Belarus Day: дзень за днём у танцавальным марафоне

№ 26 (1309) 01.07.2017 - 07.07.2017 г

У Еўропе працягваецца прысвечаная нашаму Дню Незалежнасці шырокамаштабная творчая акцыя Belarus Day, скіраваная на папулярызацыю беларускага нацыянальнага мастацтва. Дзяржаўны ансамбль танца ўжо вярнуўся з паездкі, гастролі ж харэаграфічнага ансамбля “Харошкі” — у самым разгары і завершацца толькі 12 ліпеня.

/i/content/pi/cult/645/14325/8-9.jpg

“Залігаваныя”

— Вялікая ўдзячнасць Міністэрству культуры за цудоўную арганізацыю такога буйнога мерапрыемства, — гаворыць мастацкі кіраўнік Дзяржансамбля танца, народны артыст Беларусі Валянцін Дудкевіч. — Цяжка нават уявіць, колькі высілкаў патрабавалася, каб перавесці і годна размясціць некалькі дзясяткаў артыстаў і рэквізіт. Але яно таго каштавала!

У Эстоніі, да прыкладу, мы не выступалі ажно з савецкіх часоў. Канцэрт адбыўся ў былым Доме афіцэраў — цяпер тут змяшчаецца Цэнтр рускай культуры. Адзначу актыўны ўдзел беларускага Пасольства, якое атачыла нас сапраўдным клопатам: мы жылі і працавалі ў ідэальных умовах. На нашай праграме быў такі аншлаг, што мы адразу атрымалі запрашэнне прыехаць яшчэ.

Прыблізна тое ж паўтаралася і на далейшых выступленнях. У Латвіі наш канцэрт праходзіў у Рыжскім рускім тэатры імя Міхаіла Чэхава. Пасля да нас падыходзілі ўзрушаныя гледачы (сярод іх было шмат прадстаўнікоў беларускай дыяспары) — са словамі падзякі і прызнання: “За апошнія дваццаць гадоў мы такога не бачылі!”

Намі вельмі зацікавілася Балтыйскае канцэртнае агенцтва (BCA). Разам з яго супрацоўнікам Уладзімірам Ікусавым, які нам вельмі дапамагаў у Рызе, мы склалі планы на будучыню — у прыватнасці, магчымыя паездкі ў Ліепае, Даўгаўпілс.

У Вільнюсе мы выступаем чацвёрты год запар — з нязменнымі аншлагамі, бясконцымі апладысментамі, усё той жа захопленай рэакцыяй публікі. Але сёлета да ўсяго гэтага дадаўся сапраўдны сюрпрыз. Мы ўжо збіраліся дадому, як нас запрасілі на свята Ліга — нешта падобнае да нашага Купалля.

— Улады Рудамінскага стараства (штосьці нашкталт выканкама) былі на нашым канцэрце 21 чэрвеня і звярнуліся з просьбай крыху працягнуць нашы гастролі, — працягвае памочнік мастацкага кіраўніка Дзяржансамбля танца Беларусі Сняжана Цімчык. — Іх нацыянальнае свята Ліга адзначаецца ў ноч з 23-га на 24-га чэрвеня. Мы засталіся — і не шкадавалі! Прымалі нас там не менш горача, усё крычалі: “Мала, мала!” Адразу ж пасля нашага выступлення пачаўся феерверк — быццам і ў наш гонар таксама. Але самым, бадай, цікавым была магчымасць паглядзець само свята. Столькі новых уражанняў!

Рудаміна афіцыйна лічыцца вёскай, хаця больш падобная да невялічкага гарадка. Сцэнічная пляцоўка была ўсталявана ў зялёнай зоне, непадалёк ад царквы і Рудамінскага Дома культуры. А 20-й гадзіне пачаліся выступленні тамтэйшых аматарскіх калектываў, была разгорнута выстаўка-продаж вырабаў народных рамёслаў, як у нашым Горадзе майстроў. Самі вырабы, вядома, залежаць і ад нацыянальных традыцый, і ад асобы майстра. Але звярнула ўвагу, што ў нас часцей прапаноўваюць сувеніры, якімі можна хіба любавацца, а там было на дзіва многа “прыемных дробязяў”, прыдатных для непасрэднага выкарыстання ў побыце — усё ў “народным стылі”, але вельмі вытанчанае, па-танцавальнаму “грацыёзнае”.

У свяце Ліга мы заўважылі шмат паралеляў з нашым Купаллем: тыя ж вяночкі, вогнішча. Але зноў-такі, у вочы кідаліся найперш тамтэйшыя асаблівасці. Дзеці самі спляталі вяночкі, прычым гэта ніякіх праблем у іх не выклікала: відавочна, што яны прывучаны да такой забавы. А потым бегалі між гледачоў і надзявалі іх на таго, каго ўпадабаюць — незалежна, мужчына гэта ці жанчына. Ні ракі, ні якога іншага вадаёма там не існуе, таму нашага “спускання вяночкаў на ваду” не было. Але з вянкамі ладзілі іншае: усталявалі вялізны слуп — і ў пошуках асабістага шчасця трэба было закінуць вяночак туды, а гэта аказалася не так і проста. А яшчэ ўшаноўвалі ўсіх Ясяў і Янін: выклікалі ўладальнікаў гэтых імёнаў на сцэну і ўганароўвалі кожнага спецыяльным вянком — дубовым. Чым не грэчаскі лаўровы вянок пераможцы?

Агонь запалілі пасля феерверка — вельмі высокі, чароўна прыгожы. І пачалася нацыянальная дыскатэка. У нас рух, калі людзі імкнуцца таньчыць народныя ды старадаўнія танцы, яшчэ толькі пачынаецца. А там гэта ўжо стала добрай традыцыяй, прычым сярод людзей усіх узростаў. Думаю, такую “завядзёнку” няблага пераняць і нам. Тым больш, што ў Рудаміна жывуць не адно літоўцы: там многа і палякаў, і беларусаў. Падчас свята там-сям можна было пачуць розныя мовы і паўсюль убачыць аднолькава шчаслівыя твары. Дый нашы танцы ўспрымалі як свае, родныя і блізкія. А ці ж не так насамрэч?..

Слухаючы Сняжану, раптам падумала: мабыць, назва свята — Ліга — невыпадкова перагукаецца і з “аднайменным” музычным тэрмінам, што азначае звязанае выкананне некалькіх нот, і з самім словам ліга — аб’яднанне.

Што ж да ансамбля танца, дык у адпачынак артысты пакуль не сыходзяць. Адразу пасля прыбалтыйскага ваяжу яны выправіліся ў Магілёў, каб прыняць удзел у святкаваннях з нагоды 750-годдзя заснавання горада. Далей калектыў наведае яшчэ шэраг нашых гарадоў: Мёры, Дзятлава, Слонім. Чым не тур па Беларусі? Нарэшце, магутнымі фінальнымі акордамі гэтага сезона будзе ўдзел у двух буйных фестывалях. Спачатку — “Александрыя збірае сяброў”. Потым — “Славянскі базар у Віцебску”. А на яго збіраюцца прадстаўнікі ледзь не з усяго свету, таму гэта традыцыйная для Дзяржансамбля танца творчая вандроўка можа лічыцца своеасаблівым працягам замежнага турнэ.

/i/content/pi/cult/645/14325/111.jpg

Паварот для “зялёных”

Не менш паспяховым, калі меркаваць па водгуках з першых выступленняў, абяцае быць і еўрапейскі тур Беларускага дзяржаўнага харэаграфічнага ансамбля “Харошкі” ў рамках той жа дабрачыннай акцыі Belarus Day. Як і Дзяржансамбль танца, калектыў вельмі адказна паставіўся да складання праграмы, уключыўшы ў яе не толькі даўно апрабаваныя і папраўдзе класічныя свае нумары, але і новыя працы. Нам давялося пабываць на рэпетыцыі і апошнім прагоне канцэрта акурат перад ад’ездам “Харошак” у першы пункт прызначэння — Кіеў (адразу нагадаем і далейшы маршрут калектыва: Варшава, Берлін, Ліён, Прага, Будапешт, Блед у Славеніі, а таксама Кошыца ў Славакіі).

— Праграму складалі з разлікам на еўрапейскіх гледачоў, — распавяла мастацкі кіраўнік ансамбля “Харошкі”, народная артыстка Беларусі Валянціна Гаявая. — Да канцэрта ў дзвюх аддзяленнях далучылі яшчэ вянок польскіх і нямецкіх песень: будзем выконваць іх дадаткова, на біс. Вядома, акцэнт рабілі на ўвасабленні беларускай даўніны. Але давялося ўносіць і некаторыя карэктывы. Так, да прыкладу, у адной з кампазіцый у нас выкарыстоўвалася выява галавы зубра. Але яна аказалася настолькі добра і якасна выраблена — наўпрост як жывая, што ад гэтага нумара мы былі вымушаны адмовіцца. Пабаяліся, што тыя ж “зялёныя”, выступаючы ў абарону жывёл, могуць абвінаваціць нас, што выносім на сцэну чучала, некарэктна ставімся да “братоў нашых меншых”. Затое “Камарынскую”, думаю, яны ўпадабаюць: ёсць там адна адмысловая дэталь — быццам менавіта для іх…

Асабіста мне было цікава паглядзець “Камарынскую” яшчэ і таму, што гэты нумар “Харошак” — прэм’ерны. І не трэба здзіўляцца назве, якая ў большасці трывала асацыюецца з рускай класікай, дзякуючы яшчэ і крылатым словам, што, маўляў, уся руская музыка ўзрасла з “Камарынскай” Міхаіла Глінкі, “бы дуб з жалуда”. Глінка, дарэчы, быў родам са Смаленшчыны — колішніх беларускіх земляў. І сёння ні беларускія, ні расійскія этнамузыколагі не сумняваюцца ў менавіта беларускім паходжанні ўжытага ім народнага найгрыша.

А што ж аднайменная “харошкаўская” кампазіцыя? Як заўжды ў Валянціны Гаявой, гэта не проста скокі, а маленькі танцавальны спектакль — жанрава-побытавая замалёўка на тэму раніцы ў вёсцы. Невыпадкова ў цяперашняй праграме “Покліч продкаў” яна ідзе следам за “Гуканнем вясны”, бо прысвечана звыклым для кожнага селяніна палявым працам. Галосяць пеўні — і бацька з сынамі, прачнуўшыся, выходзяць працаваць. Найперш моляцца сонцу (як тут не ўзгадаць фінальны маналог старога Ходаса з фільма “Белыя росы”), потым сеюць, косяць — звычайныя сельскагаспадарчыя клопаты. А вяртаючыся, ледзь не наступаюць на нябачнага кацяня: чуецца “мяў” — і трое вясковых волатаў адскокваюць у розныя бакі, каб зненароку не прыціснуць маленькага небараку. Дык вось ён, паварот для “зялёных”!

Як ні дзіўна, але і іншыя нумары, вядомыя амаль на памяць, выглядаюць крыху іначай.

— Я ўвесь час штосьці змяняю, — тлумачыць Валянціна Іванаўна, — бо ўсё залежыць ад артыстаў. Змяняюцца склады — адпаведна ўносяцца некаторыя карэктывы і ў харэаграфію.

На мой погляд, адчуванне навізны ўзнікае і праз новае атачэнне кожнага з нумароў. Калі змяняецца іх паслядоўнасць і побач аказваюцца кампазіцыі з розных праграм, гэта не можа не ўплываць на драматургію. “Русалачка”, што змяняе “Камарынскую”, успрымаецца яшчэ больш сімвалічна-загадкавай. Раптам галаву пранізвае думка: можа, таму хлопцу, якога русалка ў ваду зацягнула, чорны кот дарогу перабег — з мінулага нумара?

У свае замежныя выступленні “Харошкі” ўключылі і шляхетнае “Сакалінае паляванне”, і найменні “геаграфічнага” кшталту (“Віцебская полька”, “Паланэз Гродзенскага гусарскага палка”), і шырокую прэзентацыю старадаўніх беларускіх інструментаў (“Дуда”, “Саўка ды Грышка”). Пажадаем ім далейшых поспехаў і новых творчых кантактаў!

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"