Галгофа Алеся Карачуна

№ 36 (1319) 09.09.2017 - 14.09.2017 г

Сярэдзіна 1920-х для інтэлігенцыі БССР стала часам аптымістычных спадзеваў. Развіццё нацыянальнай культуры, навукі, асветы, адносная свабода думак і творчых хістанняў… Усё больш упэўненай станавілася палітыка беларусізацыі. Са жніўня 1927 года газета “Звязда”, у якой працаваў Алесь Карачун, цалкам перайшла на беларускую (дасюль яна была дзвюхмоўнай). Але мала хто з маладых і летуценных інтэлігентаў у першым пакаленні тады разумеў, што ўсё гэта — адно зацішша перад бурай.

 

(Працяг. Пачатак у № 35.)

Разбітае шчасце

 

У 1927 годзе Алесь пазнаёміўся ў Мінску са сціплай сімпатычнай студэнткай 2-га курса педагагічнага вучылішча Зінай Папраўкай. Пачуцці былі ўзаемнымі, і неўзабаве Зіна змяніла прозвішча на Карачун. Яна была равеснiцай і амаль зямлячкай свайго мужа — родам з вёскі Макоўчыцы Койданаўскага павета Мінскай губерні. Яе бацька Канстанцін Іванавіч лічыўся даволі заможным селянінам. У маладосці ён паспяхова гандляваў лесам, нават пабываў у дзелавой паездцы ў ЗША. Вядома, пасля рэвалюцыі ўсё змянілася. У 1929 годзе ён быў вымушаны ўступіць у калгас пад красамоўнай назвай “Бальшавіцкая сяўба”. Але, як неўзабаве выявіцца, нават гэта яго не ўратуе.

Адказны сакратар партыйнага органа Аляксандр Карачун быў адным з першых, хто адчуў, што ў Беларусі надыходзіць час кардынальных грамадскіх перамен — яшчэ ў 1929 годзе, калі відавочных сімптомаў пакуль не праглядалася. Пра гэта можна меркаваць паводле зместу яго перапіскі з блізкім сябрам, журналістам Феліксам Купцэвічам. І трывожныя прадчуванні неўзабаве спраўдзіліся.

Пачынаючы з лютага 1930 года органамі ОГПУ была арыштаваная вялікая група работнікаў асветы, дзеячаў культуры і лепшых прадстаўнікоў Акадэміі навук БССР. Ім інкрымінаваўся ўдзел у “нацыянал-дэмакратычнай контррэвалюцыйнай антысавецкай арганізацыі “Саюз вызвалення Беларусі”. Першым па справе гэтай арганізацыі пайшоў калега Карачуна — супрацоўнік газеты ”Звязда” Павел Жаўрыд. На пачатку яго саслалі на тры гады ў Комі АССР, а ў 1937-м зноў арыштавалі і скіравалі ў ГУЛАГ, дзе ён праз два гады памёр. Алесь Карачун вельмі перажываў арышт свайго таварыша па рэдакцыі і, хутчэй за ўсё, ужо тады прадчуваў і свой незайздросны лёс. Ды і як тут не адчуеш чорную навальнічную хмару, калі 22 лістапада таго ж 1930 года першы паэт Беларусі Янка Купала спрабаваў скончыць жыццё самагубствам, а пасля лячэння быў вымушаны апублікаваць у ”Звяздзе” пакаянны ліст — услед за падобным лістом Якуба Коласа.

Гэтыя падзеі сталі ”першымі ластаўкамі” будучага татальнага тэрору. Ва ўсім Савецкім Саюзе, і ў БССР у прыватнасці, паступова стваралася абстаноўка ўсеагульнай падазронасці, “доносительства”, нястомных пошукаў міфічных “вредителей-контриков”, ”ворагаў народа”, дыверсантаў і шпіёнаў усіх масцей. У беларускім друку ўзмацнялася жорсткая кампанія шальмавання так званых ”нацыянал-дэмакратаў”.

У адзін не вельмі цудоўны дзень Карачуна нечакана выклікалі на парткамісію ЦК КП(б)Б і без прамаруджвання ўляпілі вымову за ”ўтойванне” таго факту, што яго бацька Васіль, аказваецца, валодаў ажно дзвюма каровамі, двума коньмі і 15 дзесяцінамі зямлі — на 11 душ сваёй сям’і! Зрэшты, здзіўляцца не выпадае: паколькі агульнай расшыфроўкі тэрміна “кулак” не існавала, у кожнай мясцовасці крытэрыі былі свае. Прыкладам, у родным для Карачуноў Уздзенскім раёне кулацкай лічылася гаспадарка, якая мела больш за шэсць дзесяцін зямлі (дзесяціна — 1,09 га).

На камісіі Карачуну таксама паставілі ў віну і тое, што камуніст і палітрук эвакуацыйнага атрада РККА не знайшоў час паўплываць на трох сваіх старэйшых братоў, былых чырвонаармейцаў, удзельнікаў грамадзянскай вайны, якія пражывалі разам з бацькам і, так бы мовіць, апынуліся ў палоне ”кулацкай ідэалогіі”.

Васіля Сямёнавіча Карачуна арыштавалі 23 лістапада 1929 года і па рашэнні Калегіі ОГПУ праз тры тыдні выслалі на тры гады на Алтай. Крыху пазней туды ж былі высланы і ўсе члены яго сям’і. Ніхто з іх у родную вёску Кухцічы так і не вярнуўся, а поўная рэабілітацыя адбылася толькі 22 лістапада 1991 года паводле пастановы Пракуратуры Мінскай вобласці. Дарэчы, падобны лёс праз тры гады спасцігне і бацьку Зінаіды. Яго арыштавалі 16 кастрычніка 1932 па нечым даносе і прысудзілі да трох гадоў папраўча-працоўных лагераў — за ”антысавецкую дзейнасць”, пра характар якой ён нават не меў уяўлення (рэабілітаваны 28 мая 1960 года прэзідыумам Мінскага абласнога суда).

А неўзабаве сям’ю Карачуноў скаланула новая трагедыя: у пачатку 1931-га памёр двухгадовы першынец Сева. Суцяшэнне прыйшло менш чым праз год, калі ў Мінску на свет з’явіўся Юрась — будучы дырэктар Мастацкага музея. Але доўгачаканая радасць хутка патанула ў агульнай атмасферы трывогі. Подых навальніцы цяпер ужо адчуваўся ў паветры вельмі выразна. Радасны энтузіязм будаўнікоў маладой савецкай краіны паступова змяняўся дыктатурай, рэпрэсіямі, страхам, сістэмай кругавой парукі і даносаў.

/i/content/pi/cult/655/14546/43.jpg

”Добразычліўцы” спрацавалі ладна

У студзені 1933 года ў Мінску з дапамогай “добразычліўцаў” (будучых сексотаў) і прадажных сервілістаў была “раскрытая” міфічная антыпартыйная групоўка ў рэдакцыі газеты “Звязда”. 29 сакавіка з’явілася пастанова Бюро ЦК КП(б)Б, у якой адзначалася, што на працягу пэўнага часу асобныя работнікі рэдакцыі выказвалі незадаволенасць матэрыяльным забеспячэннем, вялі “рознага кшталту абывацельскія размовы”. На думку даносчыкаў, гэтая дзейнасць заключалася ў “антыпартыйных выступах супраць работнікаў, якіх дасылаў ЦК ВКП(б)”, “...што з’яўляецца нічым іншым, як праявай нацыянал-дэмакратызму і прыкрыццём свайго перараджэння фальшыва-нацыянальным сцягам”, у антыпартыйных развагах і выступленнях супраць калектывізацыі, у імкненні выкарыстоўваць газету “Звязда” для прасоўвання антыпартыйных і антысавецкіх поглядаў.

Падставай для падобных абвінавачванняў былі падслуханыя даносчыкамі размовы паміж супрацоўнікамі аб тым, што “ў Германіі беспрацоўныя людзі лепш жывуць, чым адказныя работнікі рэдакцыі “Звязда”, што калектывізацыя — “гэта пудзіла для сялян іншых краін” і г.д. Змест гутарак асведамляльнікі даводзілі спачатку да сакратара партыйнай ячэйкі, а затым і да ГПУ — НКВД, якое прымала меры пакарання — арышт, ссылка альбо турэмнае зняволенне. Але гэтым мерам папярэднічалі партыйная прапрацоўка, строгая вымова, а потым — выключэнне з партыі і вызваленне ад пасады.

Вось у такія ціскі і патрапілі “звяздоўцы” — галоўны рэдактар Рыгор Брагінскі, які змяніў звольненага Міхаіла Горына, загадчыкі сельскагаспадарчым сектарам Валноў і культурным сектарам Мяжэвіч. Не абмінуў гэты лёс і адказнага сакратара — Аляксандра Карачуна. А далей іх чакала, вядома, пакаранне па меры значнасці “сацыяльнай небяспекі”...

Абсурд? Так. Але для той адміністрацыйнай машыны, створанай у тыя гады, для расправы з незадаволенымі было цалкам дастаткова і такіх павярхоўных абвінавачванняў — па сутнасці, у антысавецкай дзейнасці. Наогул з кіраўніцтвам партыйнай газеце “Звязда” проста не шанцавала. Мяркуйце самі: з кастрычніка 1925-га па май 1934 года на пасадзе галоўнага рэдактара змянілася аж восем чалавек!

Ахвяры міфаў

А летам 1933 года нястомныя следчыя ГПУ БССР пачалі раскручваць новую маштабную справу — “змову” міфічнай арганізацыі “Беларуская народная грамада”. У яе склад энкавэдзісты ўключылі 68 чалавек — беларускіх літаратараў (у тым ліку Уладзіміра Жылку, Лукаша Калюгу, Змітрака Астапенку, Максіма Лужаніна, Юлія Таўбіна), а таксама выкладчыкаў ВНУ і студэнтаў. Яны нібыта ўваходзілі ў 13 падпольных ячэек, якія існавалі на тэрыторыі БССР, а таксама ў Маскве, Ленінградзе і Смаленску.

Было заяўлена, што галоўнай мэтай БНГ з’яўляецца “аддзяленне БССР ад Савецкага Саюза” і ўсталяванне “буржуазна-дэмакратычнай Беларускай Народнай Рэспублікі” з наступнай ліквідацыяй сацыялістычных форм у сельскай гаспадарцы і прамысловасці, стварэнне хутарской сістэмы землекарыстання, адраджэнне прыватнай уласнасці на зямлю і сродкі вытворчасці. Паводле следства, “контррэвалюцыйная дзейнасць” чальцоў Беларускай Народнай Грамады выяўлялася ў выглядзе нязгоды з узмацненнем у БССР таталітарнага рэжыму, у выказваннях пра “русіфікатарскую і каланізатарскую палітыку Масквы, у ідэалізацыі самабытнасці Беларусі”, у прасоўванні ў друк “нацдэмаўскіх тэрмінаў”, у апазіцыі палітыцы калектывізацыі…

У склад цэнтральнага бюро БНГ следства, сярод іншых, уключыла і Алеся Карачуна. Такім чынам, рэпрэсіўная вуда была закінутая, заставалася толькі рыбку нанізаць на кручок. Што неўзабаве і было зроблена — зладжана, хутка, прафесійна.

Вінаватымі прызналі сябе 20 чалавек з 68 абвінавачаных. Іх паказанні, а таксама паказанні яшчэ трох членаў арганізацыі, якія праходзілі па справе ў якасці “сведак” — інфарматараў ГПУ, ляглі ў аснову для вынясення рашэння. Асаблівая Нарада пры калегіі ГПУ БССР сваім прысудам упаяла “кіраўнікам арганізацыі” па 5 гадоў папраўча-працоўных лагераў, “членам” — па 2-3 гады і адправіла на перавыхаванне “ў месцы, не гэтак аддаленыя”: каго на Поўнач, каго на Урал, каго ў Казахстан. Большасць з іх у гады Вялікага тэрору былі зноў арыштаваныя і расстраляныя. Пашанцавала толькі Максіму Лужаніну: ён прабыў у ссылцы ў Марыінску (у 180 кіламетрах ад Кемерава) два гады, потым быў вызвалены і з’ехаў у Маскву, дзе да пачатку вайны працаваў рэдактарам Галоўнай рэдакцыі літаратуры па машынабудаванні. У 1950-х і 1980-х гадах усе рэпрэсаваныя былі рэабілітаваныя.

Пакуль шанцавала і Карачуну. Яшчэ ў жніўні 1932 года пастановай сакратарыята ЦК КП(б)Б ён быў зняты з працы ў ”Звяздзе”, але неўзабаве яму ўдалося ўладкавацца настаўнікам 1-й Слуцкай школы калгаснай моладзі, у якой ён прапрацаваў некалькі месяцаў. Аднак 7 красавіка 1933 года як “член ліквідаванай контррэвалюцыйнай арганізацыі” ён быў арыштаваны чэкістамі і дастаўлены ў камеру пры камендатуры Паўнамоцнага прадстаўніцтва ОГПУ БССР. Літаральна праз тры дні фармулёўка абвінаваўчага заключэння ўжо ляжала на стале ў следчага. У пачатку 1930-х такія абвінавачванні “пякліся”, як бліны, але да расстрэлаў справы такога роду ў той час пакуль даходзілі рэдка. Патрэбна была сур’ёзная падстава агульнадзяржаўнага маштабу.

Карачуну ставілася ў віну наступнае: “адпрэчванне БССР ад Савецкага Саюза шляхам збройнага чыну пры дапамозе інтэрвенцыі і ўсталяванне Беларускай Народнай Рэспублікі; стварэнне адзінай беларускай дзяржавы ў этнаграфічных межах, якая ўваходзіць у федэрацыю Літва — Латвія — Беларусь ці Літва — Беларусь — Украіна; поўная ліквідацыя сацыялістычных форм і рэстаўрацыя капіталізму, аднаўленне прыватнай уласнасці на зямлю, усталяванне хутарской сістэмы землекарыстання; аднаўленне прыватнай уласнасці на сродкі вытворчасці ў галіне прамысловасці і развіццё прамысловасці па лініі лёгкай індустрыі; раўнапраўе народаў усіх нацыянальнасцяў без залежнасці ад класавых адрозненняў”.

Як бачым, абвінавачванні вельмі сур’ёзныя, і падпадалі яны адразу пад чатыры артыкулы Крымінальнага кодэкса БССР. Па ўсіх параметрах такому чалавеку пагражала смяротнае пакаранне — ці, у самым лепшым выпадку, “пры змякчальных абставінах” пазбаўленне волі на тэрмін не ніжэй за тры гады з канфіскацыяй усёй або часткі маёмасці. Карачуну пашанцавала: абвінавачванні не знайшлі хоць якога сур’ёзнага пацверджання.

Працяг — у наступных нумарах "К".

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"