Ад маляўнічых Андаў — да Малой Мядзведкі

№ 31 (1314) 05.08.2017 - 10.08.2017 г

Мядзведка, Навагрудак, Мір, Карэлічы, Ліда, Дзятлава… Менавіта ў гэтых мясцінах прайшлі гады дзяцінства і юнацтва знакамітага асветніка, геолага, мінеролага, нацыянальнага героя Чылі Ігната Дамейкі. І літаральна днямі “малую Радзіму” сусветнавядомага навукоўцы наведалі нашчадкі славутага “Грандэ Адукатора”, якія ў рамках Міжнароднай навуковай канферэнцыі, прысвечанай 215-годдзю знакамітага ліцвіна, прыехалі ў Беларусь.

Канферэнцыя, якая прайшла з 31 ліпеня па 3 жніўня ў Мінску, была зладжана з удзелам Нацыянальнай акадэміі навук, Інстытута прыродакарыстання, Міністэрства замежных спраў, Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь, а таксама Акадэміі навук Літвы. Падчас яе правядзення навукоўцы і грамадскасць абмяркоўвалі самы шырокі спектр пытанняў: ад праблем геалогіі, стану і перспектыў засваення мінеральна-сыравінных рэсурсаў ды аховы навакольнага асяроддзя ў сучасным свеце — да дзейнасці Ігната Дамейкі як асветніка і гуманіста ў самым шырокім ключы. Прагучалі важныя даклады, датычныя яго біяграфіі, а гэтаксама радавых сувязяў. Так, своеасаблівай сенсацыяй можна назваць выяўленыя роднасныя стасункі паміж знаным рэфарматарам і такімі буйнымі постацямі як Тадэвуш Рэйтан і Тадэвуш Касцюшка: апошнія прыходзіліся Ігнату Дамейку дзядзькамі.

Што да блізкіх сваякоў, на канферэнцыі прагучалі і выступленні прапраўнука вялікага даследчыка і падарожніка — Мігуэля Дамейка з Санц’яга ды яго праўнучкі — Паз Дамейка з Сіднея. Істотным унёскам у вывучэнне постаці гуманіста сталася кніга спадарыні Паз, прысвечаная яе прадзеду, якая ўрэшце была перакладзеная на беларускую мову. Прэзентацыя выдання адбылася ў Міністэрстве замежных спраў.

Кульмінацыяй жа вялікага форуму можна лічыць падарожжа навуковай супольнасці і нашчадкаў Ігната Дамейкі ў родныя мясціны нашага земляка, сустрэчу з людзьмі, што захоўваюць памяць аб вялікім чалавеку і вучоным, у гонар якога названы не толькі вынайдзены ім мінерал, а яшчэ і горны хрыбет у Чылі ды цэлы горад ля маляўнічых Андаў.

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"