“Я — чалавек ідэйны!”

№ 34 (1317) 26.08.2017 - 01.09.2017 г

Маладзечанскі раён: у вёсцы Краснае малююць, танцуюць і ставяць мюзікл
У Маладзечне нас чакала дырэктар цэнтралізаванай клубнай сістэмы Ганна Уладыка. Гаварылі не толькі пра пэўную нерэалізаванасць устаноў культуры ў Плябані і Красоўшчыне. Цікавіла нас усё: і ход аптымізацыі, і перспектыва развіцця клубных устаноў, і якасць іх штодзённай дзейнасці, і суадносіны высілкаў гарадскіх работнікаў культуры і сельскіх.

Каемся, мы рэдка бываем у Маладзечанскім раёне. Вабіць у першую чаргу немалы горад Маладзечна са сваімі сталымі культурнымі традыцыямі. На вуліцы Прытыцкага (пешаходнай) ёсць цудоўная кнігарня з букіністычным аддзелам (наведалі!). Тут у нас сябры (не толькі нашы, але і ўсёй рэдакцыі) — Святлана і Рыгор Сарокі, без якіх немагчыма ўявіць мясцовую культурную сцэну, бурлівасць якой станоўча ўплывае і на развіццё мастацтва ў маштабах усёй краіны. А вось на даследаванні культуры Маладзечанскага раёна іншым разам часу не стае. Так, бываем у Вязынцы, Яхімоўшчыне. Але ж гэта не ўвесь маладзечанскі край. Словам, пасля гэтай паездкі далі сабе слова вывучыць духоўныя цікавосткі Маладзечаншчыны — радзімы Янкі Купалы — больш удумліва ды грунтоўна.

Што такое ЦКС?

Дык вось, сустрэліся з кіраўніком цэнтралізаванай клубнай сістэмы Ганнай Уладыка. Гаспадарка ў яе вялікая — 24 клубныя ўстановы. Кожная мае свае праекты, скіраваныя як на мясцовага спажыўца культуры, так і на прыезджых гасцей.

Абмеркавалі перспектывы развіцця Цэнтра традыцыйнай культуры ў Плябані (пра гэтую ўстанову інфармацыя — у папярэднім артыкуле аўтатура). Даведаліся, што апрача ўжо існуючага праекта з дэманстрацыяй абрадавых дзействаў традыцыйнага земляробчага календара — “Фальклорныя вандроўкі” — там распрацаваны праект “Канфедэратка”, прысвечаны паўстанцам 1863 года. Яго прэзентацыя запланавана на 26 сакавіка.

Ганна Іванаўна пагадзілася, што гістарычных цікавостак у Плябані багата — на іх аснове можна распрацоўваць разнастайныя квэст-гульні ды шмат іншага, што цікавіць моладзь. Да таго ж, трэба добраўпарадкаваць тэрыторыю, ствараць дзіцячыя пляцоўкі. Ужо маецца дамова з Красненскім лясгасам, які пагадзіўся дапамагчы ў якасці спонсара.

У час кожнага нашага аўтатура звяртаем пільную ўвагу на прыдарожную рэкламу. Як цяпер без яе? У Плябані яе не заўважылі. Але, як адзначыла кіраўнік ЦКС, у перспектывах ёсць план побач з трасай паставіць банер. Пакуль жа Цэнтр традыцыйнай культуры і побыту “раскручваецца” па-традыцыйнаму: інфармацыя пра яго даецца на мясцовым тэлеканале бягучым радком, на ўласных дошках аб’яў у райцэнтры, на флаерах, што раздаюцца на раённых святах. Праца па прыцягненні турыстаў вядзецца з турфірмамі, школамі, прадпрыемствамі раёна.

Цікавым аб’ектам у сферы рэгіянальнай культуры з’яўляецца і Цэнтр культуры і побыту ў Гарадку. Там, як і ў Плябані, некалькі гадоў таму яшчэ дзейнічаў філіял Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры. Паселішча каларытнае — толькі адны старадаўнія млыны чаго вартыя! Але чаму ў назве цэнтру няма слоў “традыцыйнай” ці “беларускай”? Патлумачым. Колішняе мястэчка яшчэ гадоў сто таму было, кажучы па-сучаснаму, мультыкультурным. У Гарадку, апрача беларусаў, жыло багата палякаў і яўрэеў. Вядома, да Вялікай Айчынай вайны.

Два гады таму ў рамках форуму “Гарадок і яго яўрэйская гісторыя: мінулае і сучаснасць” адбылося адкрыццё Каменя памяці на былой тэрыторыі гета, у якім загінула больш за 700 яўрэяў мястэчка. Побач была закладзена алея смутку. Дзякуючы мясцовым жыхарам, органам раённай і мясцовай улады пры падтрымцы суполкі “Сябры Гарадка” на карце Беларусі і Еўропы з’явілася яшчэ адно мемарыяльнае месца смутку і памяці ахвяр Халакосту. Летась была ўсталявана дошка з выявай гістарычных славутасцей Гарадка. Яўрэі, што прыязджаюць на гэты форум, прывозяць розныя артэфакты. Да прыкладу, Святлана Марголіна перадала будучаму Гарадоцкаму музею яўрэйскай культуры медны таз, якім карысталіся яе сваякі ў мястэчку Гарадок. Таз гэты пабачыў паўсвету і вярнуўся на радзіму.

Цеснае супрацоўніцтва адносна Гарадка ў ЦКС і з пасольствам Германіі ў Беларусі, а таксама з Мінскім міжнародным адукацыйным цэнтрам імя Іаханэса Рау — кожны Міжнародны форум адбываецца як знак прымярэння народаў. Праект, трэба сказаць, не абмяжоўваецца толькі яўрэйскай спадчынай. Сёлета ў яго рамках была прадстаўлена беларуская, польская і ўкраінская культуры.

/i/content/pi/cult/653/14499/34 kultura 10 copy 2.jpg

/i/content/pi/cult/653/14499/34 kultura 10.jpg

/i/content/pi/cult/653/14499/34 kultura 11.jpg

Капэла: вясковая ці гарадская?

Рыхтуючыся да паездкі па Маладзечаншчыне, вырашылі пашукаць цікавосткі. Не толькі помнікі архітэктуры, але і творчыя аб’яднанні. Адно з іх — харавая капэла аграгарадка Лебедзева. Далёка не ў кожнай вёсцы сустрэнеш такое! А тым больш капэлу з гісторыяй. Яшчэ ў канцы XIX стагоддзя ў гэтым мястэчку дзейнічаў царкоўны хор, які падчас святаў выконваў народныя беларускія песні. У 1937 годзе калектыў пачаў звацца капэлай, пасля вайны атрымаў званне “народнай капэлы”, а яго канцэрты з поспехам праходзілі не толькі ў гарадах нашай краіны, але і ў Вільнюсе, Маскве, Санкт-Пецярбургу.

Не пазнаёміцца з такім калектывам было б недаравальна. На жаль, на час нашага візіту ён быў у адпачынку. Больш за тое, змяніў прапіску. Каб не згубіць праект, было вырашана ўладкаваць капэлу на базе Дома культуры ў Маладзечне. Склад нядаўна істотна абнавіўся. Прыйшло шмат таленавітай моладзі, якая дэманструе прафесійны ўзровень. А вось з Лебедзева выканаўцаў засталося няшмат. Ранейшыя ўдзельнікі капэлы перайшлі ў мясцовую царкву — спяваюць на клірасе. Усё вярнулася на свае колы.

Шляхам на Залессе

Што агульнага ў Язэпа Драздовіча і Міхала Клеафаса Агінскага? Не, размова не пра творчасць ці светапогляд выдатных беларусаў. Проста, за імя першага канкурыруюць два раёны — Глыбоцкі і Шаркаўшчынскі. Гэтаксама як і за імя другога — Маладзечанскі і Смаргонскі. Яно і не дзіўна: Маладзечна некалі было ва ўласнасці роду Агінскіх, а ў Смаргонскім раёне ёсць шыкоўная сядзіба славутага кампазітара.

Ганна Іванаўна распавяла, што раёны ўсё ж не столькі канкурыруюць, колькі супрацоўнічаюць. Як прыклад таму — у Залессе неаднаразова выязджалі музычныя калектывы з Маладзечна.

Але турыстычнае месца, так ці іначай звязанае са славутым кампазітарам, маецца і на Маладзечаншчыне. Летась добраўпарадкавана тэрыторыя вакол былой сядзібы сакратара Міхала Клеафаса Агінскага Леанарда Ходзькі ў колішняй вёсцы Аборак (сёння — аграгарадок Палачаны). Валанцёры прывялі да ладу месцы, звязаныя з памяццю пра Леанарда Ходзьку: пляцоўку, дзе некалі стаяў касцёл, у якім быў ахрышчаны Ходзька, спачывальню Дэдэркаў — сваякоў Леанарда па матчынай лініі. На месцы бацькоўскага дому Леанарда ўстаноўлены памятны камень з мемарыяльнай шыльдай.

Клубу — 50 гадоў

Трапілася нам па дарозе (абсалютна выпадкова!) вёсачка Краснае. Трапілася — і абрадавала. Тутэйшыя людцы кажуць, што ў касцёле Унебаўзняцця Найсвяцейшай Панны Марыі — 33 прыступкі (па колькасці гадоў, што пражыў Хрыстос). Лесвіца ад зямлі да веры. Мы не падлічвалі, колькі прыступак у сельскім доме культуры, але пераканаліся, што гэта — таксама храм. Па той простай прычыне, што скрозь клубную прастору пралягае шлях да нацыянальнай духоўнасці, а людзей тут столькі, што не пратаўкнуцца (нават на клубных прыступках дзяўчына кніжку чытала, а вось сфатаграфавацца пасаромелася). Нам патлумачылі, што традыцыя такая, а клубу неўзабаве — 50 гадоў. Нямала. Значыць, і традыцыя — трывалая.

Пятая па ліку

А вось кіраўнік клуба — маладая. Таццяна Каляда тут — пятая па ліку дырэктарка. У культуры яна — 11 гадоў, тры апошнія — на цяперашняй пасадзе. Мясцовая, скончыла педуніверсітэт, а завочна — універсітэт культуры. У вёсцы — паўтары тысячы насельніцтва. У клубнай самадзейнасці занята 300 чалавек. Установа вялікая, таму ў штаце — сем чалавек. Тут нават харэограф ёсць! І студыя танцаў карыстаецца вялікай папулярнасцю, як, зрэшты, і народная студыя выяўленчага мастацтва. Да слова, клубныя калідоры (нават лесвічныя пралёты) годна аздоблены работамі юных мастакоў. Ёсць проста выключныя жывапісныя ды графічныя аркушы і выцінанкі. Мы такіх галерэй нідзе больш не бачылі. У захапленні круцілі галовамі, а жвавая малеча, блытаючыся пад нашымі нагамі, давала бясконцыя каментары.

За гады камандзіровак мы бачылі дзясяткі бязлюдных, а таму надзвычай сумных клубаў. Гэты ж — жывы і пазітыўны, а таму вельмі прывабны. Клубы — яны як людзі, што ў іх працуюць.

(Не)лірычнае адступленне Яўгена Рагіна

Тры гады таму, калі Таццяна Каляда ўзначаліла вялікую клубную справу, яна пачала весці Кнігу жыцця. Вельмі сімвалічная назва. Гэта своеасаблівы — не фармальны! — дзённік-справаздача дырэктара СДК. Мы пэўны час разважалі, калі ж да кіраўніка ўстановы культуры прыходзіць поспех. “Толькі тады, калі яму падабаецца ягоная справа!” — зазначыла Таццяна. Вельмі простае тлумачэнне. Хтосьці злёту яго зразумее, хтосьці зло пасмяецца, маўляў, ці варта за капейкі ў такія гулькі гуляцца... Таццяна першая ў раёне звярнула ўвагу на жанчын, якім больш за пяцьдзесят, вырашыла вылучыць іх з грамады, ушанаваць за тое, што робяць яны на працы і ў сям’і. Пасля аднаго з конкурсаў на званне “Супер-мамы” мужчыны пачалі інакш глядзець на сваіх жонак, нават сваркі ў сем’ях, кажуць, зменшыліся. Вось вам і гулькі. На клубных сцягах у Красным напісана “Смерць руціне! Мір — крэатыву!”

Экскурсія па Красным

Танцавальная студыя таксама працавала! І тут таксама было шматлюдна. У чым перавагі нашага аўтатура? У тым, што самі не ведаем, дзе канкрэтна, у якім населеным пункце, мы прыпынімся. І пра нашы намеры ў Красным не ведалі. Так што нечаканая “населенасць” СДК — не паказушная (хоць і такое ў нашай журналісцкай практыцы раз-пораз здараецца), а будзённая.

Цудоўна ведаем, у якім дэфіцыце на сяле харэографы. Таму і запыталіся ў Аліны Мішурко, ці надоўга яна затрымаецца ў Красным. Яна адказала: “Назаўжды, бо я — ідэйная!” Даўно мы такой “жалезнай” аргументацыі не чулі. А Аліна тым часам прымушала дзяцей (у студыі займаюцца ад трох гадоў да шаснаццаці) здымаць абутак у калідоры, выстройвала іх у харэаграфічнай зале і ўключала музыку. Дзеці ахвотна слухаліся. У ідэйных выхавальнікаў і выхаванцы ідэйныя.

За якую ж ідэю змагаюцца работнікі культуры Краснага? Насычанага і адухоўленага жыцця. Да прыкладу, Таццяна Каляда выношвае праект рэгулярнай, усебакова арганізаванай экскурсіі па вёсцы. Маршруты ўжо распрацаваны. Справа ў тым, што ў Красным існуе каля дваццаці помнікаў, звязаных з гісторыяй паселішча. Апрача згаданага касцёла з арганам ёсць царква Покрыва Прасвятой Багародзіцы, гарадзішча, каталіцкія ды яўрэйскія могілкі. Жаданне — ухвальнае. Мо мы дажывём да тых часін, калі на прэм’еры сельскіх мюзіклаў будуць прыязджаць аматары сцэнічнага мастацтва з абласных цэнтраў ды сталіцы, а ў дадатак захочуць стаць яшчэ і экскурсантамі? А пакуль з тым, пра што марылі і дзеля чаго жылі продкі, не пашкодзіць пазнаёміцца і мясцовай дзятве, а, мабыць, і больш дарослым вяскоўцам.

(Не)лірычнае адступленне Кастуся Антановіча

Колькі ўжо разоў у час нашых аўтападарожжаў задаваўся пытаннем, ці можна з сельскай культуры зрабіць трывалы кідкі брэнд? Не, я не пра “Бяседу” ці “Харошкі”. А пра сапраўдную аўтэнтычную. І пакуль я так разважаў, у Красным той брэнд ужо зрабілі, ці, больш дакладна, пачалі рабіць: распрацавалі фірмовы адметны лагатып, які сімвалізуе разнастайныя напрамкі дзейнасці СДК. Чым не прыклад для пераймання?

Рэкордны дзень?

У планах — і стварэнне мюзікла сіламі тэатральнай студыі. Таццяна Каляда — рэжысёр па адукацыі, даўно марыць пра сінтэтычную тэатральную пастаноўку, і цалкам верагодна, што здзейсніць яе на мясцовым матэрыяле. У сувязі з гэтым не магла кіраўнік установы і самую балючую праблему не агучыць. Якасць мерапрыемстваў залежыць і ад іх тэхнічнага забеспячэння. Якраз тут не ўсё як мае быць: адзін ноўтбук на дваццаць клубных фарміраванняў. Вось такія справы. Яшчэ гадоў пяць таму камп’ютары былі толькі ў бібліятэках (і далёка не ва ўсіх), а цяпер паўнацэннаму клубу і аднаго — мала. Шкада, што клубнае тэхнічнае пераўзбраенне за часам хранічна не паспявае. Да слова, і ў многіх бібліятэках камп’ютары паспелі маральна састарэць.

Мы зазірнулі ў сельскую бібліятэку Краснага і зразумелі, што бібліятэкар Алена Раманенка — таксама ідэйная. Мы хвалім тых спецыялістаў, да якіх на момант нашага прыезду завіталі два-тры чытачы. А ў Алены Віктараўны мы налічылі за стэлажамі і ля бібліятэчнай кафедры з дзясятак аматараў кніг самага рознага ўзросту. Не усе, праўда, захацелі фатаграфавацца. На наша пытанне “Сёння рэкордны дзень па наведваннях?” бібліятэкар адказала: “Ды не, самы звычайны”. Між тым, яшчэ і абедзеннага часу не было, а ў бібліятэку ўжо завіталі 14 чалавек.

За адзінае баліць галава ў Алены Раманенка — мала кніжных паступленняў. Каб не пастаянныя і бясплатныя перадачы кніг ад жыхароў Краснага, дык зусім кепска было з абнаўленнем фондаў. Хвароба — ці не агульная для ўсіх бібліятэчных устаноў краіны. А лекі і па сёння — не надта эфектыўныя.

Агульнае (не)лірычнае заканчэнне

Маладзечанскі рэгіён — вельмі нестандартны і цікавы на праявы творчай ініцыятыўнасці. Мы разумеем, што кіраўніцтву мясцовай культуры няпроста сумяшчаць гарадскі клопат з сельскім. Аднак пра яўны дысбаланс гаворка не вядзецца. Вёска маладзечанскага краю жыве тымі ж праблемамі, што існуюць ці не ў кожным нашым раёне. Але нам вельмі спадабалася, як вырашаюцца гэтыя праблемы ў Красным, дзе так шмат “ідэйных” работнікаў культуры.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"
Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"