Доўгачаканая сустрэча землякоў

№ 36 (1319) 09.09.2017 - 14.09.2017 г

З 7 па 11 верасня ў Мінску праходзіць ІІІ Фестываль мастацтваў беларусаў свету, які сабраў на Радзіме болей за 200 нашых суайчыннікаў з блізкіх і далёкіх краін. На прэс-канферэнцыі, прысвечанай гэтай падзеі, многія з іх прызнаваліся, што не маглі стрымаць эмоцый, пераехаўшы мяжу Беларусі.

/i/content/pi/cult/655/14529/3.jpgПаколькі свята з кожным годам павялічвае колькасць сваіх удзельнікаў, арганізатары вырашылі адзначыць гэта своеасаблівым памятным знакам “Беларусам замежжа”, які быў урачыста адкрыты ўчора на ўзбярэжнай Свіслачы ля Траецкага прадмесця ў Мінску з удзелам міністра культуры Рэспублікі Беларусь Барыса Святлова і міністра замежных спраў Рэспублікі Беларусь Уладзіміра Макея.

Сёлета фестывалю, можна сказаць, пашанцавала: год выдаўся багатым на маштабныя юбілеі. Таму, як адзначыла начальнік упраўлення культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры Беларусі Наталля Задзяркоўская, уся праграма мерапрыемстваў на 7—11 верасня была створана менавіта з улікам значных для нашай краіны дат.

Арганізатараў прыемна радуе той факт, што з кожным разам расце колькасць краін, адкуль прыязджаюць удзельнікі фестывалю. У 2011 годзе такіх краін было 11, а сёлета Беларусь наведаюць суайчыннікі з 19 краін. Па словах Наталлі Задзяркоўскай, штогод Міністэрства культуры дапамагае беларускім творчым калектывам з набыццём усяго, што патрэбна для іх творчай дзейнасці. Так, за два гады ў беларускія дыяспары было перададзена каля 200 камплектаў сцэнічных касцюмаў.

У выхадныя фестывальныя імпрэзы арганічна ўліюцца ў праграму Дня горада: 9 верасня каля Мінскай гарадской ратушы ў 12.00 распачнецца канцэрт “Беларусы замежжа віншуюць сталіцу”. А ў нядзелю творчыя калектывы адправяцца ў тур па рэгіёнах з праграмай “Ты ў сэрцы маім, Беларусь”. У Брэсцкай вобласці яны завітаюць у Іванаўскі, Драгічынскі і Лунінецкі раёны; у Віцебскай — у Лепельскі і Докшыцкі; у Гомельскай — наведаюць Тураў, у Гродзенскай — Навагрудскі раён і аграгарадок Кашалёва; у Магілёўскай вобласці калектывы заедуць у Асіповіцкі раён і горад Бабруйск.

Дырэктар Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур Вольга Антоненка адзначыла: “Нават чытаючы заяўкі на ўдзел ды іншыя паведамленні ад беларусаў замежжа, адчуваеш іх адносіны да радзімы. Землякам з розных краін вельмі важна сустракацца падчас такіх фестываляў, гэта яшчэ болей умацоўвае іх беларускасць”.

Аўтар: Ганна ШАРКО
карэспандэнт рэдакцыі газеты "Культура"