Не бойцеся памылкі!

№ 30 (1313) 29.07.2017 - 03.08.2017 г

Сёння ў нас крыху незвычайны фармат “Лабараторыі”. Яе трыбуну папрасіў выкарыстаць колішні выпускнік Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў па спецыялізацыі “Менеджмент сацыяльнай і культурнай сферы” Павел Сапоцька. Стаць “лабарантам” на старонках “К” яго прымусіла жаданне падзяліцца з калегамі сваімі напрацоўкамі. Жаданне больш чым высакароднае. Да гэтага ж, дарэчы, мы заклікаем і іншых практыкаў з вопытам. Не стрымлівайце сябе! “Лабараторыі” патрэбны “лабаранты”! А цяпер — слова Паўлу Сапоцьку.

/i/content/pi/cult/649/14418/27.jpg

— Мне давялося адразу і цалкам акунуцца ў галіну і неўзабаве сумяшчаць функцыі дырэктара мастацкай галерэі “Універсітэт культуры”, выкладчыка кафедры міжкультурных камунікацый роднай alma mater, займаць кіруючыя пасады ў шэрагу грамадскіх арганізацый, такіх як Беларускі фонд культуры, Дабрачынны фонд “Спадчына Міхала Клеафаса Агінскага”, Рэспубліканская канфедэрацыя прадпрымальніцтва.

За два гады працы ў галерэі стала магчымым арганізаваць каля 80 выстаў і больш за 50 іншых мерапрыемстваў (прэзентацый, творчых сустрэч, літаратурна-музычных вечароў і гэтак далей). У прыватнасці, рэалізаваныя праекты сумесна з амбасадамі і арганізацыямі Расіі, Польшчы, Літвы, Латвіі, Эстоніі, Славакіі, Італіі, Германіі, Ірана, Ізраіля, Кітая і іншых краін. Таксама пашчасціла правесці шэраг міжнародных навукова-практычных канферэнцый, форумаў, круглых сталоў, конкурсаў, гастрольна-канцэртных праграм, краязнаўчых і дабрачынных акцый. Незабыўным стаў удзел у Сусветным культурным і Міжнародным маладзёжным форумах у Інданэзіі, Міжнароднай канферэнцыі моладзі краін-удзельніц СНД і Зімовым лагеры маладых спецыялістаў сферы куль-
туры ў Азербайджане, канферэнцыях і сімпозіумах у Расіі, Літве, Польшчы…

Няма сумневу, што толькі моцная тэарэтычная ўніверсітэцкая база ў спалучэнні са штодзённай практыкай здольныя зрабіць выпускніка вышэйшай навучальнай установы паўнавартасным спецыялістам.

Перакананы, што кожны менеджар у сферы культуры павінен няўхільна выконваць наступныя ўмовы: любіць сваю краіну, паважаць яе гісторыю і культуру, шанаваць людзей, якія працуюць побач.

Галоўнае — заўсёды памятаць: кожны квадратны метр, кожная секунда працоўнага часу павінны працаваць на імідж тваёй арганізацыі і на тваю ўласную рэпутацыю менеджара! І ведаць: сфера культуры, як і любая галіна нацыяналь-
най эканомікі, прымае ў свае шэрагі далёка не ўсіх, а толькі працаздольных, мэтанакіраваных, адказных, крэатыўных, зацікаўленых і — самае галоўнае — тых, хто любіць сваю справу! Таксама варта, як пісаў Уінстан Чэрчыль, “бачыць магчымасці ў кожнай праблеме, а не праблемы ў кожнай магчымасці”.

Менеджарам даводзіцца працаваць у напружаных умовах. А часам і жорсткіх! Так што выпрацоўваем імунітэт, і няхай праекты любога ўзроўню нам скараюцца!

Дазволю сабе некалькі рэкамендацый для менеджараў-пачаткоўцаў:

1. Дасканала ведаць заканадаўства ў галіне культуры і сумежных галінах.

2. Быць адкрытым у сваёй працы, знаходзіць магчымасці супрацоўніцтва з установамі культуры, адукацыі, навукі, дзяржаўнымі органамі, дыпламатычнымі прадстаўніцтвамі, грамадскімі аб’яднаннямі, прафесійнымі саюзамі, рэлігійнымі арганізацыямі, выдавецтвамі.

3. Абавязкова наведваць мерапрыемствы, якія праводзяць калегі, пастаянна знаходзіцца ў дыялогу з імі, вывучаць вопыт іх працы.

4. Наладжваць кантакты з камерцыйнымі арганізацыямі, бізнес-саюзамі, банкамі, якія ў перспектыве могуць стаць спонсарамі тваіх праектаў.

5. Вялікую ўвагу надаваць усталяванню міжнародных сувязяў: ніколі не ведаеш, які кантакт і якое знаёмства спатрэбіцца ў той ці іншы момант.

6. Забяспечваць максімальнае асвятленне сваіх праектаў у сродках масавай інфармацыі, у тым ліку газетах, часопісах, на радыё, тэлебачанні, інтэрнэт-парталах і інш.

7. Штодня знаёміцца з навінамі культуры ў вядучых СМІ Беларусі (у прыватнасці, праз падпіску на газету “Культура”).

8. Выходзіць за межы асноўных напрамкаў дзейнасці сваёй арганізацыі, практыкаваць разнастайныя формы работы, не баяцца эксперыментаваць.

9. Адсочваць усе анонсы падзей, што адбываюцца ў краіне, і выкарыстоўваць магчымасці ўдзелу з аўтарскімі праектамі ў сацыяльна-культурных праграмах рэспубліканскага і міжнароднага ўзроўняў.

10. Ніколі не баяцца “планава-справаздачна-дакументнай” працы. Калі робіш гэта з энтузіязмам, працэс планавання прыносіць задавальненне, калі праводзіш велізарную і актыўную дзейнасць, любыя справаздачы пішуцца імгненна.

11. Быць гатовым да памылак. Памылкі — сведчанне таго, што ты працуеш!

На здымку: З Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Літоўскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь Андрусам Пулакасам і народным артыстам Літвы Юозасам Будрайцісам / Фота Кацярыны Аляксеевай