“Патанцуем?” Так, у ахвоту!

№ 27 (1310) 08.07.2017 - 14.07.2017 г

Парадаваў водгук чытача “К” Змітра Крымоўскага пра заўсёдную актуальнасць аўтэнтычных танцаў. Відавочна, аўтар вельмі дасведчаны ў тэме і сам мае дачыненне да народнай беларускай культуры, ведае гісторыю і галоўнае — тых, хто яе робіць сёння. А ў нас на Віцебшчыне такіх людзей багата, і яго запыт “Патанцуем?” тут ёсць каму падтрымаць.

/i/content/pi/cult/646/14342/2.jpgКарыстаючыся нагодай, запрашаем усіх зацікаўленых на турнір беларускіх танцаў, які чатыры гады запар праводзіцца ў межах міжнароднага фестывалю традыцыйнай культуры “Браслаўскія зарніцы”. Ён вельмі красамоўна дэманструе рост цікавасці да народнай культуры і, у прыватнасці, танцавальнай. Пачынаўся турнір усяго з чатырох пар, летась яго ўдзельнікамі сталі ўжо 56 пар, а цяпер на чацвёрты турнір заяўлена 77! Яны прадстаўляюць 20 рэгіёнаў Віцебшчыны, і кожны з іх рыхтуе нешта самабытнае, “мясцовае” для ўдзелу ў намінацыі “Лепшы адметны танец”.

Прычым спаборнічаць у турніры будуць не толькі пастаянныя ўдзельнікі фальклорных калектываў, але і простыя аматары танцаў — у ліку якіх ёсць і службовыя асобы райвыканкамаў. Ды і ўзрост танцораў самы розны — ад 16 гадоў і да 86. А ў намінацыі “Лепшая балетмайстарская пастаноўка” прымуць удзел узорныя, народныя, заслужаныя харэаграфічныя ансамблі вобласці.

Не забываем мы, вядома, і пра дзетак — для іх у вобласці раз на два гады праводзіцца агляд-конкурс “Ад прашчураў — да зор”. Сярод намінацый — не толькі мясцовыя танцы, але і народныя гульні, абрады і гэтак далей.

З задавальненнем прыгадаю і абласны агляд-конкурс харэаграфічных калектываў “Прыдзвінскія карункі”, прысвечаны нашаму земляку — знакамітаму балетмайстру Івану Серыкаву. Адна з намінацый — лепшае выкананне яго аўтарскіх беларускіх танцаў.

Да ўсяго, у Віцебскім абласным метадычным цэнтры народнай творчасці праводзяцца майстар-класы для жадаючых навучыцца розным танцам.

Для папулярызацыі народнай культуры мы выкарыстоўваем і нашы мерапрыемствы ў межах Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”: “Горад майстроў”, конкурс майстроў разьбы па дрэве, выстава саломкапляцення “Золата роднай зямлі”, турнір беларускіх танцаў, конкурс мажарэтак і барабаншчыц, конкурс тэатраў мод “Модны дывертысмент”, конкурс брэндаў раёнаў вобласці, канцэрт-прэзентацыя абласцей ды іншыя. Спадзяюся, шматлікія госці фестывалю з іх дапамогай здолеюць пазнаёміцца з разнастайнай і самабытнай народнай культурай Віцебшчыны.

Ала ЛЯЛЬКІНА, вядучы метадыст Віцебскага АМЦНТ