Раяль на плошчы ды іншыя сюрпрызы

№ 27 (1310) 08.07.2017 - 14.07.2017 г

“Класіка ля Ратушы”: музычна-гістарычная экскурсія
Сёння пачынаецца ўжо трэцяе лета з цыклам бясплатных канцэртаў пад адкрытым небам у самым цэнтры сталіцы. Кожную суботу ажно да 26 жніўня можна будзе спалучаць пешую экскурсію, вячэрні шпацыр, далучэнне да музычных вяршыняў і… яшчэ некаторыя прыемныя сюрпрызы ад арганізатараў.

/i/content/pi/cult/646/14349/2.jpg

Акрамя кампаніі, згаданай у назве праекта “Класіка ля Ратушы з velcom”, арганізатарамі выступаюць Мінгарвыканкам, “Мінскканцэрт”, Канцэртнае агенцтва “Эквілібрыум Артс”. А сярод запрошаных калектываў і салістаў — самыя, бадай, зорныя музыканты Беларусі (і не толькі сталічныя: прыедзе, да прыкладу, “Гродзенская капэла”), блізкага і далёкага замежжа: з Азербайджана, Арменіі, Бельгіі, Германіі, Грузіі, Італіі, Літвы, Малдовы, Нідэрландаў, Польшчы, Расіі, Украніы, Францыі. Стылістыка і жанры — самыя розныя: ад Вівальдзі да П’яцолы, ад оперы да аперэты, ад барока да джаза. Самі ж канцэрты — не проста звыклыя гала-, а тэматычныя вечарыны. Ёсць сярод іх і жнівеньская “Беларуская рапсодыя”, складзеная з кінамузыкі нашага класіка Яўгена Глебава і твораў іншых беларускіх кампазітараў для тэатра.

Увогуле, традыцыя “амузычвання” мінскай каляратушнай прасторы мае глыбокія традыцыі. Справа не толькі ў тым, што плошча Свабоды з’яўляецца папраўдзе самай “музычнай”, бо абапал яе знаходзяцца 10-я дзіцячая музычная школа, Рэспубліканская гімназія-каледж пры Акадэміі музыкі і сама Акадэмія (а раней тут жа змяшчаліся яшчэ Беларускі саюз кампазітараў, дзве вучэльні — музычная і мастацтваў, гарадская музычная бібліятэка і музычная крама ажно ў два паверхі). Карані ж вулічнага музіцыравання на гэтым “пятачку” сягаюць увогуле ў 30 — 40-я гады ХІХ стагоддзя. Гісторык і экскурсавод Іван Сацукевіч знайшоў успаміны тагачасных сведкаў пра тое, як на балконе Ратушы рэгулярна граў невялікі аркестр. Пра гэта і многае іншае, звязанае з музычным мінулым сталіцы, ён распавёў у час прэс-канферэнцыі, вырашанай у выглядзе… аўтобуснай экскурсіі з музычнымі дадаткамі.

Двухпавярховы “амаль лайнер”, шчодра расквечаны рэкламай праекта, рушыў у бок Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі, потым выруліў да Беларускай дзяржаўнай філармоніі. На кожным з прыпынкаў у яго падсаджваліся новыя пасажыры — музыканты ды спікеры, замест квіткоў “прад’яўляючы” свае выступленні. Так патроху склаўся выдатны ансамблевы калектыў, што выдаў пры вяртанні да Ратушы суцэльны шэраг выбітных кампазіцый.

Дый у дарозе не давялося сумаваць. Акрамя разнастайнай інфармацыі, якая тычылася непасрэдна праекта, мы даведаліся, да прыкладу, што 140 гадоў таму першыя два паверхі цяперашняга Сувораўскага вучылішча (астатнія былі дабудаваны значна пазней) існавалі як мужчынская духоўная праваслаўная семінарыя. Што тады ж, у сярэдзіне ХІХ стагоддзя, непадалёк размяшчалася і жаночая духоўная праваслаўная семінарыя — цяпер гэта агароджаны вайсковы будынак непадалёк ад Дома радыё. Што цяперашнія “жарсці вакол Асмалоўкі” больш правільна было б ахрысціць “лёсам былой Старажоўкі” (Старажоўская вуліца стала называцца Кісялёва). Што вуліца Камуністычная магла б насіць імя Караля Чапскага, які быў гарадскім галавой Мінска ў 1890 — 1901 гады. Што Залатая горка, дзе ў касцёле Святога Роха рэгулярна гучыць арганная ды харавая музыка, а калісь увогуле была камерная зала філармоніі, атрымала сваю назву ці то з-за жоўтага лісця былога кляновага гаю, ці то з-за манетак, якія пакідалі тут тыя, хто выжыў пасля жудаснай эпідэміі халеры. Што парк імя Максіма Горкага быў закладзены 217 гадоў таму як гарадскі сад, а Палац культуры прафсаюзаў знаходзіцца на Юравай гары. І што прапорцыі праспекта Незалежнасці, адбудаванага да плошчы Якуба Коласа за 12 пасляваенных гадоў, найбольш камфортныя для чалавечага пражывання, бо маюць суадносіны 1 : 2 (вышыня — 24 метры, шырыня — 48). Як тут было не згадаць вядомую ў музыцы і іншых мастацтвах кропку залатога сячэння, што нясе найбольшую гармонію і ўраўнаважанасць формы, — 3 : 4.

Такая крэатыўная “прэс-канферэнцыя” (дарэчы, адно толькі праезд па горадзе аўтобуса з лагатыпамі-эмблемамі “Класікі ля Ратушы” — шыкоўная рэклама!) дадаткова пераканала, наколькі цікавым, зусім не “чаргова-шараговым” будзе сёлетні фэст. Дарэчы, з наступнай суботы пачнецца акцыя “Вольны раяль”. Гэтым разам раяляў, паіграць на якіх змогуць усе ахвотныя, будзе два, каб унесці спаборніцкі момант. А сёння вас чакае самае масавае сэлфі — з Дзяржаўным акадэмічным сімфанічным аркестрам Беларусі, які сёлета святкуе 90-годдзе.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"