Юбілей пачынаецца з “Любові”

№ 27 (1310) 08.07.2017 - 14.07.2017 г

У Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь адкрылася выстава “Марк Шагал. Колер любові”. Па просьбе “К” генеральны дырэктар установы Уладзімір Пракапцоў з нагоды юбілею нашага знакамітага суайчынніка згадвае пра некаторыя з першых крокаў па вяртанні мастака на Радзіму і пра людзей, дзякуючы якім яно адбылося.

/i/content/pi/cult/646/14339/4.jpg

— Першы раз мастацтва Шагала было прадстаўлена ў сценах Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь у 1997 годзе, — кажа Уладзімір Іванавіч. — Знаёмства з ім беларускага гледача не магло адбыцца без добрай волі спадкаемцаў Шагала. Дзякуючы актыўнаму ўдзелу яго ўнучак — Бэлы і Мэрэт Меер — у Беларусі прайшлі ўжо пяць выстаў мастака. На кожнай з іх нібы раскрываліся новыя грані ягонага таленту. Мы пазнаёміліся з творчасцю Шагала міжземнаморскага перыяду (1949 —- 1985), спазналі Шагала-пейзажыста, Шагала-сцэнографа, Шагала-парыжаніна… Каханне як галоўная рухальная сіла майстра стала “галоўным героем” выставы з калекцыі Музея Ізраіля ў Іерусаліме, якая з вялікім поспехам прайшла ў музеі на мяжы 2012 — 2013 гадоў. На ўсіх выставах каштоўнымі ўкрапінамі былі ілюстрацыі Шагала да літаратурных твораў.

Учора мы адкрылі выставу “Марк Шагал. Колер любові”. Гэтыя літаграфіі былі выкананы мастаком пераважна ў 1950 — 1960 гады як ілюстрацыі да розных выданняў, прысвечаных яму самому. Такіх як манаграфія вядомага мастацкага крытыка і гісторыка мастацтва Жака Ласена, выдадзеная ў Парыжы ў 1957 годзе, яго ж кніга “Плафон Парыжскай оперы”, прысвечаная гісторыі стварэння і апісанню знакамітага роспісу. Пяць адбіткаў адносяцца да шасцітомнага каталогу-рэзане “Шагал. Літаграфіі”, апублікаванага ў 1960 — 1986 гадах у выдавецтве Андрэ Сарэ ў Монтэ-Карла. Спецыяльна для яго мастак зрабіў 21 каляровую і 7 чорна-белых літаграфій. Сярод экспанатаў — літаграфіі, створаныя для часопісаў “Дэр’ер ле міруар” і “Верв”, з якімі Шагала звязвала шматгадовае супрацоўніцтва.

Выстава “Марк Шагал. Колер любові” доўжыцца да 15 верасня і мае стаць толькі пачаткам “года Шагала” ў Нацыянальным мастацкім музеі. Разам са спадкаемцамі Майстра мы вядзём работу над новым маштабным выставачным праектам. І ўжо ў снежні спадзяемся прадставіць гледачу новую выставу “Марк Шагал і Біблія”.