Купала-тур: ад Адэсы да Парыжа

№ 26 (1309) 01.07.2017 - 07.07.2017 г

Што пабачылі замежнікі з нагоды юбілею беларускага класіка
Янку Купалу можна назваць народным дыпламатам, які імкнуўся праз літаратуру наладзіць масты паміж рознымі народамі. Пра гэта і міжнародны праект “Янка Купала ў дыялогу культур” да 135-годдзя з дня нараджэння творцы. З ім супрацоўнікі Дзяржаўнага літаратурнага музея Песняра пабывалі у шэрагу краін.

Пра ўражанні наведвальнікаў і натхненне музейшчыкаў на чале з дырэктарам установы Аленай Ляшковіч распавяла загадчык аддзела культурна-адукацыйнай работы ўстановы Вольга ПАРХІМОВІЧ.

Студзень: Польшча дзіцячых павеваў

— У назве праекта “Завуся я толькі — Янка Купала” — радок з верша “Я не паэта”. Асноўная частка выставы  — банеры з выявамі фотаздымкаў і рукапісаў, часам дадаваліся таксама і асабістыя рэчы Песняра. У залежнасці ад месца правядзення мянялася і прадстаўленая інфармацыя: яна распавядала пра повязь Купалы з канкрэтнай краінай і яе літаратурай.

Праект пачаўся з выставы ў культурным цэнтры Беларусі пры Пасольстве Рэспублікі Беларусь у Варшаве. Сімвалічна, што праект стартаваў у Польшчы, бо першыя літаратурныя спробы будучы класік рабіў менавіта па-польску. Тое не дзіва, калі ўзяць да ўвагі, што рос ён пад уплывам выдатных польскамоўных аўтараў Уладзіслава Сыракомлі, Адама Міцкевіча, Элізы Ажэшка, Генрыха Сянкевіча... Ужо ў сталым узросце, калі Купала актыўна займаўся перакладчыцкай дзейнасцю, ён часцей за ўсё звяртаўся да трох роднасных моў: украінскай, польскай, а потым і рускай. Хаця даследчыкі ведаюць таксама яго пераклады аднаго французскага і аднаго нямецкага твораў.

Наведвальнікам выставы прапаноўвалася выбраць паштоўку з купалаўскім вершам і затым яго агучыць. Мы ладзім такую імпрэзу ў кожнай краіне, дзе праходзяць нашы выставы. Па сутнасці, гэта — своеасаблівы працяг акцыі “Чытаем Купалу разам”, якая дзейнічае з 2012 года, а паўдзельнічала ў ёй больш за 15 тысяч чалавек з розных куткоў свету. Людзі з задавальненнем адгукаюцца на прапанову, а паштоўкі забіраюць на памяць. Трэба адзначыць, што назва, якой мы ганарымся, працягвае жыццё, і цяпер вось так разам чытаюць Коласа, Багдановіча і многіх іншых аўтараў.

Люты: рэвалюцыйная Францыя

— У лютым мы выправіліся ў краіну, адкуль родам цешча Песняра Эмілія Манэ (так, яна была сваячкай знакамітага імпрэсіяніста!). Знаёмства ж Купалы з Францыяй адбывалася ў гады яго юнацтва праз кнігі пра паўстанне 1863 года. Менавіта ў Парыжы знайшлі прытулак многія яго ўдзельнікі — той жа Валерый Урублеўскі, які стаў героем Парыжскай камуны. Ёсць нямала пацвярджэнняў, што знакаміты дэвіз “Свабода, роўнасць, братэрства”, які натхняў рэвалюцыйны рух усіх часоў, быў вельмі блізкі Купалу. Дарэчы, адзіны яго пераклад з французскай мовы — гэта нішто іншае, як “Інтэрнацыянал”!

/i/content/pi/cult/645/14316/IMG_2063.jpg

Графік Барыс Забораў, дырэктар музея Янкі Купалы Алена Ляшковіч і Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Беларусі ў Францыі Павел Латушка. / Фота прадастаўлены музеем

У 1934 годзе падчас работы Першага з’езду саюза савецкіх пісьменнікаў у Маскве Янка Купала атрымаў магчымасць асабіста пазнаёміцца з французскімі літаратарамі, сярод якіх быў Луі Рамон — будучы перакладчык верша “А хто там ідзе?”, які стаў першым прадстаўленнем творчай спадчыны Купалы французам. Неаднойчы ў парыжскай штаб-кватэры UNESCO ладзіліся вечарыны з нагоды юбілеяў беларускага паэта. А ў 2006-м французы займелі магчымасць спрычыніцца да трагікамедыі “Тутэйшыя”: на думку перакладчыц Ларысы Гіймэ і Віржыніі Шыманец, менавіта гэты твор песняра здатны найбольш яскрава распавесці пра Беларусь.

Прыемна было пабачыць на парыжскім адкрыцці выставы Барыса Заборава — беларускага графіка, які даўно жыве і працуе ў Францыі. Для нас ён асабліва дарагі тым, што ілюстраваў творы Песняра, стварыў станкавыя аркушы паводле купалаўскай паэзіі, і сёння гэтыя працы лічацца класікай айчыннай графікі. На выставе былі прадстаўлены яго раннія работы.

Красавік. Грузія натхняльных адносін

— На мой густ, самыя прыгожыя вершы Купалы 1930-х гадоў навеяны Грузіяй. Там няма палітыкі — толькі прыгажосць краіны і чароўнасць жанчыны. Як вядома, з 1937-га пяць гадоў запар Купала адпачываў у грузінскім горадзе Цхалтуба. Яго пачуцці ўсхвалявала доктар санаторыя Эліко Метэхелі, і прысвечаны ёй прыгожы верш “Генацвале” амаль адразу ператварыўся ў песню “Генацвале Эліко”, якая на пэўны час стала папулярнай, але на сёння, як ні шкада, лічыцца страчанай.

Грузія — новы кірунак для музея: летась мы пабывалі ў гэтай чароўнай краіне ўпершыню, зладзіўшы выставу ў краязнаўчым музеі Цхалтуба. На ўрачыстасці прысутнічалі ўнукі легендарнай спадарыні Эліко. Перад сустрэчай мы гадалі, ці ведаюць яны пра сяброўства іх бабулі з Купалам. Як высветлілася, тая гісторыя — сапраўдная сямейная легенда! Томік класіка з аўтографам і па гэты час стаіць у іх доме як сямейная рэліквія. Унук музы нават цытаваў нам Купалу па-беларуску! З яго слоў, тое — не папярэдняя падрыхтоўка, а натуральнае бабульчына выхаванне. Мы падаравалі сваякам копію рукапісу знакамітага верша, а ў Мінск прывезлі перададзеныя нам фотаздымкі з архіваў сям’і, асабістыя рэчы Эліко Метэхелі.

У рамках юбілейнага праекта ў красавіку перасоўная выстава адкрылася ў Літаратурным музеі Уладзіміра Маякоўскага ў грузінскім горадзе Багдаці. Даведаўшыся пра любоў Купалы да іх краіны, цікавасць народнага паэта Беларусі да гісторыі, традыцый і фальклору, грузіны шчыра зазначалі, што тое для іх — вялікі гонар.

Май: Украіна творчых ідэалаў

— З Украінай Купала звязаны праз перакладчыцкую дзейнасць: перш за ўсё твораў Тараса Шаўчэнкі. Да ўсяго, у 1930-я Купала не мог гаварыць на поўны голас сваімі творамі, таму выказваў свае думкі перакладамі Шаўчэнкі. А ў 1939 годзе з-пад яго пяра выйшла цэлая паэма-прысвячэнне “Тарасова доля”.

/i/content/pi/cult/645/14316/26.jpg

Купалавы пераклады Шаўчэнкі гучалі і падчас адкрыцця нашай выставы ў Мікалаеўскім краязнаўчым музеі, удзел у якім узяла мясцовая беларуская дыяспара на чале з Таццянай Дзяменнікавай. Створаны яе стараннямі музычна-паэтычны блок выдатна ўпісаўся ў падрыхтаваны намі сцэнарый.

Юбілейная выстава атрымала добрыя водгукі, а ў апошні дзень мая пераехала ў Адэскі літаратурны музей. Там нас пазнаёмілі з кнігай пра беларусаў, што жывуць ва Украіне, і ўкраінцаў, якія пераехалі ў Сінявокую: з задавальненнем пабачылі на старонках выдання фотаздымкі нашага музея і расповед пра яго. Адэсіты маюць магчымасць спрычыніцца да Купалы на працягу ўсяго лета, а ў верасні выставу перададуць у Канеў — горад на беразе Дняпра ў Чаркаскай вобласці.

Сусвет у музейнай вітрыне

— Увогуле, май для нашага музея быў шчодры на праекты. Так, у дзелавым і культурным цэнтры пасольства Беларусі ў Маскве выстаўляліся рэчы з гардэробу Купалы і прадметы, якімі ён карыстаўся падчас эвакуацыі. Пасля адкрыцця экспазіцыі ансамбль “Песняры” даў канцэрт, які складаўся з твораў на вершы Янкі Купалы. У Вільнюсе ў беларускамоўнай школе імя Францыска Скарыны адкрылася выстава “Не загаснуць зоркі ў небе”. Дарэчы, натхніўшыся ёю, навучэнцы той школы ў чэрвені завіталі да нас і ў музей Якуба Коласа.

/i/content/pi/cult/645/14316/18.jpg

Падчас імпрэзы ў Маскве.

За мяжой я заўсёды адчуваю, што прадстаўнікі беларускіх дыяспар шчыра радуюцца сустрэчы з нашым музеем, а тамтэйшыя жыхары зацікаўленыя ў знаёмстве з беларускай спадчынай. Для нас тыя паездкі таксама важныя. Па-першае, гэта папулярызацыя творчасці Янкі Купалы, па-другое — наладжванне супрацоўніцтва нашага музея з іншымі музеямі свету. Спадзяюся, міжнароднае сяброўства выльецца ў гучныя праекты, якія калегі з замежжа прадставяць у нашых сценах. Магчыма, ужо налета мы зможам запрасіць мінчан на выставу Літаратурна-мемарыяльнага музея Міхаіла Булгакава з Кіева і Адэскага літаратурнага музея.

Кожнае знаёмства з музейшчыкамі ў іншых краінах узбагачае нас новымі ідэямі. Прывяду адзін невялічкі прыклад. Некалькі гадоў таму ў Мастацкім музеі Сінябрухава, што ў Фінляндыі, я пабачыла налепкі з фрагментамі карцін, якія пасля неабходна было адшукаць у экспазіцыі. Мне падалося добрай ідэяй падобную налепку даваць кожнаму нашаму наведвальніку. Толькі не дзеля пошуку — квэсты ў нас праводзяцца ў іншым фармаце. І адразу з’явілася канцэпцыя: супрацоўнікі, калі сустракаюць наведвальнікаў, распавядаюць ім: “Мы працуем з Купалам у сэрцы, мы жывем з Купалам у сэрцы і хочам, каб пасля сённяшняга наведвання нашага музея ў вашым сэрцы таксама быў і застаўся Янка Купала” — і прапануюць усім размясціць налепку з выявай песняра з левага боку: там, дзе ў нас б’ецца сэрца.

Дарэчы, у Адэсе мы даведаліся, што музей Янкі Купалы рады будуць вітаць і ў Малдове. Як бачыце, юбілейныя сустрэчы працягваюцца. Падзялюся нашай запаветнай марай: адчыніць мемарыяльную дошку Купалу ў Фінляндыі ля знакамітага вадаспада Іматра, якому народны паэт Беларусі прысвяціў верш. Мне падаецца, беларусам было б пачэсна пабачыць сярод імёнаў сусветных знакамітасцяў, якія пабывалі на Іматры, дошку з выявай славутага земляка.

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"