Быццам на юбілей сваяка…

№ 28 (1311) 15.07.2017 - 21.07.2017 г

У Купалаўскім мемарыяльным запаведніку “Вязынка” 8 ліпеня прайшло традыцыйнае свята паэзіі, песні і народных рамёстваў “З адною думкаю аб шчасці Беларусі”, прымеркаванае сёлета да юбілею Песняра. Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы, як заўсёды, падрыхтаваў адмысловую разнастайную праграму, а гасцямі свята сталі не толькі жыхары нашай краіны, але таксама сябры музея з замежжа.

/i/content/pi/cult/647/14359/2.jpgНа пачатку канцэртнай часткі ў неба запусцілі велізарную нізку шароў з хэштэгам #люблюКупалу, якія павольна ўздымаліся да белых аблокаў, радавалі вока і выяўлялі ўсяму свету нязгасную любоў беларусаў да Песняра.

Музычныя творы на вершы Янкі Купалы гучалі ў выкананні салісткі Белдзяржфілармоніі Марыны Васілеўскай, фальклорна-этнаграфічнага ансамбля “Неруш”, вакальнага ансамбля “Заранак” Нацыянальнага цэнтра музычных мастацтваў імя Уладзіміра Мулявіна, а таксама мастацкіх калектываў Маладзечанскага раёна.

Падарункам стаў выступ Беларускага дзяржаўнага ансамбля “Песняры”. Калектыў выйшаў на сцэну ў абноўленым складзе і выканаў творы з праграмы “Шчаслівасць” на словы Янкі Купалы. На канцэрце адбылася прэм’ера песні “Генацвале”. Асабліва цёпла і з цікавасцю прынялі ансамбль зусім маленькія беларусы — іх захапленню проста не было межаў. А знакамітую “Малітву” можна было пачуць у запісе ў выкананні Уладзіміра Мулявіна. Гэтая частка музейнай экспазіцыі ў доме паэта настолькі абуджае пачуцці, што многія наведвальнікі былі не ў стане стрымліваць слёзы.

На тэрыторыі запаведніка Асацыяцыяй фларыстаў Беларусі было створана некалькі маштабных фотазон. На фоне яркай канструкцыі з велізарных пунцовых літар, якія складаліся ў адзін вялікі надпіс “Янка Купала”, фатаграфаваліся госці свята. І, здаецца, нават самыя дарослыя наведвальнікі адчувалі дзіцячае захапленне ад убачанага. Фотаздымкі з велізарнай хуткасцю разнесліся па прасторах інтэрнэту.

…Без сумневу, гэты дзень запомніцца ўсім прысутным, бо атмасфера, якая панавала на Купалаўскай зямлі, была надзвычай цёплай. Як быццам вялікая шчаслівая беларуская сям’я прыехала адзначыць юбілей свайго блізкага сваяка.

Марыя КОРКІНА
Фота аўтара