Праўда і міфы “Айчыны”

№ 27 (1310) 08.07.2017 - 14.07.2017 г

Павел Татарнікаў распавядае пра тое, як рабіўся бестселер
Мы ўжо пісалі пра адно з найпапулярных сёлетніх выданняў — кнігу “Айчына: маляўнічая гісторыя. Ад Рагнеды да Касцюшкі”, якая, сярод іншых, прадстаўляла нашу краіну на фестывалі “Красная плошча” ў Маскве. Сваім поспехам гэты фаліянт абавязаны як тэкстам вядомага пісьменніка Уладзіміра Арлова, так і шыкоўным ілюстрацыям Паўла ТАТАРНІКАВА — недарэмна ж ён названы не афармляльнікам, а менавіта суаўтарам кнігі. Менавіта яны дазваляюць не толькі даведацца пра падзеі і постаці нашай мінуўшчыны, але і стварыць у свядомасці іх маляўнічы вобраз. Аднак узнікае пытанне, чым жа натхняўся сам графік, які здолеў адрадзіць для сучаснікаў сівую даўніну?

/i/content/pi/cult/646/14351/1.jpg

Панарамай, прысвечанай дахрысціянскім святам, пачынаецца "Айчына".

— Спадар Павел, у вашай кнізе шмат панарамаў-рэканструкцый старажытных гарадоў. Наколькі яны дакладныя, калі зыходзіць з навуковых крытэрыяў? Я памятаю, вы казалі, што ў панараме Берасця выяўлены горад, які ў такім выглядзе ў канкрэтны гістарычны момант ніколі не існаваў. А навошта было гэта рабіць? Чаму б не аднавіць выгляд горада на канкрэтны перыяд, дату, як гэта робяць навукоўцы? Які сэнс гэтай архітэктурнай фантазіі?

— Справа ў тым, што ў мастакоўскай працы няма такіх жорсткіх рамак, як у навуковай дзейнасці. Мастак стварае вобразы і мысліць вобразамі, а гісторык або архітэктар карыстаецца навуковымі метадамі. Яны павінны дакладна вызначаць, як адмыслоўцы кажуць, лакалізацыю — тэрытарыяльную, часавую. У пэўны час на пэўным месцы стаяў будынак вось такога прызначэння… Далей ужо высвятляем, як гэты будынак мог выглядаць. Калі ж не маем звестак, тады навуковы падыход прадугледжвае метад аналогій, які грунтуецца на аналізе падобных будынкаў, што захаваліся ў іншых месцах — ці ў нас ці ў суседзяў. І робіцца выснова: той будынак, які нас цікавіць, хутчэй за ўсё выглядаў прыкладна так сама.

Я ж як мастак такіх рамак не маю. Мне было цікава стварыць вобраз майго роднага Берасця такім, якім гэты горад мне ўяўляўся. Каб гэта было дакументальнае сведчанне з пэўным даважкам фантазіі. У мяне няма прынцыповых адступленняў ад гістарычнай тапаграфіі, і выяўленыя мною будынкі і гарадскія комплексы ёй збольшага адпавядаюць. Але, канешне ж, на перыяд XVII стагоддзя замак не мог так выглядаць: ён на той час ужо быў бастыённага тыпу. Тым больш, дакладна вядома, што ў выніку войнаў канца XVI стагоддзя старая фартэцыя была разбураная, а вежа і наогул развалілася падчас навальніцы. Але ў астатнім, канешне, выяўлены мною горад нагадвае той, які існаваў насамрэч.

— Ад старога Берасця пасля пабудовы Брэсцкай крэпасці нічога не засталося. Як вы лічыце, ці можна сёння той гістарычны горад аднавіць? Італьянцы, скажам, не сталі аднаўляць старажытны Рым, але пабудавалі побач з Імператарскімі форумамі манумент у стылістыцы часоў Рымскай імперыі, назваўшы яго Алтаром Айчыны. Можа, такі падыход пасаваў бы сёння нам?

— Да візуальнай рэканструкцыі старога Берасця я звяртаўся неаднаразова, рабіў розныя варыянты. Я, канешне ж, не магу прэтэндаваць на пачэсную ролю стваральніка Алтара роднага горада, але… гэта мая даніна памяці, асабісты ўнёсак у вяртанне гістарычнага аблічча Брэста.

Форум Раманум, які італьянцы пакінулі ў руінах, — гэта фактычна мемарыял старажытнаму гораду. У Брэсце гістарычны горад не захаваўся нават у такім выглядзе: на ягонай тэрыторыі цяпер крэпасць, а адзіная згадка пра сярэднявечнае Берасце — гэта археалагічны музей. Таму ўзнікае пытанне, якім чынам мы, нашчадкі, зможам зрабіць той Алтар у гонар аднаго з найпрыгажэйшых і найславуцейшых месцаў нашай Радзімы?

Зрэшты, пэўныя варыянты ёсць. Робяцца макеты, робяцца 3D-рэканструкцыі, урбаністы аднаўляюць гістарычную тапаграфію. І першым крокам, як мне здаецца, павінна быць проста абазначэнне хаця б таблічкамі на тэрыторыі крэпасці тых месцаў, на якіх стаялі найбольш значныя будынкі старога горада. Як толькі таблічкі з’явяцца, у турыстаў ды і саміх жыхароў Брэста паўстане пытанне: а куды ж падзелася тысячагадовая гісторыя Берасця, што з ёй сталася, калі памяць
абазначана толькі некалькімі мінулымі стагоддзямі? І я ўпэўнены, што супраціўленне будзе якраз гэтаму першаму кроку. Бо пасля яго адразу паўстануць пытанні і стануць непазбежнымі крокі наступныя.

— У партрэтах гістарычных асоб таксама прысутнічае фантазійнасць?

 

/i/content/pi/cult/646/14351/2.jpg— Шмат якія вядомыя асобы маюць сваю іканаграфію, часам даволі шырокую. Калі мастак звяртаецца да іх вобразаў, ягоная задача — захаваць падабенства на тыя партрэтныя крыніцы. Скажам так, намаляваць свой партрэт, але падобны на ўжо існыя. Але здараюцца выпадкі, калі аблічча гістарычнай асобы нам невядомае, бо ніякія крыніцы не захаваліся — не толькі візуальныя, а нават і тэкстуальныя апісанні знешнасці чалавека. Тады даводзіцца партрэт і сапраўды прыдумляць. І часта за аналаг бярэцца канкрэтны сучаснік мастака — напрыклад, сябра, сваяк або проста нейкая цікавая постаць, пабачаная на вуліцы. Вось для партрэта Гальяша Капіевіча я выбраў мадэллю аднаго прыяцеля: чамусьці мне падалося, што ён мае да гэтага асветніка вялікае падабенства паводле свайго характару, ды і займаецца той самай справай, прычым займаецца апантана.

— І хто гэта, калі не сакрэт?

— Сакрэт, але… добра, раскрыю. Гэта наш вядомы мастак, фатограф, выдавец Дзяніс Раманюк. Мы даўно сябруем, і так склалася, што я сустракаўся з ім падчас работы над кнігай, абмяркоўваў сваю працу. І вось, я намаляваў партрэт Дзяніса, змясціўшы яго ў стылістыку адпаведнай эпохі, якая ўлічвае і адзенне, і саму пастаноўку фігуры. Тут ужо я выкарыстоўваў у якасці аналогіі партрэты таго перыяду.

— А каго яшчэ з нашых сучаснікаў мы можам убачыць на старонках кнігі ў такім пераўвасабленні?

— Так, партрэт Гальяша Капіевіча не быў выключэннем: я выкарыстоўваў тыпажы сваіх сяброў і знаёмых яшчэ неаднойчы. Прыгледзеўшыся, вы сустрэнеце знаёмыя твары — Ніла Гілевіча, Гаўрылы Вашчанкі, майго суаўтара Уладзіміра Арлова… Хоць людзей за ўсю гісторыю, пачынаючы ад Адама, жыло вельмі шмат, чамусьці большасць з іх маюць тыпажнае падабенства. Не проста расавае, этнічнае або антрапалагічнае, але падабенства і тварам, і эмоцыямі, і мімікай.

/i/content/pi/cult/646/14351/3.jpg

— Відаць, пры візуальнай рэканструкцыі бітваў таксама даводзілася звяртацца да інтуіцыі, уключаць фантазію?

— Ёсць такая показка пра мастакоў-ілюстратараў. Лічыцца, што яны жывуць некалькі жыццяў. Бо калі ты пачынаеш працаваць над кніжкай, паглыбляючыся ў іншы час, дык твой гадзіннік у гэтым жыцці спыняецца і пачынае цікаць там, у той эпосе, якую ты адлюстроўваеш. А па завяршэнні работы гадзіннік “там” адключаецца, а “тут” зноў пачынае ісці. Вось таму мы і пражываем некалькі жыццяў.

Калі ты паглыбляешся ў тэму, дык і сапраўды пачынаеш ёй жыць. Ды не проста існаваць у тым часе і прасторы, але пры гэтым і ствараць іх! У пэўным сэнсе, ты становішся падуладным змяняць гістарычную рэчаіснасць у адпаведнасці са сваімі ўяўленнямі! Гэта ж мая прэрагатыва, як расставіць вершнікаў і пехацінцаў, скажам, на Грунвальдскім полі.

— А як жа гістарычныя крыніцы?

— Вось нейкі летапіс называе канкрэтную колькасць узброеных сіл, якія ўдзельнічалі ў бітве. Пачынаеш маляваць рэалістычным метадам і бачыш, што столькі людзей не проста не маглі змясціцца на адным полі, але пашыхтаваныя войскі павінны былі б заходзіць далёка за гарызонт. Разумееш, што не магло быць такой колькасці, а было ў два-тры, а то і ў дзясяткі разоў меней. І часта менавіта дзякуючы графічнай рэканструкцыі — пры ўсёй яе ўмоўнасці — з вялікай доляй верагоднасці можна падлічыць, наколькі вялікае войска ўдзельнічала ў бітве.

/i/content/pi/cult/646/14351/4.jpg

— Ці няма небяспекі спарадзіць такім чынам новыя міфы?

— Дык гісторыя спрэс зміфалагізаваная! І мастак сам вызначае, падмацоўваць той ці іншы міф ці разбураць яго. Крытычнае асэнсаванне міфалогіі, адыход у нябыт старых і нараджэнне новых міфаў — гэта жывы і пастаянны працэс. Прычым, хутчэй за ўсё, такі працэс непазбежны і аб’ектыўны. Мы цяпер перажываем перыяд адбудовы і станаўлення дзяржаўнасці. Але так ці інакш гэта перыяд посткаланіяльны, і ў ім — што цалкам лагічна — ствараецца свой корпус міфалогіі. Пэўныя важныя для нацыянальнай свядомасці факты мусяць абрасці гістарычнай аўрай. Важна, аднак, не пераходзіць да крайнасцяў, не абагаўляць міфы.

— Вы адлюстроўваеце тысячагадовы перыяд гісторыі. Ці не бянтэжыць вас, што нашы продкі сталі называць сваёй Радзімай Беларусь хіба параўнальна нядаўна?

— Панарама, з якой пачынаецца “Айчына”, прысвечаная старажытнаму паселішчу і колу гадавых дахрысціянскіх святаў — Каляды, Дзяды, Гуканне вясны, Радаўніца. Безумоўна, на той час не было ні назваў сучасных, ні тых адміністрацыйных і палітычных межаў, якія цяпер існуюць. Але народ, які тут жыў — гэта нашы генетычныя продкі. Я асабіста маю права казаць, што ў гістарычным плане з’яўляюся грамадзянінам той краіны, якая называлася Вялікае Княства Літоўскае. Да ўсяго, у маіх жылах кроў прадстаўнікоў амаль усіх этнасаў, якія насялялі гэтую дзяржаву — беларусаў, татараў, балтаў, палякаў, яўрэяў, немцаў…

— У ілюстрацыях да кнігі вы нейкім чынам увасобілі сябе ці сваю сям’ю?

— Як рабіў кнігу, дык аказалася, што за гэты час пабудаваў дом, колькі дзясяткаў дрэваў пасадзіў. Дарэчы, на першай панараме “Айчыны” ёсць выява майго сына, які таксама нарадзіўся менавіта ў той перыяд.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"