Спявалі дзеці на віцебскай планеце

№ 28 (1311) 15.07.2017 - 21.07.2017 г

Кожны “Славянскі базар у Віцебску” мае свае адметнасці. Сярод асаблівасцяў цяперашняга ХХVI Міжнароднага фестывалю мастацтваў — наданне асаблівай увагі дзецям і, шырэй, узрошчванню юных талентаў.

Спрынт з марафонам

XV Міжнародны дзіцячы музычны конкурс “Віцебск” сабраў сёлета ўдзельнікаў з 21-й краіны. Паболела далёкага замежжа, уключаючы Грэцыю, Мальту, Фінляндыю. Высокі ўзровень спаборніцтва быў відавочным ужо ў першы конкурсны дзень, дзе ўдзельнікі спявалі песню краіны, якую яны прадстаўляюць, на мове сваёй краіны. На жаль, не ўсе выкладчыкі правільна вызначыліся з песняй другога конкурснага дня, дзе можна было выконваць што заўгодна. У кагосьці з дзяцей рэпертуар аказаўся відавочна “на выраст”, а хтосьці, наадварот, быў бы здольны на большае, чым просты матыўчык.

/i/content/pi/cult/647/14358/1.jpg

У першы дзень значную частку складалі песні патрыятычныя — пра Радзіму, з акцэнтаваннем на фольк і прыроду, часам са зваротам да народнай спеўнай манеры, не заўсёды прыдатнай для эстрадных конкурсаў. Такога кшталту творы выконваліся дзецьмі з Арменіі, Казахстана, Кыргызстана, Малдовы, Расіі, Украіны. Прадстаўнікі ж заходніх краін выяўлялі ўласныя нацыянальныя пачуцці не столькі праз тэматыку, колькі праз жанрава-стылёвыя заваёвы прафесійнага мастацтва сваіх народаў. Так, Рафаэль працягнуў традыцыі італьянскага бельканта (хлопчык цяпер жыве ў Мінску, з’яўляецца стыпендыятам спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі, але прадстаўляў на конкурсе родную Італію). Самы юны ўдзельнік — 7-гадовы Дэвід з ЗША (спецпрыз) — звярнуўся да стылістыкі амерыканскіх мюзіклаў. Ліене Зегеле з Латвіі паўстала юнай спадкаемцай Лаймы Вайкуле. Цікавай была песня Аланы з Літвы (спецпрыз) — з уласцівым Прыбалтыцы культам жывой прыроды, атмасферай яе дыхання, галасамі птушак. “Хава нагіла” Талі Купер з Ізраіля (спецпрыз) прывабіла спалучэннем яўрэйскіх спеўных традыцый з ярка эстрадным глісандаваннем і какетлівымі фіярытурамі-ёдалямі.

У другі конкурсны дзень на сцэне пераважаў джаз, які даўно і трывала прапісаўся на ўсіх дарослых конкурсах. Ён дае ўдзельнікам выйгрышныя магчымасці, дый далейшае развіццё эстрадных кірункаў уявіць без яго немагчыма. Але, як заўжды бывае на дзіцячых конкурсах, пры ўсёй адоранасці дзяцей, рэдка хто дасягаў стабільнасці. Прычыны трэба шукаць не толькі ў некаторых праліках выкладчыкаў, але і ў псіхалагічных асаблівасцях узросту, калі сама фізіялогія дзіцяці патрабуе хуткіх змен, кантрастаў, усё новых і новых “пераўвасабленняў”, а не трывалага “трымання планкі”. Але ж конкурс ёсць конкурс: тут перамагаюць тыя, хто лепей спалучае спрынт (уменне “выкласціся” за тры песенныя хвіліны) з марафонам усёй конкурснай дыстанцыі, што ўключае папярэднія адборы і працяглы працэс падрыхтоўкі.

Адзначу Шаміля Кыязава з Кыргызстана (спецпрыз) — з мяккім нізкім рэгістрам і тэмбравымі адценнямі контртэнара ў высокім. Але ж як зменіцца яго голас пасля заканчэння падлеткавай ломкі, пакуль невядома. Колькі розных інтэрпрэтацый украінскіх “Чарнабрыўцаў” даводзілася мне чуць, а такога пранікнёнага, як у Ганны Камяковай з Украіны (спецпрыз), яшчэ не сустракала. Вельмі прафесійна, упэўнена, з добрай энергетыкай і цудоўным фальцэтам спяваў Эрык Мкртчан (1-я прэмія). Неверагодна прыгожым голасам, яркім і праніклівым, а таксама тонкай музычнасцю вылучалася Сесіл з Балгарыі. Яна падзяліла 2-ю прэмію з Ержанам Максімам (Казахстан). Вельмі артыстычна і пры гэтым цалкам натуральна, асэнсавана, без акцёрскага і спеўнага фальшу выступіла Марыя Спасоўска (Македонія) — уладальніца свежага тэмбру, багатага на фарбы і абертоны. Яна падзяліла 3-ю прэмію з галасістай расіянкай Кацярынай Крэтавай, якой лепей удаецца адкрытая народная манера.

Ды ўсё роўна лепей за ўсіх была “наша Маша” — магіляўчанка Марыя Магільная. У першы конкурсны дзень і на гала-канцэрце адкрыцця фестывалю яна выконвала песню “Душы так хочацца святла” Наталлі Скапец на словы Таццяны Шурынавай. Гэта кампазіцыя была напісана менавіта для дзяўчынкі — з рэчытатыўна ўсхваляваным запевам, кантыленным прыпевам, дзе сапраўды “душа спявае”, з яркай кульмінацыяй і ўзнёсла ціхай пастлюдыяй. “Ключом” да песні, яе выканання і самога аблічча Машы сталі, на мой погляд, кантраст і яднанне ўзнёслай духоўнасці з сакавітымі фарбамі ўсёй колеравай палітры. Тыя ж “аблачынка з вясёлкай” былі і ў сцэнічным строі юнай спявачкі (доўгая белая сукенка з рознакаляровымі палосамі ўставак), і ў голасе. У адрозненне ад многіх іншых канкурсантаў, Маша паказала, што ўмее спяваць не толькі гучна ды “сценабітна”, але і ціха, душэўна, — а гэта, насамрэч, куды больш складана. Цудоўна прагучала ў яе і англамоўная кампазіцыя другога конкурснага дня — стыльна, з добрай энергетыкай, выдатным маўленнем, дакладна распрацаванымі рухамі.

Заўважым фарбы антуражу

Спалучэнне дзіцячасці з найноўшымі эстраднымі трэндамі, сучаснымі мастацкімі тэндэнцыямі выявілася і на цырымоніі лёсавання, і ў знешнім антуражы конкурсных праслухоўванняў. Усё было — па самых высокіх “дарослых” рахунках, уключаючы тыя ж плазменныя экраны ў Канцэртнай зале “Віцебск”, дзе праходзілі выступленні і гала-канцэрт. Азначаныя вышэй джазавыя прыярытэты конкурснай стылістыкі адбіліся і на запрашэнні гасцей: увесь дзіцячы блок фестывалю аздабляўся стыльным, харызматычным калектывам Jazz City Band (Магілёў) з моцнымі меднымі духавымі і элементамі тэатралізацыі.

Яшчэ больш стылёва размаітымі сталі заўсёдныя падтанцоўкі дзіцячых конкурсных песень. Сёлета куды больш шырока ў іх былі прадстаўлены не толькі эстрадны і джазавы танец, балетная неакласіка і бальныя кірункі, але і contemporary dance. Паболела колькасць танцавальных калектываў, якія дапамагалі канкурсантам. Хаця, прызнацца, іх выканальніцкі ўзровень быў няроўным. Некаторыя танцавальна-пластычныя кампазіцыі зусім не адпавядалі стылістыцы песень (як, да прыкладу, спалучэнне запаволенага брэйка з опернай кантыленай). А нейкія, на жаль, былі недастаткова ці, наадварот, залішне адрэпетаваны. Не, дзеці не блыталі рухі, але выконвалі іх то недасканала, без належнага лоску і шарму, то надта стомлена. Але ж былі і надзвычай дакладныя спалучэнні песні, выканання, відэашэрагу на экране і падтанцоўкі.

Пры ўсіх “дарослых сур’ёзнасцях” спаборніцтва арганізатары заўсёды імкнуцца стварыць атмасферу сяброўства, казачнага чараўніцтва. У мінулыя гады для лёсавання абіралі паркавую зону, везлі дзяцей туды на кацеры, запускалі для іх атракцыёны. Сёлета ўсё гэта было крыху больш сціпла, але традыцыя захавалася: лёсаванне і конкурсныя выступленні былі знітаваны тэматычна. Атрымаліся “Вялікія музычныя прыгоды” ў фестывальным “горадзе”. Дзейнымі асобамі выступалі шматлікія вядучыя, сувядучыя і, канешне, канкурсанты.

Праўда, у сцэнарыі сустракаліся крыўдныя “ляпы”, калі, да прыкладу, дзяўчынку-тынэйджара называлі “мадам”. Ці выдавалі наступныя бязглуздзіцы: “Калі прыбраць усе чорныя клавішы, не атрымаецца сыграць ніводнай мелодыі”. Насамрэч, яшчэ як атрымаецца! “Якія гукі можна пачуць толькі днём?” — “Спевы салоўкі”. А той, між іншым, спявае незалежна ад часу, і лепей чуваць яго ў вечаровай ды начной цішы. “Прыпынак у музычнай краіне — гэта паўза”. Насамрэч, гэта фермата. А паўза — гэта цішыня. Ці, калі працяглая — чаканне. “Я не ўмею правільна спалучаць ноты для зіхатлівага гучання музыкі”. А гэта ўвогуле — як? Уражанне, быццам рабілі камп’ютарны пераклад з замежнай.

Як і ў мінулыя гады, многія з сувядучых надта многа крыўляліся, крычалі, што асабліва рэзала вока і слых побач з цалкам натуральнай сцэнічнай манерай Івана Вабішчэвіча ў ролі Гарадавога. Дый сцэнічныя строі тых жа “Начных шоргатаў” і “Вулічных гукаў” маглі быць больш зграбнымі, каб не псаваць дзявочыя фігуры.

Юбілейна-выніковая кадэнцыя

Дзіцячая эстрадная творчасць сёння выйшла на ўзровень магутнай шоу-індустрыі. Яна патрабуе не адно непасрэднасці і разумення таго, што ўсе дзеці — таленавітыя, толькі кожны па-свойму, але і механізмаў па найбольш аптымальным ператварэнні юнай адоранасці-захаплення-апантанасці ў гатовы шоу-прадукт. І, вядома, адпаведнага ўкладання грошай. Таму не дзіва, што пераможцы віцебскага спаборніцтва атрымліваюць грашовыя ўзнагароды (ад адной да пяці тысячаў долараў), а на пытанні журналістаў, як збіраюцца іх патраціць, кажуць не толькі пра смартфоны ды скутары для сябе і падарункі-сувеніры для сяброў і блізкіх, а найперш пра цалкам дарослыя рэчы: паездкі на іншыя конкурсы, выданне дыскаў, набыццё новых песень, сцэнічных строяў — ды што заўгодна, акрамя стэрэатыпаў накшталт гумкі і марозіва.

А як змяніўся дзіцячы рэпертуар! Яшчэ некалькі гадоў таму гэта былі, з аднаго боку, вельмі простыя, літаральна на некалькі нотаў, песенькі, выканаўцы якіх ні на што не прэтэндавалі. Другую частку складалі цалкам дарослыя кампазіцыі, якіх з гадамі станавілася ўсё болей. Што ні кажыце, а дзеці добра ўмеюць капіраваць, хаця і выглядаюць у ролі гэткіх “сталых зорак” не заўсёды натуральна — часам нягегла, камічна, а то і ўвогуле парадыйна.

Сёння многія рэпертуарныя праблемы знайшлі сваё вырашэнне. Дзякуючы спаборніцтвам такога ўзроўню, як на “Славянскім базары…”, з’явілася шырокая катэгорыя ўласна конкурсных дзіцячых песень, часта напісаных для пэўнага выканаўцы. А вось вядомы і ўлюбёны некалькімі пакаленнямі дзіцячы рэпертуар адышоў на другі план. Шкада! Бо конкурсную песню пры жаданні можна зрабіць з абсалютна любога музычнага матэрыялу. Былі б таленавітыя апрацоўшчыкі ды аранжыроўшчыкі! Сёлета такіх прыкладаў, на жаль, не сустрэлася. Адзіным “цалкам дзіцячым хітом” быў мульцяшны “Блакітны вагон” Уладзіміра Шаінскага ў выкананні Элен з Грузіі (спецпрыз). Але рымейку відавочна не хапала смелых музычных фантазій.

Вельмі заўважнай з гадамі стала тэндэнцыя комплекснага развіцця мастацкіх схільнасцяў дзяцей. Практычна ўсе яны (за рэдкім выключэннем тых, хто папросту крыху разгубіўся) сёлета добра рухаліся, спявалі з сапраўдным артыстызмам. Ды як іначай, калі “паслужны” спіс літаральна кожнага ўтрымлівае, акрамя спеваў і, шырэй, заняткаў музыкай, яшчэ значны пералік дасягненняў у спорце, лінгвістыцы, тэатральным мастацтве, тэлепраектах, спробы праявіць сябе вядучым, фота-, топ-мадэллю і да таго падобнае.

Звернем увагу і на тое, як стыльна, з густам сталі дзеці апранацца. Цяпер над кожным з удзельнікаў шчыруюць не адно бацькі і выкладчыкі, але і, даволі часта, цэлыя каманды дызайнераў і стылістаў. Ва ўсіх удзельнікаў — як мінімум па два шыкоўныя строі: нацыянальныя, менавіта сцэнічныя, са “спасылкамі” на вобразна-тэматычны лад абранай песні, і дзіцяча-падлеткавыя, “модненькія”, ды не растыражаваныя. Здаралася, было і па тры-чатыры змены ўбрання: не толькі для кожнай з песень, у залежнасці ад іх стылю і тэматыкі, але і для агульных выхадаў, лёсавання. Усё, як у дарослых. І нават лепей.

Юбілейны конкурс у чарговы раз пацвердзіў: цудоўных галасоў — процьма. Добра падрыхтаваных дзяцей — таксама. Як і бацькоў, гатовых дзеля свайго дзіцяці на самаахвярнасць і немалыя грашовыя ўкладанні. Усё больш становіцца і добрых выкладчыкаў: конкурс “Славянскага базару…” з’яўляецца для іх своеасаблівым майстар-класам. Ён чым далей, тым больш не проста даганяе, але і пераўзыходзіць дарослы па самааддачы, цікавым рэпертуары, свежасці і шчырасці выканання. І гэта робіць яго не “дапаўненнем” да фестывалю з памяншальна-ласкальнай назвай “Славянскі базарчык”, як гэта было калісьці, а адной з найбольш значных частак форуму. Больш дакладна, тым яго складнікам, які вызначае будучыню не толькі нашага фестывалю, але і сусветнага эстраднага мастацтва.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"