Гутэнберг прызямліўся...

№ 37 (1320) 16.09.2017 - 22.09.2017 г

Біблія Гутэнберга традыцыйна лічыцца пачаткам гісторыі кнігадрукавання ў Еўропе. Цяпер фрагмент унікальнай кнігі, што называюць самым старажытным, знакамітым і дарагім выданнем у Еўропе, прыбыў у Беларусь з Германіі.

Захоўваецца гэты рэдкі кніжны помнік у Нацыянальнай бібліятэцы Германіі ў Лейпцыгу. Спецыяльным рэйсам у суправаджэнні экспертаў-кнігазнаўцаў, дыпламатаў і супрацоўнікаў аховы кніга 12 верасня прыбыла ў Нацыянальную бібліятэку Беларусі і з 15 верасня стала даступнай для шырокай публікі у экспазіцыі міжнароднай выставы “Францыск Скарына і яго эпоха”. Арганізатарамі выставачнага праекта з’яўляецца Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і галоўная кніжніца краіны.

У свеце захавалася толькі некалькі асобнікаў унікальнага выдання, і зусім невялікая колькасць краін можа дазволіць сабе прадэманстраваць гэтую кнігу публіцы. А сама магчымасць прадставіць вельмі рэдкае выданне ў нашай краіне з’явілася, дзякуючы супрацоўніцтву Пасольства Федэратыўнай Рэспублікі Германія ў Рэспубліцы Беларусь і Нацыянальнай бібліятэкі Германіі.

Каб дапоўніць вобраз Бібліі Гутэнберга, поруч з фрагментам арыгінальнага помніка на выставе дэманструецца факсімільнае выданне поўнай кнігі, выкананае ў 1913 годзе ў тым жа Лейпцыгу. Сёння яно таксама лічыцца бібліяграфічнай рэдкасцю: яно прыбыло ў Мінск з Расійскай дзяржаўнай бібліятэкі ў Маскве.

Акрамя таго, на выставе можна пабачыць іншыя арыгіналы і факсіміле першадрукаў ХV — XVII стст., прывезеныя з Латвіі, Польшчы, Славакіі і Славеніі. Але цэнтральнае месца адведзена, натуральна, арыгінальным выданням Францыска Скарыны з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, якія ўбачылі свет ў Празе і Вільні ў 1517 — 1525 гадах.

Выставачны праект “Францыск Скарына і яго эпоха” будзе працаваць у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі да канца года. Яшчэ ёсць час паглядзець, як друкаванае слова яднае розныя краіны свету.

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"