Людзі старэюць, абрады застаюцца

№ 33 (1316) 19.08.2017 - 25.08.2017 г

Карэспандэнт “К” пабываў у глыбінцы і пераканаўся, што народная творчасць там жыве. А вось з “маладой крывёй” — пакуль праблема
На гэты раз “У тур са сваім журналістам” адправілася здымачная група тэлепраграмы “Наперад у мiнулае”, якая выходзіць на канале “Беларусь 3”. Нагадаем, што яе робіць знакамітая пара Вечараў: Аксана з’яўляецца аўтарам і вядучай, Анатоль — рэжысёрам, гукарэжысёрам і мантажорам. Мы палічылі, што і справаздача аб медыйнай творчай экспедыцыі ў беларускую глыбінку адпавядае ідэі цыклу актуальных матэрыялаў, бо што як не тур ёсць шматгадовыя паездкі тэлевізійшчыкаў па краіне з пэўнай мэтай?

/i/content/pi/cult/654/14520/18.jpgАналагаў нашым звычаям няма!

Праекту “Наперад у мiнулае” больш за пяць гадоў, колькасць перадач пераваліла за 250, наведана каля дзвюхсот вёсак. Нараджаўся ён у галаве Анатоля Вечара трохі ў іншым выглядзе. У які-небудзь населены пункт (у асноўным, гэта вёскі) вывозіўся вядомы артыст, які, праслухаўшы мясцовыя аўтэнтычныя песні ў варыянце мясцовых жа выканаўцаў, перазапісваў у Мінску адну з іх у сучаснай аранжыроўцы. У выніку гледачам прапаноўвалася параўнаць гэтую версію з першаснай, а ў дадатак былі старадаўнія легенды раёна наведвання.

— Цяпер перадача трохі спрасцілася, — кажа яе “тата”. — Артыстаў мы з сабой не бярэм, а прапануем ім пераасэнсаваць што-небудзь з прывезенага намі песеннага матэрыялу ўжо ў сталіцы. Але віды тых жа вёсак, апавяданні з іх гісторыі па-ранейшаму засталіся. І ўхіл цяпер робіцца шмат у чым на абрады.

Іх, дарэчы, адмыслова пад прыезд тэлегасцей аднаўляюць вельмі рэдка, яны жывуць сваім штодзённым жыццём — што, вядома, выдатна. Натуральна, нешта з традыцый губляецца, а значыць, і дадумваецца, але канва застаецца нязменнай. Абрады праводзяцца “ўжывую”, і выкарыстанне фанаграмы, у тым ліку “плюсавай”, — з’ява экстраардынарная.

— Безумоўна, варта аддаць належнае адпаведным структурам мясцовых выканаўчых камітэтаў за тое, што яны надаюць асаблівую ўвагу абрадавым традыцыям, — працягвае Анатоль. — І адгукаюцца на ўсе просьбы праграмы — падбіраюць мясцовасць і выканаўцаў, вырашаюць побытавыя пытанні.

На маю заўвагу, што і заслугі перадачы ў захаванні і прапагандзе нацыянальнай спадчыны цяжка пераацаніць, Аксана Вечар адрэагавала так: “Па-першае, мы проста любім сваю краіну. А па-другое, у нас, тэлевізійнікаў, ёсць інструментарый, які дазваляе пачуццё любові трансфармаваць у нешта канкрэтнае”.

Не паўсюль, але дзе-нідзе “выканаўцы ад зямлі” і падзарабляюць правядзеннем выязных абрадаў, прычым попыт на іх расце. Аднак адным з галоўных пабуджальных матываў у дзейнасці такіх артыстаў у кантэксце менавіта тэлебачання з’яўляецца іншае. Бачачы сябе на экране, яны ўмацоўваюцца ў тым сваім перакананні, што такая іх праца — на карысць нацыянальнай культуры, і яна не дарэмная.

— У нейкай вёсцы пачула літаральна наступнае, — гаворыць Аксана, — “Наперад у мiнулае” нас зняло, можна і паміраць”. І сказана гэта было на поўным сур’ёзе. Удзел у нашых перадачах — гэта і стымул, і, як бы пафасна ні гучала, мэта.

У найбольш чыстым выглядзе, на погляд мужа і жонкі, народныя песенныя і абрадавыя традыцыі захаваліся на Палессі. У астатнім гэта пераважна мікс з мясцовага і прыўнесенага. У буйных вёсках народная музычна-драматургічная творчасць з пакалення ў пакаленне ўсё гэтак жа перадаецца, папулярызуюць яе рознымі даступнымі спосабамі. А там, дзе насельніцтва менее, на жаль, паступова паміраюць і традыцыі.

— Як сцвярджаюць спецыялісты з Акадэміі навук, з якімі мы размаўлялі, — дзеліцца рэжысёр, — па аб’ёме ацалелых звычаяў аналагаў Беларусі ў Еўропе дакладна няма.

Моладзь абірае іншае

У сталіцы гумару — вёсцы Вялікія Аўцюкі Калінкавіцкага раёна — нас чакаў гурт народнай песні клуба народных майстроў (гэтая ўстанова разам з сельскай бібліятэкай размяшчаецца ў будынку школы). У складзе ансамбля восем жанчын, самай старэйшай з якіх, Ганне Шынкарэнка, — за восемдзесят! Кіруе калектывам стараста вёскі Марыя Багдановіч, у ім яна практычна з дня заснавання — больш за трыццаць гадоў. У клубе гурт паказаў частку абраду “Вяселле” (са свечкамі для абраду перадачы хатняга ачага, з песняй-провадамі мужа ў войска, з песняй маладой дзяўчыны...), а на вуліцы выканаў сямейна-побытавыя песні і асабісты гімн-прысвячэнне сваёй вёсцы! Характэрна, што апранутыя былі артысткі ў касцюмы з уласнай вышыўкай.

Як распавяла Марыя Іванаўна, спявае яна разам са сваімі сяброўкамі ў любых абставінах. Калі, не дай Бог, прыйдзе нейкая бяда — гурт збіраецца ў клубе і заводзіць песні, адпаведныя моманту. Ну, а здарыцца радасць — спяваць яны будуць хорам з зусім іншым настроем.

— Хоць мы ўсё яшчэ і трымаемся, не даем хваробам і гадам сябе адолець, аднак гурту трэба абнаўленне, папаўненне, — працягвае галоўная спявачка Вялікіх Аўцюкоў. — Юнакі і дзяўчаты прыходзяць да нас, але надоўга не затрымліваюцца: іншыя ў іх захапленні. Баліць душа за тое, каму перадаць песні і абрады нашага краю.

Застануцца хіба запісы

У Ельскім раёне мы пабывалі ў дзвюх вёсках — Валаўску і Казлах. У першай у самую лютую спёку і ва ўмовах працоўных будняў — на полі яшчэ не дажатай пшаніцы — абрадам “Дажынкі” нас сустрэў народны фальклорны ансамбль “Валошкi”, які размяняў ужо шосты дзясятак. Наогул, абрады з’яўляюцца асноўным відам творчасці гэтага калектыву, які існуе пры Валаўскім цэнтры народных традыцый. У адрозненне ад калегаў з Вялікіх Аўцюкоў, са зменай пакаленняў у ім усё ў парадку: у ансамблі ёсць і зусім малыя дзеткі. (Праўда, тое, што цяга да этнікі ў мясцовай моладзі не надта вялікая, тут таксама адзначаюць.) Ансамбль шмат удзельнічае ў розных фестывалях і конкурсах, нават міжнароднага ўзроўню. Касцюмы артысты шыюць для сябе самі.

А ў Казлах тамтэйшы песенны стыль выканання традыцыйных абрадавых і пазаабрадавых твораў уключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцеў Беларусі як элемент НКС. У рэпертуары тутэйшага фальклорнага калектыву больш за сто песень — пераважна земляробчага календара, а вакальную манеру ансамбля адносяць да бурдоных спеваў. Вёска знаходзiцца за паўтара кіламетры ад мяжы з Украінай, і ўплыў тамтэйшай песеннай культуры ў некаторых кампазіцыях ансамбля адчуваецца — у прыватнасці, у дыялекце. А таксама і ў арнаменце на строях артыстак.

Горка, але пройдзе нейкі час, і зразумела з якіх прычын ансамбль спыніць сваё існаванне: прытоку ў яго новых сіл не прадбачыцца. Аднак нашчадкам застануцца яго песні, захаваныя ў запісах. У прыватнасці, тыя “дажыначныя” рэчы, што праспяваў калектыў для нас.

“Мы — за аўтэнтыку!”

Аграгарадок “Каўгары” Асіповіцкага раёна таксама падарыў нам абрад “Дажынкі”: натуральна, у полі, само сабой, пры тэмпературы за трыццаць. Народны ансамбль народнай песні “Вяселле” Каўгарскага сельскага клуба праз тры гады адзначыць саракагадовы юбілей. Галоўная праблема ў яго тая ж: дзеці ўліваюцца сюды з радасцю, але па меры сталення фальклор перастае ў іх жыцці займаць істотнае месца. Адпаведна, у выканаўцах сярэдніх гадоў ансамбль мае патрэбу.

Якое выйсце? Удзельніцы “Вяселля” мяркуюць, што, пачынаючы з дзіцячых садкоў, у малечы неабходна выхоўваць любоў да сваіх каранёў праз музычна-паэтычную культуру. Так, сёння гэта адбываецца, але ў большай ступені фармальна, без выдумкі, прэсна, у сценах памяшканняў. А калі, напрыклад, вывезці малых на прыроду, дзе б яны вадзілі карагоды? Глядзіш, з часам вось гэтае шчаслівае адчуванне натуральнага яднання народнага мастацтва з зямлёй, небам і рэчкай дало б свой плён. І культура папаўнялася б тымі, хто шчыра, фанатычна рухаў бы наперад нацыянальныя традыцыі.

— Але абыходзячыся без сучасных аранжыровак, — папрасілі мяне адзначыць бабулі з “Вяселля”. — Мы — за сапраўдныя спевы. І ўдзячныя перадачы “Наперад у мiнулае”, што яна паказвае іх. А вось тое, як у ёй старадаўнія песні спяваюць на новы лад, нам не падабаецца.

Дачакаліся, Аксана і Анатоль, крытыкі?

Дык якой магла б стаць праграма ў будучыні, запытаўся я ў яе суаўтараў? Тыя адказалі, што ім цікава было б прывозіць у Мінск знятыя калектывы і з іх выступаў рабіць нейкае тэлешоу. Якое, упэўнены яны, дало б і новы імпульс народнаму мастацтву на месцах і, магчыма, прыцягнула б у яго маладых людзей, пакуль далёкіх ад такой творчасці. Згодныя? Тады пішыце і тэлефануйце на ТБ, прасіце такое шоу!

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"