“А хто такі Ян Баршчэўскі?”

№ 29 (1312) 22.07.2017 - 28.07.2017 г

Расоншчына: як навучыцца Радзіму любіць
Гэты артыкул мы цалкам прысвяцілі культуры Расонскага раёна — краю дзівоснай азёрнай прыгажосці і неўміручай партызанскай славы. Да слова, мы тут — не першы раз. Ёсць падставы для параўнання і аналітыкі ў, так бы мовіць, пэўнай часовай прасторы. Такія журналісцкія візіты нагадваюць сустрэчу з таварышам, якога не бачыў год-два-тры. І непазбежныя тут пытанні кшталту “Як пачуваеш сябе?”, “Усё добра са здароўем?”, “Ці атрымліваеш асалоду ад жыцця?”, “Чаму вочы такія сумныя?” І вельмі хочаш пачуць адказы пазітыўнага, жыццясцвярджальнага зместу. Шкада, атрымліваецца такое не заўсёды.

Расоншчына, як мы пераканаліся з вялікім жалем, — край нерэалізаваных брэндаў. Пра Пятра Машэрава і Яна Баршчэўскага мы яшчэ пагаворым, аднак спачатку распавядзем пра замак пана Гласко.

Пра шкоду гульні ў казіно

/i/content/pi/cult/648/14396/22.jpgБудынку больш за сто гадоў, але ён па-ранейшаму вабіць і надоўга прыкоўвае ўвагу. Хаця б з гэтай нагоды варта прыехаць у Расоны. У былым палацы незвычайнай асіметрычнай архітэктуры ў розныя часіны месціліся аддзел народнага камісарыяту ўнутраных спраў, турма, бальніца, райвыканкам, аддзел адукацыі, дом піянераў, цэнтр пазашкольнай работы. З мінулага года будынак пустуе, бо знаходзіцца ў аварыйным стане і “асалоды ад такога жыцця ніяк не атрымлівае”.

Цяпер — пра тое, што мы можам згубіць. Замак Станіслава Гласко ўзнік, як і многае іншае ды цудоўнае ў свеце, з-за… кахання. Упадабаў пан польскую дзяўчыну, а тая яму, у адпаведнасці з паданнямі, — умову: “Пабярэмся шлюбам, калі ўзвядзеш такі ж палац, як у майго бацькі”. З гора пайшоў не надта багаты Станіслаў у казіно — і нечакана выйграў процьму грошай. На іх і ўзвёў мудрагелістую будыніну. Спакваля вакол палаца ўзніклі парк, слаўны ліпавай засенню, ды возера са штучным востравам (зямлю вазілі ўзімку на вазах па лёдзе). Але пасля рэвалюцыі 1917 года зніклі пан з паненкай за мяжой. Ды так хутка, што нават усё золата з сабой узяць не паспелі. Кажуць, дзесьці ў палацавых сутарэннях яно да сённяшняга часу чакае чарговую ахвяру кахання. Не гуляйце, спадары, у казіно: потым засмучацца будзеце…

Аўтараў гэтых радкоў квасам не паі — дай прыдумаць нешта адмысловае паводле ўбачанага. “А чаму б тут, пасля грунтоўнага рамонту, не зрабіць Музей кахання, а Расоны — сталіцай гэтага пачуцця, што рухае светам і то дае людзям шчасце, то нішчыць яго ўшчэнт?!”— падумалі мы. Так маштабна, падаецца, мысліў толькі Астап Бэндэр. А чым мы горшыя?!

“Нічога не атрымаецца”, — трошкі астудзіла нас начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Расонскага райвыканкама Нона Валынка. Аказваецца, фінансаванне на рамонт архітэктурнага экзота атрымаць (даруйце за таўталогію) не атрымліваецца. Палац з’яўляецца помнікам спадчыны, але — трэцяй катэгорыі: рэспубліканскія грошы выкарыстаць для яго адраджэння нельга, а ў вобласці іх для гэтай мэты няма. Словам, мары застаюцца марамі. За брэнды трэба змагацца. Работнікі культуры Расонаў гэтую форму дзейнасці чамусьці ігнаруюць.

Не надта спадабалася нам і тое, што са шматлікімі аграсядзібамі (пра турыстычную скіраванасць раёна мы пісалі ў папярэдніх артыкулах) аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, па прызнанні яго начальніка, пакуль не знайшоў паразумення. У нас увогуле складваецца ўражанне, што такое паразуменне, калі і існуе ў рэспубліцы, дык толькі ў папяровых справаздачах.

(Не)лірычнае адступленне Яўгена Рагіна

Шкада палаца, які і цяпер нагадвае казачны замак. Аналагаў на Беларусі мы не бачылі. Штосьці не прыжываецца ў гэтым куточку Беларусі сучасная практыка здабычы пазабюджэтных грошай — такая, да прыкладу, як фандрайзінг. Натуральна, гэтай навуцы трэба вучыцца. Не буду прыводзіць прыклады праектаў, даведзеных да лагічнага завяршэння ў самых розных раёнах краіны. Зазначу толькі, што і раёнаў, і прыкладаў такіх — ужо дастаткова. І тэму гэтую наша газета ўзнімае досыць сістэмна. Іншая справа, што “К” выпісваюць на Віцебшчыне не ў тых маштабах, каб новыя веды сталі ўсеагульным набыткам. Але ўсё роўна вырашыў для сябе адназначна: пад рубрыкай “Лабараторыя” трэба яшчэ не раз вяртацца да тэмы “грошаздабычы”.

Пайсці ў разведку і вярнуцца

/i/content/pi/cult/648/14396/23.jpg

Чарговыя брэнды горада і раёна — Музей баявой садружнасці і Пётр Машэраў, які стаў ля вытокаў яго стварэння і лічыў Расоншчыну другой радзімай. Што колішні кіраўнік Беларусі меў на ўвазе пад баявой садружнасцю? Еднасць памкненняў беларускіх, расійскіх, літоўскіх і латвійскіх народных мсціўцаў падчас Вялікай Айчыннай вайны. Многія наведвальнікі музея, як распавядае яго кіраўнік Наталля Максіменка, яхіднічаюць: маўляў, ці ж у модзе цяпер тая садружнасць у Прыбалтыцы? Але ж дадзены музей не пра цяпер, а пра тады… Аўтары гэтых радкоў доўга думалі пасля камандзіроўкі, ці патрэбна ўстанове нейкая “пераарыентацыя” з перайменаваннем. Прыйшлі да высновы, што неабходна толькі “абсучасненне” музейнага абсталявання.

У наступным годзе спаўняецца сто гадоў з дня нараджэння Пятра Машэрава. У сувязі з гэтым хацелася б сказаць вось што. Патрыятычнае выхаванне, як нам падаецца, павінна зводзіцца да таго, каб моладзь наша (дый не толькі моладзь) ведала беларускую гісторыю і яе герояў, усведамляла, што кожны з нас павінен працягваць іх справу. Пафасна? Няхай! Але правільна па форме і змесце. Мы пісалі ўжо, што мала хто з маладзёнаў на Случчыне ведае пра Кастуся Каліноўскага. Тая ж сітуацыя і з Пятром Машэравым у Расонах. Мы апытвалі мінакоў-старшакласнікаў і ведаем, пра што кажам. Выснова якая? Для таго, каб Радзіму любіць, адных высілкаў музея мала. Патрэбна сістэмная дзейнасць усіх устаноў культуры.

Але вернемся да спраў музейных. Нельга сказаць, што тут нічога не робіцца для таго, каб расла колькасць наведвальнікаў. Як распавядае Наталля Максіменка, апошнім часам былі экскурсіі з Полацка, Мёраў. У полі зроку гасцей не толькі музей; яны пастаянна замаўляюць экскурсійны маршрут па райцэнтры і раёне. Сюды ўваходзіць і вёска Клясціцы, пра мемарыял якой мы пісалі ў папярэднім артыкуле. Можна дабрацца і да вёскі Роўнае Поле, непадалёк ад якой, у лесе, рэканструявана база атрада, дзе партызаніў і Машэраў. Тут, “на зямлянках”, па словах кіраўніка музея, ладзяцца для моладзі квэсты. Запатрабаванымі яны становяцца і ў самім музеі. Нават мы зацікавіліся. У чацвёртай зале, што прысвечана падпольнаму руху, трэба правесці фотаразведку, каб “сабраць” экспанаты, патрэбныя для выканання канкрэтнага падпольнага задання…

У Роўным Полі — невялічкі мемарыял. Тут пры ўдзеле Пятра Машэрава ў свой час была закладзена капсула з пасланнем для нашчадкаў. Як сведчыць мемарыяльны надпіс, адкрыць яе трэба 9 мая 2045 года. Ці ўспрымуць тэкст спадкаемцы? Дажывем — пабачым.

(Не)лірычнае адступленне Канстанціна Антановіча

У нашых замежных суседзяў, скажам, у латвійцаў, палякаў нават сельскія музеі маюць прыстойнае тэхнічнае абсталяванне. Немагчыма чакаць прыбыткаў ад аказання платных паслуг без папярэдняга годнага грашовага ўлівання. Дык што, няма каму давесці пра гэта патэнцыйным спонсарам, мясцовым уладам? Атрымліваецца, што новыя тэхналогіі культурна-дасугавай дзейнасці яшчэ толькі падступаюцца да нашых раёнаў? Не хочацца з гэтым пагаджацца, але факты — рэч няўмольная. Яшчэ адзін красамоўны доказ таго, што ў раённых аддзелах ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі хранічна не стае менеджараў ды маркетолагаў. Ці не надакучыла дзейнічаць па старынцы?

Дзе жывуць ваўкалакі

Раённы дом рамёстваў — у новым памяшканні. Тут, падаецца, быў дзіцячы садок: вонкава будынак упрыгожаны выявамі Бураціна і Карабаса-Барабаса. Не надта прадатны антураж для ўстановы, што прапагандуе нацыянальнае, мясцовае. Форма — важная, але змест — больш важны ўдвая. Паглядзелі — цесна. “Перавага” для такіх устаноў хранічная. Кіраўнік РДР
Вольга Смаргунова распавяла, што шэраг гурткоў дзейнічаюць у дзіцячай школе мастацтваў.

Дырэктар ДШМ Алена Парфёнава чакала нас цэлы дзень, інакш кажучы, хацела нас перахапіць, каб распавесці пра поспехі сваёй установы. Не баялася сустрэчы, бо мела чым пахваліцца. Сапраўды, гэтая ўстанова культуры — самая беспраблемная ў раёне. Як, дарэчы, і ў рэспубліцы: педкалектывы ў асноўным складаюцца з былых вучняў, заробкі за кошт павышаных ставак — неблагія. Дзякуй, Алена Іванаўна, за вашу ўпэўненасць і дасведчанасць. Мы б слухалі вас цэлы дзень, каб не клікала ў дарогу неадкладная патрэба наведаць радзіму Яна Баршчэўскага. Не знайшлі мы ў раённым цэнтры ні сувеніраў, ні іншых матэрыяльных увасабленняў брэндаў-постацяў, таму і вырашылі пабываць у мясцінах, што натхнілі аўтара на стварэнне вобраза шляхціца Завальні. Між тым, так не стае Расонам помніка гэтаму незвычайнаму літаратурнаму герою…

Дарога ў вёскі Гарбачова і Мурагі бяжыць-уецца праз лес. Хоць і сонечны выпаў дзень, але трошкі не па сабе. Ці не за кожнай елкай бачыцца то ваўкалака, то пярэварацень, то Плачка. Ян Баршчэўскі нарадзіўся ў Мурагах. Тут уладкаваны помнік пісьменніку. Вёска ж на сёння — неперспектыўная ў дэмаграфічным плане. У плане патрыятычнага выхавання — перспектывы бязмежныя. Уявіце, якія тут можна ладзіць квэсты ды фэсты-інферна для аматараў нязведанага, незразумелага і фантастычнага!

Па шляху да Гарбачова абмяркоўваем шэраг рытарычных пытанняў. Чаму расіяне экранізуюць сваю літаратурную класіку па другім і трэцім разе, а мы — і не падступаліся? Не, у 1994 годзе Віктар Тураў зняў стужку паводле “Шляхціца…”, але атрымалася яна, як мы лічым, надзвычай неадназначнай.Дык чаму ніхто не спрабуе зрабіць гэта сёння, у век камп’ютарных тэхналогій?

Гарбачова — аграгарадок, тут — сельсавет, ёсць бібліятэка з невялічкім музейчыкам, што распавядае пра Яна Баршчэўскага, клуб. Усё так. Бібліятэкар Святлана Алейнікава паказвае нам фотаздымкі на сцяне, што распавядаюць пра пісьменніка, яго жыццё і творчасць. Усё гэта добра. На клубнай сцэне спяваюць дзяўчынкі-школьніцы. Пытаемся “Хто такі Ян Баршчэўскі?” — і імгненна псуем усім настрой. Ніхто не ведае, што адказаць. Каментарыі, як кажуць, залішнія.

(Не)лірычнае агульнае заканчэнне

Культурна-гістарычныя брэнды ў Расонскага раёна — магутныя, непадманныя. Але — нераскручаныя, таму і не сталі пакуль бяспройгрышнымі прынадамі для турыстаў. Пры належных высілках ды годнай рэкламе, глядзіш, і ўзнікла б дзесьці на Расоншчыне і такая аграсядзіба — “Шляхціц Завальня”. Мы б у ёй пераначавалі з задавальненнем. Уяўляеце, колькі б тады з’явілася нефантастычных апавяданняў пра Беларусь. Ды новых брэндаў!

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"
Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"