Шакалад, шкарлупінавая мазаіка і летняе чытанне

№ 31 (1314) 05.08.2017 - 10.08.2017 г

Вось і спёка. Аднак для Клічаўскага краязнаўчага музея ўсё лета было, хоць і ў пераносным сэнсе, але надзвычай гарачым. За мінулы год установу наведалі больш за 10 тысяч аматараў даўніны. План па аказанні паслуг тут выканалі, тэмпы працы не зніжаюць і сёлета. “Час, — кажа дырэктар установы Наталля Храмянкова, — поруч з камерцыйнымі падумаць і пра сацыяльныя праекты”. Падумалі і… атрымалі прааанаўскі грант на стварэнне выставачнай залы для прэзентацыі творчасці людзей з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі з інтэрната для сталых людзей, грамадскага аб’яднання інвалідаў, цэнтра дзённага знаходжання хворых. Сёння на атрыманыя грошы кіраўніцтва музея вядзе закупкі экспазіцыйнага абсталявання. Лепшай арт-тэрапіі не прыгадаць! Не многія могуць пахваліцца такой дабрачыннасцю.

/i/content/pi/cult/650/14431/11.jpgСёння ў рубрыцы лідзіруюць бібліятэкары з інфармацыямі пра летняе чытанне. Да прыкладу, у вёсцы Бор-Дубянец Столінскага раёна прайшло свята… шакаладу. Галоўны бібліятэкар раённай бібліятэкі Ірына Навумчык піша: “Салодкае мерапрыемства стала часткай летняй бібліятэчнай акцыі “З кніжкай на колах”. Правяла яго супрацоўніца аўтабібліятэкі Ніна Кудрык. Дапамаглі ёй артысты аматарскага тэатра “Пагарынне”. Пераможцы конкурсаў атрымалі шакаладкі”.

Салодкую тэму працягваюць супрацоўнікі Няўдзянскага сельскага клуба, што ў Навагрудскім раёне. Пра свята цукерак напісалі дырэктар Навагрудскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Наталля Кавальская і яе намеснік Іна Гайба. У праграме свята — выстава твораў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, канцэрт аматарскай творчасці, спектакль узорнага тэатра лялек.

Навіна з Дзятлаўшчыны. Досведам дзеліцца загадчык Наваельнянскай гарпасялковай бібліятэкі Лаўра Кунюціце. Цягам лета ва ўстанове дзейнічае рэкламная кніжная выстава. Ёю зацікавіліся дзеці са школьнага летніка “Лясная казка”. А ўвогуле конкурсы, выставы, гульнявыя праграмы, гутаркі ладзяцца з чэрвеня па шчыльнай, летняй, праграме. У апошні месяц лета бібліятэка прапаноўвае чытачам вандроўку па кнігах Янкі Брыля, флэшмоб, вечарыну-адпачынак. А яшчэ працягвае дзейнічаць бібліятэчны бульвар.

/i/content/pi/cult/650/14431/31 kultura 10.jpgБібліятэкар аддзела абслугоўвання з Бярэзінскай раённай цэнтральнай бібліятэкі Кацярына Лясун піша пра гістарычны экскурс-віктарыну “Прысвячэнне Францыску Скарыну”, праведзены ў аздараўленчым летніку “Папараць-кветка”. Госцем мерапрыемства стала паэтка Наста Кудасава. Яна правяла конкурс, прысвечаны 500-годдзю кнігадрукавання.

Сваю ўстанову піярыць дырэктар сельскага дома культуры Наталля Лукашэвіч з вёскі Будзёнаўка, што ў Ашмянскім раёне. Тут прайшоў дзень калектыўнага адпачынку “Гаворыць і паказвае Будзёнаўка”. Назва тлумачыцца тым, што мясцовыя работнікі культуры паклалі ў аснову мерапрыемства ўласнае перастварэнне ўлюбёных тэлеперадач. Іх героямі сталі вяскоўцы-землякі: залатыя вясельныя юбіляры Ганна і Васіль Жаўнякі, чэмпіён Беларусі і Еўропы па баях без правілаў Павел Масальскі. За канцэртнае забеспячэнне свята адказвалі мясцовы вакальны гурт “Сустрэчы” і народны ансамбль народнай песні “Жытніца” з аграгарадка Кракоўка.

Мы пісалі, што сёлета Мастоўская раённая бібліятэка абвясціла сярод бібліятэк раёна конкурс на лепшае пасяджэнне аматарскага аб’яднання. Даволі арыгінальную прэзентацыю паказала Струбніцкая сельская ўстанова. Тамтэйшыя супрацоўнікі правялі пасяджэнне аматарскага аб’яднання для дзяцей “Краіна талентаў”. Метадыст аддзела бібліятэчнага маркетынгу Мастоўскай раённай бібліятэкі Вольга Коршун распавяла, што мерапрыемства было скіравана на асваенне тэхналогіі вырабу мазаікі з яечнай шкарлупіны. “Бібліятэкар Сняжана Чарніцкая паведаміла дзецям пра мазаіку як від прыкладнога мастацтва, пазнаёміла са згаданай тэхнікай, — піша аўтар. — Дзеці паспрабавалі скласці сваю мазаіку”.

Загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу Светлагорскай раённай бібліятэкі Валянціна Расошанка напісала пра ініцыятыву бібліятэк раёна, якія разам з занальным цэнтрам гігіены і эпідэміялогіі распачалі інфармацыйна-прафілактычны праект, мэта якога — асваенне ведаў па здаровым харчаванні. Базай рэалізацыі праекта абраны гарадскія бібліятэкі і бібліятэка аграгарадка Чыркавічы. Праект спачатку быў разрэкламаваны на бібліятэчных і гарадскім сайтах. Потым распачаліся гутаркі з чытачамі. Цягам месяца ўрач-валеолаг давала рэкамендацыі па збалансаваным харчаванні, па прафілактыцы інсульту і дыябету. Да кожнага занятку бібліятэкары рыхтавалі кніжныя выставы. Акрамя гэтага, удзельнікі праекта вымяралі ціск, вызначалі вагу, вялі дзённікі харчавання. Цяпер праектныя мерапрыемствы ладзяцца ў аграгарадку Чыркавічы. На пачатку восені эстафету перахопіць гарадская бібліятэка № 1. Ініцыятыва атрымала шырокі розгалас у гарадскім асяродку і ў сродках масавай інфармацыі.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"