Фрагменты славы і цывілізацыі

№ 37 (1320) 16.09.2017 - 22.09.2017 г

З Кракава ў Мінск прывезлі 110 малюнкаў і акварэлей Напалеона Орды. Карэспандэнт “К” наведаў Нацыянальны мастацкім музей перад адкрыццём выставы, каб пагутарыць з яе куратарам пра тое, чаму ў Беларусі няма арыгіналаў прац мастака і ў чым іх каштоўнасць.

/i/content/pi/cult/656/14547/2 S copy.jpg

Выстава “Напалеон Орда. Ілюстраваная энцыклапедыя краіны” прымеркаваная да 110-годдзя мастака. Орда захаваў для будучыні “ліцвінскую Атлантыду”, занатаваў краявіды сыходзячай у нябыт цывілізацыі пад назвай “Літва і Карона”. Тое, што гэта творчы подзвіг, ніколі не ставілася пад сумнеў. Але ацэнка каштоўнасці мастацтва Напалеона Орды ў Беларусі моцна вагалася ў залежнасці ад палітычнай сітуацыі і ідэалагічнай кан’юктуры. У савецкі час уся дакастрычніцкая старасветчына не надта шанавалася, адпаведна — на спадчыне Орды гісторыкі культуры не засяроджваліся, каб не спрыяць настальгічным настроям у народах, карані якіх — ў Вялікім Княстве і якія час ад часу азіраліся назад. Творчасць Орды хіба што згадвалі да тэмы кшталту “Рамантызм у выяўленчым мастацтве”.

Фантастычна папулярным стаў у нас Напалеон Орда ў 1990-я. Суверэннай краіне спатрэбіліся знакі нацыянальнай тоеснасці і маркеры гістарычнага шляху. Наспела духоўная патрэба. Але быў і ёсць тут таксама прагматычны чыннік — мастаку вельмі ўдзячныя рэстаўратары, бо ён пакінуў нам дакладныя выявы архітэктурных аб’ектаў, якія альбо зніклі, альбо перабудаваныя так, што першапачатковага аблічча пад пазнейшымі напластаваннямі і не знойдзеш.

Выяўленчае мастацтва было не адзінай іпастассю Орды — ён яшчэ і літаратар, музыкант і кампазітар, педагог. Мяркуюць, што ўзяўся за маляванне не ад добрага жыцця, а маючы патрэбу ў стабільным заробку пасля таго, як дзяржава канфіскавала ягоную маёмасць за нелаяльнае стаўленне да ўлады.

Парадаксальна, але, высока ацэньваючы мастацкую творчасць Орды, мы, за выключэннем, бадай, спецыялістаў-навукоўцаў, яе фактычна не ведаем. А рэч у тым, што ўяўленне пра ягоныя стылістыку і вобразны лад мы маем праз літаграфіі, якіх мастак сам не рабіў. Пераводзілі малюнкі на літаграфскі камень, а потым друкавалі наклад спецыяльна навучаныя людзі. Да сваёй справы яны ставіліся творча: піетэту да аўтара не мелі і лічылі сябе ў праве карэктаваць і дапрацоўваць малюнак у адпаведнасці з патрэбамі тэхналогіі, густамі публікі, для якой прызначаліся літаграфіі, зрэшты — з уласнымі ўяўленнямі пра прыгажосць. На выставе ў Мінску можна пабачыць малюнкі мастака і тое, што з іх атрымалася пасля таго, як за справу ўзяўся літограф.

Свае карэктывы ўносіў і цэнзар, які кантраляваў усё, што ішло ў наклад, мог наўпрост паверх малюнка ці акварэлі пісьмова выкласці свае заўвагі. Напрыклад, перарабіць выяву так, каб не было бачна аб’екта, што належыць ваеннаму ведамству. Інакш кажучы, тыя, каму выява трапляла ў рукі для тыражавання, ставіліся да яе не як да твора мастацтва, што трэба данесці да грамады ў аўтэнтычным выглядзе, але як да звычайнага рабочага матэрыялу. Эскіза, што стане творам праз шэраг маніпуляцый, да якіх аўтар ужо не мае дачынення.

Усяго Напалеон Орда зрабіў больш за тысячу малюнкаў, на якіх занатаваў храмы, замкі, сядзібы, фальваркі, гарадскія краявіды на абшары, дзе цяпер знаходзяцца Беларусь, Літва, Польшча, Украіна. З тых малюнкаў 260 былі пераведзены ў літаграфіі. Беларускі сегмент творчай спадчыны Орды складае каля 200 малюнкаў. Няшмат з іх сталі літаграфіямі.

Паводле слоў куратара выставы Юліі Лісай, літаграфія сваёй папулярнасці сярод адукаванага грамадства ХІХ стагоддзя абавязана модай на падарожжы. Масавай яна стала ў стагоддзі XVIII-м. Альбомы літаграфій з выявамі мясцовых і замежных цікавостак добра распрадаваліся. Вечарамі іх гарталі разам з сям’ёю, як сёння глядзяць тэлевізар. А каб было што разглядаць, краявід аздабляўся мноствам дэталяў — людзі, экіпажы, расліны і архітэктурныя фрагменты. Напрыканцы ХІХ стагоддзя літаграфію пасунула фатаграфія.

Асноўная частка выяўленчай спадчыны Напалеона Орды захоўваецца у Кракаве. Нацыянальнаму музею гэтага горада збор перадалі сваякі мастака пасля яго смерці. Штосьці ёсць у Варшаве, Кіеве, Вільні. Там яно з’явілася яшчэ пры жыцці мастака. У Беларусі ніводнага арыгінальнага твора Напалеона Орды няма. Але пэўную колькасць літаграфій у дзяржаўных зборах мы маем. У аднаго з прыватных калекцыянераў, па словах спадарыні Юліі, ёсць поўны збор літаграфій Орды, і ён мае намер у перспектыве прадставіць іх на выставе.

Юлія Лісай лічыць, што для папаўнення музейных фондаў творамі, патрэбнымі для стварэння паўнавартаснай карціны беларускай культурнай і палітычнай гісторыі, навукоўцы, занятыя гэтай справай, мусяць мець больш праў і паўнамоцтваў пры прыняцці рашэнняў. У тым ліку, калі гаворка ідзе пра выдаткаванне сродкаў для закупкі таго ці іншага твора.

Сёння музейшчыкі маюць справу з прыватнымі калекцыянерамі. Вы ўяўляеце, колькі яны запросяць за тую літаграфію Орды? А за мяжою яна ў свабодным доступе каштуе 20 — 30 еўра. Прасцей яе там і набыць. Але пакуль даводзіцца звяртацца да іншых крыніц.

Выстава фрагментаў “нашай былой славы і цывілізацыі”, як называў графічныя сведчанні сам Напалеон Орда, асабіста мяне прымусіла зноў задумацца над пытаннем, чым была для Беларусі ліквідацыя Рэчы Паспалітай і далучэнне да Расійскай імперыі? Адкінулі гэтыя падзеі наш край у развіцці на некалькі стагоддзяў назад ці, нягледзячы на пэўныя страты (найбольш відавочныя якраз у сферы культуры), далучылі Літву (будучую Беларусь) да лакаматыва цывілізацыі? Чаму Багушэвіч і Каліноўскі, стоячы на грунце гістарычнай Літвы, аддавалі пры вызначэнні нашай тоеснасці перавагу палітоніму “Беларусь”, а не “Літва”? Орда ж творча засведчыў нашы страты. Гэта ягоны ўнёсак у адраджэнне.

Фота Ганны ШАРКО

/i/content/pi/cult/656/14547/DSC_0145.jpg

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"