцца, каб абмеркаваць не толькі жыццёвыя праблемы, але і мясцовыя традыцыі, кніжныя навінкі, паспяваць народныя песні. Актыўна бібліятэка працуе і з дзецьмі. Мы якраз размінуліся са школьнікамі, якія займаліся чытаннем у голас — без усялякага прымусу, бо ім гэта цікава.

Бібліятэкара ў Трабах завуць Святлана Макацэвіч, яна пераехала сюды некалькі месяцаў таму з Сурвілішак — пасля таго, як там закрылі школу і бібліятэку. Святлана Генрыхаўна зазначыла, што паступленні літаратуры зменшыліся, тым не менш выбар у чытача маецца неблагі. Дарэчы, пра чытачоў — іх у бібліятэцы налічваецца блізу 600. Паспрабуй знайдзі час для кожнага!

У наваколлі вёскі Трабы Міхаіла Калышку ведаюць усе. Ён — рэжысёр народнага тэатра, што дзейнічае пры мясцовым СДК. У сферы культуры больш за 20 гадоў. У чымсьці Міхаіл Станіслававіч нагадвае літаратурных герояў Васіля Шукшына. Такі ж апантаны ўласнай прафесіяй. З 2003 года пачаў працу з тэатральным калектывам, якому ўжо праз чатыры гады прысвоілі званне народнага. У гэты самы час была створана і спадарожнікавая дзіцячая тэатральная група, якая цяпер складаецца з 9 чалавек (туды ўваходзяць школьнікі з 5 па 11 клас).

Пра тое, што тэатр сапраўды народны, сведчыць і склад яго ўдзельнікаў — тут табе і настаўнікі, і спецыялісты СВК, — і запатрабаванасць пастановак мясцовай супольнасцю — часцяком людзі звяртаюцца і просяць, каб арганізавалі дадатковыя паказы. Бо і спектаклі цікавыя, і ўваходныя білеты маюць хутчэй сімвалічны кошт: 2 рублі на дарослае і рубель на дзіцячае прадстаўленне. Пра народнасць сведчаць і дэкарацыі. У тым сэнсе, што зроблены яны за свой кошт, сваімі рукамі. А галоўны клопат Міхаіл Калышка бачыць у тым, каб людзі пачалі думаць. У гэтым і заключаецца, на яго думку, звышзадача рэжысёра. Была ў Міхаіла Станіслававіча ідэя напісаць п’есу пра надзённае. Вось толькі часу бракуе.

Дарэчы, мастаком-пастаноўшчыкам народнага тэатра на палову стаўкі працуе жонка Міхаіла Станіслававіча, якая цяпер у дэкрэтным адпачынку. А вось дырэктара СДК пакуль няма — папярэдні кіраўнік перайшла ў школу.

Пра людзей мы распавялі. Цяпер — пра стан будынка, дзе месцяцца бібліятэка і клуб. Ён да такой ступені лядашчы (асабліва ў “клубнай палове”), што становіцца страшна за яго наведвальнікаў. Сітуацыя не мяняецца цягам апошніх гадоў. Рамонт не дапаможа, бо нельга давесці да ладу тое, што амаль спарахнела. На будоўлю з нуля няма, натуральна, грошай. А вольных памяшканняў у Трабах таксама няма. Застаецца здзіўляцца, як яшчэ зала збірае тут гледачоў. Усё трымаецца, відаць, толькі на энтузіязме Міхаіла Калышкі, але ён, як і ўсё на свеце, мае свае межы.

“Калі праца — шчасце”

Па дарозе на Юрацішкі напаткалі настаўніка мясцовай музычнай школы Мікалая Каспяровіча. Карыстаючыся магчымасцю, паразмаўлялі і пра метадычную літаратуру, і пра матэрыяльна-тэхнічную базу ўстановы, інструменты ў якую паступаюць, вось толькі іх якасць часцяком падводзіць, і пра платныя паслугі, а больш дакладна бяду з выкананнем даведзеных паказчыкаў, і пра колішні духавы аркестр, ад якога і след даўно знік. Адно яшчэ цешыць Мікалая Каспяровіча — застаўся ў Юрацішках хор ветэранаў, якому акампаніруюць настаўнікі музычнай школы.

Асэнсоўваючы інфармацыю, незаўважна пад’ехалі да шыкоўнага будынка СДК. Словы, вынесеныя ў падзагаловак, мы заўважылі якраз сярод інфармацыйных стэндаў СДК аграгарадка Юрацішкі. Пра кіраўніка ўстановы і свята “Добры дзень, суседзі!” мы нядаўна пісалі. Не грэх зноў вярнуцца да тэмы. Алена Гурына, якая лічыць працу работніка культуры шчасцем, таго вартая. Бываюць клубы шыкоўныя па знешнім выглядзе і тэхнічным забеспячэнні, але нейкія сумнаватыя ды не надта прывабныя. Натуральна, “настрой” кабінетаў і залаў залежыць ад характару людзей, якія тут працуюць. Дык вось, Дом культуры ў Юрацішках нагадвае ўсмешку добрага сябра. Хочацца быць побач з ім і радавацца паўнавартаснаму жыццю. А яно ў Юрацішках менавіта такое. І “рэжысёр” яго — Алена Вацлаваўна.

На момант нашага візіту клубнікі рыхтаваліся да памянёнага ўжо свята. Выбівалі дываны, выпякалі штосьці смачнае, удакладнялі сцэнарый мерапрыемства. На Іўеўшчыне, калі казаць каротка, даўно і плённа сябруюць вёскамі пры самай шчыльнай падтрымцы старастаў паселішчаў і старшыняў сельскіх саветаў. Юрацішкі гэтым разам прымалі сяброў з Лаздунаў. Свята прайшло пры ўдзеле ці не ўсіх без выключэння вяскоўцаў.

А напярэдадні фэсту мы сядзелі ў кабінеце дырэктара, пілі гарбату, частаваліся печывам і размаўлялі пра выніковасць клубнай дзейнасці. Да слова, нічога новага не вынайшлі. Кожнаму прафесіяналу вядомы алгарытм поспеху. Усё так, Алена Вацлаваўна атрымала ў свой час вышэйшую адыкацыю і добра разумела, для чаго яна павінна жыць і працаваць у вёсцы. Для таго, каб кожны вясковец пачуваў сябе патрэбным і важным. Каб людзі, што нястомна працуюць на зямлі, часцей усміхаліся і хадзілі ў госці адзін да аднаго. Канешне, для такой высакароднай місіі патрэбна каманда. Алена Гурына яе стварыла, сабрала вакол сябе маладых: і акампаніятара, і мастацкага кіраўніка. Плошча перад СДК стала месцам пастаянных летніх сустрэч і сумесных добрых спраў ці не ўсяго раёна. Чаму на дыскатэкі ў Юрацішкі едзе моладзь не толькі з іншых вёсак, але і з раённага цэнтра? Таму што і вядучыя вечарын не павіннасць адбываюць, і музыка тут — не горш, чым у горадзе. Тое ж і з дысцыплінай, якая апроч жалезнай іншай і не бывае. Вось і атрымліваецца: любяць Гурскую з паплечнікамі, а яны любяць і працу, і людзей. Адсюль — і шчасце. І хто сумняваецца, што шчасце гэтае — заўжды неспакойнае?

Агульнае (не)лірычнае заканчэнне

Спадабаліся словы Генадзя Бычко, які заўважыў: “Што казаць пра планы, якія так і застануцца на паперы? Трэба рабіць патрэбную справу, пра якую пасля не сорамна і свету распавесці!” Цалкам пагаджаемся з гэтай думкай. А ў апошнім выпуску аўтатура даведаемся пра шляхі папулярызацыі культуры ў Іўі і падсумуем наш шматгадовы праект.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"
Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"