“Ёсць што падарыць. Няма ў што загарнуць!”

№ 32 (1315) 12.08.2017 - 18.08.2017 г

Маладзечанскі раён вучыцца прадаваць сельскі арт-прадукт: на парадку дня — рэклама аб'ектаў і паслуг
Мы думалі, што ўсё бачылі. Як мы, наіўныя, памыляліся! Лічы, што за сталічнымі весніцамі, на Маладзечаншчыне, нечакана натрапілі на дзве ўстановы культуры, вельмі незвычайныя па форме ды змесце і, як высветлілася, пакуль не надта прадказальныя па перспектыве. Вырашылі, што тэма іх далейшага развіцця — вельмі надзённая для іншых нестандартных аб’ектаў, якія могуць і павінны прыцягнуць павышаную ўвагу наведвальнікаў.

/i/content/pi/cult/651/14462/1.jpg

Маршруты нашы пралягаюць збольшага не па цэнтральных аўтастрадах, а па другарадных лясных ды сельскіх дарогах. Таму і адсочваем ход культурнага жыцця не з параднага ўваходу. Вось прыблізна на такім шляху, у раёне вёскі Красоўшчына, і кінулася ў вочы прыдарожная рэклама: “Раённы цэнтр рамёстваў: вырабы на любы густ. Экскурсіі, сувеніры, падарункі“. Натуральна, не маглі не спыніцца. Яшчэ і з той прычыны, што вельмі ўжо маляўніча выглядала гаспадарка выпадкова сустрэтай установы.

Хто там, на гары?

/i/content/pi/cult/651/14462/2.jpgЗа плотам, на салідным пагорку (хоць канатную дарогу ладзь!) — два зграбныя дамкі, свіран, драўляныя скульптуры, кветкі і яблыні. Усё гэта нагадвае дагледжаную аграсядзібу, калі б не афіцыйная шыльда на будынку, які з’яўляецца музеем рамёстваў. Майстар-метадыст Святлана Бячкова тлумачыць, што другая будыніна — хата майстроў. Тут ладзяцца майстар-класы, вучоба для ахвотных асвоіць саломка- і лозапляценне, вышыўку і фларыстыку, выцінанку і роспіс па тканіне, работу са скурай, бяростай, сасновай карой, мешкавінай…

Раней тут былі па чарзе жылы дом, сельская бібліятэка. Цяпер — музей, які ўяўляе з сябе некалькі пакояў вельмі прыстойнай мастацкай галерэі, дзе сабраны лепшыя работы майстроў-рамеснікаў раёна. Працуе тут і сувенірная крама, дзе гэтыя творы можна купіць. Ёсць магчымасць зрабіць індывідуальную замову.

А яшчэ спецыялісты Цэнтра займаюцца зборам этнаграфічнага матэрыялу, прапагандуюць яго, развіваюць ды распаўсюджваюць. Маецца тут і этнаграфічны куток. Словам, шмат чаго ёсць. Вось толькі наведвальнікаў мала ды рэкламы не стае. Нам падарылі буклет Цэнтра, выпушчаны да Рэспубліканскага фестывалю-кірмашу працаўнікоў вёскі “Дажынкі-2011”. Святлана Бячкова пагаджаецца, што іх установа застаецца нераскручанай, бо сярод актыўных наведвальнікаў пераважаюць толькі школьнікі, якіх возяць сюды планава. Іншыя рэзервы — не выкарыстоўваюцца як след.

Мы, да прыкладу, не адразу дацямілі, што на тэрыторыі ўстановы можна пагуляць ля сажалкі з карасямі ці памарыць пад засенню старых яблынь. Так што “рамесніцкая” гара ў Красоўшчыне — для госця як вясковае адхланне пасля гарадской мітусні. Ды толькі хто пра гэта ведае? А калі дадаць, што побач з Красоўшчынай ёсць яшчэ і вёска Плябань з не менш цікавым і прывабным для турыста Цэнтрам традыцыйнай культуры і побыту, дык карціна вымалёўваецца наступная: патэнцыйны турыстычны маршрут, які звязваў бы дадзеныя аб’екты культуры з Мінскам, Маладзечнам і вёскай Залессе Смаргонскага раёна, асветленай імем Міхала Клеафаса Агінскага (куды мы гэтым разам і накіроўваліся), пакуль проста не існуе ў прыродзе.

(Не)лірычнае адступленне Яўгена Рагіна

Жыў у маёй Ветцы мастак-самавук Грыша Захараў. Маляваў як бог. Але і балаболам быў знакамітым. Любіў прыгаворваць: “Ёсць у мяне што табе падарыць. Ды няма ў што загарнуць”. Мне гэтыя словы прыгадаліся пасля наведвання раённага цэнтра рамёстваў у Красоўшчыне. Не, ну сапраўды, база створана неблагая, месца — маляўнічае, а наведвальнікаў — кот наплакаў. Выснова — на паверхні: трэба вучыцца “загортваць” прадукт так, каб народ у чаканні платнага “падарунка” ў чэргі выстройваўся. Як гэта зрабіць? Па маім меркаванні, кожны работнік культуры сёння павінен быць і тураператарам, і маркетолагам-менеджарам, і рэкламшчыкам-піяршчыкам. Пры ўсім гэтым, я не прыхільнік камерцыялізацыі рэгіянальнай культуры. Проста так сёння працуе ўвесь культурны свет. Самадастатковасць ёсць вынік сістэмнай пазабюджэтнай дзейнасці. А пры выніковай эканамічнай працы ў творцы з’яўляецца матывацыя працаваць яшчэ лепей.

/i/content/pi/cult/651/14462/4.jpgКаб не Ягайла…

Працяг тэмы мы пабачылі ў Плябані. Таксама не спадзяваліся сустрэць тут Цэнтр традыцыйнай культуры і побыту, што ўваходзіць у структуру цэнтралізаванай клубнай сістэмы Маладзечанскага раёна. Кіраўнік Цэнтра Ала Ліхтаровіч з ахвотай распавяла, што калісьці ехаў міма князь Ягайла, конь заўважыў ваўка і панёс. Ягайла паспеў загадаць: “Калі выжыву — царкву тут пастаўлю!” Выжыў, бо конь спыніўся ля рэчкі Уша. А царкву назвалі Свята-Успенскай. Мы яшчэ распавядзем пра тое, чым знакамітая “Краіна “Плябанія” і чаму тут абавязкова трэба пабываць. Але спачатку — уласна пра сам Цэнтр, што знаходзіцца праз дарогу ад храма, які каторы ўжо год рамантуецца.

Асноўны будынак Цэнтра месціцца ў колішняй хаце ксяндза (царква станавілася касцёлам, потым зноў царквой). Грунтоўны рамонт яе, як і гаспадарчых пабудоў, правялі сіламі гаспадарчай групы аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Маладзечанскага райвыканкама. Цэнтр з’яўляецца культурна-асветніцкай установай, дзе самае пашанотнае месца адведзена мясцовай традыцыі. Апрача Алы Сцяпанаўны, працуюць тут яшчэ два спецыялісты, адраджаюць і развіваюць самабытную культуру, мацуюць аматарскую творчасць, забяспечваюць яе пераемнасць. Сярод паслуг — экскурсіі па залах Цэнтра, удзел у абрадах і народных святах, фальклорна-гульнявыя праграмы, майстар-класы рамеснікаў, правядзенне юбілеяў, сямейных урачыстасцяў, карпаратыўных вечарын. Апошняя паслуга рэалізуецца ў адрамантаваных гаспадарчых пабудовах, дзе ёсць вельмі ўтульная банкетная зала. Некалькі гадоў таму на яе ўладкаванне пайшло блізу 50 тысяч рублёў — не малая нават на той час сума.

/i/content/pi/cult/651/14462/5.jpg

— Ці шмат ахвотных пакарыстацца выгодамі Цэнтра? — задалі мы Але Ліхтаровіч самае галоўнае пытанне.

— На жаль, не, — адказала яна. — Вялікія экскурсіі прыязджаюць да нас ці не раз на месяц.

Пачалі разбірацца, чаму і гэтая ўстанова пустуе без гасцей. А прычыны ўсё тыя ж: адсутнасць “ваяўнічай” ды шматжанравай рэкламы. А яшчэ Ала Сцяпанаўна зазначыла з веданнем справы: “У складзе аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі павінен быць штатны тур-аператар!”

У Плябані — усяго сорак жыхароў. Палова — дачнікі. Спадзеў толькі на сістэмную арганізацыю экскурсій. У гэтым кірунку, як нам падалося, і трэба шчыраваць і аддзелу, і спецыялістам установы. Штатны аператар — добра, але ж і звычайныя работнікі культуры павінны быць разваротлівымі менеджарамі. Згадайце, як Аляксандр Саладуха ладзіць свае канцэрты: сядае на тэлефон і… пацвярджае ўласным станоўчым іміджам уласны выканальніцкі аўтарытэт.

У адваротным выпадку шкада будзе грошай, асвоеных на гэтым аб’екце гаспадарчым спосабам. А на вялікім падворку ўстановы сапраўды ўтульна: усё патанае ў кветках, да паслуг самадзейных артыстаў — летняя эстрада. І планы ў мясцовых дзяўчат — грандыёзныя. У музейных памяшканнях хочуць яны адну залу зрабіць экалагічнай і прысвяціць экспазіцыю лёну (ад насення да радна). А ў гаспадарчых памяшканнях плануецца выпякаць хлеб — цяпер вырашаецца пытанне з уладкаваннем адпаведнай печы ды пошукам варыянтаў працаўладкавання пекара. Дэгустацыя гарбаты — ужо рэальнасць. Інакш кажучы, ёсць і будзе што падарыць, няма пакуль у што загарнуць. Вось і прастойваюць памяшканні ў чаканні гасцей.

Мы ж са свайго боку вырашылі дакласці кіраўніцтву, што для таго, каб падтрымаць свайго беларускага творцу, мэтазгодна ўсе карпаратыўныя рэдакцыйныя мерапрыемствы ладзіць толькі на базе Цэнтра ў Плябані.

(Не)лірычнае адступленне Кастуся Антановіча

На Маладзечаншчыне сутыкнуліся з цікавай з’явай: дзесяць гадоў таму колішнія філіялы Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры ў Плябані і Гарадку былі аддадзены ў раённае падпарадкаванне. Праз гэта яны згубілі свой музейны статус, але набылі нешта іншае: клопат мясцовых уладаў. Вось толькі сапраўднымі брэндамі, вядомымі на ўсю краіну, яны пакуль не сталі. Спадзяёмся, што сітуацыя — часовая. Бо цікавых ідэй можна назбіраць багата. Скажам, хочуць турысты адпачыць пасля карпаратыву: прапануйце палатку з духмянымі сеннікамі ды пярынамі з зёлкамі замест пер’я.

Што трэба ведаць пра Плябань

Паўторымся, установа культуры ў Плябані мае адметны статус, бо скіравана галоўным чынам не на мясцовую вясковую супольнасць, а на прыезджага турыста, хай сабе пакуль і раённага. Безумоўна, паспяхова канкурыраваць з тым жа Беларускім дзяржаўным музеем народнай архітэктуры і побыту вельмі і вельмі складана — там і адлегласць ад Мінска менш і турыстычных аб’ектаў паболей. Словам, розныя вагавыя катэгорыі. А вось наконт цікавостак можна паспрачацца: адны інсургенты часін Кастуся Каліноўскага чаго вартыя! У Цэнтры апрача традыцыйнай культуры могуць з імпэтам распавесці пра даўнюю трагічную гісторыю паўстанцаў 1863 года, якія змагаліся тут за ідэалы і каштоўнасці свайго народа. У Плябані знайшлі яны і апошні прытулак: на старых шляхецкіх могілках, што непадалёк ад Цэнтра, захаваўся манументальны помнік ахвярам паўстання: Рафалу Малішэўскаму, Людвігу Яманту, Леапольду Банькоўскаму, пятнаццацігадоваму (!) гімназісту Мінскай гімназіі Сулістроўскаму і кіраўніку паўстання на Маладзечаншчыне Юльяну Бакшанскаму. Яны загінулі ў баі з казакамі 21 сакавіка 1863 года ля вёскі Свечкі.

Не так даўно помнік атрымаў статус гісторыка-культурнай каштоўнасці, а разам з ім — і дадатковы догляд мясцовых уладаў, якія мо і забыліся б на тыя старадаўнія могілкі, але вымушаны рабіць рэгулярныя абкосы, хаця б мінімальна даглядаць не толькі тэрыторыю вакол помніка, але і іншыя надмагільныя знакі — адметныя па сваёй форме (сустракаюцца каменныя крыжы ХІХ стагоддзя, надмагіллі з незвычайнымі для нашага сучасніка надпісамі і выявамі). Пэўны час таму пра гэтыя могілкі паклапаціліся і валанцёры — студэнты-гісторыкі, якія не толькі расчысцілі ад хмызняку старыя клады, але і ўзнавілі многія надпісы на надмагільных помніках, а пасля выдалі навукова-папулярную кнігу.

Праз усё гэта мае свае выгоды і Цэнтр традыцыйнай культуры і побыту: найперш, дзякуючы магчымасці праводзіць цікавыя і пазнавальныя экскурсіі не толькі па комплексе, але і ў наваколлі, багатым на гісторыю. Маюцца тут і свае амаль фантастычныя паданні. З гэтай нагоды згадваецца патаемны падземны ход, які першапачаткова злучаў дом ксяндза з храмам і могілкамі, дзе ў свой час размяшчалася каплічка, ад якой сёння засталіся толькі каменныя падмуркі. Паданні ж і адрозніваюцца ад легенд тым, што гучаць хоць і казачна, але даволі праўдзіва. Як нас запэўнівалі мясцовыя, у Плябані ход той яшчэ дзейнічаў літаральна гадоў пяць таму. Пакуль не адбыўся недарэчны выпадак: у лабірынтах ледзь не загінула дзяўчынка, якая вырашыла адшукаць сабе прыгод. Яе выратавалі, а хады — замуравалі. Хаця, як на нашу думку, некалькі метраў старажытных лабірынтаў варта музеефікаваць, папярэдне ўсё ўмацаваўшы. Адбою ад турыстаў не будзе!

Тэрыторыю Цэнтра аздабляюць скульптуры разбяроў па дрэве (вынікі міжнароднага пленэру, што прайшоў пару гадоў таму на Маладзечаншчыне).

Думаюць у Цэнтры і пра магчымасці атрымання грантаў, у тым ліку міжнародных. Ёсць ідэя здзейсніць экалагічны праект па стварэнні аптэкарскага агародчыка, дзе б дзеці і дарослыя маглі ўбачыць, як выглядаюць і растуць душыца, лаванда, святаяннік ды іншыя лекавыя зёлкі. Пакуль жа Ала Сцяпанаўна можа пахваліцца духмянай мелісай ды спрадвечнымі спадарожнікамі старасвецкіх сядзібаў — флоксамі. Было б цікава, каб у такім агародчыку былі прадстаўлены і розныя злакавыя культуры — сёння далёка не кожны гараджанін можа адрозніць каласы пшаніцы ад жыта, а авёс ад ячменю. Тым больш тэрыторыя плябанскай установы культуры гэта ажыццявіць дазваляе.

Агульнае (не)лірычнае заканчэнне

Так, каб адчуць смак паспяховасці, не варта сядзець на месцы і марыць пра лепшую долю. Мы разумеем, што наладжванне рэгіянальнага культурнага турызму — справа ўсеагульная. Але ж будучыня — і за арыгінальнымі аўтарскімі праектамі. Як засведчыў першы дзень нашага чарговага аўтатуру, такіх праектаў у прысталічным рэгіёне багата. Адзіны клопат — як іх усе падтрымаць, дзе знайсці сродкі ці магчымасці для рэалізацыі. Пра развагі на гэты конт кіраўніцтва сферы культуры Маладзечанскага раёна чытайце ў наступным выпуску нашай аўтакамандзіроўкі.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"
Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"