Гэта Вам не Рыа, гэта Мінск

№ 34 (1317) 26.08.2017 - 01.09.2017 г

Праект Vulica Brasil падобны на ўварванне — колеру, творчасці, узаемадзеяння і абмену. Ці можна ўявіць сабе больш яскравую дыпламатычную місію, чым прыдумала Пасольства Бразіліі ў Беларусі? Беларуска-бразільскі фестываль урбан-арту Vulica Brazil, які ладзіцца ў чацвёрты раз у сталіцы пры падтрымцы Міністэрства культуры і Мінгарвыканкама, не збіраецца спыняцца ні па маштабах задумы і рэалізацыі, ні па глыбіні паслання. Як сказаў бы вядомы літаратурны герой, гэта — не Рыа-дэ-Жанэйра. Гэта — Мінск!

У рамках сёлетняга фэсту ў Мінск прыехала шэсць бразільскіх мастакоў. Сярод беларускіх удзельнікаў — слынныя Bazinato, Міця Післяк, Марат RGB. Але сёлетні фестываль увойдзе ў гісторыю найперш праз удзел у ім сучаснага класіка-абстракцыяніста Сяргея Кірушчанкі, які разам з куды маладзейшым “стрыт-артыстам” Андрэем Буселам спрычыніцца да пераўтварэння гарадской прасторы сталіцы.

Сапраўдны плён высілкаў street-марафона будзе бачны напрыканцы фестывалю — 2 і 3 верасня, у час карнавалу, які стане кульмінацыяй дзеі. Пакуль жа аглядальнік “К” заспела працу ў працэсе — на розных яго стадыях — і пагутарыла з некаторымі ўдзельнікамі фестывалю: што значыць для кожнага з мастакоў street-art, пра што распавядаюць іх працы, ці вераць яны ў “зялёны” горад.

Дантэ Араіва: “Адпусціць мінулае”

Яго праца на вуліцы Раманаўская Слабада яшчэ не скончана, але людзі перад незвычайнай выявай ужо спыняюцца. На ёй — маладая жанчына ў белай сукенцы падразае валасы старэйшай кабеце. Вочы абедзвюх заплюшчаныя, твары — прасякнутыя спакоем. Пакуль я чакаю, калі мастака апусцяць на зямлю з вялізнага пад’ёмніка, стан задуменнасці паступова ахоплівае і мяне.

/i/content/pi/cult/653/14486/12kultura1+ copy.jpg

— Гэта своеасаблівая канцэнтрацыя ды нават медытацыя, — распавядае Дантэ пра рытуал, што адбываецца на яго мурале. — Мне падабаюцца выразы твараў гэтых жанчын. Яны нібыта глядзяць унутр сябе, і я хачу нагадваць людзям пра тое, як важна занурацца ў свой унутраны свет і разбірацца з уласнымі прывідамі.

Мая праца выяўляе неабходнасць быць адкрытым да чагосьці новага. Ёсць мінулае, якое цягне нас назад. Яно можа прымаць розныя абліччы: пэўныя сацыяльныя стасункі, таксічнае атачэнне, нават рэлігія або заскарузлыя традыцыі… Калі яны запаўняюць нас цалкам, то месца для таго, каб убачыць новыя магчымасці, не застаецца. І цяперашняе становіцца закладнікам мінулага. Я хачу нагадаць пра тое, што важна яго адпускаць і адкрывацца новаму. Спадзяюся, маё пасланне не будзе ўспрымацца скажона ці няправільна.

Гэта першы мой мурал за восем гадоў. Папярэдні быў у Ратэрдаме. Увесь мінулы час я прысвяціў рабоце ў студыі. Не назваў бы свае творы графіці, — я працую над пано, як над вялікай жывапіснай карцінай. І большасць з іх выкананы пэндзлямі і акрылам. Вельмі рэдка выкарыстоўваю спрэй — толькі ў тым выпадку, калі мяне не задавальняе паверхня сцяны.

Мне падаецца, што кожны street-мастак вольны выбіраць той шлях, які яму даспадобы. Калі я быў малады, натхняўся графіці, але потым прыйшоў да свайго стылю. Для мяне public art — гэта брама, якая адкрывае шлях да розных культур, дазваляе падарожнічаць, бачыць, як жывуць іншыя людзі.

Паняцце нацыянальнай ідэнтычнасці не страціла свайго сэнсу, але кожная культура ўзбагачаецца, калі яна поліэтнічная. У Мінску мне вельмі дзіўна бачыць прадстаўнікоў пераважна адной нацыянальнасці, бо Сан-Паўлу — гэта мультыкультурны кацёл, у якім віруюць самыя розныя народы. Сам я адчуваю сябе больш бразільцам, хоць і маю японскія карані. Толькі нядаўна мне ўдалося высветліць, што мае продкі — гэта не зусім японцы, а старажытныя насельнікі Японскіх астравоў — айны. Пра гэты народ мала вядома, яны толькі некалькі гадоў таму былі афіцыйна прызнаны нацыянальнай меншасцю ў Японіі.

У вашай краіне мяне ўразілі людзі, і асабліва валанцёры, якія дапамагалі мне з адкрытым сэрцам. Я ніколі не бачыў у жыцці такога чыстага горада — і, як ні дзіўна, мне гэта падаецца недахопам. Бо дзе ваша моладзь можа самавыяўляцца? Дзе яе слова сярод гэтай чысціні?

Рамон Марцінс: “Дадаць колеру ў аблічча Мінска”

Будынак, які ён распісвае на вуліцы Кастрычніцкай, ужо займеў рознакаляровыя геаметрычныя фігуры і беларускую нацыянальную сімволіку. “Гэты сімвал азначае агонь!” — кажа мастак, трымаючы трафарэт, па якім ён размяркоўваў фарбу. Пано, якое ў мінулым годзе зрабіў Рамон, ужо сталася славутасцю Мінска. Ішла нават гаворка пра тое, каб уключыць роспіс у Кнігу рэкордаў Гінеса.

/i/content/pi/cult/653/14486/12kultura6aS.jpg

— Такая прапанова гучала, але пакуль справа яшчэ вырашаецца, — распавядае Рамон. — Калі ўсё атрымаецца, будзе здорава. Хаця для мяне важны не толькі падобнага кшталту поспех, але і рэакцыя людзей, якія жывуць тут. Колеры, якія я імкнуўся ўвесці ў ваш горад, выявы — маё пасланне маладому пакаленню. Для мяне стрыт-арт — найперш камунікацыя, і я спадзяюся, што імпульс, які я ўкладваю ў сваю працу, людзі адчулі.

Калі летась я пабачыў той вялізны гмах, які мне выпаў гонар распісваць, — дык проста ашалеў! Нічога сабе! Такі выклік вымусіў многае змяніць у маёй працы і падыходах. Па-першае, спатрэбілася дапамога асістэнтаў — да гэтай пары я працаваў адзін. Па-другое, маляванне ішло ў дзве рукі. Па-трэцяе, стала зразумелым, што патрэбны выявы, якія будуць бачныя здалёк, і ўсё гэта трэба зрабіць хутка. Вынік да канца быў трохі непрадказальным.

У дадзены момант я — на раздарожжы. З аднаго боку, выбраў колеры, якія люблю і якія для мяне важныя. З іншага, я чакаю пэўнага знаку ад Мінска, той вібрацыі, якая дасць мне штуршок маляваць. Для мяне істотны непасрэдны кантакт з горадам, з яго насельнікамі, якія даюць мне імпульс для творчасці. Мне хочацца паяднаць нейкім чынам Беларусь і Бразілію, але пакуль няма вобразу, які б мяне задаволіў.

Каб змяніць свет, стрыт-арт не абавязкова мусіць быць прыземленым і канкрэтным. Лічу, што калі мастак супраць вайны, яму не абавязкова маляваць ружжо ці гарматы. Мяне цяпер турбуюць праблемы экалогіі. Да прыкладу, зубр, які з’явіўся на пано ў Мінску, — гэта мой заклік да беларусаў берагчы свой прыродны свет. Прачытаў пра зубра ў Чырвонай кнізе, а каб намаляваць, паехаў у заапарк. Вельмі не люблю заапаркі, а калі яшчэ пабачыў гэтага неверагодна прыгожага звера ў няволі, шчыра кажучы, заплакаў. Мне было важна выявіць яго на мурале — гэта ж ваш сімвал! Беражыце яго!

Я прытрымліваюся экалагічнага ладу жыцця. Жыву на ферме, у мяне невялікая гаспадарка: два кані, два каты, два сабакі, дзесяць курыц. Я — жорсткі вегетарыянец. Мой дзень пачынаецца з таго, што я прачынаюся і іду глядзець свой архідарыюм. У мяне вялікая калекцыя архідэй — каля двухсот відаў — і я спецыялізуюся на вырошчванні рэдкіх гатункаў гэтай кветкі, асабліва тых, якія знікаюць, і вяртаю іх у асяроддзе, дзе яны мусяць расці. Гэта важны момант — разам са знікненнем кветкі або жывёлы змяняецца і ўвесь сусвет. Што мы пакінем пасля сябе?

Калі я быў малады і толькі пачынаў занурацца ў стрыт-арт, адзін з маіх настаўнікаў сказаў мне: “Перш, чым намаляваць штосьці на сцяне, ты мусіш добра падумаць. Бо потым людзі будуць жыць побач з тваёй выявай”. Мае ўніверсітэты даволі разнастайныя: і баўленне часу на вуліцы, і навучанне ў школе выяўленчых мастацтваў, і нават праца з гістарычнай спадчынай. Мне хочацца дадаць колеру ў аблічча вашага горада — гэта, напэўна, самае галоўнае. Колер і ёсць маёй зброяй для змянення свету.

Дыега Дэдабліа: “Люблю далікатнасць”

На тэрыторыі культурнага цэнтра “Корпус” Дыега і яго каманда толькі зачышчаюць сцяну будынка — праца распачалася зусім нядаўна.

/i/content/pi/cult/653/14486/12kultura6a copy 2.jpg— У маім нататніку мноства скетчаў, — кажа мастак. — Тут я хачу выкарыстаць розныя этнічныя матывы. Галоўнае пано на тарцы будынка змесціць выявы жанчыны і мужчыны — месяца і сонца. Шмат раслінных арнаментаў — я люблю падобныя роспісы — зоркі, анёл… Выявы будуць пераходзіць адна ў адну. Я імкнуся змешваць самыя розныя культуры і лічу, што Сусвет нельга падзяляць на асобныя часткі. Я прыхільнік канцэпцыі Пангеі — першага непадзельнага кантынента, калі людзі жылі разам і ўяўлялі адну сям’ю. Чалавецтва сёння, мне падаецца, мусіць быць такой сям’ёй, і для мяне галоўнае, не якой ты нацыянальнасці, а які ты чалавек. Россып культур — гэта тое багацце, якім усе мы валодаем. Бессэнсоўна ў наш час казаць, што існуе толькі бразільская ці якая іншая культура.

Я пачынаў з коміксаў — капіраваў розныя стылі, каб навучыцца ў невялікім эскізе выяўляць экспрэсію і думку. Гэта вельмі дапамагло мне ў пошуку маёй мастацкай мовы. Таксама шмат вывучаў творчасць бразільскіх аўтараў — Лазара Сегала, Дзакарыя Аўтуоры, хадзіў на заняткі школы мастацтва ў Сан-Паўлу. Гісторыя сусветнага мастацтва, канцэпт кіно таксама для мяне важныя. Паветра, якім я дыхаю, гэта не абмежаваная прастора культуры, а ўсё, што навокал і да чаго мне ўдаецца дацягнуцца.

Я вялікі прыхільнік Карла Густава Юнга. Нельга недаацэньваць той уплыў, які аказвае на псіхіку чалавека колер, выявы, вобразы. Навокал нас — шмат рэкламы, якая імкнецца зачапіць, і чалавек увесь час знаходзіцца ў стане стрэсу або ўзбуджанасці. Я ў сваіх працах хачу даць людзям магчымасць сузірання, рэфлексіі, тэрапіі. Малюю шмат розных дэталяў, якія трэба доўга разглядаць, выкарыстоўваю колеры, якія супакойваюць, — каб людзі адчувалі сябе камфортна. Я хачу, каб мае малюнкі сталі месцам прыцягнення, гарманізавалі атачэнне. Люблю працаваць у цішыні, каб выпраменьваць падобную энергетыку. Дарэчы, маё жыццё і творчасць літаральна змянілі фільмы Андрэя Таркоўскага.

Магчыма, для кагосьці я даволі дзіўны стрыт-мастак, але… я такі як ёсць. Люблю змешваць: афрыканскія матывы, скандынаўскія, бразільскі спірытызм, шаманскія малюнкі... Люблю псіхалогію, далікатнасць. Кажуць, што такіх стрыт-мастакоў не бывае? Але я ж ёсць!

Паліна Пірагова і Васіль Цімашоў: “Горад паступова мяняецца”

У ангары, дзе працуюць творчы дуэт “Рэха” і іх памочнікі, стаіць духмяны водар лісця. Паліна і Васіль ствараюць аб’екты з лазы — трубы, якія аплятуць заводскі будынак, захапіўшы яго ў своеасаблівы “зялёны” палон. Васіль зварвае металічныя каркасы, якія потым аплятае галінкамі Паліна і К. Працы так многа, што сёлета, па словах мастакоў, удасца зрабіць толькі першыя дзевяць метраў “зялёнай” трубы. Гуляем з Палінай па дыване з лісця — у той час, як валацёры носяць новыя галінкі.

/i/content/pi/cult/653/14486/12kultura6a copy.jpg

— У выніку нашай працы гарадская прастора напаўняецца прыроднай структурай, — кажа яна. — Адпаведна, змяняецца сэнс формы, канструкцыі і яе прызначэнне. Калі ў нас атрымаецца зрабіць скульпутру цалкам, гэта будзе крона дрэва, якая “падсілкоўвае” горад. Ужо выкарыстаны тры прычэпы лазы. Усяго, напэўна, на выраб трубы пойдзе шэсць. Можаце не хвалявацца, мы ў прыродным асяродку нічога не парушаем. Лаза сячэцца ўздоўж берагоў рэчкі, дарог — і наадварот, потым з адной адсечанай пачынаюць расці некалькі маладых галінак.

Труба “віецца” ўздоўж сцяны, і пракласці такі няпросты маршрут вымагае вельмі шмат працы. Налета даўжыня канструкцыі мае дасягнуць 20 метраў. Хацелася б, канешне, каб была ўнутраная падсветка — яна адразу зробіць эфект “усмоктвання” трубы ў будынак, энергія пацячэ па трубах, але пра гэта пакуль рана казаць.

Увогуле, працаваць з лазой для нас вялікае задавальненне. Нам блізкія тэмы рэгенерацыі прыроды, энергіі зямлі, святла, мы цалкам падзяляем светапогляд праекта Vulica brazil. Асноўныя нашы матэрыялы і ёсць арганіка: камень, лаза, кара… Але з каменю такія аб’ёмныя скульптуры, як з лазы, цяжка сабе дазволіць.

Мяне ўразілі валанцёры, якія прыйшлі нам дапамагаць. Мы не чакалі, што моладзь з такой адданасцю возьмецца за даволі складаную, хоць і медытатыўную працу пляцення. Увогуле, рух, які адбываецца на фестывалі, пераканаўча засведчыў, што маладыя людзі хочуць паляпшаць свой горад, змяняць яго ў лепшы бок. І калі бачыш, як гараць у іх вочы, — разумееш, што з такім імпэтам многага можна дамагчыся.

Мяркую, што Мінск паступова мяняецца. Нядаўна мы з Васілём самі прапаноўвалі свае скульптуры розным інстытуцыям, а сёлета ўжо да нас прапановы сыплюцца, бы з рога дастатку. Батанічны сад, Арт-астравы на Камсамольскім возеры, Freaky Summer Party, Тыдзень дызайну ў Траецкім прадмесці… Вось і Vulica brazil таксама дадае да муралаў аб’ёмныя скульптуры. Усё гэта — сведчанне руху, што адбываецца ў горадзе, і дадатковыя магчымасці мінчанам далучыцца да сучаснага мастацтва. Звычайна сустрэча з ім адбываецца ў нас як? Ладзіцца выстава, на якую прыходзяць пераважна іншыя мастакі паглядзець на працу сваіх калег. Паглядзелі — і разышліся. А калі мастацтва выходзіць на вуліцы, то ўзаемадзеяння з публікай ужо ніяк не абмінуць, — адбываецца дыялог, кантакт, і гэта змяняе асяродак. Адпаведна, і культурны клімат горада становіцца іншым.

У іншых краінах нават гандлёвыя цэнтры імкнуцца прыцягнуць да сябе аўдыторыю, размяшчаючы ў сваіх прасторах сучаснае мастацтва. Мы ж толькі пачынаем фарміраваць попыт на такія творы. Пакуль яшчэ няма аўдыторыі, якая гатова заплаціць за падобны прадукт. Усё развіваецца павольна.

Важная рэч — энергія тых энтузіястаў, якія змяняюць наш асяродак. Збольшага, гэта людзі, якім трошкі болей за трыццаць, а мо нават і маладзейшыя. Але яны ўмеюць дамаўляцца, знаходзіць кропкі судакранання з уладамі, вырашаць праблемы — і робяць праекты, якія змяняюць горад і нас з вамі. Магу толькі захапляцца іх імпэтам і вытрымкай. Гэта здорава, што такія людзі побач з намі. І давайце іх цаніць!

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"