На залатым ганку...

№ 33 (1316) 19.08.2017 - 25.08.2017 г

Сёлета Піншчына пабагацела на новы раённы фэст: у каляндар святаў раёна ўнесена традыцыйная сустрэча былых і сённяшніх жыхароў вёскі Пагост-Загарадскі пад назвай “Пагост сустракае землякоў”. Значыцца, наступным разам мерапрыемства будуць ладзіць з дапамогай раённых ўлад.

/i/content/pi/cult/654/14522/20.jpgСвята сабрала не менш за 300 чалавек, госці выпраўляліся на сустрэчу з усіх куткоў Беларусі і нават з-за мяжы. Былыя вяскоўцы прыехалі на малую радзіму не з пустымі рукамі: ініцыятыўная група падаравала землякам сучасны комплекс для дзіцячай пляцоўкі з горкай, пясочніцай, арэлямі, баскетбольным кальцом і іншымі прыладамі для здаровага баўлення вольнага часу. Падчас свята адкрылі і новы памятны знак, дзякуючы якому можна даведацца пра гісторыю мястэчка.

Канцэртную праграму падрыхтаваў Каменскі цэнтральны сельскі дом культуры. Побач разгарнулася кніжная выстава Каменскай сельскай бібліятэкі, выстава дэкаратыўна-прыкладной творчасці народных майстроў і раённага Дома рамёстваў.

Мерапрыемства вырасла з жадання прэзентаваць кнігу пра гісторыю Пагост-Загарадскога ў самім мястэчку. Штогод усяго выходзяць новыя выданні, звязаныя з тамтэйшай зямлёй. Летась пабачыла свет кніга Аляксандра Казака пра выхадца з Пагосту Ксаверыя Друцкага-Любецкага — фінансіста, якога ў XIX стагоддзі добра ведалі ў Еўропе. Тады ж з-пад пяра патомка даваенных пагашчан Іосіфа Рубахі выйшла даследаванне “Пагост-Загарадскі і яўрэі. 1643 — 1943 гады”. Сёлетнім жніўнем спадары Аляксандр і Іосіф дэманстравалі землякам новы твор “Гета ў Пагосце-Загарадскім. Год 1941 — 1942” і распавядалі пра збор гістарычных, біяграфічных нарысаў, успамінаў і паэтычнай творчасці пагашчан “На залатым ганку сядзелі…”

Людміла РАБКАВЕЦ, в. Пагост-Загарадскі
Фота аўтара