Вы павінны стаць паспяховымі

№ 31 (1314) 05.08.2017 - 10.08.2017 г

Сённяшні госць нашай “Лабараторыі” — Дзмітрый ГМЫЗА. Ён — сузаснавальнік адной з мінскіх камунікацыйных кампаній, займаецца камунікацыйнай падтрымкай бізнесу, сацыяльным маркетынгам, наладжваннем дзелавых стасункаў паміж групамі аднадумцаў, эканоміць іх час і дапамагае давесці агульную справу да канкрэтнага ды важкага выніку. Шэраг вядомых ужо на Беларусі арт-праектаў рэалізаваны ці рэалізоўваюцца пры непасрэдным удзеле Дзмітрыя. Да прыкладу, менавіта ён у свой час “ажывіў” рэпрадукцыямі мастацкіх палотнаў сталічную плошчу Якуба Коласа, стаўшы ініцыятарам выставы “Мастак і горад”.

— У 2012-м, — распавядае Дзмітрый, — разам з Мінгарвыканкамам і тады яшчэ з Музеем сучаснага выяўленчага мастацтва распачалі праект “Мастак і горад” да 125-годдзя нараджэння Марка Шагала. Потым на плошчы з’явіліся карціны Казіміра Малевіча. А падчас чэмпіянату свету па хакеі ў Мінску госці і жыхары сталіцы (па музеях жа хадзіць часу не было) маглі пазнаёміцца на вуліцах з творчасцю сучасных беларускіх мастакоў. Ідэя была нашай. Але, шчыра кажучы, падгледзелі мы яе ў Маскве, дзе паблізу з Траццякоўкай на “сляпых” фасадах жылых дамоў размешчаны рэпрадукцыі сусветнавядомых жывапісцаў. Падумалі, чым Мінск горшы? З задумкай “Мастак і горад” (трансфармацыя гарадской прасторы з вывадам за музейныя сцены ўзораў мастацтва) цікавая гісторыя адбылася. Маладыя былі, недасведчаныя. Падрыхтавалі вынасныя канструкцыі. А потым дацямілі, што правы на творы Марка Шагала маюць уладальнікі. Шчыра звярнуліся ў Шагалаўскі камітэт. А нам адказалі, што ёсць адпаведны закон, і кошт пытання — чатыры тысячы еўра. Прадстаўнікі камітэта скідку нам зрабілі, і мы заплацілі толькі палову сумы. Так што выстава праходзіла афіцыйна.

— Атрымліваецца, праект для вас быў стратны?

— Так. І мы не пашкадавалі, бо разумелі, што робім патрэбную справу. Робім яе ўжо шэсць гадоў. А тады гэта быў адзін з першых вулічных праектаў.

— У Глыбоцкім раёне ёсць прадаўжальнік вашай справы: старшыня мясцовага райвыканкама пабываў у Мінску, пабачыў вулічную выставу на плоце і загадаў сваім работнікам культуры зрабіць у раённым цэнтры аналагічную, толькі — пра храмы Глыбоччыны... Добрая ідэя заўжды мае працяг?

— Безумоўна! Такога кшталту сацыяльна-адукацыйныя праекты з’яўляюцца яскравым прыкладам карпаратыўна-сацыяльнай адказнасці для беларускага бізнесу. “Мастак і горад” — гэта першы праект, рэалізацыяй якога мы займаліся. Праз год арганізавалі разам з Мінгарвыканкамам “Джазавыя вечары ля ратушы з Банкам БелВЭБ”. Гэты праект Мінгарвыканкам і згаданы банк ладзяць ужо шэсць гадоў запар. Потым былі “Арт-астравы” на Камсамольскім возеры. Ну і, канечне, адзін з самых яскравых праектаў, які мы ажыццяўляем, — праект “Чытаем па-беларуску з Velcom”. А яшчэ пры падтрымцы вышэй названага мабільнага аператара робім абноўлены варыянт знакамітай перадачы “Падарожжа з дылетантам”.

— Колькі слоў пра “Чытаем па-беларуску”.

— У праекце бралі ўдзел больш за дваццаць тысяч дзяцей другога-трэцяга класаў. 183 сярэднія школы правялі без малога 200 урокаў. Праект актыўна падтрымалі нашы спартсмены. Былі адкрытыя ўрокі на БЕЛАЗе, “Беларуськаліі”, на “Барысаў-Арэне”, у ратушы Магілёва, сталічным скверы Янкі Купалы, у дворыку БДУ. Гаварылі пра элементарныя рэчы: “Мы — беларусы”, “Мы маем сваю мову”.

— У чым прычына паспяховасці вашых праектаў?

— Гэта публічна-грамадскія праекты, якія, у тым ліку, вырашаюць і сацыяльныя задачы. Можна назваць іх сацыяльна-адукацыйнымі. І тут ёсць дакладнае разуменне і з боку бізнесу, і з боку дзяржавы. Прыватна-дзяржаўнае партнёрства развіваецца і мацуецца. Мы — пасярэднікі ў наладжванні моцнай камунікацыі паміж бізнесам і грамадствам, паміж бізнесам і дзяржавай.

— Вы сказалі, што займаецеся камунікацыйнай падтрымкай праектаў. Я зноў вярнуся ў раёны. Адсутнасць рэкламы ў культурным жыцці тут тлумачаць іншым разам асабістай сціпласцю. Ці апраўдана гэта?

— Сціпласць у дадзеным выпадку — адна з адмоўных рыс. Трэба падвышаць імідж, паляпшаць карпаратыўны дух сваёй установы ці арганізацыі. А імідж падвышаецца праз камунікацыю, не толькі праз СМІ, але і з дапамогай сацыяльных сетак, сацыяльных медыя. І гэта трэба планаваць, каб разумець, навошта ўсё робіцца. Нарошчваем турыстычны патэнцыял, ствараем брэнды рэгіёна альбо робім знакавае для рэгіёна мерапрыемства. Пра ўсё гэта трэба распавядаць, дзяліцца досведам, выносіць на абмеркаванне.

— Пад удалую праектную дзейнасць можна атрымаць грант. Але ў пэўных рэгіёнах існуе вялізная праблема з, так бы мовіць, прыдумваннем ідэй. Як з гэтым упраўляецеся вы?

— Штосьці самі прыдумваем. Не буду казаць, як мы гэта робім, гэта — асобная тэма. Потым шукаем пад ідэю партнёраў. Не проста адшукваем грошы, а стараемся паказаць выгаду для таго ці іншага бізнесу, каб праект адпавядаў мэтам і стратэгіі развіцця бізнесу, з якім наладжваем стасункі. Гэта суцэльны працэс узаемадзеяння. У нас нават папка ёсць з праектамі, сфарміраванымі, апісанымі, якія чакаюць свайго часу. Нашы патэнцыйныя партнёры таксама разважаюць “А навошта нам гэта?”, “А якая будзе выгада?”, “Наколькі сістэмны гэты праект? Ці можна яго тыражыраваць, паўтараць?” У кожнага бізнесу ёсць контр-агенты: спажыўцы, пастаўшчыкі, супрацоўнікі… І тут галоўнае ўцягнуць у праект адзін ці некалькі складнікаў гэтага ланцужка і вырашыць хаця б адну ці некалькі задач, якія ёсць у дадзенай аўдыторыі.

— У раёнах знайсці фінансавага партнёра пад рэалізацыю ідэі вельмі складана. Ёсць заможнае прадпрыемства — ёсць і спонсар. Ці работнікі культуры чагосьці не ўмеюць?

— Тут насамрэч усё проста і складана адначасова. Усё, натуральна, завязана на эканамічным складніку развіцця рэгіёнаў. І гатовага рэцэпта для “вырошчвання” партнёра няма. З іншага боку, у кожным раённым цэнтры ёсць людзі, якія з’яўляюцца карыстальнікамі паслуг, тавараў. Трэба спрабаваць наладжваць з імі кантакты. Важна працаваць не толькі з прадпрымальнікамі, але і з некамерцыйным сектарам. Выканкамы павінны гэта ўлічваць і спрыяць справе. У адваротным выпадку не будзе расці турыстычная, інвестыцыйная прывабнасць раённага цэнтра. Гэта і называецца новай формай працы. Вы самі казалі, як той жа старшыня Глыбоцкага райвыканкама праініцыяваў стварэнне маштабнай прыдарожнай рэкламы свайго рэгіёна. Бюджэтныя грошы на гэта не выдаткоўваліся.

— Але дзе нам такіх старшынь набраць?

— Ну давайце падкажам іншым, што ці не ўсе нашы праекты могуць займець працяг у раёнах. Патрэбна толькі даць не столькі месца, колькі магчымасць. Агульная карысць для жыхароў, гасцей раёна — відавочная. Такія мерапрыемствы прыцягнуць турыстаў, магчыма, што праз нейкі час — і інвестараў, якія на ўласныя вочы пераканаюцца, што райцэнтр жыве, развіваецца.

— Пэўная пасіўнасць раёнаў тлумачыцца яшчэ і тым, што няма там пакуль штатных маркетолагаў ці менеджараў.

— Наша кампанія для таго і існуе, каб наводзіць масткі паміж зацікаўленымі асобамі. Гэта вельмі рэальны шлях будучага сумеснага развіцця. А што робіцца цяпер? Усе раённыя святы, фэсты рыхтуюцца з году ў год па нязменных сцэнарыях. А “Рок за Баброў”, да прыкладу, кожны раз — розны.

— Рок-фэсты ў Рэчыцы і Камянцы — вынік шчыраванняў менавіта работнікаў культуры!

— Тут галоўнае перафарматавацца. Раённыя ці абласныя Дажынкі ладзяцца ў любым выпадку, і гэта, натуральна, добрая ініцыятыва. Важна насычаць гэтыя добрыя, пазітыўныя святы новымі і формай, і зместам. Вось вам яшчэ прыклад прыватна-дзяржаўнага партнёрства. Адзін вядомы лідскі брэнд мае на сёння цудоўны сацыяльны напрамак ва ўласнай стратэгіі: развіццё турыстычнага патэнцыялу Лідчыны. І адно з мерапрыемстваў у шэрагу іншых — фэст у Лідзе. На яго збіраюцца людзі з усёй Беларусі. І робіцца гэта не з-за любові да піва. Рэй вядзе карпаратыўна-сацыяльная адказнасць бізнесу, бо ён у названым рэгіёне вызначаецца поспехам.

— Мы ніяк не можам наладзіць сістэмнае творчае сяброўства культуры і агратурызму. Як у дадзеным пытанні знайсці кропкі судакранання?

— У любым выпадку трэба дамаўляцца, прапаноўваць новыя ідэі, шукаць агульныя інтарэсы. Інакш кажучы, варта пастаянна маніторыць сітуацыю. Нельга прыдумваць паслугі, якія нікому не патрэбныя.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"