“Жалезная лэдзі” асветы

№ 33 (1316) 19.08.2017 - 25.08.2017 г

Камісар, які аднаўляў тэатры і дбаў пра абутак для класіка
22 жніўня спаўняецца 115 гадоў з дня нараджэння наркама асветы БССР, начальніка Упраўлення па справах мастацтваў пры СНК БССР Еўдакіі Уралавай. Гэтую постаць цяперашнія гісторыкі ацэньваюць супярэчліва — што наогул характэрна для вызначэння імі дзяржаўных дзеячаў таго часу. Але на яе карысць можна прывесці моцныя аргументы. Менавіта пры Уралавай пісьменнасць сярод беларусаў упершыню ў гісторыі дасягнула 85%. І менавіта яна ў цяжкія ваенныя гады здолела зберагчы патэнцыял нашай адукацыі, навукі і культуры.

/i/content/pi/cult/654/14527/28.jpgЗ настаўніц — у пракуроры

Яе жыццёвы шлях пачаўся 22 жніўня 1902 года ў вёсцы Сакаляны Клімавіцкага павета Магілёўскай губерні (па іншых звестках, у вёсцы Сакалянкі, якая цяпер уваходзіць у Шумяцкі раён Смаленскай вобласці). Бацька загінуў падчас Руска-японскай вайны 1904 — 1905 гадоў. Застаўшыся без кармільца, сям’я жыла ў беднасці. Маленькая Дуся вучылася спачатку ў царкоўна-прыходскай школе ў роднай вёсцы, а затым у двухкласнай “народнай” школе ў суседнім Студзянцы. А ўжо неўзабаве ёй і самой давялося стаць настаўніцай, працуючы ў сельскіх школах Клімавіцкага і Раслаўльскага паветаў.

Рэвалюцыя адкрыла перад імпэтнай дзяўчынай з беднай сям’і неверагодныя кар’ерныя магчымасці. Яна ўступае ў партыю, становіцца жэнарганізатарам Пятравіцкага валаснога камітэта, інструктарам Раслаўльскага павятовага камітэта партыі, а затым і народным суддзёй горада Раслаўля. У 1931 годзе канчае двухгадовыя Вышэйшыя юрыдычныя курсы ў Маскве, затым працуе пракурорам у Дарагабужы, Вязьме і Полацку. У 1937-м становіцца другім сакратаром Полацкага акруговага камітэта КП(б)Б, а ў 1938-м — узначальвае Полацкі райкам.

У жніўні 1938 года Еўдакія Уралава была прызначаная наркамам асветы БССР і стала адзінай жанчынай на кіруючай пасадзе за ўсю гісторыю гэтага наркамата. Адразу ўключылася ў напружаную працу.

Сёння той час асацыюецца толькі з рэпрэсіямі, але насамрэч у тыя гады адбываліся самыя розныя працэсы — як адмоўныя, гэтак і станоўчыя. Менавіта тады неалагізм “всеобуч” зрабіўся рэальнасцю. Сямігадовая адукацыя стала сапраўды ўсеагульнай — не толькі ў гарадах, але і ў многіх вёсках. Мяркуйце самі: калі ў 1937 — 1938 навучальным годзе ў БССР было 1545 няпоўных сярэдніх і 409 сярэдніх школ, то ў 1939 — 1940 навучальным годзе ва ўсходніх абласцях БССР іх стала ўжо 7195! Агульная колькасць вучняў перасягнула 1 мільён 100 тысяч.

І вынікі не прымусілі сябе чакаць: ужо да пачатку Вялікай Айчыннай каля 85% насельніцтва ўсходніх абласцей рэспублікі былі пісьменнымі.

Без сумневу, значная роля ў гэтым належыць Еўдакіі Уралавай. З яе імем звязаны і адкрыццё ў 1940 годзе Беластоцкага педагагічнага, Баранавіцкага, Гродзенскага і Пінскага настаўніцкіх інстытутаў, ўсталяванне 4 чэрвеня 1940 года ганаровага звання “Заслужаны настаўнік Беларускай ССР”.

Хаця пры гэтым не трэба забываць, што яна была чалавекам, а дакладней, дзяржаўным і партыйным дзеячам свайго часу. У Нацыянальным дзяржаўным архіве Рэспублікі Беларусь захоўваецца дакладная запіска наркама асветы БССР першаму сакратару ЦК Кампартыі Беларусі Панцеляймону Панамарэнку пра палітыка-маральны стан настаўніцтва заходніх абласцей рэспублікі ад 18 красавіка 1941 года — дакумент, які цалкам адпавядае той эпосе.

/i/content/pi/cult/654/14527/27.jpgШэкспір у эвакуацыі

Ужо на другі дзень вайны члены Бюро ЦК Кампартыі БССР сёмым пытаннем абмяркоўвалі эвакуацыю дзяцей. Асаблівая роля тут, вядома, была ўскладзеная на наркамат асветы. І нягледзячы на тэмпы нямецкага бліцкрыгу, пэўных поспехаў удалося дасягнуць. У даведцы Уралавай у СНК БССР падведзены папярэднія вынікі гэтай неймавернай працы: “У выніку часовай акупацыі нямецка-фашысцкімі захопнікамі нашай роднай беларускай зямлі, значная частка дзіцячых устаноў эвакуіравалася з БССР. А менавіта 110 дзіцячых дамоў, у іх 10 000 дзяцей, 25 дзіцячых садоў, у іх 1845 дзяцей, 23 піянерлагера, у іх 2525 дзяцей, 3 спецшколы, у іх 155 дзяцей і 3 санаторыя, у іх 310 дзяцей”.

Знаходзячыся ў эвакуацыі, Уралава прыклала ўсе намаганні, каб зберагчы той патэнцыял, які быў назапашаны ў БССР да вайны — і самі ўстановы і, найперш, кадры. Яна ніколі не сумнявалася, што ўсё гэта неўзабаве спатрэбіцца — нават у тыя дні, калі весткі з фронту прыходзілі несуцяшальныя. Бо на захопленыя немцамі землі рана ці позна наканавана вярнуцца, і будзе вельмі сумна, калі ўсе былыя дасягненні давядзецца аднаўляць з нуля.

А працы ў яе істотна паболела. Пасля акупацыі Беларусі склад СНК БССР рэзка скараціўся: наркамаў засталося ўсяго пяць. Ні ў адной энцыклапедыі не адзначаецца, што ў гады вайны разам з працай наркамам асветы БССР Еўдакія Ільінічна была спярша “в.а.”, а затым і начальнікам Упраўлення па справах мастацтваў пры СНК БССР. Пра тое, які ўнёсак яна зрабіла ў аднаўленне і развіццё беларускай культуры сведчаць дакументы з фондаў Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь.

Вось, напрыклад, дакладная запіска Уралавай старшыні Камітэта па справах мастацтваў пры СНК СССР М.Б. Храпчанку аб аднаўленні тэатральнай сеткі БССР ад 22 сакавіка 1943 гады: “Лічачы своечасовым далейшае частковае аднаўленне тэатральнай сеткі БССР, Упраўленне па справах мастацтваў плануе правесці на працягу першай паловы 1943 г. аднаўленне наступных тэатраў:

1. Дзяржаўны рускі драматычны тэатр БССР;

2. Дзяржаўны беларускі тэатр юнага гледача;

3. Абласны драматычны рускі тэатр (раней працаваў у Брэсце — І.Ё.).

У выніку вайны тэатральная сетка Беларусі моцна пацярпела. Як Вам вядома, з 23 тэатраў рэспублікі захаваліся толькі 4 тэатры. Тэатральныя кадры тэатраў, якія спынілі сваё існаванне, раскіданыя па ўсёй краіне, працуюць у розных тэатрах, а значная частка знаходзіцца ў войску. Але, нягледзячы на гэта, Упраўленню ўдалося ўсталяваць сувязь са значнай групай акцёраў нашых вядучых тэатраў.

Па Дзяржаўным рускім драматычным тэатры БССР выяўлена 30 чал. мастацкага складу. Па былым абласным Брэсцкім тэатры — 24 чал. Па ТЮГ ўсталяваная сувязь з паловай былога творчага складу.

Акрамя таго, адноўлена сувязь са значнай групай акцёраў Гомельскага абласнога драматычнага тэатра і іншых беларускіх абласных і калгасна-саўгасных тэатраў.

Такім чынам, зыходзячы з наяўнасці творчых кадраў, лічым цалкам рэальным аднаўленне трох тэатраў.

Варта ўлічыць, што асноўны склад гэтых тэатраў — гэта моладзь (…) Таму захаванне гэтых кадраў у адзіных творчых калектывах вельмі важна.

Дзяржаўны рускі драматычны тэатр можна аднавіць на першых парах як франтавы тэатр. Пра гэта просяць і самі акцёры. Фарміраванне жа астатніх двух тэатраў найбольш зручна было б правесці на Урале або ў цэнтральных абласцях”.

Рускі тэатр і сапраўды быў адноўлены ў якасці франтавога і падпарадкаваны адмысловай усесаюзнай дырэкцыі франтавых тэатраў. Аднак час паказаў, што такі стан рэчаў не быў аптымальным для яго плённай працы. І ўжо праз некалькі месяцаў, 7 жніўня 1943 года, Уралава піша на адрас Галоўнага ўпраўлення тэатраў Камітэта па справах мастацтваў пры СНК СССР аб перадачы Беларускага франтавога тэатра ў сістэму Упраўлення па справах мастацтваў БССР: “…тэатр вядзе рэпетыцыйную работу над спектаклямі “Палкаводзец Кутузаў” І.М. Памеранцава і “12-я ноч” У.Шэкспіра. Паралельна рэжысура тэатра з аўтарамі У. Нефёд і А.Астрэйка працуюць над лібрэта да беларускай муз. камедыі А.Клумава. Гэты спектакль павінен быць выпушчаны да 25-годдзя Беларускай рэспублікі.

З прычыны таго, што аднаўленне тэатра звязана галоўным чынам з яго далейшай дзейнасцю ў Беларусі, пытанні падрыхтоўкі новага рэпертуару і аднаўлення часткі старога, збору і цэментавання творчых кадраў і г.д. адыгрываюць вырашальную ролю. Для дырэкцыі ж франтавых тэатраў гэтыя пытанні не з’яўляюцца галоўнымі і абавязковымі.

А таму лічым неабходным у інтарэсах захавання і падрыхтоўкі для Беларусі творча паўнавартаснага тэатрал. арганізму перадаць цяпер існуючы Беларускі франтавы тэатр у сістэму Беларускага ўпраўлення па справах мастацтваў, вызначыўшы яму ў далейшым пасля выпуску 2 спектакляў базу ў межах Маскоўскай вобласці, каб Упраўленне магло ажыццяўляць непасрэднае кіраўніцтва”.

Імя Уралавай назаўжды ўпісана і ў гісторыю Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Справа ў тым, што 2 чэрвеня 1942 гады ЦК КП(б)Б, які працаваў у той час у Маскве, прыняў рашэнне аб стварэнні рэспубліканскай камісіі па зборы дакументаў і матэрыялаў. Старшынёй быў прызначаны сакратар ЦК КП(б)Б па прапагандзе Цімафей Гарбуноў. У склад гэтай камісіі ўвайшла і наркам асветы БССР.

Боты для Коласа

Уралава дбала і аб аднаўленні ў эвакуацыі дзейнасці БДУ і Акадэміі навук БССР, працуючы ў шчыльным кантакце з яе кіраўніцтвам — прэзідэнтам Канстанцінам Горавым ды яго намеснікамі Сяргеем Ліпатавым і Якубам Коласам. У дакладной запісцы Еўдакіі Ільінічны старшыні СНК БССР Івану Былінскаму ад 10 кастрычніка 1942 года аб камандзіроўцы ў Ташкент і Самарканд ёсць такія радкі:

“У г.Ташкент прыбылі 2 верасня 1942 г. 5 верасня прыняў нас сакратар ЦК Узбекістана т.Юсупаў. На прыёме ў т.Юсупова былі — я, тт.Гораў, Ліпатаў і Колас. Намі пастаўлена было пытанне перад т.Юсупавым аб размяшчэнні Акадэміі навук БССР у г.Ташкенте, асноўнай яе часткі і [сельска] гаспадарчай групы размясціць у г.Самаркандзе. Тав. Юсупаў нашу просьбу задаволіў, і па гэтым пытанні было вынесена рашэнне ЦК Узбекістана ад 5.IХ. 1942 г. (...)

Знаходзячыся ў г. Ташкенце, я часта бывала ў Я.Коласа. Хоць Я.Колас мне ніякіх просьбаў не перадаваў, але я пераканалася, што Я.Колас і яго сям’я адчуваюць вострую патрэбу ў абутку. Таму прашу Вас, т.Былінскі, даць указанне аб водпуску абутку т. Я.Коласу — мужчынскія нумары 41, 42, 44 і жаночыя 38”.

Пасля вызвалення яе чакала цяжкая праца па аднаўленні сістэмы адукацыі ў зруйнаванай БССР (у тым ліку, і адкрыццё Беларускага тэатральнага інстытута — правобраза БДАМ), удзел у гістарычнай першай сесіі Генеральнай асамблеі ААН, два гады ў кадравым рэзерве — на пасадзе намесніка старшыні Рэспубліканскага таварыства па распаўсюджванні палітычных і навуковых ведаў. А затым — чарговае павышэнне. У 1950 годзе Уралава становіцца намеснікам старшыні Савета Міністраў БССР, займаючы гэтую пасаду цягам васьмі гадоў. І ў гэты час яна верная сабе, асаблівую ўвагу надае пашырэнню асветы.

Еўдакіі Ільінічны Уралавой не стала 17 мая 1985 года — на 83-ім годзе жыцця. На жаль, памяць аб ёй да гэтага часу ніяк не ўвекавечаная.

Эмануіл ІОФЭ,
прафесар БДПУ імя М.Танка, доктар гістарычных навук