Тут рыхтуюць асоб з характарам

№ 36 (1319) 09.09.2017 - 14.09.2017 г

Мінскаму дзяржаўнаму мастацкаму каледжу імя А.К. Глебава сёлета спаўняецца 70 год. “Глебаўка” — alma mater многіх мастакоў, чыя творчасць стала неад’емнай часткай культурнай гісторыі краіны. Да некаторых з іх “К” напярэдадні юбілею звярнулася з пытаннем, чым з’яўляецца Мінская мастацкая вучэльня (з 2011 года — каледж) у іх творчым лёсе; чым “Глебаўка” ўнікальная; ці ёсць нешта, што можа даць вучню толькі яна?

/i/content/pi/cult/655/14537/17.jpgГеоргій ПАПЛАЎСКІ, графік і жывапісец, народны мастак Беларусі. Вучыўся у “Глебаўцы” ў 1951—1955 гадах:

— “Глебаўка” нашаму пакаленню не толькі дала пачатковую мастацкую адукацыю, але і расплюшчыла вочы на свет і адкрыла дзверы ў творчасць. Інстытут — гэта ўжо іншая справа. Ды і не было тады ў Беларусі вышэйшых навучальных устаноў па мастацтве. Інстытут — гэта працяг, а пачатак — вучэльня, “Глебаўка”. Зразумела, мы яе так не называлі. Імя Аляксея Глебава вучэльня атрымала ў 1969 годзе. Я мяркую, і настаўнікаў такіх, як тыя, што былі ў нас, першых навучэнцаў Мінскай мастацкай вучэльні, цяпер няма. Яны нам не выкладчыкамі былі, а бацькамі роднымі. Іх стаўленне да нас было сардэчным і пяшчотным. Лейтман, Сухаверхаў, Мазалёў нас не тое што вучылі, а нібыта спавівалі, як немаўлят.

Вучэльня не мела свайго будынка, тулялася па розных памяшканнях, зусім не прыстасаваных для навучання, тым больш навучання мастацтву. Было няўтульна і холадна. Дык вось, Леў Маркавіч Лейтман прыходзіў у майстэрню за гадзіну да пачатку заняткаў, прыносіў рукзак дроў і распальваў печку. Каб да нашага прыходу пакой сагрэўся, і мы не мерзлі.

Я — з першых выпускаў вучэльні. Паступала нас, памятаю, 300 чалавек, навучэнцамі сталі 60, якіх і размеркавалі па чатырох групах. У першую трапілі тыя, хто ўжо меў сякую-такую мастацкую падрыхтоўку, хто паспеў да вайны скончыць адзін-два курсы Віцебскай вучэльні. У другую — тыя, каму давялося наведваць мастацкую студыю Дома піянераў. Я быў у чацвёртай групе. У ёй сабралі самых малодшых па ўзросце. Але і тых, каму было 16 год, як мне, і каму было 25—28 год, вучылі аднолькава. А былі ж сярод першых навучэнцаў і хлопцы, што прайшлі вайну, — інваліды, хто без рукі, хто з іншымі стратамі. З баявымі ўзнагародамі. Быў, прыгадваю, навучэнец, што меў ордэн Суворава. А гэта ж камандзірскі ордэн!

Але і падлеткі, і хлопцы, што ўжо былі жанатыя і досвед ваенны мелі, сталі адной сям’ёю. І гэта таксама заслуга нашых настаўнікаў. Яны ж не толькі мастацтву — жыццю вучылі. Гэта ад іх я даведаўся, што, каб быць мастаком, трэба не толькі маляваць умець, але яшчэ і кнігі чытаць.

З першых выпускнікоў вучэльні людзей засталося няшмат: я з жонкай, Шчамялёў, Назаранка… Сённяшняя моладзь іншая. Мне не вельмі падабаецца тое, што цяпер адбываецца ў нашым мастацтве. Я не хаджу на маладзёжныя выставы, каб не засмучацца. Маладыя мастакі ўжо і работы свае падпісваюць на лацінцы, і назвы даюць ім мудрагелістыя… А твор, калі гэта твор, мусіць быць зразумелым і без назвы. Зноў скажу: “Глебаўка” адкрыла мне дзверы ў творчасць і вочы на свет. Але свет з тае пары непазнавальна змяніўся…

/i/content/pi/cult/655/14537/18.jpgМіхаіл БАСАЛЫГА, графік. Вучыўся у “Глебаўцы” ў 1959—1963 гадах; дырэктар вучэльні ў 1993—2016 гадах:

— Мастацкая вучэльня, калі ў ёй правільна пастаўлены працэс, дае веды і навыкі дастатковыя, каб вучань мог сцвердзіцца ў прафесійным і творчым сэнсе. Гэта датычыць і канкрэтна Мінскай мастацкай вучэльні. Да прыкладу, яе скончылі Ісаёнак, Рагалевіч, Скрыпнічэнка, якія потым нідзе не вучыліся, а мастакамі, прычым — годнымі, тым не менш сталі. Як на мой погляд, навучанне мастака можна паставіць такім чынам, каб пасля вучэльні ён яшчэ які год ці два ўдасканальваўся ў сваёй спецыялізацыі. Так можна дасягнуць прафесійнага ўзроўню, блізкага да таго, які дае вышэйшая навучальная ўстанова. Я разумею, што гэта спрэчная тэза, і шмат хто са мною не пагодзіцца. Але я да такой высновы прыйшоў праз пэўны жыццёвы і творчы досвед. А, зрэшты, мастак вучыцца ўсё жыццё…

Вучэльня дае культурны ўзровень і інтэлект. І якраз у тым узросце, калі вучыцца лёгка, калі ў свядомасці маладога чалавека закладваюцца асновы светапогляду. З гадамі ўсё цяжэй успрымаць новае, з досведам творчую фантазію могуць падмяняць усталяваныя стэрэатыпы. Тое, што засвоіў у юнацтве, застаецца на ўсё жыццё. Далёка не ўсе выхаванцы “Глебаўкі” сталі мастакамі. Кагосьці жыццё ўвяло далёка ад творчай сферы. Але я не ведаю ніводнага чалавека, які сказаў бы, што навучанне ў “Глебаўцы” было для яго змарнаваным часам. Звычка сумленна працаваць, а ў мастацтве інакш і немагчыма, творча падыходзіць да справы дапамагае выхаванцам “Глебаўкі” быць паспяховымі ў любой дзейнасці, якой бы яны ні займаліся.

Тое, што сёння “Глебаўка” называецца каледжам, я лічу няправільным. Мінская мастацкая вучэльня — гэта нацыянальны брэнд. У самой назве ўвасоблена наша культурная гісторыя. Яна ў сваім родзе адзіная, унікальная. І гэта варта было захаваць.

/i/content/pi/cult/655/14537/19.jpgУсевалад СВЕНТАХОЎСКІ, графік і дызайнер, выкладчык Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Вучыўся у “Глебаўцы” ў 1982—1986 гадах:

— Я вучыўся на афармляльніцкім аддзяленні “Глебаўкі”. На час заканчэння вучэльні я лічыў, што атрыманых там ведаў мне хопіць, каб сцвердзіцца як прафесіяналу. Але здарылася так, што літаральна адразу пасля абароны дыплома я не на працу пайшоў, але ў войска трапіў. Мастак — ён і ў войску мастак. Нават тыя мае аднакурснікі, што апынуліся ў гарачых кропках, якія ўжо ўзнікалі на карце СССР, служылі па сваёй прафесіі. А пасля службы, гэта быў канец 80-х, я сутыкнуўся з тым, што афармляльніцтва, якому я быў навучаны, болей не запатрабаванае. У больш выгодным становішчы аказаліся тыя, хто вучыўся на педагагічным аддзяленні вучэльні, бо ў іх было добра пастаўлена выкладанне жывапісу. А на добры жывапіс попыт ёсць заўжды. Вучылі будучых настаўнікаў малявання і чарчэння выдатныя майстры Малішэўскі, Лапчынскі, Луцэвіч. Выкладчыкі на нашым аддзяленні былі не горшыя, але сама прафесія афармляльніка, як яе разумелі ў савецкі час, губляла актуальнасць. Да таго ж ужо пачаўся распаўсюд новых тэхналогій — лічбавых. І гэта моцна адбілася на шрыфтавым мастацтве, якое мяне заўжды вабіла. Так што, каб удасканальвацца, трэба было вучыцца далей. Ісці ў інстытут.

Мой бацька лічыў, і ў гэтым я з ім цяпер згодны, што, каб стаць мастаком, трэба прайсці ўвесь навучальны ланцуг, усе прыступкі: мастацкая школа ці студыя — вучэльня — інстытут ці акадэмія. У маёй біяграфіі мастацкай школы не было. Але да вучэльні я год практыкаваўся ў маляванні, наведваючы раз на тыдзень так званы міжшкольны вытворчы камбінат. Там старшакласнікі вывучалі асновы прафесій, якія маглі стацца прыдатнымі ў жыцці. Хтосьці вывучаў аўтамабілі, хтосьці — як адзенне шыць. А вось я хадзіў на маляванне.

Вучэльню я сёння згадваю месцам, дзе панаваў дух паразумення і творчасці. Гэта як клуб, форум, куды прыходзяць са сваёй праблемай (штосьці ж штурхае чалавека ў такую рызыкоўную сферу, як мастацтва!), а застаюцца дзеля інтарэсу. Час вучобы ў “Глебаўцы” я згадваю з удзячнасцю.

/i/content/pi/cult/655/14537/20.jpgКанстанцін КАСЦЮЧЭНКА, скульптар, выкладчык Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Вучыўся у “Глебаўцы” ў 1996—2000 гадах:

— “Глебаўка” дае чалавеку, які вырашыў зрабіць мастацтва сваёй прафесіяй, добры стартавы запал, якога можа хапіць на палову жыцця. У мастацкую вучэльню прыходзяць пасля звычайнай школы. Прынамсі, так было, калі вучыўся я. Мала хто з абітурыентаў мае досвед мастацкай школы ці студыі. Прыходзяць людзі з рознымі характарамі, розным бачаннем жыццёвай мэты, розным узроўнем падрыхтоўкі — і ўтвараюць творчы асяродак, патрапіўшы ў які падлетак атрымлівае ў добрым сэнсе шок. Уся сістэма навучання ў “Глебаўцы” спрыяе таму, што вучань пачынае бачыць у сабе мастака, раскрываць ў сабе творцу.

Тэхнічны бок мастацкіх прафесій здатны засвоіць — раней ці пазней — бадай кожны. Іншая справа — настроенасць на творчасць. Ведаеце, можа, дзе навучанне і мае мэтай зрабіць чалавека дысцыплінаваным, паслухмяным выканаўцам, а ў “Глебаўцы” выкладчыкі рыхтуюць людзей з характарам, моцных асоб. Людзей для творчай працы. Менавіта там я атрымаў запал на творчасць.

Занатаваў Пётра ВАСІЛЕЎСКІ, які вучыўся ў “Глебаўцы” ў 1969—1973 гг.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"