Хроніка няспраўджанай катастрофы

№ 34 (1317) 26.08.2017 - 01.09.2017 г

Усе мы — у адной лодцы жыцця
Некаторыя тэатры яшчэ толькі закрылі сезон, а Нацыянальны акадэмічны драматычны імя Максіма Горкага ўжо адкрыў новы — юбілейны, 85-ы. Пачаў з прэм’ернага спектакля “Падводнікі”. Вы яшчэ не бачылі яго? Абавязкова паглядзіце. Чаму? Растлумачу.

/i/content/pi/cult/653/14497/IMG_2643.jpg

У аснову спектакля пакладзены рэальныя падзеі 1961 года на савецкай падлодцы К-19.

Калі вам скажуць, што “Падводнікі” — сусветны шэдэўр, не верце: сусвет пакуль не меў магчымасці ацаніць ні п’есу, ні пастаноўку. Але гэта той прафесійна выкананы спектакль, які заслугоўвае ўвагі. У ім сышліся актуальнасць праблематыкі і асноўныя патрабаванні глядацкага “райдару” шырокай публікі — за выключэннем хіба праславутай камедыі, хаця жартоўных момантаў ён не пазбаўлены.

Па-першае, спектакль створаны па аднайменнай п’есе вядомага беларускага драматурга Андрэя Курэйчыка. У аснову былі пакладзены рэальныя падзеі 1961 года на савецкай падлодцы К-19. А нарадзілася п’еса з ідэі, што належала мастацкаму кіраўніку тэатра, рэжысёру-пастаноўшчыку спектакля Сяргею Кавальчыку. Іншымі словамі, не драматург беспаспяхова абіваў парогі, а тэатр сам замовіў п’есу, якая яму патрабавалася. Фантастыка? Для некаторых тэатраў, можа, і так. А для гэтага — звычайная практыка. І не толькі для згаданага тандэма аўтара з рэжысёрам (нагадаю, мінулы плён іх супрацоўніцтва — “Пане Каханку” — ідзе на сцэне з 2010-га, збіраючы аншлагі). Акурат такім жа чынам, у выніку замовы драматургу, узнік “Пясняр” Васіля Дранько-Майсюка ў пастаноўцы Валянціны Ераньковай, уганараваны спецыяльнай прэміяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і Нацыянальнай тэатральнай прэміяй нашай краіны.

Па-другое, “Падводнікаў” трэба глядзець, каб напоўніцу ацаніць той магутны піяр, які атрымала прэм’ера, паказаная напярэдадні Дня Незалежнасці. Андрэй Курэйчык паўстаў як геніяльны піяр-менеджар, прадзюсар, арганізатар. Разгорнутая прэс-канферэнцыя, дзе паралельна закраналіся некаторыя праблемы сучаснай айчыннай драматургіі і яе сцэнічнага ўвасаблення, адбылася ў мультымедыйным прэс-цэнтры Sputnik Беларусь. Ды колькі ўсяго іншага было прыдумана, каб прыцягнуць увагу да падзеі!

Таму адзначым, па-трэцяе, што спектакль сапраўды ўдала спалучае, ужо на ўзроўні ідэі, зварот да нацыянальнай тэмы (герой-беларус, які становіцца выратавальнікам не толькі служачых падлодкі, але і ўсяго сусвету ад ядзернай катастрофы, мінулая чарнобыльская трагедыя, цяперашняе будаўніцтва Беларускай АЭС на Гродзеншчыне) — і агульначалавечую цікавасць да абранай праблематыкі. Бо тут закранаецца цэлы шэраг надзвычай актуальных тэм: тэхнагеннай катастрофы, адказнасці і абавязку, самаахвярнасці, подзвігу. Нарэшце, маральнага выбару.

Яшчэ адну прычыну неабходнасці “культпаходу” на “Падводнікаў” можна акрэсліць проста: гэты спектакль — для вас, жанчыны! Не толькі таму, што ў ім, вядома, узняты і тэмы кахання, здрады, вернасці, спрадвечнага жаночага чакання, што трымаецца на любові і надзеі, а таму, што на сцэне з’яўляецца ледзь не ўвесь мужчынскі склад тэатра і студэнты Акадэміі мастацтваў. У якім яшчэ спектаклі вы ўбачыце столькі прыгожых, статных мужчын і юнакоў? Ды ў ваенна-марской форме, якая робіць іх яшчэ больш падцягнутымі? Ну, а моцнай палове чалавецтва, безумоўна, будзе цікава спалучыць тэатр з ваенным музеем і ў падрабязнасцях разгледзець “начынку” падводнай лодкі не на макеце, а ў рэальных маштабах. Сцэнаграфія Алы Сарокінай, дзе ва ўсю сцэну ўсталяваны два паверхі тэхнікі “ў разрэзе”, гэта дазваляе. Тым больш, што ўсё рабілася пры непасрэдным даглядзе спецыялістаў-кансультантаў.

Аматары кіно змогуць параўнаць са спектаклем фільмы, прысвечаныя той жа аварыі на згаданай савецкай падлодцы. Філолагі — паспрачацца наконт залішняй “кніжнасці” некаторых дыялогаў. А вось тэатральным эстэтам, крытыкам, схільным да сімволікі ўласна тэатральнай мовы, спектакль можна абмінуць. Ён зроблены настолькі дэмакратычна, што ўсё гэта там па мінімуме. Адзіным, бадай, прыёмам становіцца тое, што загінуўшыя ад радыяцыі застаюцца назіраць за жывымі — у белых строях, бы агаліўшы свае душы. А смерць, у адпаведнасці са славянскім фальклорам, можа прыйсці ў абліччы Русалкі. Гэтак жа “дазіраваны” ў спектаклі эмоцыі і роздум: гэта не фільм-катастрофа, не блокбастар (хаця ўкладзена ў яго, па тэатральных мерках, грошай нямала), не трылер, не філасофская прытча. Жанр азначаны як “хроніка катастрофы, што не адбылася” — і гэта апраўдвае нетаропкі апавядальны тон. Вам не давядзецца пасля прагляду не спаць усю ноч, вяртаючыся да калізій і пераасэнсоўваючы няпростыя рашэнні герояў: усё гэта вы паспееце зрабіць падчас спектакля.

Зорны склад акцёраў (сярод іх ёсць Руслан Чарнецкі, Вераніка Пляшкевіч, Аляксандр Вергуноў, Іван Мацкевіч, Сяргей Жбанкоў — ды ўсе ўлюбёнцы публікі) дапаўняюць дэбютанты. Сапраўдным адкрыццём рэжысёра стала студэнтка БДАМ Віталіна Бідзюк. Ёй былі давераны адразу дзве супрацьлеглыя ролі: Светы, якая з’яўляецца дачкой галоўнага героя і ад імя якой вядзецца аповед, і Русалкі.

Кампазітарам быў запрошаны Іван Бурляеў — сын Мікалая Бурляева і Наталлі Бандарчук. Што ж, было б няблага, каб спектакль пры магчымасці паехаў у Расію, нягледзячы на грувасткае сцэнаграфічнае збудаванне і вялікі склад акцёраў.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"