“Матылькі тут не жывуць”

№ 33 (1316) 19.08.2017 - 25.08.2017 г

4 жніўня Мікалаю Селешчуку споўнілася б 70 год. Мастак не паспеў састарыцца. Ён загінуў у Італіі у 1996 годзе, не дажыўшы да “палцінніка”. Вясковец з Берасцейшчыны зрабіў выдатную творчую кар’еру ў сталіцы, стаў адным з самых паспяховых мастакоў Беларусі, і што найбольш важна — першым прафесіяналам, які адкрыта ўвёў у наша мастацтва выяўленчыя і сэнсавыя коды, адпавядаючыя тагачаснай заходняй эстэтыцы. Да Селешчука ў Савецкім Саюзе носьбітам еўрапейскай культурнай ментальнасці лічылася Прыбалтыка, ён жа пасунуў “захад” далей на Усход. Ці наблізіў Усход да “захаду” — гэта як каму болей падабаецца. Варта адзначыць і тое, што ён не паехаў самасцвярджацца за мяжу. Ягоная майстэрня заўжды была ў Мінску. Селешчук ўсяго дасягнуў тут, не адрываючыся ад родных каранёў, сілкуючы творчасць нашай рэчаіснацю, гарманічна спалучаючы мастакоўскі касмапалітызм з натуральнай беларускасцю.

/i/content/pi/cult/654/14516/14.jpgСёння выяўленчыя коды Селешчука, што сталі агульным набыткам, скарыстоўваюць шмат якія мастакі, нават і не ведаючы, хто з’яўляецца іх вынаходнікам. Калі карыстацца тэрміналогіяй, запазычанай з эканамічнай сферы, дык да яго мясцовы культурны прадукт, як і прадукт прамысловы, меў рысы прымусовага асартыменту, калі спажыўца фактычна пазбаўляюць права выбару, а вось Селяшчук зрабіў яго ліквідным. Інакш кажучы, што было “рублём”, стала “канвертуемай валютай”. Гаворка не пра тое, што карціны ягоныя ў большасці разышліся па замежных прыватных зборах. На жаль, натура ў нас такая, што шануем сваіх гадаванцаў дома толькі пасля іх поспехаў у замежжы. Галоўнае, што мастацтва Мікалая Селешчука стала адбіткам не палітызаванай ідэалогіі (што лічылася б цалкам натуральным ва ўмовах жыццяздольнага на той момант савецкага сацрэалізму), а аповедам пра рэфлексіі, эмоцыі і думкі самога аўтара, і ў ягоных карцінах і графічных аркушах гледачы знаходзілі свае рэфлексіі, эмоціі і думкі. З яго імем звязаны паварот нашага выяўленчага мастацтва ад артадаксальнага, запалітазаванага рэалізму да гуманістычнага суб’ектывізму. Зразумела, сцвярджэнне ў мастацтве новых прынцыпаў і канцэпцый не можа лічыцца заслугаю аднаго нават вельмі таленавітага творцы. На той час культурная грамада ўжо даспела да ўсведамлення простай ісціны, што чалавек (прычым, кожны!) не толькі носьбіт тых ці іншых ідэй і інструмент для выканання пэўных сацыяльных функцый, але (і найперш) унікальная асоба з непаўторным унутраным светам. Так што не адзін Селешчук шчыраваў у тым напрамку. Але менавіта ў яго творчасці прынцып самадастатковасці асобы знайшоў найбольш выразнае ўвасабленне.

На маю думку, мастацтва Селяшчука можа быць сваеасаблівай ілюстрацыяй да філасофскай тэзы, што чалавек не з’яўляецца сродкам дасягнення нейкіх вышэйшых (дзяржаўных, сацыяльных) мэтаў, бо ён сам — мэта. “Мэта ў самім сабе”. Прынамсі, так я успрымаю ягоныя карціны сёння.

А дваццаць год назад мяне ў ягоных карцінах і аркушах ўражвала творчая нязмушанасць, здольнасць бесканфліктна пераадольваць стэрэатыпы, эфектна сумяшчаць у адзінай візуальнай прасторы рэчы, здавалася б, сутнасна несумяшчальныя. Для мяне класікай нашага мастацтва з’яўляюцца ягоныя карціны “Канец сезона туманоў”, “Дачыненне”. Селяшчук аздобіў будзённы свет фарбамі карнавалу, пры гэтым ведаючы, што самыя роспачныя думкі прыходзяць у галаву менавіта на тле агульнай весялосці. Нездарма ж ён аўтар культавай для свайго часу карціны “Матылькі тут не жывуць”. З жыцця, якому ён свядома надаў рысы тэатралізаванасці, мастак пайшоў, калі карнавал яшчэ напоўніцу віраваў. Смерць Селешчука падпадае пад класіфікацыю “няшчасны выпадак”. Жыць бы яшчэ ды жыць. Зразумела, і маляваць. Але можа і добра, што яму не давялося адчуць у творчасці і ў жыцці “паслясвяточнага сіндрому”. Зрэшты, матылькі і сапраўды не жывуць доўга.

Жыў бы Селешчук далей — відаць, стаў бы Заслужаным дзеячам мастацтва, а, магчыма, і народным мастаком. Так, ён быў уганараваны Дзяржаўнай прэміяй, што, безумоўна, пачэсна. Магчыма, адсутнасць у мастака званняў і стала прычынай таго, што ягоны 70-гадовы юбілей прайшоў для краіны незаўважна. Не было выстаў, якія б дазволілі па-новаму асэнсаваць творчасць Селешчука ў сённяшніх рэаліях. На жаль, не ставілася пытанне пра выданне альбома, куды ўвайшлі б не толькі вядомыя творы, але і тыя, што наўпрост з майстэрні траплялі ў прыватныя калекцыі і фактычна культурнай грамадзе невядомыя. Не сабраныя ўспаміны пра творцу, што было б вельмі дарэчы для разумення таго часу, калі Селяшчук жыў і працаваў. Вывучаць і прапагандаваць ягоную спадчыну, ягоны досвед варта хаця б для таго, каб не “вынаходзіць ровар”. Каб не хадзіць па крузе, не выдаваць за творчыя знаходкі тое, што ўжо даўно стала гісторыяй. Гісторыяй, якую, на жаль, не вывучаюць.

Мікалай Селешчук — гэта асоба, вартая мемарыяльнага музея. Ці, самае малое, асобнага раздзела ў адным з музеяў. У хуткім часе Брэст адзначыць сваё тысячагоддзе. Мо падчас святочных мерапрыемстваў будзе нагода ўшанаваць памяць мастака — ураджэнца Берасцейшчыны, які праславіўся на ўсю Беларусь і пратаптаў нашаму мастацтву сцежку ў Еўропу?

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"