Крыкам клічнік не паставіш

№ 33 (1316) 19.08.2017 - 25.08.2017 г

Маладзёжны на ростанях
Беларусі дзяржаўны маладзёжны тэатр працягвае актыўна папаўняць свой рэпертуар. Колькасць прэм’ер за сезон дасягае сямі-васьмі, улічваючы ранішнікі. Паводле рэпертуару — пераважна камедыі. Паводле ўдзелу ў фестывалях — эксперыментальныя спектаклі. Як жа разабрацца ў гэтай дзіўнай арыфметыцы?

/i/content/pi/cult/654/14517/15.jpgНасамрэч усё вельмі проста. Апошнім часам тут сапраўды сталі з’яўляцца спектаклі, годныя фестывальных афіш. Але публіка па-ранейшаму прагне весялосці. Ці, можа, яе не надта імкнуцца прывучыць да чагосьці іншага? Як бы тое ні было, аўдыторыя Маладзёжнага застаецца далёка не маладзёжнай — не толькі па ўзросце, але і паводле сваіх эстэтычных схільнасцяў. Бо іначай як растлумачыць, чаму ёй на фінальны клічнік сезона прапаноўваюць тую ж “Дурнічку” Лопэ дэ Вега? Не, я не супраць п’есы, якой роўна чатыры стагоддзі. Але абраны ў пастаноўцы вельмі грубы пасыл, гіпертрафаванасць прыёмаў, пастаянныя крыкі, крыўлянні, безгустоўнасць сцэнічных строяў пакідаюць папросту жудаснае ўражанне. Бліжэй да фіналу ўзнікаюць некалькі шчырых па акцёрскай ігры момантаў, але нявырашаным застаецца галоўнае пытанне: дык гераіня і сапраўды паразумнела ад кахання — ці толькі прыкідвалася дурненькай, каб адхапіць і добрага мужа, і багаты пасаг? Можа, пастаноўшчыкі так і задумалі — пакінуць адказ гледачам? Але тады і сам спектакль павінен быў быць больш “хітранькім”, тонкім, гуллівым. Што ні кажыце, а нават вяртанне кірмашовых традыцый, на якія пастаноўшчыкі маглі б спісаць частку азначаных недахопаў, патрабуе сучаснага погляду, а не сыходу на ўзровень нізкапробнага аматарства.

Поўнай супрацьлегласцю стаў пластычны спектакль “Весна священна ли…”, ажыццёўлены Вольгай Скварцовай, якая выступіла рэжысёрам, харэографам, мастаком (мастак па касцюмах — Кацярына Герасіменка). Некаторым ранейшым працам Вольгі бракавала адточанасці формы, яснасці ў выяўленні думкі, адметных пластычных знаходак. Гэта было заўсёды цікава, але… узнікала адчуванне “недаробленасці”, эскізнасці, патоку падсвядомай, некантралюемай імправізацыі. А тут — сышлося ўсё. І не пасля доўгай “абкаткі” спектакля на розных сцэнах, а ўжо на перадпрэм’ерным паказе, палова якога ішла з выбыўшым “па тэхнічных прычынах” артыстам (хтосьці гэтага, дарэчы, не заўважыў, я ж падумала, што далей і астатнія будуць адзін за адным знікаць — гэтак жа незаўважна: чым не абдуманы прыём?).

Трагедыйнасць ХХ стагоддзя з усімі яго гістарычнымі катаклізмамі, Скварцова тлумачыць з пазіцый Дастаеўскага: разбурэнне грамадства пачынаецца тады, калі першынствуе не чалавечая асоба, а абстрактная ідэя, на алтар якой прыносяцца канкрэтныя жыцці. У якасці адпраўнога пункту, гэткай галоўнай спасылкі абіраецца балет Стравінскага “Вясна свяшчэнная”, што адлюстравана і ў назве. Далучаюцца да яго балет “Вяселейка” (“Свадебка”), гукавыя апрацоўкі гэтых запісаў, побытавая музыка таго часу, тэатральныя шумы. Усё гэта часам утварае ўласцівую трылерам атмасферу пакутлівага чакання, навіслай трагедыі. Ахвярапрынашэнне дзяўчыны дзеля прыходу вясны трансфармуецца ў гібель усяго “племені” (суполкі інтэлігенцыі) ў імя светлай будучыні. Вось толькі апошняя паўстае чамусьці не такой, як хацелася б: у ёй пануюць, паводле Булгакава, шарыкавы — п’юць ды гуляюць.

Вытрымаўшы свядома пастаўленую перад сабой задачу “харэаграфічна вярнуцца ў ХХ стагоддзе, нічога не сачыняючы”, Скварцова напаўняе спектакль шматлікімі спасылкамі, найперш на расійскія стылёвыя знаходкі постперабудоўных часоў — Яўгена Панфілава, Таццяны Баганавай, Сяргея Смірнова, Вольгі Поны і іншых. Спектакль добра вывераны па драматургіі, прасторавым і колеравым рашэнні. Напоўнены яркай асацыятыўнасцю (адна толькі “зрэзаная” піраміда колькі розных вобразаў выдае!), пластычнымі лейтматывамі, выразнымі спляценнямі сэнсаў і чалавечых целаў. А як узрасло майстэрства артыстаў!

Яшчэ тры спектаклі — гэта дзве “быццам бы” камедыі і адна — “быццам бы” меладрама. У іх у той ці іншай меры зроблены спробы спалучэння касавасці з хаця б адным працэнтам пошуку. Сучасная французская камедыя становішчаў “Мужчынскі род, адзінае чысло” вылучаецца вострай тэмай — змены полу. Паводле нашых меркаў, чым не крок на тэрыторыю эксперыменту? Але запрошаны рэжысёр Анатоль Стрыкуноў, вядомы сваімі дакументальнымі стужкамі, мабыць, не вельмі спрактыкаваны ў працы з акцёрамі. Бачна, што кожны з іх імкнецца зразумець свайго героя, знайсці да яго падыход, прыдумаць штосьці для сябе ў гэтай ролі, але агульнае партнёрства не складаецца, з-за чаго некаторыя сцэны застаюцца вымучанымі. Дзе ж тут смяяцца? Наадварот, хочацца паспачуваць — і героям, і выканаўцам.

Яшчэ адну французскую сучасную п’есу — “Тэктоніку пачуццяў” — паставіла малады расійскі рэжысёр Вікторыя Лугавая (заўважым, што ў тэатра апошнім часам усталявалася добрае супрацоўніцтва з амбіцыйнай піцерскай творчай моладдзю). Спектакль вабіць імкненнем да новай тэатральнай эстэтыкі, сімбіёзам з кіно, прыёмам поліфанічнага дзеяння, калі відэаэкран не замяняе сцэнаграфію, а выкарыстоўваецца для перамяшчэнняў у мінулае, погляду на тую ж сітуацыю з іншага боку, паралельнага развіцця падзей і г.д. Але… знятыя кадры “перайграюць” жывых артыстаў, таму дыялог мастацтваў на роўных не атрымліваецца. Тым не менш, дзеянне вымушае задумацца — над такімі простымі і адначасова складанымі з’явамі, як чалавечы давер, шчырасць ва ўзаемаадносінах і выказваннях адно аднаму.

Спектакль “Жмурик” паводле аднайменнай рускамоўнай п’есы ўкраінскага пісьменніка, драматурга і сцэнарыста Анатоля Крыма ставіў ураджэнец Украіны, вядомы артыст Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі Дзяніс Паршын. У свой час ён атрымаў менавіта рэжысёрскую адукацыю, але рэалізоўваць сябе на гэтай ніве пачаў нядаўна: гэта другая яго самастойная пастаноўка.

Ідзе спектакль у камернай зале тэатра. А такіх залаў там цяпер дзве. Адна — у падвале (яна летась адкрывалася нашумелым фестывальным спектаклем “Саша, вынесі смецце” рэжысёра Дзмітрыя Багаслаўскага — таксама, дарэчы, паводле сучаснай украінскай п’есы). Другая — пад дахам. І “Жмурик” яе адкрываў ужо не як рэпетыцыйную, а глядзельную залу.

Абрысамі камедыі становішчаў і драматург і рэжысёр “прыправілі” сур’ёзную размову пра сэнс жыцця. Значна адрэдагаваўшы п’есу, Паршын зрабіў з “чорнай камедыі”, як яна пазначана ў аўтара, сапраўдную трагедыю, убачыў у ёй вечнае супрацьстаянне д’ябальскіх спакушэнняў і філасофскіх пошукаў. На ролю “ўладальніка пекла” прэтэндуе Суцешнік у выкананні іранічнага Ільі Чарапко-Самахвалава: у яго і абцасы нагадваюць капыты, і яблык ён у руках трымае, і ягоны танец з Лізай ідзе ў святле чырвонага пражэктара. Яму супрацьстаіць схільны да філасофстваванняў Санітар — Аляксандр Шароў. Атмасфера інфернальнасці ствараецца найперш светлавым рашэннем. Звяртаецца рэжысёр і да некаторых элементаў тэатра абсурду. Пэўна, працягнуўшы працаваць з тэкстам п’есы і скараціўшы яшчэ некалькі фрагментаў, гэтыя выхады за межы “рэалізму” можна было зрабіць больш відавочнымі і завершанымі, што вывела б увесь аповед на іншы ўзровень.

Лейтматывам становіцца відэа з палаючай красоўкай. Спачатку яе хістанне нагадвае маятнік — сімвал няўмольнага часу. У фінале рухі ўтвараюць карусель. Нарэшце, моцна прагарэўшы, яна нагадвае пустую калыску (у даўніну такія выдзеўбаныя з дрэва люлькі чаплялі да бэлькі пад столяй). І — падае долу. Цудоўны візуальны вобраз! Але, зноў-такі, ён не знаходзіць адпаведнага адлюстравання ва ўзаемаадносінах Аркадзя (Сяргей Шаранговіч) і Лізы (Любоў Пукіта). Яна, падобна на тое, зусім яго не кахае — і ў гэтым усе праблемы. А нам працягваюць даводзіць, што справа ў гандлі красоўкамі, бізнес — зло, душа — усё. Але навошта сёння той стэрэатып 1990-х?..

Асабіста для мяне гэты спектакль, які захрас дзесьці на раздарожжы, стаўся своеасаблівым адлюстраваннем таго, што адбываецца ў Маладзёжным. Тэатр — быццам на ростанях. У адзін бок пойдзеш — штосьці новае знойдзеш. А ў другі — публіку. Старую, правераную. Дык, можа, шукаць яшчэ і новую?..

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"