Марк Шагал — палова майго жыцця…

№ 27 (1310) 08.07.2017 - 14.07.2017 г

Сённяшнюю вядомасць мастака на радзіме нельга параўнаць з тым, што было, скажам, чвэрць стагоддзя таму. І менавіта дзякуючы віцебскаму музею, пяці экспазіцыям з Францыі, якія прывозіліся з 1997 па 2005 гады, дзейнасці “Белгазпрамбанка”, які набывае работы мастакоў Парыжскай школы, Марк Шагал літаральна выйшаў з ценю.

/i/content/pi/cult/646/14345/4.jpgПамятаю часы, калі ніхто нават не мог марыць пра тое, што ў Віцебску з’явіцца музей мастака, што туды будуць прыязджаць турысты з усяго свету, што на радзіму Шагала вернуцца 300 яго арыгінальных работ, а навуковая бібліятэка, прысвечаная яму, будзе налічваць 6 тысяч кніг. Без сумневу, гэта вялікая каштоўнасць і буйная база для развіцця шагалазнаўства ў Беларусі.

Аднак, безумоўна, засталіся і нявырашаныя пакуль пытанні. Адно з іх — размяшчэнне работ мастака. На сёння наяўныя ў музея плошчы проста не дазваляюць выстаўляць усю калекцыю Марка Шагала. Таму трэба пабудаваць спецыяльны экспазіцыйны цэнтр, які павінны адпавядаць сучасным тэхнічным патрабаванням. Вельмі важна, каб аўдыторыя — і асабліва маладая — мела магчымасць непасрэднага дотыку да высокага мастацтва. Кожны твор, які я бачу ў арыгінале, аказвае на мяне неверагоднае ўражанне. А калі глядзіш рэпрадукцыю, многія тонкасці проста не заўважаеш і не адчуваеш.

Ці разумеюць Шагала сённяшнія беларусы? Безумоўна, гэта тое мастацтва, якое кожны вольны прымаць ці не прымаць, але адукаваны чалавек абавязкова павінен яго ведаць. Ва ўсім свеце ён лічыцца адным з найлепшых каларыстаў ХХ стагоддзя, і меркаванне мастацтвазнаўцаў павінны ўзяць пад увагу ўсе тыя, хто хоча паглыбіць сваё разуменне прыгожага.

Урэшце, Марк Шагал — гэта добрая палова майго жыцця, паколькі я вельмі доўга працавала дырэктарам музея ў Віцебску і была сведкай яго станаўлення. Гэта ўсё зроблена не толькі маімі сіламі, але і агульнымі намаганнямі віцебскай грамадскасці на чале з паэтам Давідам Сімановічам — старшынёй шагалаўскага камітэта. Разам мы прабілі той мур неразумення, які існаваў дзесяцігоддзямі, ды, па сутнасці, вярнулі Шагала ў Віцебск — у той горад, дзе з’явіліся, пэўна, найлепшыя яго творы і які натхняў яго да канца жыцця. На гэта сышло шмат сіл, і тое, чаго мы дасягнулі, мяне шчыра радуе.

Людміла ХМЯЛЬНІЦКАЯ, мастацтвазнаўца, гісторык, шматгадовы даследчык творчасці Марка Шагала