“РастОк” нагадвае мурашнік

№ 33 (1316) 19.08.2017 - 25.08.2017 г

Барысаўшчына: інтэрактыў чытацкага саўдзелу
У маі Барысаўская цэнтральная раённая бібліятэка імя Івана Каладзеева прырасла яшчэ на адну структуру. Працэс натуральны. Той, хто ідзе наперад, пастаянна пашыраецца ды паглыбляецца. Так растуць карані і галіны яблыні, дагледжанай дбайным садаводам. Гаворка — пра інтэрактыўны дзіцячы цэнтр адукацыі і вольнага часу “РастОк”. Для нас такое ўтварэнне — прарыўнае, для Заходняй Еўропы — звыклая з’ява. Мы, па маім цвёрдым перакананні, — не горшыя. Проста, толькі вучымся працаваць з асэнсаваным вынікам.

/i/content/pi/cult/654/14523/21.jpgЧас ад часу мяне абвінавачваюць у нейкім “не тым” стаўленні да бібліятэкараў. Маўляў, завышаю патрабаванні да іх прафесіяналізму ды пагражаю запляміць карпаратыўны мундзір. Не адмаўляю, але і віны сваёй не адчуваю, бо гаворка пра тых, хто з прычыны кадравай бяды займае не сваю пасаду. Не буду называць тут працэнтныя суадносіны добрых спецыялістаў. Але на ўласныя вочы пераканаўся, што добрых — больш. Сярод іх — і Галіна Слесарэнка, якая да нядаўняга часу ўзначальвала Барысаўскую райбібліятэку. Цяпер установай кіруе Алена Капыток, а Галіна Міхайлаўна — яе намесніца. Каб не яны, гэтага матэрыялу не было б.

Дзе “расаду” бралі?

Ідэя праекта “РастОк” належыць Галіне Слесарэнка. Яны заўжды ўважліва адсочвала ўсё тое добрае, што з’яўляецца ў бібліятэчным свеце. Дапамагла Алена Капыток з праектам “Навучанне ў шляху” (мы пісалі пра гэтыя экспедыцыі бібліятэкараў Барысаўшчыны па бібліятэках Беларусі). Пасля наведвання Гродзенскай абласной навуковай бібліятэкі імя Яўхіма Карскага і знаёмства з тамтэйшым камп’ютарным абсталяваннем для інтэрактыўных стасункаў з чытацкай грамадой было канчаткова вырашана, якую форму набудзе доўгатэрміновы праект “РастОк”. Корань “рост” тут — слова ключавое.

Своеасаблівым куратарам новай справы стала вядучы метадыст аддзела бібліятэчнага маркетынгу Святлана Шчэрба. Паступова ў рэалізацыю праекта ўцягнуліся яшчэ шэсць бібліятэкараў. Кожны працуе па аўтарскай праграме навучання. Праект цяпер — у стадыі развіцця. Але ў яго ўцягнуты ўжо сотні дарослых і дзяцей. Усе паслугі — бясплатныя пры ўмове, што ўдзельнік праекта мае чытацкі білет. Камфортная мэбля і сучаснае абсталяванне у “РастОк” прыдбаны за пазабюджэтныя грошы. Не буду казаць, адкуль яны. Толькі паўтару ў чарговы раз: хто шукае, той знаходзіць. Зразумела, маштабы дзейнасці ў Барысаве не такія, як у Гродне. Але мэта — адзіная: прыцягнуць да бібліятэкі больш чытачоў, навучыць іх атрымліваць асалоду ад творчасці.

Дык што на градах?

Святлана Шчэрба пераканана, што дзеці часта падзяляюць захапленні бацькоў. Але адбываецца гэта толькі тады, калі падлеткі становяцца тут актыўнымі ўдзельнікамі, а не пасіўнымі назіральнікамі. Як даказаць выснову на справе? Трэба стаць сябрам цэнтра “РастОк”.

Дык вось што ўжо прарасло. Цэнтр — гэта пяць тэматычных лабараторый і дзве дасугавыя зоны. Лабараторыі такія:

канструявання, электронікі і праграмавання (выкарыстоўваюцца Лега-канструктары з дынамікамі і кнопкамі, планшэты, сэнсары, якія дазваляюць ствараць і праграмаваць шматфункцыянальных робатаў);

тэхнікі і творчасці (выкарыстоўваюцца планшэты і 3D-асадкі);

вывучэння англійскай мовы;

мяккага (гучнага) чытання;

шчаслівага часу (для зусім маленькіх).

А ёсць яшчэ дзве зоны: гульнявая ды тэатральная.

Узрост удзельнікаў: ад трох да васьмідзесяці гадоў. Задавальнення — бясконцая колькасць.

А ўраджай які?

Першага праграмуемага робата маленькія чытачы назвалі Марвінам. З дапамогай электроннага канструктара малодшыя школьнікі рэалізавалі праект Fanny Face (смешны тварык). Бібліятэчныя крэатыўшчыкі навучыліся валодаць 3D-асадкай для стварэння адметных сувеніраў. Пяці-сямігадовыя ў працэсе гульні і пад музыку запамінаюць англійскія словы, глядзяць недубляваныя мульцікі. Ім дапамагаюць запрошаныя настаўнікі. Аматары настольных гульняў двойчы ў месяц маюць Вялікія гульнатэкі. Тэатральная зона рыхтуе лялечныя спектаклі. Многія спачатку не разумеюць, чаму гучнае чытанне называюць у Цэнтры “мяккім”. Справа ў тым, што для аматараў такога кшталту інтэлектуальнага адпачынку прапаноўваюцца мяккія крэслы і канапкі. І яшчэ — для чытачоў з паслабленым зрокам у Цэнтры працуе тыфлакуток: экраннае павелічальнае шкло адаптуе абраны тэкст для зручнага чытання. Маюцца і аўдыякнігі.

Цяпер зразумела, чаму Барысаўская райбібліятэка нават у будзённы дзень нагадвае растрывожаны мурашнік, дзе кожны “муравей” ведае, чаго хоча. Дзеці прызвычаіліся да адукацыйнай дзейнасці, зразумелі асалоду ад паўнацэнных стасункаў з бацькамі. Усё больш валанцёраў збіраецца вакол праекта. Самыя актыўныя з іх — людзі пенсійнага ўзросту, вакол якіх пастаянна таўчэцца малеча.

У якую кветку вырасце “РастОк”? Зразумела адно, што будзе яна незвычайна прыгожай.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"