…і Эйфелева вежа ў даважак

№ 27 (1310) 08.07.2017 - 14.07.2017 г

Марк Шагал — бадай, першы выразны касмапаліт у беларускім мастацтве і першы наш мастак, чыя творчая біяграфія прымусіла гісторыкаў культуры нашага краю ўсур’ёз заклапаціцца тэмай крытэрыяў нацыянальнай тоеснасці творчай асобы ў век глабальных камунікацый.

/i/content/pi/cult/646/14347/6.jpg

На выставе твораў нашага славутага земляка, што зараз адбываецца ў Нацыянальным мастацкім музеі, прадстаўлены літаграфіі, зробленыя ў Францыі, і партрэт маладога Марка Шагала, напісаны ягоным настаўнікам Юдэлем Пэнам. Парадаксальная сітуацыя: Пэн як ніхто іншы дакладна адлюстраваў яўрэйскае жыццё ў межах рысаў аседласці, можна сказаць, стварыў выяўленчую энцыклапедыю побыту беларускага яўрэйства, але ў гісторыі хутчэй за ўсё застанецца вось гэтым некідкім партрэтным эцюдам. Сёння яго насамрэч больш ведаюць як настаўніка зорнага вучня, чым самабытнага творцу. Чамусьці гэты партрэт уразіў мяне болей, чым шагалаўскія літаграфіі, да якіх ён фактычна з’яўляецца экспазіцыйным даважкам. Магчыма таму, што ў ім адбіўся дух таго асяроддзя, з якога Марк Шагал падаўся ў вялікі свет.

Работы самога Шагала будуць цікавымі для фанатаў ягонай творчасці, для якіх кожны штрых ці мазок гэтага мастака — пазачасовая каштоўнасць. Я ж, магчыма, выкажу смелае меркаванне, але… на мой погляд, большая частка таго, што наш зямляк зрабіў па-за межамі Беларусі, пазбаўлена той шчырасці, пачуццёвасці і, як сказалі б сёння, драйву, які выпраменьваюць творы, народжаныя тут. Гэта, зрэшты, натуральная справа. Палову жыцця чалавек глядзіць наперад, а другую палову — азіраецца назад. Палову жыцця займае каханне, а другую — настальгічныя ўспаміны. Шагал не выключэнне. Творчасць большасці мастакоў сілкуецца ўражаннямі маладосці. Ды і карыстаецца звычайна аўтар усё жыццё тэхнічным і стылёвым патэнцыялам, назапашаным на пачатку творчага шляху. Тое, што мы бачым на гэтай выставе — гэта тыражаваныя ўспаміны, тыражаваныя вобразы, тыражаваная тэхніка. А ўсё разам — канвертуемая настальгія. Брэнд.

Нарадзіўся ў Беларусі, якая на той час была часткай Расійскай імперыі. Працаваў у Расіі, пакінуў след у мастацтве Францыі, Злучаных Штатаў Амерыкі, пад канец стала атабарыўся на Французскай Рыўеры. Лічыцца, што праз усю ягоную творчасць чырвонай ніткай праходзіць настальгія па Віцебску часоў ягонай маладосці. Феноменам жыцця і творчасці Марка Шагала я лічу тое, што на тле драм і катастроф стагоддзя сярод генацыду этнасу, да якога ён належаў, і трагедыі зямлі, на якой ён нарадзіўся, мастак не збочыў у дэпрэсію, захаваў у душы святло. Мяркую, менавіта гэта акалічнасць, а не толькі характэрная стылістыка, болей уласцівая інсіту, чым прафесійнаму мастацтву, вабіць сённяшніх гледачоў Шагала.

Шагал быў першым беларускім мастаком, які зрабіў шыкоўную кар’еру за мяжою, трапіў у кагорту класікаў ХХ стагоддзя. Ягоную вандроўку ў вялікі свет па вялікую славу спрабавалі паўтарыць многія. Для некаторых яна аказалася паспяховай — Барыс Забораў, Раман Заслонаў… Камусьці пашчасціла менш. Шагал жа для нас каштоўны тым, што сваімі жыццём і творчасцю пераканаўча давёў, што можна быць адначасова патрыётам і касмапалітам, мець настальгію па радзіме і спавядаць агульначалавечыя каштоўнасці. Калі прыгледзецца, дык знойдзеш у французскіх літаграфіях Марка Захаравіча Шагала віцебскія матывы, адносна якіх Эйфелева вежа не больш як дэкаратыўны даважак.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"