Гармата пакуль на месцы…

№ 29 (1312) 22.07.2017 - 28.07.2017 г

Гістарычны музей пераязджае! Але толькі праз пяць гадоў.
Усе мы ведаем: каб знайсці Нацыянальны гістарычны, трэба збочыць на Карла Маркса і дайсці да будынка з вялікай гарматай каля ўвахода. Менавіта яна вось ужо каторае дзесяцігоддзе з’яўляецца асноўным арыенцірам аднаго з самых папулярных музеяў краіны. Аднак нядаўна яго кіраўніцтва абвясціла грандыёзныя планы на будучыню. Праз некалькі гадоў на праспекце Пераможцаў узвядуць новы будынак, куды канчаткова пераедзе ўся экспазіцыя. Зрэшты, дырэктар установы Алег Рыжкоў перакананы, што адрас наведвальнікі не паблытаюць. Прынамсі, у бліжэйшыя гады гармата застанецца на месцы — як і сам музей.

/i/content/pi/cult/648/14383/5.jpgПасля аб’явы аб пераездзе ў мяне ўзнікла шмат пытанняў кшталту “А што будзе са старым будынкам, а дзе мы будзем глядзець кіно?” Аднак Алег Гар’евіч супакоіў: баяцца няма чаго, бо новы будынак — гэта імклівы крок развіцця, чарговы доказ сучаснасці і самастойнасці нашай краіны.

Прычыны пераезду вельмі простыя: будынак на Карла Маркса, 12 даўно стаў зацесным для такой вялікай колькасці экспанатаў. “А плошчу пашырыць мы ніяк не можам: музей літаральна заціснуты ў межах вуліцы, і развівацца няма куды. Наведвальніку няма дзе паставіць машыну, няма заездаў для людзей з абмежаванымі магчымасцямі…” — кажа Алег Гар’евіч.

Зразумела, плошча новага музея будзе значна большая — 16 тысяч квадратных метраў. І гэта значыць, што месца хопіць і для новых экспазіцыйных залаў, і для розных праяў інфраструктуры. Плануецца, што ў новым корпусе таксама размесцяцца і філіялы: Музей прыроды і экалогіі і Музей сучаснай беларускай дзяржаўнасці.

Што тычыцца непасрэдна планіроўкі, то ўжо ёсць прыкладная канцэпцыя новай экспазіцыі, згодна з якой і будзе распрацоўвацца перадэскізнае рашэнне. Аднак мой суразмоўца адзначыў, што весці гаворку пра ней-
кі архітэктурны праект пакуль яшчэ рана. Цяпер у Нацыянальным гістарычным чакаюць меркаванняў ад спецыялістаў і проста неабыякавых людзей, каб з іх улікам дасягнуць мэты: пабудаваць музей вышэйшага ўзроўню.

— Калі будуць канструктыўныя прапановы, мы абавязкова да іх прыслухаемся, — запэўнівае Алег Рыжкоў. — Тым больш, многія нашы суайчыннікі шмат ездзяць за мяжу, многае бачаць і могуць нам параіць, якім павінен быць музей, каб туды захацелася прыйсці не адзін раз.

Ужо стала вядома, што на фасадзе новага будынку плануецца размясціць вялікі мультымедыйны экран. Па словах дырэктара музея, ён стане своеасаблівым працягам экспазіцыі, а ў вольны час там можна будзе пабачыць “штосьці гістарычнае ці пазнавальнае”. А вось для традыцыйных кінапаказаў “Белкіналета”, што цяпер ладзяцца ў дворыку на вуліцы Карла Маркса, і іншых падобных праектаў будзе створаны спецыяльны дворык на праспекце Пераможцаў — такім чынам, як адзначыў Алег Гар’евіч, музей захавае старыя традыцыі.

А што тады чакае “намолены” будынак на Карла Маркса, 12? Пакуль дакладны адказ на гэтае пытанне невядомы. Мой суразмоўца шчыра прызнаўся:

— Мы вельмі хочам, каб ён застаўся за намі. І ў нас ёсць такая ідэя: размясціць там адкрытае фондасховішча археалогіі. Аднак апошняе слова будзе за гарадскімі ўладамі, бо асноўная частка выдаткаў па праектаванні і новым будаўніцтве ляжа на муніцыпальны бюджэт Мінска.

Ці можна з упэўненасцю казаць, што музей ужо “збірае рэчы”? Дакладна не, бо толькі да 2019 года павінна быць цалкам распрацаваная канцэпцыя і праект, а пабудаваць новы корпус плануюць да 2021 года. Такім чынам, музею гісторыі Вялікай Айчыннай вайны яшчэ доўга чакаць свайго новага суседа: менавіта насупраць яго, праз дарогу, мае паўстаць новы будынак Гістарычнага. А пакуль і яго адрас, і арыенцір застануцца нязменнымі.

Аўтар: Ганна ШАРКО
карэспандэнт рэдакцыі газеты "Культура"