Ад “сталяркі” да нейрабіялогіі

№ 36 (1319) 09.09.2017 - 14.09.2017 г

Песні, кліпы, фестываль у выкананні Мацвея Сабурава
Сярод тых, хто задумаў і правёў першы фестываль Sprava (аб ім “Культура” неаднаразова пісала, апошні раз у №33 ад 19 жніўня), быў і Мацвей САБУРАЎ — фігура паважаная ў асяроддзі айчынных як меламанаў, так і тэатралаў. Да свайго прыходу ў фестывальны рух ён паспеў як след “натаптаць” і ў музыцы, і ў валадарстве Мельпамены. Зрэшты, і там, і там герой гэтага інтэрв’ю працягвае пакідаць творчыя сляды. Разгледзім жа іх падрабязней.

/i/content/pi/cult/655/14544/38.jpgЯк зжыць у сабе эгаізм

— Такім чынам, быў некалі гурт “Плато”. Акустычны склад, што выкарыстоўваў усялякія дзіўныя інструменты. Рускамоўная каманда, якой спрыяла беларускамоўная рок-эліта. Бэнд карыстаўся попытам у клубах і на фестывалях, выступаў за мяжой. Вячаслаў Бутусаў абраў яго ў якасці калектыву-акампаніятара для свайго спектакля “Авалы”, прэм’ера якога адбылася ў нашай сталіцы. Дзмітрый Дзіброў запрасіў ансамбль у культавую праграму “Антрапалогія”. Прадзюсарам гурта стаў Уладзімір Шаблінскі — і па сёння знакавая асоба ў айчынным шоу-бізнесе, калектыў абзавёўся маскоўскім менеджарам… І тут — “опа!”, канцэртнае жыццё “Плато” паступова сыходзіць на не. Цяпер ансамбль (у моцна зменлівым выглядзе) удзельнічае толькі ў пастаноўках пластычнага тэатра “ІнЖэст”. Усё так?

— “Плато” ніколі не ўяўляў з сябе выключна музычны гурт у агульнапрынятым разуменні слова — гэта была культурная супольнасць жыццёва блізкіх людзей, якія слухалі адну і тую ж замежную world music, чыталі адны і тыя ж кнігі, жылі аднымі і тымі ж інтарэсамі. Кранальныя і інтэлігентныя юнакі і дзяўчаты, што размаўлялі са светам на “вы”. І з намі таксама ўсе былі на “вы”. Трэба нам было дванаццаць мікрафонаў на сцэне — арганізатар канцэрта і гукарэжысёр хапаліся за сэрца: у іх толькі чатыры. Але дзесьці яшчэ восем адшуквалі — хаця іншых музыкантаў паслалі б куды далей. Вось такім жыццём мы і жылі.

І тут грымнула XXI стагоддзе з яго спакусамі. Раптам амаль сінхронна ва ўсіх з’явілася магчымасць з’ехаць за мяжу, дзе мы і так шмат каталіся. З’ехаць і атрымліваць там не сто-дзвесце еўра ў месяц, а чатыры тысячы. І музыканты сталі раз’язджацца. Я трапіў месяцы на тры ў дэпрэсію, выйшаўшы з якой запісаў і сыграў альбом з запрошанымі інструменталістамі, а потым з музыкай завязаў. Застаўся толькі “ІнЖэст”. Я за многае ўдзячны таму гурту “Плато”, але найперш за тое, што за гады яго існавання значна зменшыў у сабе працэнт эгаізму, які ўласцівы любому лідару — або, у маім выпадку, франтмэну калектыву.

— Дарэчы, я калісьці па-чорнаму табе зайздросціў...

— Во як! І з чаго б?

/i/content/pi/cult/655/14544/39.jpg— Таму што твая першая жонка (і вакалістка “Плато”) Настасся — фантастычна прыгожая жанчына! І чаму вы разышліся?

— Яна яшчэ разумная, добрая, іранічная і з па-ранейшаму па-дзіцячы наіўнымі вачыма. Чаму разышліся? Магчыма, занадта рана ў нас усё пачалося, гадоў па васямнаццаць нам было. А калі гісторыя гурта “Плато” стала рухацца да фіналу, выявілася, што, па вялікім рахунку, яна нас і трымала разам. Бо вельмі рознымі мы апынуліся ў пэўных рэчах, важных для захавання сям’і. (Я наогул дагэтуль скептык адносна шлюбу і сямейных каштоўнасцяў.) Балюча, вядома, было. Але, дарэчы, сёння мы з Настай — лепшыя сябры, я ёй нават пабудаваў летнi домік у вёсцы Белая Царква.

— Высокія адносіны!

— Вышэй не бывае! Мы ў гэтую вёску з маёй другой жонкай (вось такі я скептык!), тэатральным рэжысёрам Кацяй Аверкавай, не так даўно перабраліся. І Наста, якая гадоў восем жыла ў Германіі, потым вярнулася ў Мінск, а два гады таму зноў вярнулася ў Германію, перыядычна наязджае ў Белую Царкву са сваім другім мужам, немцам.

— А я ўжо спадзяваўся... Яна кінула музыку?

— Спявае толькі тады, калі мы збіраемся кампаніяй. У Беларусі яна працавала дырэктарам фонду, які дапамагаў хворым дзецям. А цяпер з мужам у рамках міжнароднай праграмы дзесьці ў Мазырскім раёне вядзе падобны сацыяльны праект.

/i/content/pi/cult/655/14544/40.jpg— Я здзівіўся, даведаўшыся, што пасля распаду “Плато” ты падаўся ў кліпмэйкеры...

— Яшчэ паралельна з граннем у гурце я займаўся відэа, прычым дасягнуў такога ўзроўню, што нават уладкаваўся на працу на “Першы музычны канал”. А крыху пазней уліўся ў адзін праект — аніматарам і камп’ютаршчыкам. І пайшло-паехала — кліпам я з зачараваннем аддаў з дзясятак гадоў уласнага жыцця. Я ж не вучыўся ні ў якіх інстытутах гэтаму мастацтву — проста на маім шляху сустрэліся людзі, якія мяне ў ім падцягвалі, дзяліліся сакрэтамі майстэрства. І з часам услед за кліпамі прыйшлі здымкі на плёнку і лічбу розных дакументальных фільмаў, музычных тэлеперадач. Спыніўся літаральна за крок ад вялікага кіно.

— А чаму спыніўся?

— Я перформансны рэжысёр, “поўным метрам” мысліць не ўмею, мой метад — гэта цырк, “Монці Пайтон”, “Н.А.М.”. І яшчэ я баец камандны, а “кіношны” рэжысёр... Так, ён проста вырачаны быць эгаістам! Ён год можа думаць над раскадроўкай — ад чаго б я проста з’ехаў з глузду.

— Што скажаш пра беларускае кліпмэйкерства?

— Яно памірае, як і ўсюды. Навошта нейкаму сярэднестатыстычнаму артысту наймаць рэжысёра, калі выканаўца сёння сам можа зняць сабе “як-бы-відэа”? Усе тэхнічныя сродкі для гэтага ёсць, знойдзецца і куды яго закінуць. З мазгамі, праўда, не ва ўсіх у парадку, таму ў інтэрнэце столькі вiдэадзындры. Ды і навошта нашым артыстам здымаць кліп — канцэптуальны, са сцэнарыем, з касцюмамі, калі яго асабліва няма дзе паказваць? У краіне толькі адзін часткова родны музычны тэлеканал. І што, ён здолее сваімі рэдкімі ратацыямі дапамагчы ў прасоўванні прадукту — канцэрту, плыткі?

— А хіба кліпы ў гэтым не дапамагаюць?

— Дапамагаюць, але не ў нас. Наогул, думаю, у свеце застануцца толькі тыя кліпы, якія з’яўляюцца творамі мастацтва самі па сабе, а таксама высокабюджэтныя ролікі супер-пупер-музыкантаў, чые прадзюсары і лэйблы мяркуюць такім чынам паспрыяць продажы рэлізаў і квіткоў на выступы. І правільна мяркуюць — прымяняльна да тамтэйшай індустрыі забаў. А цяпер усё тое, што я сказаў, паспрабуй спраектаваць на наш “шоу-бізнес”... Таму Віталь Артыст і здымае сабе кліпы сам, з квадракоптара. А Макс Корж — на вуліцах Мінска або падчас паездак у экзатычныя краіны. Такі “Клуб падарожнікаў” для бедных — і ў плане затрачаных сродкаў, і ў сэнсе ідэй. Бюджэтна, але быццам бы і кліп.

— Сам іх перастаў здымаць?

— Вельмі рэдка здымаю, і толькі тым, чыю творчасць люблю. Як Лявону Вольскаму, напрыклад. Нашаму супрацоўніцтву гадоў дзесяць, напэўна. Апрача кліпаў, гэта і візуалізацыя яго канцэртаў. Наогул вiджэiнг — адно з самых свежых маіх захапленняў, я і гурту “J:морс” дапамагаў, калі гэтая каманда выступала з Прэзідэнцкім аркестрам Рэспублікі Беларусь.

Нейра, але не дзюбель

— Пра тваё ўліванне ў фестывальны рух “Культура” падрабязна пісала. Таму я пра іншыя захапленнi запытаю: нейрабіялогію і сталярнае рамяство...

— Усё ты ведаеш! Мне цікава тое, як працуе мозг чалавека, як можна на яго ўздзейнічаць. Разуменне гэтых працэсаў, як мне здаецца, дазволіць лепш разбірацца ў самім сябе, у сваіх памкненнях, учынках, асабістых праблемах. І вось, цяпер я думаю аб выкарыстанні нейрабіялогіi ў музыцы. А “сталярка”... Я сам будую ў вёсцы свае тэрасы — ды шмат чаго будую! Праца гэблем — яна ж як музыка: шырк — і габлюшка заспявала! А пах які ад яе, а на навобмацак яна якая... Габлюеш і рэлаксуеш.

— “Выкарыстанне нейрабіялогіi ў музыцы”… Гэта значыць, канчаткова крыж на ёй не пастаўлены?

— Планаў па адраджэнні “Плато” ў ранейшым выглядзе няма, але з Кацяй мы паволі “калупаем” будучую пастаноўку: у мяне ёсць напрацоўкі тэатральнай музыкі, заснаванай на камп’ютарах, электронных дэвайсах, сэнсарах, сэмпліраваннi, на спалучэнні “мёртвага” і “жывога” — майго мінулага акустычнага досведу. А зімой, не выключана, з жонкай і перкусіяністам гурта Port Mone Сяргеем Краўчанкам дамо некалькі канцэртаў, якія распачнуць жыццё новага музычнага праекта!

— Адпаведна, вырашыўшы зрабіць з табой інтэрв’ю для гэтай рубрыкі, я памыліўся: ніякі ты не “нязбіты лётчык”! Што ж, прабач.

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"