Прыходзь да яго лячыцца...

№ 31 (1314) 05.08.2017 - 10.08.2017 г

“К” разам са спецыялістам выносіць заключэнне аб беларускай поп-музыцы

/i/content/pi/cult/650/14426/4.jpgДомік на ўскраіне

— Чым яшчэ цяпер займаецца лекар ультрагукавой дыягностыкі Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра “Маці і дзіця” Сяргей Кавалёў?

— Працягваю перарабляць свой дачны домiк пад Мінскам. Ніколі ўсур’ёз не думаў, што тэпці, камін і іншая хатняя ўтульнасць — гэта маё. Складана ўсё гэта, калі ў чалавека праблемы з псіхаматорным развіццём: я ж, развітваючыся з творчасцю, з кокана шоу-бізнесу вылупляўся ў нармальнае жыццё. І судотык з рэальным светам у чымсьці нават і страсянуў. Не такім ён белым і пухнатым апынуўся, а досыць жорсткім, па носе мне надаваў — будзь здаровы. Цяжка ў ім адаптаваўся, гады сышлі на тое, каб прызвычаіцца да яго.

— Музычная студыя ў хатцы ёсць?

— Хачу зрабіць. Трэба будзе сабраць раскіданае па сябрах абсталяванне.

— З музыкі ты пайшоў гадоў дзесяць таму?

— Каля таго. Ну, як сышоў... Усё роўна ж нешта пішу — для сябе, у стол, але не песні, а так, фрагменцікi захоўваю ў камп’ютары. Пайшоў з шоу-бізнесу, так больш дакладна. Ён жа любіць маладых, а я да шасцідзесяці гадоў ужо набліжаюся.

— І як табе мой званок з мінулага з прапановай аб інтэрв’ю?

— Алег, я праўда не ведаю, каму яно будзе цікава. “Прыйшлі іншыя часы. Узышлі іншыя імёны”. Навошта камусьці патрэбны?

— Урач-песеннік?

— Сапраўды! І прытым — былы песеннік. Ведаеш, што стала заахвочвальным матывам для майго “вяртання” ў медыцынскую прафесію? Проста аднойчы я выразна для сябе зразумеў, што не люблю, не хачу і не буду жыць напаказ. Не разумею я гэтага публічнага, знарочыста публічнага жыцця. Таму мяне сёння і ў сацыяльных сетках няма. Бо жыццё ж настолькі кароткае, твой Сусвет так імкліва сціскаецца, што марнаваць час на нейкую лухту — гэта вяршыня ідыятызму! Вядома, мне падабалася на сцэне, у студыі, вядома, радавала, што гэтая праца прыносіць мне грошы. Але ў душы я заўсёды заставаўся рамантыкам, для якога набіты кашалёк не настолькі важны.

— Нягледзячы на тое, што цябе няма ў сацсетках, у інтэрнэце пра лекара Сяргея Кавалёва пішуць шмат — твае пацыенткі. Прычым у захопленых тонах.

— Прыемна. Я па жыцці кіруюся такім прынцыпам: хочаш, каб да цябе добра ставіліся, сам стаўся да іншых добра. Нават калі цяжарныя будзяць начнымі тэлефоннымі званкамі, калі я ўжо трэці сон бачу, то кансультую і ў такіх сітуацыях. Але і разумею сваіх калегаў, якія, бывае, зрываюцца, хамяць. Жыццё цяпер залішне нервовае, выбуханебяспечнае ў плане чалавечых адносін. Людзі раззлаваліся, свінства ў побыце стала вельмі шмат. А лекарам потым даводзіцца лячыць наступствы канфліктаў, стрэсаў. Разумею калег, але ў ідэале, вядома, не павінна быць у маёй прафесіі месца грубасці, няўважлівасці, абыякавасці. Аднак і прымаць усё занадта ўжо блізка да сэрца нельга, інакш выгарыш і эмацыйна, і фізічна. Вось у чым парадокс.

— Што наогул у краіне з медыцынай?

— Я пра сваю сферу скажу, пра акушэрства. Дзякуй Богу, усё добра. Апаратура — сучасная, спецыялісты — на ўзроўні. Неба і зямля ў параўнанні з тым часам, калі я толькі пачынаў працаваць у гэтай галіне.

— А зарплата на ўзроўні?

— Запыты чалавека межаў не маюць.

Калі згасаюць “зоркі”

— У шоу-бізнес ты трапіў...

— Для шырокай аўдыторыі адкрыла мяне жанчына — Аксана Вечар! Яна разам з мужам Анатолем на стыку стагоддзяў рабіла на нашым тэлебачанні знакавую музычную праграму — “Акалада”. Неяк прыйшла да мяне на прыём, і ў гутарцы я, памiж іншага, сказаў, што складаю і запісваю песні. Калі я ў Магілёве праходзіў інтэрнатуру, то, каб канчаткова не завыць ад тугі, мы з трыма дзяўчатамі-медсёстрамі стварылі вакальны гурт і пачалі паціху выступаць. У квартэце гэтым і нарадзіліся мае першыя песні ў бардаўскім стылі. А да таго, у школе, “граў танцы”, ужо асвоіўшы і гітару. У старэйшых класах і пазней, у інстытуцкім ансамблі, бамбілі вяселлі — звычайныя этапы ў жыцці практычна любога выканаўцы. Пасля Магілёва, не адрываючыся ад медыцыны, супрацоўнічаў са многімі нашымі рокерамі — прыкладам, з Аркадзем Юшыным, выдатным гітарыстам, які некалькі гадоў таму з’ехаў у ЗША.

— Мы адышлі ад тэмы. Такім чынам, працягваеш ты Аксане касетку...

— Прыкладна так і было. Яна дала паслухаць мужу, і ў адзін цудоўны дзень той да мяне прыехаў з прапановай запісаць на ТБ. Так што вось хто мае “хросныя бацькі” ў прафесійнай музыцы. А праз нейкі час Толік звёў мяне са Слукой.

— Для мяне раптоўнае з’яўленне ў канцы 1990-х вашага дуэта, якi неўзабаве атрымаў назву “КаСлукаДыКавалёў”, стала глытком свежага, чыстага, новага паветра на беларускай эстрадзе. Па-першае, кантраст — пацан і дарослы мужчына. Па-другое, уласна, песні — хіт за хітом, меладычныя, прыхілістыя (у добрым сэнсе), з тэкстамі пацешнымі і са словамі, можа быць, не так глыбокімі і філасофскімі, але праніклівымі, шчырымі: “Трамвай”, “На потым”, “Восень”.

— За тэксты ў асноўным адказваў Кірыл. Ён быў і лідар-вакалістам. А музыка, аранжыроўка, інструменты, запіс — “дыяцэзія” мая (Слука хіба на гітары мог нешта падыграць). Альбом “На потым” у Маскве выклікаў, без перабольшання, сапраўдную сенсацыю. І якасцю матэрыялу ды яго запісу — нам ніяк не маглі паверыць, што ён рабіўся на партастудыі. Так на нас паклаў вока сам Ігар Крутой. Спроба з яго боку раскруткі дуэта на постсавецкім рынку была, але...

— ...дзесьці на чацвёртым-пятым годзе існавання тандэму здарыўся скандал, вынікам якога стаў развал дуэта. Кірыл у размове са мной адпрэчваў тыя абвінавачванні, якія ты яму адрасаваў, што ён, маўляў, без цябе “левачыць” канцэрты пад вашу мінусавую фанаграму. Маўляў, усяго адзін раз такое было. Слука ўжо даўно жыве ў расійскай сталіцы, займаючыся, у тым ліку, і музыкай, але ў тамтэйшым тэлевізары яго няма, наколькі я ведаю. Вы кантачыце?

— Не. Таму што не ўмею дараваць здраду. Сам я ў гэтым сэнсе далёка не анёл, “навушачыў” у жыцці з лішкам, і тыя, хто мне дараваў, напэўна, мудрыя людзі. Значыць, я дурань, калі не забываю такія рэчы. Справа ж не толькі ў “левых” выступах Кірыла, а, напрыклад, у нейкіх незразумелых для мяне грашовых рухах. Карацей, даверу з майго боку станавілася ўсё менш. У яго адны інтарэсы, у мяне іншыя, у яго адзін круг зносін і ўплыву быў, у мяне іншы. Ён хацеў, каб як у “Руки вверх!” — поўныя стадыёны і, адпаведна, поўныя кішэні грошай, і каб усё гэта хутка-хутка з ім адбылося. Я нічога супраць грошай не меў, але да працы ставіўся і стаўлюся старанна, скрупулёзна, гнаць коней і “секчы капусту” пакуль сячэцца — не мой выпадак. Я даваў сабе рады ў тым, хто ёсць ён і хто ёсць я. Сяргей Кавалёў — гэта ўжо пабіты жыццём хлопчык, суперзоркі з яго не выйдзе — хоць бы з-за ўзросту. А ў Кірыла Слукі былі ўсе шанцы стаць Артыстам. Ай, не хачу я больш гэтую тэму варушыць.

— Здавалася, што Кірыл жыве ў выдуманым ім свеце, і ад гэтай яго ілюзіі мне часам станавілася жудасна. У цябе, як у медыка, ёсць на гэты конт нейкае меркаванне?

— Своеасаблівы хлопец, што і казаць. Гэта такі тып асобы, якая існуе яшчэ і ў паралельнай рэальнасці, калі чалавек не цяміць, дзе фантазія, а дзе рэчаіснасць. Усё ў яго мазгах змяшана ў адзінае цэлае — праўда і выдумка. І ён у гэты свет свята верыць.

Зваротнай дарогі няма?

— З кампазіцыі, дзе Саладуха пяе “дары-дары-да”, пакеплівалі: маўляў, ясна, хто замовіў. За песню пра мiнскія вокны з табой шчодра расплаціліся?

— І за песню пра паўднёвы вецер. Жартую. Па-мойму, кампаніі, пра якія тут можна падумаць, утварыліся ўжо пасля таго, як гэтыя песні “пра іх” сталі вядомыя. Але мне пару разоў заказвалі напісаць гімны прадпрыемстваў! Памятаю, з Лёнем Шырыным мы доўга сядзелі і вымучвалi з сябе нятленку пра цагляны завод, ці што. Яшчэ прыйшоў нейкі паэт, накатаў метровыя “калёсы”. “Убей сибя с расбегу ап стену”. Я нават наспяваў атрыманы прадукт! Не ведаю, што з ім у выніку стала. А вось сваім гімнам для майго інстытута я ганаруся. І пісаўся ён не на замову, а па загадзе душы. Таксама не ведаю яго лёс.

— Ці грэе душу, што твае песні па-ранейшаму круцяць FM-станцыі? Што “Мiнск — гэта я!” — абавязковы “атрыбут” на масавых сталічных мерапрыемствах?

— Я ж самаед. Мне заўсёды здавалася, што галоўная мая песня — наперадзе. Па-вар’яцку падабаўся сам працэс стварэння. Паклаўшы руку на сэрца, скажу, што ні адна песня не была высмактаная з пальца. Неяк у таксі па радыё загучала “Мiнск — гэта я!”, на што кіроўца буркнуў, амаль даслоўна цытую: “Добрая песня, але як жа яна “дастала”. Я аўтаматычна уцягнуў галаву ў плечы, падтакнуў: “Так, меры не ведаюць”. Уяўляеш, каб я прызнаўся, што гэта мая рэч? Напэўна, вадзіла б тады мяне забіў мантыроўкай — за маё шчырае прызнанне гораду ў любові.

— Чыста прафесійнае пытанне: сённяшняя беларуская поп-музыка выношвае дзіця? Ці яна бясплодная?

— Не безнадзейная, так адкажу. Я перыядычна ўключаю радыё. На частотах 106,2 і 105,1 трапляецца тое, што можна паслухаць. Але ў сваёй асноўнай масе яна, вядома, шэрая і безаблічная. Віна за гэта ў першую чаргу ляжыць на аўтарах песень, якія ні мелодыю не могуць скласці, ні сказаць публіцы нешта важнае, небанальнае ў тэкстах. Сапраўдныя профі могуць выдаць нешта прыстойнае, але я ж чую, што гэта не натхненне, а рамяство. Што нармальна, дарэчы кажучы, але хочацца менавіта палёт думкі, ідэі адчуць. Лёгкасці нейкай, а не пах пралітага поту.

Што мне сапраўды падабаецца: у сучаснай айчыннай папулярнай музыцы стала больш беларускамоўных песень. Каравыя сярод іх таксама нярэдка трапляюцца, але сам вектар руху правільны, як бы ні было дзіўным так казаць. Шкадую, што ў свой час мала надаваў увагі тэкстам на беларускай мове. Падабаецца, што аўтэнтычных песень больш прапаноўваецца. Мне здаецца, нашы этна- і фольк-выканаўцы на фоне, напрыклад, расійскіх, якiя “капаюць” свае народныя музычныя карані, выглядаюць больш натуральна — шчыра, сумленна.

— І ўсё ж такі: ты хацеў бы нейкім чынам вярнуцца ў вялікую музыку — у якасці выканаўцы ўласных песень альбо пішучы іх для іншых?

— Вяртаючыся да таго, што я “сышоў з шоу-бізнесу”. Як я ўжо сказаў, сышоў па ўзросце. Гэта раз. Другое. Няма мне месца ў вытворчасці, у якой сёння валадарыць “прыкол”. Па-трэцяе, ну колькі можна было сумяшчаць лекаванне і музыку? У рэшце рэшт, на мяне калегі-медыкі пачалі коса глядзець з-за маіх адлучак: каму цікава рабіць чужую працу? Ці наадварот — канцэрты сталі злятаць з-за таго, што начальства патрабавала працоўнай дысцыпліны. Наступнае: паўсталі канкрэтныя праблемы з алкаголем. Трэба было выбіраць: або співацца далей і хутка памерці пажылым — да кропкі незвароту я быў вельмі блізкі, або кардынальна мяняць лад жыцця. Паліць і піць кінуў у адзін дзень.

Вярнуцца... Гітару я не браў у рукі гадоў пяць, і, калі вазьму яе зноў, баюся, што пачне зацягваць. Слабы чалавек. Не, мабыць, не вярнуся. Я радуюся цяпер іншаму. Што восем месяцаў таму ў мяне з’явілася ўнучка Сафія; што, дзякуй Богу, жывы бацька, якому дзевяноста два гады; што перарабляецца домік пад Мінскам.

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"