Аўдыя & Відэа

№ 31 (1314) 05.08.2017 - 10.08.2017 г

Ліпеньскія аўдыя / відэаработы айчынных выканаўцаў рэцэнзуюць генеральны дырэктар радыёстанцыі “Пілот-FM” Анатоль ДЗЯНІСАЎ (A.) і спецыяльны карэспандэнт газеты “Культура”, музычны крытык Алег КЛІМАЎ (B.).

АЎДЫЯ

/i/content/pi/cult/650/14435/17.jpgГурт Fantastic Swimmers, альбом Camp Songs

A.: Я не вялікі знаўца джаза, можа, таму на трэцяй песні ўжо стаміўся і толькі сілай прымусіў сябе даслухаць да канца гэтую “рэпетыцыю аркестра”. Магчыма, у кантэксце “рэпетыцыі” рэліз і будзе мець які-ніякі попыт і ў не адэптаў такога музычнага кірунку. Мне ж логіку ў гэтай ірванай аднастайнасці ўлавіць не ўдалося: калі то адзін інструмент уступае, то іншы, а разам у іх як бы не атрымліваецца...

B.: Тыя, хто праслухае хоць бы пару трэкаў з гэтага альбома, атрымаюць уяўленне аб тым, што такое авант-джаз. Для тых, каму лянота “рыць” Вікіпедыю, тлумачу: кірунак гэты — нешта кшталту фры-джаза. Ідэолагам ансамбля з’яўляецца вядомы андэрграўндны выканаўца і папулярызатар такога вось роду мастацтва Віктар Сямашка. Калі вас усё вышэйпералічанае не спыніла, то — наперад.

На аматара, увогуле. Напэўна, гэта больш, чым музыка. Або менш, магчыма. Не фон, не саўндтрэк. Нешта. Яно.

/i/content/pi/cult/650/14435/16.jpgГурт Nuteki, альбом “Знайшліся і згубіліся”

A.: Сапраўды — згубіліся. Стандартны, вылізаны поп-рок, якога навалам у музычнай прасторы. Пірог, які надгарэў; вінегрэт і каша са спробаў граць меладычныя песні, нейкіх крыкаў і іншых незразумелых для мяне “вынаходніцтваў”. Ніякага драйву я не адчуў, мэтавую аўдыторыю гэтага гурта ўяўляю вельмі цьмяна.

B.: Гурт быў створаны дзесяць гадоў таму ў Маскве выхадцамі з Бабруйска. Так што яго па праве можна лічыць нашым — нароўні з “Начнымі снайперамі”, “Бі-2”, Андрэем Макарэвічам, Алёнай Свірыдавай і далей па спісе.

Не шмат згубiце, калі не паслухаеце дадзены альбом, бо знайсці на ім нешта грандыёзнае ў вас, хутчэй за ўсё, не атрымаецца. Дыхтоўна запісаны поп-рок, шэраг моцных, быццам бы, песень, але хіт-парады яны дакладна не ўзначаляць, а застануцца толькі прэтэндэнтамі на траплянне ў іх — як, да прыкладу, “Больш, чым сябры” або “Дарога”. А такі шоу-бізнес нам не патрэбны — без золата, срэбра альбо бронзы. Наогул, здаецца, што калектыў гэты які год топчацца ў пярэднім пакоі верхавіны масавай культуры, але ці то заключнага акорда не хапае, каб уціснуцца ў залу, ці то хтосьці злыя падкопы супраць музыкантаў вядзе. Пажадаем цярпення ансамблю на гэтым нялёгкім шляху, так?

ВІДЭА

Андрэй Усанаў i Вольга Сацюк, кліп на песню “Анёл”

А.: Ёсць такія песні, напісаныя сёння, што маглі б гучаць і ў 1970-я, і ў 1980-я, і ў 1990-я. Звычайная беларуская эстрадная кампазіцыя, якая была б цалкам дарэчная ў якім-небудзь мюзікле вытворчасці айчыннага тэлебачання. Мілы трэк ад мілых людзей. Не больш за тое.

/i/content/pi/cult/650/14435/18.jpgТакі ж і кліп — нарэзка з прыгожых беларускіх краявідаў і пары, якая арганічна сябе ў іх адчувае. Напэўна, да гэтай песні іншае відэа і не трэба.

B.: Калі вы неяк надумаеце правесці вольны час непадалёк ад Мінскай кальцавой аўтамабільнай дарогі, то займееце шанец нарвацца на каго-небудзь з айчынных выканаўцаў, відэа якім рэжысёр вырашыў зняць на беларускай прыродзе. Як у гэтым выпадку, што звёў разам былога вакаліста БДА “Песняры”, першую прадстаўніцу нашай краіны на першым дзіцячым “Еўрабачанні” і пераможцу гэтага конкурсу ў 2007 годзе Аляксея Жыгалковіча, цяпер кліпмэйкера.

Карцінка выйшла прыгожай — не шараговы ролік, а нібы песенная візітоўка ад Беларусі да нейкага музычнага спаборніцкага форуму. Наўрад ці дадзеная кампазіцыя ўзяла б на ім прызавое месца, але як вiдэазаяўка публіку ў зале кранула б. Можа, і журы.

Гурт “.К”, кліп на песню “Кiнамеханiк”

А.: Сваёй бязвыхаднасцю трэк нагадаў мне раннія рэчы “Наўтылуса Пампiлiуса” з гэтым настроем вечнага нявыхаду з тупіка. Кліп спадабаўся. Здавалася б, і нічога асаблівага ў ім няма, але, я б нават сказаў, зачароўвае гэта мільганне кадраў.

/i/content/pi/cult/650/14435/19.jpgB.: Уразіла не столькі відэа, колькі кампазіцыя. Трыа з Іўя грае нешта такое паміж псіхадэлікай і гранжам, і “мікс” гэты вытрыманы на ўсе сто з лішнім працэнтаў. Музыка і скоўвае члены, і ў той жа час здаецца, што яшчэ вось-вось — і нейкая нервовая струна ў табе лопне. Ціск няспынна ўзрастае, але ў фінале выбуху не адбываецца, нібы выканаўцы знясілелі і кідаюць у знямозе трэк. Катарсіс і апафеоз спалучаюцца ў гэтым самым нязробленым апошнім кроку. Пытанне “Хто ж усё-такі круціць гэтае кіно пад назвай Жыццё?” застаецца адкрытым.

І кліп змрочны, складзены з розных кіна- і фотафрагментаў, таксама невясёлых, і музіцыравання ўдзельнікаў калектыву ў таямнічым доме. Пабачыць работу рэкамендую на ноч гледзячы.

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"