Хто на старым фота?

№ 31 (1314) 05.08.2017 - 10.08.2017 г

Першы беларускі гурток у Варшаве ды лёсы яго сяброў
Гэтаму фотаздымку 105 гадоў. Магчыма, ён быў зроблены на лецішчы Уладзіслава Сталыгвы ў 1912 годзе, якое знаходзілася недалёка ад Варшавы ў Ажарове. Туды амаль штотыдзень прыязджалі беларусы, якія вучыліся і жылі ў горадзе. Свае сустрэчы ў Сталыгваў яны называлі гуртком беларускай моладзі. Фактычна, гэта і быў першы гурток беларусаў у Варшаве ў ХХ стагоддзі: першыя студэнцкія аб’яднанні з’явіліся пры ўніверсітэце толькі ў 1913 — 1915 гадах, ды і насілі яны чыста таварыскі характар, вынікі іх працы былі невялікія. А пазней у Варшаве ўжо арганізоўваецца Беларускі камітэт, які пачаў сур’ёзна пашыраць нацыянальную самасвядомасць сярод беларусаў.

/i/content/pi/cult/650/14427/5.jpgАле давайце вернемся ў 1912 год, калі быў зроблены гэты прыгожы здымак. На ім стаяць злева направа Віктар Галаўня, Вітольд Віславух, Рамуальд Зямкевіч, Лявон Вітан-Дубейкаўскі, Францішак Віславух, Альбін Яхандовіч, Людвік Славінскі, Гальяш Леўчык. Сядзяць злева направа Ванда Кандрацкая, Марыя Сталыгва, Марыя Залеская, Уладзіслаў Сталыгва, Язэп Гапановіч. На падлозе сядзяць дзеці Уладзіслава і Марыі Сталыгваў — Паўлінак, Маня і Геня.

Як склаўся лёс гэтых асобаў з гуртка беларускай моладзі? Пра адных звесткі ёсць, пра іншых — даволі мала. Але вядома адно: падчас сваіх сустрэч яны шмат гутарылі пра родную мову, літаратуру, культуру, адукацыю, пра тыя падзеі, якія адбываліся навокал. Аб’яднаць беларусаў у Варшаве ў той час намагаўся Гальяш Леўчык (1880 — 1943).

У Варшаву ён трапіў у 1904 годзе. Прыехаў са Слоніма, уладкаваўся на працу чарцёжнікам у гарадскі магістрат і наведваў лекцыі ў школе мастацтваў. Леўчык знаходзіць у Варшаве шмат беларусаў, знаёміцца з імі, арганізоўвае сустрэчы, ладзіць вечарыны. Збірае вялікую і каштоўную бібліятэку, калекцыянуе ўсё беларускае: кнігі, паштоўкі, творы мастацтва, музычныя інструменты, значкі, фотаздымкі. На жаль, у гады Другой сусветнай вайны ўсё гэта бясследна знікла.

Кожнаму беларусу Варшавы і тым землякам, якія прыязджалі туды, Гальяш Леўчык з радасцю паказваў сваю калекцыю, дапамагаў матэрыяламі ў напісанні той ці іншай працы. У той час у горадзе жыў і яшчэ адзін беларускі калекцыянер кніг і рукапісаў Рамуальд Зямкевіч (1881 — 1944) — нават яшчэ больш заўзяты ў гэтай справе за Леўчыка. Кажуць, што Зямкевіч не прапускаў ніводнай старой беларускай кніжкі, асабліва, калі яна “дрэнна ляжала”. У выніку ён сабраў найвялікшую калекцыю рарытэтаў, але, на жаль, і яго калекцыя згарэла ў гады Другой сусветнай вайны. Добра, што Рамуальд Зямкевіч хоць паспеў апублікаваць некаторыя рукапісы ў друку. Не ведаю толькі, як яны мірыліся і сябравалі — два калекцыянеры, два вялікія аматары беларускіх кніг.

Найбагацейшымі сярод усіх гэтых беларусаў, якія змешчаны на здымку, былі Сталыгвы. Лецішча ў Ажарове ім праектаваў архітэктар Лявон Вітан-Дубейкаўскі (1869 — 1940). Ён атрымаў добрую адукацыю, вучыўся ў Пецярбургу і Парыжы, меў дыплом архітэктара-мастака. У Варшаве жыў з 1910 года. Выкладаў будаўнічую справу ў Варшаўскай сярэдняй прамыслова-тэхналагічнай вучэльні інжынера Пятроўскага, а таксама стварыў уласную праектную фірму па будаўніцтве прамысловых і жылых дамоў. Шчыра сябраваў з многімі беларусамі, у тым ліку і з Уладзіславам Сталыгвам.

Пра апошняга звестак захавалася мала. Ды і ніхто пра яго грунтоўна дасюль не напісаў. У адным з дакументаў-успамінаў Зоські Верас, датаваным 4 ліпеня 1985 года, які захоўваецца ў маім уласным архіве, гаворыцца, што Уладзіслаў Сталыгва быў родам з Віцебшчыны. Сям’я заўсёды захоўвала беларускія традыцыі. Так, напрыклад, як прыгадвала Зоська Верас, на Запускі іх частавалі беларускімі нацыянальнымі стравамі, такімі як верашчака, стояны кісель і іншымі. Гэта былі менавіта 1912 — 1915 гады.

У маі 1906 года ў Пецярбургу была створана выдавецкая суполка “Загляне сонца і ў наша аконца”. У яго ўправу ўваходзіў і Уладзіслаў Сталыгва. Але ўжо ў 1910 годзе яго сям’я пакінула Пецярбург і пераехала ў Варшаву.

Адтуль Сталыгвы перабраліся ў Вільню. А ў сакавіку 1915 года Віленская губернская ўправа па справах аб’яднанняў зацвердзіла статут Беларускага таварыства па аказанні дапамогі пацярпелым ад вайны, і таварыства пачало працаваць. Старшынёй стаў Вацлаў Іваноўскі, а адным з сяброў быў Уладзіслаў Сталыгва.

У 1920-х гадах, як прыгадвае Зоська Верас, сям’я Сталыгваў жыла ў Вільні. Але ад беларускасці яны адышлі, таму “спатыкацца з імі не было ахвоты”.

Пра Віктара Галаўню звестак захавалася мала. Вядома толькі, што ён быў шчырым беларусам, прымаў удзел у самых розных мерапрыемствах, якія праводзілі студэнты Варшаўскага ўніверсітэта. Застаюцца нязнанымі лёсы Альбіна Яхандовіча, Ванды Кандрацкай і Марыі Залескай.

/i/content/pi/cult/650/14427/6.jpgПрафесар Мікола Хаўстовіч у сваёй кнізе “Даследаванні і матэрыялы: літаратура Беларусі XIX — XX стагоддзяў” (Варшава, 2017. С. 211) апублікаваў ліст Рамуальда Зямкевіча да Аляксандра Ельскага. У лісце Зямкевіч даслаў Ельскаму ў 1912 годзе і фотаздымак, які сёння публікуецца. Даследчыкам ён даўно вядомы, але справа не ў гэтым, а ў тым, што Рамуальд Зямкевіч падпісаў усіх, хто знаходзіцца на фота. Сярод іх — і Марыя Залеская. А вось гісторык Юры Туронак, пішучы пра Гальяша Леўчыка (“Беларускі каляндар”, Беласток, 1980), прыгадвае там Марылю Залеўскую. Таму паўстае пытанне: якое сапраўднае прозвішча было ў Марыі (Марылі) Залеская ці Залеўская?

Сярод сяброў Беларускага гуртка ў Варшаве ёсць і Язэп Гапановіч (1883 — 1961) родам з Будслава. Перад Першай сусветнай вайной ён знаходзіўся ў Варшаве, з’яўляўся сябрам гуртка. Потым вярнуўся ў Будслаў, там прымаў удзел у беларускай кааперацыі. Затым зноў прыехаў у Варшаву, быў намеснікам старшыні Беларускага Нацыянальнага камітэта. Пачаў займацца бізнесам, меў нават сваю ўласную цагельню. У другой палове 1930-х гадоў заснаваў і ўзначаліў Беларускае асветнае таварыства ў Варшаве. Ён шмат дапамагаў у Варшаве беларусам, прафінансаваў зборнік вершаў Станіслава Станкевіча “З майго ваконца”, які выйшаў з друку ў Вільні ў 1928 годзе.

Пасля Другой сусветнай вайны Язэп Гапановіч жыў у Варшаве, прымаў удзел у Варшаўскім аддзеле Беларускага грамадска-культурнага таварыства (БГКТ). Памёр 20 мая 1961 года.

Вітольд Віславух (1892 — 1984) і Францішак Віславух (1896 — 1978) — родныя браты. Іх бацькі Антон і Севярына Віславухі былі даволі адукаванымі людзьмі. Бацька займаўся гісторыяй, маці пісала вершы, любіла маляваць. Браты нарадзіліся ў маёнтку Пырковічы Кобрынскага павета (цяпер Драгічынскі раён Брэсцкай вобласці). Вітольд актыўна ўдзельнічаў у беларускіх арганізацыях Варшавы, ведаў некалькі замежных моў, працаваў выкладчыкам.

Францішак Віславух вучыўся ў Варшаўскай школе прыгожых мастацтваў. Пасля Другой сусветнай пераехаў жыць у Лондан, дзе і скончыў свой век. Пісаў кнігі, а такія выданні, як Opowiadania poleskie (Londyn, 1968, Warszawa, 1994), Echa Polesia (Londyn, 1979), Na sciezkach Polesia (Londyn, 1976) — гэта своеасаблiвая малая энцыклапедыя Палесся 1930-х гадоў.

Сярод сяброў гуртка беларускай моладзі на здымку ёсць і Людвік Славінскі. Ён родам з Ружанаў. Пісаў вершы па-беларуску і па-польску. Дзіўна тое, што некалькі з іх трапілі ў рукапісны зборнік Гальяша Леўчыка “Жаўранак беларускі”. Гэты зборнік так і не выйшаў з друку, а яго рукапіс знаходзіцца ў аўтара гэтага матэрыялу.

Здаецца, я прыгадаў усіх, хто сфатаграфаваны на гэтым старым фотаздымку, і хто сто гадоў таму стараўся не згубіцца ў Варшаве і не страціць любоў да Бацькаўшчыны і да роднай мовы.

Сяргей ЧЫГРЫН
Слонім