Перш, чым было Слова

№ 35 (1318) 02.09.2017 - 08.09.2017 г

Развагі трох “Скарынаў” пра свой прататып
Імя Францыска Скарыны шчыльна ўплецена ў жыццё Беларусі. Сёння мы бачым яго на шыльдах з назвамі вуліц, а выяву — у падручніках, на білбордах, у роспісах на будынках. У яго гонар названы сталічная гімназія і ўніверсітэт у Гомелі. Хтосьці штодня праходзіць ля бронзавага першадрукара, іншы фатаграфуецца з нечакана для яго знойдзеным помнікам Скарыну ў замежжы, кагосьці партрэты асветніка сустракаюць ва ўстановах культуры і адукацыі. А вось на тэатральнай сцэне доўгі час быў зацішак. Драматургам і рэжысёрам не ставала творчай зачэпкі, новага погляду на знаёмы з дзяцінства вобраз. Штыль панаваў ажно да юбілею айчыннага кнігадрукавання…

/i/content/pi/cult/652/14479/35 kultura 8-9 copy S.jpg

Конкурс “Францыск Скарына і сучаснасць”, які зладзіў у 2016 годзе Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі пры падтрымцы Нацыянальнай бібліятэкі і Беларусбанка, ускалыхнуў зацікаўленасць тэатральнай грамадскасці да постаці знакамітага беларуса. І пры ўсёй нелюбові майстраў да “заказу” і “абавязалаўкі” — акцыя да пэўнай даты магла павярнуцца і ў гэты непрыемны бок — прапанова стварыць п’есу, якая звязала б нас і асобу, якая жыла 500 гадоў таму, сапраўды ўзбагаціла рэпертуар беларускіх тэатраў. У прамінулым сезоне спачатку ў Магілёве, а потым і ў Мінску гледачоў запрасілі на знаёмства з нечаканым Скарынам, які не ўкладваўся ў традыцыйную строгую біяграфію, спрытна падсунутую чалавеку падручнікамі і энцыклапедыямі.

Так, драматург Мікалай Рудкоўскі імкнуўся зразумець матывы, якія кіравалі ўчынкамі друкара, унікнуць у яго душэўны смутак, жаданні і памкненні. Тыя разважанні зачапілі рэжысёра Магілёўскага абласнога драматычнага тэатра Саўлюса Варнаса. У выніку з’явіўся спектакль з лаканічнай назвай “Скарына” — пра боль чалавека, які прысвяціў сваё жыццё барацьбе супраць невуцтва.

Пісьменнік Віктар Марціновіч, які вырашыў кінуць сам сабе выклік, паспрабаваўшы свае сілы на ніве драматургіі, прапанаваў задумацца над тым, што адчуваў сённяшні герой сярод сваіх сучаснікаў, калі ў яго ідэі ніхто не верыў. Чаго каштавала таму, чыё аблічча сёння ведае бадай кожны школьнік, яго апантанасць ідэямі? “Кар’ера доктара Рауса” рэжысёра Аляксандра Гарцуева ў сталічным РТБД нагадвае сваёй атмасферай лепшыя п’есы Рыгора Горына — спектакль распавёў пра чалавека, які нарадзіўся раней свайго часу і ўсё ж змог змяніць уласнымі канцэпцыямі ўсё чалавецтва.

Гэтыя закладзеныя драматургамі і рэжысёрамі коды лёгка счытваюцца ўдумлівым гледачом. А што для сябе адкрылі ў вядомым вобразе самі выканаўцы ролі Скарыны?

Іван ТРУС, акцёр Магілёўскага абласнога драматычнага тэатра, лаўрэат Нацыянальнай тэатральнай прэміі Рэспублікі Беларусь:

— Школьнікам і студэнтам біяграфію Францыска Скарыны падносяць у першую чаргу як гісторыю станаўлення першадрукара. Таму для мяне сапраўды былі адкрыццём шматлікія аспекты яго жыцця, яго ваганні, адкрытасць і шчырасць яго любові да ведаў, роднай краіны, народа і да сваёй Музы — яго жонкі. Ён не быў ідэальным: друкара раздзіралі сумненні і спакусы. Скарына — сапраўдны айсберг, шкада, што пра яго ўголас загаварылі, толькі дзякуючы круглай даце. Доўгі час ягоную выяву можна было пабачыць хіба ў школьных дзённіках, калі ж замаячылі прыгожыя лічбы, пра асветніка раптам пачалі пісаць п’есы.

Падчас нашага спектакля галоўны герой ходзіць у сучасным адзенні і размаўляе “сённяшняй” мовай. Рэжысёр і драматург наблізілі друкара да людзей ХХІ стагоддзя, але, як ні сумна тое прызнаваць, нашае пакаленне мала чым падобнае на вялікага продка. Скарына прысвяціў сваё жыццё таму, каб як мага болей пакінуць для нашчадкаў, а большасць з нас жыве з дзікай прагай набіць кішэні ці нават галовы абсалютна не важна чым. Бачыш такое — і часам пачынаеш сумнявацца, ці ўвогуле патрэбна звяртацца да вялікіх постацей мінулага, ці адгукнецца ў каго ў душы іх прыклад…

Дзмітрый ДАВІДОВІЧ, акцёр Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі:

— Звычайна, калі гаворка заходзіць пра постаці, якія даўно ва ўсведамленні людзей ператварыліся ў партрэты і помнікі, пачынае здавацца, быццам тыя персанажы спрэс выдуманыя. Іх біяграфіі часта вылегчаныя і пазбаўленыя ўсяго жывога, таму і героі падаюцца несапраўднымі — як быццам і не існавала іх у рэальным жыцці. У працы над гэтай роллю я адчуў, што Францыск Скарына быў жывым чалавекам. Ён, як і ўсе, хадзіў, дыхаў, жыў, але пры гэтым вельмі хацеў змяніць звыклы парадак рэчаў.

Былі адмысловыя праблемы з тэкстам, бо ў ім траплялася зашмат прафесіяналізмаў, тэрмінаў, ды і колькасць яго, шчыра кажучы, уражвала. На працягу спектакля наш галоўны герой моцна прайграе абставінам. Ён не ведае, ці атрымаецца нешта з яго задумаў. Рэжысёр Аляксандр Гарцуеў прыдумаў, каб Скарына час ад часу ўздымаў рукі ў позе, якую ўсе пазнаюць, дзякуючы помніку ля Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Атрымаўся своеасаблівы намёк на тое, што абавязкова ўсё складзецца. Усведамленне таго, што значны ў гісторыі чалавек калісьці быў такім жа, як і ты цяпер, моцна ўплывае: значыцца, і ты зможаш нешта зрабіць па меры сваіх сіл. Гэта становіцца больш значным, наглядным прыкладам.

Вобраз Скарыны абавязкова трэба вяртаць у мастацтва, пераасэнсоўваць яго. Паглядзіце, які моцны пасыл: чалавек, што жыве на сваёй зямлі побач з іншымі народамі, цвёрда разумее, што ён — беларус, бачыць адрозненне свайго этнасу ад іншых. Асабіста мяне гэты герой надзвычай натхняе.

Арцём КУРЭНЬ, акцёр Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі:

— Ці праўда, што школьныя падручнікі з сухой падачай інфармацыі могуць адбіць цікавасць да постацей мінулых стагоддзяў? Я люблю гісторыю, цікаўлюся ёю, таму лічу, што няма чаго ківаць на школу: спасцігаць ці не мінулае свайго краю — асабістая справа кожнага. Наконт адкрыццяў мне цяжка сказаць, агульныя факты біяграфіі Францыска Скарыны мне былі вядомыя. Не чуў хіба толькі пра наведванне асветнікам Масквы. Факт, што там яго кнігі былі спаленыя, мяне моцна ўразіў! Мне падаецца, многія не надаюць вялікай значнасці справе друкара, бо кнігі даўно сталі ў нашым жыцці чымсьці звыклым. Ды і сам Скарына адносна нядаўна з’явіўся ў падручніках па гісторыі. Цяпер можна назіраць значныя зрухі на шляху яго папулярызацыі, у справе вывучэння асобы. Спадзяюся, далей такіх крокаў, у тым ліку пастановак, стане больш.

Чым блізкі мой Скарына сучаснаму чалавеку… Фантазія Віктара Марціновіча дазваляе п’есе “Кар’ера доктара Рауса” пазбавіцца дакументальнай шаблоннасці, і гэта вельмі добра, бо асоба, апантаная ідэяй, чалавек маральны і мэтанакіраваны існуе па-за часам. Таму такая постаць і становіцца знакавай у гісторыі, сапраўдным маналітам. Наш спектакль таксама не толькі пра друкара. Мы жывем у век высокіх тэхналогій і неабмежаваных магчымасцяў, і тым не менш, сучасны чалавек сутыкаецца з тымі ж цяжкасцямі, што і 500 гадоў таму: бюракратызм, непаразуменні ў грамадстве, унутранае непрыняцце прагрэсіўных, разумнейшых за цябе людзей... Людзі працягваюць нараджацца не ў сваю эпоху, апераджаць сваімі адкрыццямі час, але менавіта яны будуць прасоўваць чалавецтва наперад!

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"